Вы тут

Наталля Качанава: Самае галоўнае — людзі і стаўленне да іх


Спікер верхняй палаты акрэсліла асноўныя задачы, якія стаяць перад сёмым скліканнем Савета Рэспублікі

Падчас першай сесіі, на якой было абранае кіраўніцтва верхняй палаты парламента, Наталля Качанава падзякавала ўсім сенатарам за аказаны давер і запэўніла, што ўсе свае вопыт, сілы і веды накіруе на тое, каб рэалізаваць пастаўленыя перад Саветам Рэспублікі задачы.


Асноўны кірунак дзейнасці — заканатворчасць

— Савет Рэспублікі з'яўляецца адным з найважнейшых дзяржаўных інстытутаў нашай краіны, ад эфектыўнасці якога шмат у чым залежыць развіццё дзяржавы. На новай пасадзе я буду, як і раней, прытрымлівацца тых прынцыпаў, якія адзначыў кіраўнік дзяржавы. Перш за ўсё — суверэннасць і незалежнасць, — падкрэсліла яна.

Самае галоўнае, упэўнена спікер Савета Рэспублікі, — гэта людзі і справядлівае стаўленне да іх, а ўсе рашэнні, што прымаюцца, павінны быць на карысць дзяржавы.

Яна засяродзіла ўвагу, што для рэалізацыі асноўных кірункаў дзяржаўнай палітыкі неабходна захаваць пераемнасць вопыту заканатворчасці, рэгіянальнай і міжнароднай дзейнасці шостага склікання Савета Рэспублікі.

— Трэба будзе паслядоўна выканаць задачы, якія паставіў перад намі кіраўнік дзяржавы. Ён дакладна вызначыў, як павінны працаваць парламентарыі ў сучасных умовах, — падкрэсліла Наталля Качанава і акцэнтавала ўвагу на тым, што асноўны напрамак дзейнасці Савета Рэспублікі — заканатворчасць. Менавіта ў ёй павінны быць адлюстраваныя ўсе найважнейшыя сферы жыццядзейнасці дзяржавы: эканоміка, сацыяльная сфера, ахова жыцця і здароўя, навука, адукацыя, культура, спорт, экалогія, міжнародная палітыка.

Гэта далёка не ўсе аспекты. Дабрабыт людзей залежыць у першую чаргу ад эканамічнай сітуацыі ў краіне. Таму важнымі кірункамі заканатворчай дзейнасці, на думку спікера верхняй палаты, у гэтай сферы застаюцца павышэнне эфектыўнасці эканомікі, стварэнне новых рабочых месцаў, развіццё дзелавой ініцыятывы, дыверсіфікацыя экспарту, умацаванне навукова-тэхнічнага патэнцыялу, інвестыцыі, лічбавізацыя.

У прыярытэце — дэмаграфічная бяспека

Наталля Качанава звярнула ўвагу сенатараў на тое, што 2020-ы — завяршальны год пяцігодкі, а значыць, самы адказны і напружаны.

— Нас чакае вялікая работа над шэрагам законапраектаў, накіраваных на рэалізацыю Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны. Мы павінны захаваць сацыяльную скіраванасць дзяржаўнай палітыкі і традыцыйны ўклад грамадства, — адзначыла яна.

У прыярытэце трэба мець дэмаграфічную бяспеку — заканатворчая дзейнасць павінна быць накіравана на зацвярджэнне спрадвечных, нацыянальных каштоўнасцяў беларусаў: сям'і, абароны дзяцей, моладзі, павагі да старэйшага пакалення, захавання нацыянальнай культуры і патрыятызму, упэўнена Наталля Качанава.

— Магчыма, нам трэба будзе ўзяць удзел у глабальным праекце па ўдасканаленні Канстытуцыі. Адказнасць за гэтыя папраўкі і іншыя законы будзе насіць персанальны характар, — падкрэсліла выступоўца. — Мы павінны быць гатовыя да гэтага і выпрацаваць найбольш прымальныя варыянты змяненняў з улікам нацыянальных інтарэсаў і сучасных тэндэнцый.

Законы павінны быць зразумелыя людзям

Наталля Іванаўна звярнула ўвагу прысутных і на яшчэ адзін важны кірунак дзейнасці парламента — работу з людзьмі:

— Якія б мы ні прымалі папраўкі або законы, у цэнтры ўвагі павінен быць чалавек, яго дабрабыт, стварэнне ўмоў для яго самарэалізацыі, — адзначыла яна. — Сенатары павінны добра ведаць сітуацыю ў рэгіёнах, праблемы, якія хвалююць людзей, і актуалізаваць іх у рабоце з законапраектамі. Вы гэтыя праблемы ведаеце, таму што прадстаўляеце ўсе рэгіёны нашай краіны.

Спікер Савета Рэспублікі падкрэсліла, што законы павінны быць зразумелыя людзям, распрацоўвацца, карэктавацца ў адпаведнасці з тым жыццём і тымі ўмовамі, якія існуюць. Сустрэчы з людзьмі ў калектывах, арганізацыях, установах, на прадпрыемствах, работа са зваротамі грамадзян, прамыя лініі, прыёмы па асабістых пытаннях — усё гэта, несумненна, прамы абавязак парламентарыяў. Дапамагаючы вырашаць праблемы канкрэтных людзей, ім неабходна падключаць да працэсу мясцовыя органы ўлады. Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што многія з дэпутатаў вельмі актыўныя, неабыякавыя да праблем людзей, таму іх патэнцыял трэба выкарыстоўваць больш эфектыўна, выбудоўваць прадукцыйнае ўзаемадзеянне мясцовых Саветаў з парламентам, урадам, дзяржорганамі для вырашэння важных стратэгічных дзяржаўных задач.

Стасункі на міжнароднай арэне

Што датычыцца міжнароднай палітыкі, то неабходна, на думку спікера Савета Рэспублікі, працягнуць выбудоўваць дыпламатычныя адносіны з парламентамі іншых дзяржаў.

— Для нас важна захаваць і ўмацаваць блізкія сувязі з былымі рэспублікамі Савецкага Саюза. Асаблівую ўвагу варта ўдзяліць пытанням супрацоўніцтва з партнёрамі па Саюзнай дзяржаве. Праблемы ў развіцці інтэграцыйных працэсаў, у тым ліку ў сферы ўніфікацыі і гарманізацыі нацыянальных заканадаўстваў, вы ведаеце, — адзначыла Наталля Качанава і падкрэсліла, што сенатары павінны выразна адстойваць і прасоўваць нацыянальныя інтарэсы, а таксама выбудоўваць эфектыўнае ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва з дзяржавамі Еўрасаюза і далёкай дугі.

На здымку (злева направа): старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар ЛІСКОВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл РУСЫ, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Алег СУКОНКА.

— І самае галоўнае — захаваць пераемнасць, максімальна выкарыстаць патэнцыял, напрацаваны шостым скліканнем, — рэзюмавала яна.


Хто ўвайшоў у прэзідыум?

Кіраўніцтва Савета Рэспублікі сфарміравана на першым арганізацыйным пасяджэнні сесіі сёмага склікання.

Трэба сказаць, што дзеючы склад Савет Рэспублікі сёння — гэта 60 сенатараў. 56 чалавек абраны на пасяджэннях абласных і Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў, чатыры прызначаны Прэзідэнтам нашай краіны. Традыцыйна заканатворчая дзейнасць аб'ядноўвае найлепшых прадстаўнікоў сваіх рэгіёнаў (бо верхняя палата парламента — гэта орган тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. — «МС»): вопытных, дасведчаных, паважаных... Дарэчы, працягнута і пераемнасць: 11 сенатараў прадстаўлялі інтарэсы сваіх рэгіёнаў у складзе Савета Рэспублікі шостага склікання.

У дзеючым складзе 26 чалавек маюць дзяржаўныя ўзнагароды, 14 — навуковыя ступені ці званні, два — члены-карэспандэнты Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, сем з'яўляюцца прафесарамі.

На першым арганізацыйным пасяджэнні сенатары абралі кіраўніцтва верхняй палаты парламента. У прэзідыум увайшлі спікер Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, віцэ-спікер Анатоль ІСАЧАНКА і новаабраныя старшыні Пастаянных камісій. Пазнаёмім з імі нашых чытачоў. Пастаянную камісію па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні ўзначаліў Міхаіл РУСЫ, Пастаянную камісію па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці — Віктар ЛІСКОВІЧ, Пастаянную камісію па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве — Сяргей СІВЕЦ, Пастаянную камісію па эканоміцы, бюджэце і фінансах — Таццяна РУНЕЦ і Пастаянную камісію па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы — Сяргей РАЧКОЎ.

Вольга АНУФРЫЕВА, фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.