Вы тут

Прэзідэнт даручыў вырашыць пытанне з жыллём для медыкаў у найбліжэйшы час


Сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустракаецца са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Гэты візіт быў анансаваны ў кастрычніку падчас наведвання кіраўніком дзяржавы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава. Тады зайшла размова пра небяспеку адтоку кадраў за мяжу, на што Аляксандр Лукашэнка адказаў: каб утрымаць ўрача, яму, апроч іншага, неабходна даць добрую адукацыю. І паабяцаў вярнуцца да гэтага пытання пры наведванні медуніверсітэта.

Праблему недахопу ўрачоў у медустановах Беларусі профільны міністр паабяцаў Прэзідэнту вырашыць цягам бліжэйшых двух гадоў. Разам з тым, дзяржава будзе прымаць дадатковыя меры, каб утрымаць спецыялістаў, паведамляў беларускі лідар восенню ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава. Размова, у прыватнасці, пра будаўніцтва камфортных сямейных інтэрнатаў для ўрачоў, праграму павышэння заробкаў для медработнікаў і наяўнасць сучаснага медыцынскага абсталявання ў нашых бальніцах і паліклініках.


Лукашэнка даручыў вырашыць пытанне з жыллём для медыкаў у найбліжэйшы час

З праблемамі і выклікамі сферы Прэзідэнта азнаёмілі міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік і рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Анатоль Сікорскі.

Уладзімір Каранік паведаміў, што ў Беларусі стабілізаваны лічбы прыёму, забяспечаны конкурс пры паступленні ў медыцынскія ВНУ — за кошт бюджэтных месцаў мэтавай падрыхтоўкі. За апошнія дзесяць гадоў іх колькасць павялічана ў 2,5 разы. Пасля выпуску менш за адзін працэнт выпускнікоў адмовіліся ад выканання дамовы. Гэта значыць, што студэнты свядома выбіраюць прафесію, а не таму, што лягчэй трапіць у ВНУ.

Дзякуючы выкананню даручэння Прэзідэнта аб павышэнні заработнай платы і забеспячэнні жыллём медыцынскіх работнікаў сёння замацаванасць маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы пасля абавязковай двухгадовай адпрацоўкі складае 83,4 працэнта.

Падчас размовы зноў закранулі праблему міграцыі медыкаў, якая насамрэч аказалася і не праблемай: летась па неабходныя дакументы звярнуліся 158 спецыялістаў, а 40 вярнуліся ў Беларусь.

«Калі ёсць праблемы, іх трэба разгледзець ва ўрадзе і ўнесці прапановы па забеспячэнні перш за ўсё жыллём. Галоўнае — гэта жыллё, і ў Бараўлянах, як я гэта ўспрымаю, мы, здаецца, намацавалі шлях, якім можна прайсці. Слухайце, гэта цудоўны дом, асабліва для маладых людзей. Жалезабетонна трэба давесці заданне на пару-тройку гадоў і выканаць: пабудаваць такія дамы. За паўгода можна наштампаваць гэтых кватэр тысячы штук», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. А ўжо добраўпарадкаванне тэрыторыі, абсталяванне дзіцячых пляцовак — справа саміх жыхароў.

У такім выпадку, падкрэсліў Прэзідэнт, грамадзяне будуць разумець, што дзяржава, нават пры аднолькавым узроўні зарплаты, дапаможа ім з жыллём. Выкананне гэтага патрабавання мусіць пачацца ўжо ў новым годзе.

І нават у тым, што медыкі шукаюць «лепшай долі», кіраўнік дзяржавы бачыць добры вынік. Людзі самі ўпэўніліся: добра там, дзе нас няма. А вяртаючыся сюды, хутка астуджаюць галовы «візіцёраў», якія жадаюць шмат заработаць. І чаго ў Літве ўбачылі новага ў адрозненне ад Беларусі, задаў рытарычнае пытанне лідар краіны.

«Ад урача патрабуем самаадданасці, каб ён ратаваў людзей. Ён не можа жыць на вуліцы. Гэта асаблівая прафесія. Як і настаўнік, які мусіць нашаму дзіцяці ўкласці ў мазгі тое, што ўвогуле немагчыма. Мы ад яго гэтага патрабуем, а што ўзамен? Таму галоўнае для людзей — гэта жыллё. Калі будзе жыллё, назаўсёды знікне гэтая праблема з адтокам спецыялістаў. А які „вялікі“ ў нас адток — ажно 150 чалавек летась і палова вярнулася», — пракаментаваў Прэзідэнт. Па яго словах, праблему можна вырашыць за некалькі гадоў, калі сканцэнтравацца на ёй.

Анатоль Сікорскі прадказаў, што праз два гады ў БДМУ ўзнікне праблема: вучыцца прыязджае ўсё больш замежных студэнтаў. Ім проста будзе недзе вучыцца.

«Калі гэта прыносіць грошы, не трэба палацы будаваць, трэба пабудаваць ім вучэбна-лабараторны корпус і інтэрнат дадаткова», — раставіў кропкі над «і» Аляксандр Лукашэнка. Ён анансаваў і зварот да пытання стварэння базавых універсітэцкіх клінік — трэба прааналізаваць перавагі і недахопы такога рашэння


Прыярытэт нацыянальнай палітыкі — здаровыя людзі

«У свеце існуе вялікае мноства прафесій, але заўсёды менавіта лекары шанаваліся як самыя запатрабаваныя спецыялісты ва ўсіх народаў і ва ўсе часы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта паважаная і высакародная праца. Але і адказнасць на вашых плячах велізарная, бо кошт памылкі — чалавечае жыццё. Усвядоміць гэта — і сэрцам, і розумам — неабходна ўжо ў момант выбару сваёй прафесійнай будучыні».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што перад айчыннай медыцынай стаіць найважнейшая задача — павелічэнне працягласці і павышэнне якасці жыцця беларусаў. Гэта адзін з асноватворных прыярытэтаў нацыянальнай палітыкі дзяржавы, падкрэсліў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што беларуская ахова здароўя дасягнула значных поспехаў у распрацоўцы перспектыўных метадаў прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння. Асвойваюцца самыя перадавыя тэхналогіі, ствараюцца новыя лекавыя прэпараты. І за ўсімі гэтымі дасягненнямі стаяць канкрэтныя людзі, сказаў ён. 

«Найбольш каштоўны і значны рэсурс ўсёй сістэмы — медыцынскія кадры, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Я цвёрда перакананы, што падрыхтоўка высокакваліфікаваных і канкурэнтаздольных спецыялістаў — першая з найважнейшых задач айчыннай аховы здароўя».

Каб вывучыць, вырасціць добрага ўрача, патрабуюцца гады карпатлівай працы, а таксама велізарны фінансавы рэсурс і вялікая прафесарска-выкладчыцкая праца, сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ды і ў далейшым у медыцыне кожны спецыяліст вучыцца і авалодвае новымі навыкамі ўсё жыццё. Таму вельмі важна забяспечыць кансультаванне і падтрымку моладзі не толькі пры выбары спецыяльнасці, але і падчас станаўлення ў прафесіі.

Медыцына не для выпадковых людзей

Аляксандр Лукашэнка спыніўся на праблеме выбару прафесіі ў медыцыне. «Не сакрэт, што многія школьнікі ідуць у ВНУ за кампанію з сябрамі альбо па рэкамендацыі бацькоў, — сказаў ён. — Але пры гэтым беларускія медыцынскія ўніверсітэты выбіраюць найбольш моцныя абітурыенты. Прахадныя балы тут штогод адны з самых высокіх у краіне. Канкурэнцыя велізарная. Так што можна з упэўненасцю сказаць: паступаюць сюды найлепшыя. Гэта правільна. Выпадковых людзей сярод медыкаў быць не павінна. Як бы ні было цяжка ў вучобе і працы, гэта — прызванне».

Прэзідэнт паведаміў, што для пераадолення дэфіціту медыцынскіх кадраў, набор у профільныя ВНУ павялічаны на 200 бюджэтных месцаў, дасягнуты максімальны працэнт паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

«Але і ў далейшым профільным міністэрствам неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на фарміраванне колькасці мeсцаў для навучання па патрэбных спецыяльнасцях і прымаць решениe з улікам патрэбнасці і перспектыўнага плана развіцця кожнага pэгіёна, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — І не забываць пра замежнікаў, яны хочуць у нас вучыцца... Іх дзяржавы плацяць вялізныя грошы за іх вучобу ў нас».

Сістэма медыцынскай адукацыі, якая склалася ў Беларусі, — гэта сплаў багатых традыцый, навуковай асновы і вялікага практычнага вопыту, адзначыў кіраўінк дзяржавы. А індывідуальны падыход да кожнага студэнта, высокі ўзровень выкладання, у тым ліку на замежных мовах, забяспечваюць годны міжнародны рэйтынг айчынных медыцынскіх універсітэтаў.Cёння ў гэтых ВНУ навучаецца звыш за 20 тысяч студэнтаў, з іх больш за 4 тысячы — грамадзяне з 71 краіны свету. Аб’ём экспарту адукацыйных паслуг сістэмы Міністэрства аховы здароўя з году ў год расце і зараз складае траціну ад усіх адукацыйных паслуг па краіне. «Аднак мы не павінны самазаспакойвацца і спачываць на лаўрах, — акцэнтаваў беларускі лідар. — Трэба развівацца».


Прэзідэнт даручыў стварыць базавыя клінікі пры кожнай медыцынскай ВНУ цягам трох-чатырох гадоў

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што адна з асноўных праблем, якую не так даўно ўздымалі выпускнікі-медыкі, — гэта высокі ўзровень тэарэтычнай падрыхтоўкі і недастатковае валоданне практычнымі навыкамі будучай прафесіі. «Я глыбока перакананы, каб падрыхтаваць дасведчанага ўрача-спецыяліста, неабходна камбінаваць класічныя выкладчыцкія методыкі і перадавыя тэхналогіі навучання», — сказаў ён.

За апошнія гады праведзена мадэрнізацыя сістэмы медыцынскай адукацыі. Створана сістэма практыка-арыентаванага навучання. «Мы засвоілі новыя адукацыйныя і інфармацыйныя тэхналогіі. Электронны часопіс, які дазваляе выкладчыку і бацькам кантраляваць працу студэнта. Сучасныя імітатары пацыентаў, камп’ютарныя праграмы і трэнажоры, з дапамогай якіх можна адпрацаваць неабходныя ўрачу навыкі. І ўсё гэта без рызыкі для жыцця канкрэтнага хворага. Tакія трэнажоры-сімулятары дапамагаюць не толькі студэнтам, але і маладым практыкуючым спецыялістам хутчэй павысіць кваліфікацыю, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Таму цэнтры практычнага навучання павінны і далей аснашчацца перадавым абсталяваннем. І ў цэлым матэрыяльная базa медВНУ павінна быць добрая і самая сучасная».

Прэзідэнт зноў падкрэсліў неабходнасць інтэграцыі адукацыі, навукі і практычнай дзейнасці. За мяжой дадзеная праблема вырашана стварэннем універсітэцкіх клінік, сказаў ён. Іх высокую эфектыўнасць пацвярджае вопыт многіх заходнееўрапейскіх дзяржаў.

«Па маім даручэнні Міністэрства аховы здароўя адпрацоўвае пілотны праект па стварэнні універсітэцкай клінікі на базе Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы, — паведаміў Аляксандр Лукашэнка. — Мы разлічваем, што стварэнне новага фармату кааперацыі медыцынскай практыкі і адукацыі дапаможа забяспечыць больш актыўны ўдзел практыкуючых урачоў у адукацыйным працэсе і эфектыўна выкарыстоўваць патэнцыял выкладчыкаў універсітэта».

І практыкуючы ўрач, і выкладчык — кожны з іх мае свае перавагі і мае недахопы сваёй дзейнасці, сказаў Прэзідэнт. «Калі аб’яднаць перавагі першага і другога, студэнт як спажывец ведаў атрымае тое, што трэба, — аргументаваў кіраўнік дзяржавы. — Мы толькі што абмяркоўвалі гэтае пытанне, і я даручыў і міністру, і ўраду стварыць базавыя клінікі для медыцынскіх ВНУ цягам трох гадоў». 

Пры гэтым тэрмін у тры гады не з’яўляецца вызначаным, гэта трэба пралічыць. Галоўнае — мець гэтую мэту. 

Аляксандр Лукашэнка звязаў гэта пытанне з праблемай адтоку кадраў. Аднак, па яго словах, за апошняй хаваецца вялікая палітыка, бо часцей за ўсё едуць у Польшчу і Літву. «Зараз бурна мусіруецца гэта пытанне, — пракаментаваў сітуацыю кіраўнік дзяржавы. — Каб вас прыцягнуць туды, маўляў, шэнген, адзіная прастора... Разгойдваецца наша грамадства, каб падштурхнуць вас да выезду».

Па інфармацыі профільнага міністэрства, летась выехала 157 урачоў, з іх вярнуліся 40 працэнтаў. Колькасць быццам бы не крытычная, пры гэтым спецыялісты, якія вярнуліся, — узбагаціліся карысным вопытам. На жаль, сярод тых, хто з’язджае, ёсць вельмі класныя спецыялісты. «Вось гэта небяспечна», — пагадзіўся Прэзідэнт. Таму вельмі важна зрабіць усё, каб такія дактары вярталіся. 

Па меркаванні кіраўніка дзяржавы, вопыт Гродзенскага ўніверсітэта дазволіць айчыннай медыцынскай адукацыі не толькі пашырыць магчымасці навучальнага працэсу, але і аб’яднаць матэрыяльныя, кадравыя і навуковыя рэсурсы. «Гэта правільны шлях да павышэння выніковасці і якасці меддапамогі жыхарам усёй краіны», — упэўнены Прэзідэнт.


Кіраўнік дзяржавы даручыў пабудаваць камфортныя інтэрнаты сямейнага тыпу для маладых спецыялістаў ва ўсіх сферах

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў: інтэлектуальны патэнцыял любой дзяржавы — адораныя студэнты. У краіне сфарміравана сістэма падтрымкі ініцыятыўных, таленавітых маладых людзей: студэнтаў, аспірантаў, вучоных, а таксама іх настаўнікаў. Развіваюцца навуковыя школы пры медыцынскіх ВНУ. Моладзь удзельнічае ў інавацыйных айчынных і міжнародных праектах, вынікі якіх паспяхова выкарыстоўваюцца ў нашай краіне і за мяжой.

Прэзідэнт заклікаў і далей з дапамогай СМІ і спецыялізаваных выданняў папулярызаваць усе дасягненні, адкрываць новыя імёны.

Асобны клопат беларуская дзяржава выказвае пытанням забеспячэння выпускнікоў першым працоўным месцам. «Мы ў адрозненне ад іншых краін Садружнасці захавалі традыцыі абавязковага размеркавання бюджэтнікаў, — адзначыў Прэзідэнт. — Наладжана сістэмная праца з выпускнікамі медыцынскіх універсітэтаў, у якой удзельнічаюць прадстаўнікі органаў мясцовай улады і патэнцыйныя наймальнікі».

Але мала уладкаваць маладога ўрача, не менш важна ведаць, як яму жывецца і працуецца пасля заканчэння ВНУ. І гэты маніторынг у нас таксама наладжаны. Каля 85 працэнтаў спецыялістаў пасля заканчэння абавязковай адпрацоўкі застаюцца працаваць там, куды іх размеркавалі. «Ніводная краіна былога Савецкага Саюза такіх паказчыкаў не мае», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Невыпадкова медыцынскія ўніверсітэты — лідары па размеркаванні выпускнікоў, у тым ліку і платнай формы навучання. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, не рэдкасць, калі нават замежнікі жадаюць застацца і лячыць людзей у нашай краіне. «Вядома, найбольш прывабныя месцы ў сталіцы і абласных гарадах. Але і ў рэгіёнах неабходна ўсяляк падтрымліваць маладых спецыялістаў. Кожны чацвёрты з іх (24,5 працэнты) сёння мае патрэбу ў жыллі», — канстатаваў лідар Беларусі.

Прэзідэнт даручыў Міністэрству аховы здароўя і мясцовым органам улады звярнуць асаблівую ўвагу на мадэрнізацыю існуючых інтэрнатаў, у тым ліку сямейнага тыпу, будаваць новае, сучаснае жыллё. «Недапушчальна сяліць маладых спецыялістаў у старыя дамы і кватэры», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт праінфармаваў, што літаральна сёння прынятае рашэнне распрацаваць ва ўрадзе праграму (у першым квартале профільны міністр, губернатары і прэм’ер-міністр дакладуць кіраўніку дзяржавы аб ёй) будаўніцтва дамоў па тыпу тых, якія пабудаваныя для ўрачоў у Бараўлянах. Размова пра інтэрнат сямейнага тыпу для ўрачоў.

«Паслухайце, я, калі зайшоў у гэты дом, успомніў час, калі сам закончыў універсітэт і жыў на 9 квадратных метрах. Дарэчы, у мяне ўжо было двое дзяцей... Дзевяць квадратных метраў! Халадзільнік, тут жа ложак стаяў, канапа і тэлевізар на падаконніку, — успомніў Аляксандр Лукашэнка. — Але калі я зайшоў у гэты дом (у Бараўлянах — «Звязда»), я адразу сказаў міністру і кіраўнікам абласцей, якія былі: «Слухайце, гэта палац для маладога чалавека, які можа там жыць да 35-40 гадоў, гадаваць дзяцей. За гэты час вызначыцца і, магчыма, назапасіць сродкі на новую кватэру. Але гэта цудоўны дом. І цана — мізер. Пастаўлена задача — цягам трох гадоў выпрацаваць праграму і будаваць такія дамы для настаўнікаў, урачоў, работнікаў сацыяльнай сферы і культуры там, дзе гэта больш за ўсё неабходна».

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што гэта ўтрымае моладзь у краіне.

Каб малады ўрач застаўся на працоўным месцы і пасля адпрацоўкі размеркавання, важна таксама паляпшаць інфраструктуру раёнаў, дадаў Прэзідэнт.

«Невыпадкова ў Год малой радзімы мною пастаўлена канкрэтная задача развіваць невялікія гарады і пасёлкі па ўсіх сацыяльна-эканамічных напрамках для дасягнення высокага ўзроўню жыцця іх насельніцтва», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.


Дасведчаны ўрач мусіць умець вырасціць годную змену

Па словах Прэзідэнта, практычная ахова здароўя рэспублікі ў адрозненне ад іншых краін СHГ выйграла ў якасці падрыхтоўкі ўрача за кошт захавання субардынатуры і інтэрнатуры для студэнта-старшакурсніка. 

«Гэта неабходны, як сцвярджаюць спецыялісты, пераходны масток адаптацыі, назапашвання вопыту для будучай самастойнай дзейнасці, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Ліквідацыя інтэрнатуры ў Расіі і Казахстане стварыла пэўныя праблемы ў сістэме бесперапыннай медыцынскай адукацыі ў частцы прымянення атрыманых ва ўніверсітэце ведаў на практыцы. Мы такім шляхам не ідзем».

Больш за тое, Аляксандр Лукашэнка згодны з меркаваннем аб неабходнасці ўзмацніць адказнасць кожнага кіраўніка за падрыхтоўку маладога ўрача-інтэрна да самастойнай працы.

«Пакуль інтэрнатура існуе, адказваць мусіць той, хто вядзе гэтага маладога чалавека, а не толькі ён сам за сябе. Тут вельмі важна настаўніцтва, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Вопытны ўрач мусіць умець разгледзець і падтрымаць таленты, падзяліцца сваімі ведамі, вырасціць годную змену».

Кланавасці ў медыцыне не будзе

У Прэзідэнта ёсць інфармацыя, што ў сферы аховы здароўя з’явіліся нейкая «сямейнасць».

«Мама-тата ўрачы, дзіця ўрач і гэтак далей. Гэта добра. Але дрэнна, калі некалькі сем’яў, клан, туды вельмі складана пранікнуць іншым. Я ўжо некалькі гадоў вельмі паспяхова разрубаю гэту „кланавасць“. І я працягну гэтую працу: ніякіх кланаў быць не павінна. Яны імкнуцца перадаць родным, блізкім, знаёмым гэты веды — а чаму не ўсім?» — гэта тэндэнцыя насцярожвае Прэзідэнта.

Таксама патрабуецца максімальнае выкарыстанне патэнцыялу адукацыйных цэнтраў РНПЦ для падрыхтоўкі ўрачоў да выканання высокатэхналагічных умяшанняў.

Узяць найлепшае з замежжа для сваіх грамадзян 

Выпускнікі нашых медВНУ запатрабаваны за мяжой, асабліва ў Польшчы і краінах Балтыкі. Не сакрэт, што многія з іх з’язджаюць за атрыманнем ведаў, навыкаў, і нямала вяртаюцца.

Міністэрству аховы здароўя пастаўлена задача аснасціць кожнае працоўнае месца ўрача самым сучасным абсталяваннем, даць кожнаму спецыялісту не толькі ў буйных гарадах, але і ў рэгіёнах магчымасць прафесійнага росту. Мэта ясная — каб у любым населеным пункце чалавек мог атрымаць максімальна якасную медыцынскую дапамогу. Асабліва першасную. 

Неабходна павышаць прэстыж урача агульнай практыкі 

У свой час Прэзідэнт даручаў ствараць рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры.

«І мы ад гэтага маем добры эфект. Яны ўсім неабходным аснашчаны, там працуюць высакакласныя спецыялісты, і там ужо вучым урачоў вузкім спецыяльнасцям. Мэта — высокатэхналагічныя аперацыі „зверху“ апускаць „уніз“. Калі ў РНПЦ навучыліся рабіць складаныя аперацыі, пераносім іх на абласны ўзровень», — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Такім чынам у Беларусі ажыццяўляецца дыферэнцыраваны падыход да пашырэння пераліку медыцынскіх паслуг у горадзе і ў вёсцы.

Сёння ў амбулаторна-паліклінічных арганізацыях Беларусі працуюць больш за тры з паловай тысячы ўрачоў агульнай практыкі — тэрапеўтаў, якія прайшлі паглыбленае навучанне.

Але Аляксандра Лукашэнку турбуе насцярожанае меркаванне насельніцтва аб кампетэнцыі гэтых спецыялістаў. Частковы недавер тумачыцца звычкай грамадзян, што ў кожнай вёсцы мусяць быць медыкі ўсіх вузкіх спецыяльнасцяў. Зрабіць гэта можна было б, але тады давядзецца ў кожнай вёсцы пабудаваць шпіталь, падрыхтаваць урачоў з добрай зарплатай, даць ім жыллё... Між тым, розныя краіны выбралі шлях «сямейнага доктара». І маладое пакаленне беларусаў таксама, на думку Прэзідэнта, выбірае такі шлях.

Кіраўнік нагадаў, што ў Еўропе і ЗША менавіта з урачамі агульнай практыкі, або так званымі «сямейнымі дактарамі», насельніцтва ўзаемадзейнічае часцей за ўсё, прычым з пакалення ў пакаленне. Неабходна павышаць прэстыж урача агульнай практыкі і ў нас, перакананы Аляксандр Лукашэнка, навучыць яго ўсім метадам аказання спецыялізаванай дапамогі пры простай паталогіі. Любы пацыент будзе задаволены, калі яго ўрач зможа сам выканаць неабходнае дыягнастычнае даследаванне і своечасова прызначыць правільнае лячэнне. За такімі медыкамі — будучыня.

Акрэдытацыя ці ліцэнзаванне — заўчасныя

Яшчэ адно пытанне, якое часта ўзнікае ў медыцынскіх колах: ці будзем мы ў рэспубліцы ўводзіць сусветную практыку ліцэнзавання кожнага ўрача або ўкараняць вопыт Расіі па абавязковай акрэдытацыі.

«Сёння ўвядзенне ў краіне такіх формаў ацэнкі ўзроўню кампетэнтнасці лекараў заўчасна. Расійскі вопыт акрэдытацыі медработнікаў пакуль не даказаў сваёй эфектыўнасці. А вось перагледзець дзейную сістэму павышэння кваліфікацыі ўрачоў і прыняць меры па яе ўдасканаленні неабходна. Міністр атрымаў такую задачу, гэтым занімаецца Міністэрства аховы здароўя. Таксама варта матываваць лекараў на павышэнне кваліфікацыйнай катэгорыі», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

У Прэзідэнта ніколі не было тоўстых урачоў

Ён звярнуў асаблівую ўвагу на прафесійны імідж урача і ўзровень яго ўласнага фізічнага здароўя.

«Медыцынскі работнік, які ўвасабляе сваім вонкавым выглядам вядомую прымаўку „шавец без ботаў“, робіць толькі дрэннае ўражанне. Колькі ў мяне ні было ўрачоў, яны ніколі не былі тоўстымі. Урач павінен служыць прыкладам для пацыентаў. Здаровы лад жыцця павінен лічыцца базавай прафесійнай якасцю для будучага медыка. Вось я бачу вас усіх, і нават дзіўна — у ідэальнай форме. Вось такімі і заставайцеся, пастаўце перад сабой такую задачу», — папрасіў Аляксандр Лукашэнка.

Для гэтага, упэўнены ён, шмат не трэба. Тады і людзям будзе прасцей растлумачыць, што фізічнае здароўе трэба берагчы заўжды.

«Правільна харчавацца, не піць і не курыць... Ідыёт той, хто курыць. Ладна, выпіў там — славяне навучылі нармальна піць, — пажартаваў Прэзідэнт. — Але не празмерна. Таму што выпіць і закусіць — тады здароўе дрэнненькае будзе. Як чалавек, які не п’е, раю вам гэтага не рабіць».

А курэнне увогуле назваў «катастрофай».

«Марнаваць велізарныя грошы, сядзець і цмактаць гэту папіроску, а некаторыя два пачкі на дзень выкурваюць... Не рабіце гэтага. Калі нехта пачаў, кіньце зараз, потым будзе складана», — звярнуўся да моладзі Прэзідэнт.

Таксама ён даручыў студэнтам займацца фізкультурай, і самае галоўнае — своечасова праходзіць абследаванні. 

Зусім хутка студэнты, якія сёння сустрэліся з Прэзідэнтам у сваёй альма-матэр, атрымаюць дыпломы, дадуць клятву беларускага лекара і прыступяць да сваіх непасрэдных абавязкаў.

«Я вельмі хачу, каб ваш медыцынскі шлях быў годным і паспяховым, каб на ўсім яго працягу не было страчана самае галоўнае — прафесійны інтарэс. Вы тыя, каму давераны самы каштоўны pecypс краіны — здароўе нашага народа. А выкладчыкам хачу пажадаць, каб да вас з году ў год прыходзілі добрыя студэнты. Разумныя, чыстыя сэрцам, якія жадаюць змяніць гэты свет і выратаваць кожнае чалавечае жыццё», — звярнуўся да аўдыторыі кіраўнік дзяржавы.


«Маё крэда — прырода»

Пасля выступлення кіраўнік дзяржавы запрасіў аўдыторыю задаць яму пытанні. Адно з першых датычылася экалагічнай бяспекі для Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў, што самая вялікая вартасць нашай краіны — прыроднае багацце і прыгажосць. «Мы не без недахопаў, я гэта не горш за іншых бачу, і вельмі шчыльна гэтым займаюся», — дадаў ён і патлумачыў, наколькі гэта праблема важна для яго асабіста.

«Калі мяне называюць прасунутым аграрыем, я часта нават сваім калегам-прэзідэнтам кажу: кіньце, які я спецыяліст! Так, я вясковы мужык, усё рабіў сам, бацькі не было, таму прыходзілася працаваць, — падзяліўся думкамі кіраўнік дзяржавы. — Вучыўся, кіраваў прадпрыемствам (не толькі ў сельскай гаспадарцы), але калі вы хочаце ведаць маё крэда, то яно — прырода. Чысціня прыроды, дрэвы, якія я прымушаю, пачынаючы ад членаў ураду і заканчваючы студэнтамі і школьнікамі, высаджваць, як мы гэта некалі рабілі. Мы павінны гэта рабіць гэта сваімі рукамі, тым больш мы можам».

Аляксандр Лукашэнка ўспомніў свае параўнальна нядаўнія ўражанні ад паездкі пад Гродна, дзе старыя дамы патанаюць у зеляніне, а на новыя мікрараёны сорамна глядзець: «Клетак гэтых панаставілі, і нідзе няма ніводнага дрэва». Па яго даручэнні, дрэвы там былі высаджаны ў найбліжэйшы час.

«Я чалавек, крэда якога — прырода, — паўтарыў Прэзідэнт. — Таму і асабіста, і таму, што трэба захаваць гэту чысціню Cінявокай, нам трэба займацца аховай навакольнага свету, перш за ўсё — прыроды».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пры ім створана Інспекцыя па ахове жывёльнага і расліннага свету, якая паспяхова змагаецца з браканьерствам у лясах, на рэках і азёрах, ён асабіста кантралюе адвод зямель сельскагаспадарчага прызначэння для будаўніцтва. «Мы павінны зберагчы тое, што нам дасталася ад нашых продкаў.… Гэта мае сапраўдныя адносіны. І ў гэтым кірунку мы будзем вельмі сур'ёзна працаваць»,— паабяцаў Аляксандр Лукашэнка моладзі.

Адно з пытанняў датычылася якасцяў, якімі, па меркаванні, Прэзідэнта, павінны валодаць маладыя людзі, каб уключыцца ў палітычны працэс. «Жаданне і здольнасці», — адказаў кіраўнік дзяржавы.

«Вось калі вы вельмі хочаце (размова, напэўна, ідзе пра кіраванне, кар'ерны рост), то трэба яшчэ быць прафесіяналам, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — І вельмі хацелася б, каб вы, можа не адразу, але з часам, пажадана хутчэй, палюбілі нашу краіну. Усё, больш нічога не трэба. Усё астатняе прыйдзе».

Прэзідэнт даручыў разгледзець пытанне памілавання па артыкуле 328

Аб гэтым ён паведаміў, адказваючы на пытанне пра барацьбу з проціпраўным кантэнтам у інтэрнэце, асабліва па продажы наркатычных рэчываў. На думку Прэзідэнта, выяўленне і блакіроўка такога кантэнту праводзіцца недастаткова эфектыўна.

«Не таму, што мы не ўмеем гэтага рабіць. Мы прынялі вельмі жорсткія меры барацьбы з наркотыкамі. Я разумею, што адна справа вырабляць наркотыкі, другая — іх распаўсюджваць, а трэцяя — ужываць. Напэўна, мы недаацанілі, што ўжыванне наркотыкаў — гэта шмат у чым хвароба горшая, чым піць-курыць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён перакананы, што хлопцы і дзяўчаты трапяць у залежнасць перш за ўсё праз патуранне бацькоў.

«Персанальна кожнага чалавека разгледзім і там, дзе можна, — на парукі бацькам. І крый божа, зноў трапяць — разам з бацькамі пойдуць у гэтую калонію. Гэта бяда. Але пасля прыняцця адпаведных жорсткіх мераў у нас колькасць гэтых злачынстваў значна скарацілася», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што ў транзітнай краіне, дзе сінтэтычныя рэчывы трапляюць часцей за ўсё праз Заходнюю Еўропу, а біялагічныя наркотыкі — праз Расію з Цэнтральнай Азіі, асабліва цяжка. А спробы кантраляваць інтэрнэт зноў выклікаюць абвінавачванні ў «дыктатуры».

«У мяне адна прэтэнзія да інтэрнэта — калі ты там вылаяўся, падпішыся. З сеціва трэба прыбраць тое, што садзейнічае наркаманіі, тэрарызму і падобным рэчам. Магчыма, нам і давядзецца калісьці прымаць такое рашэнне, але, хутчэй за ўсё, пасля Прэзідэнцкіх выбараў, каб нас не абвінавацілі ў адсутнасці магчымасці самавыражэння», — паведаміў кіраўнік дзяржавы.

Аддаў належнае спецыялістам, якія навучыліся абараняць інтэрнет-прастору, але адзначыў: пакуль што ў гэтай сферы ёсць, над чым працаваць.

Беларуская медыцына можа ўсё

Студэнт з Ізраіля, які атрымлівае ў Беларусі другую вышэйшую адукацыю, спытаў Прэзідэнта, ці можна пашырыць тэрмін, на працягу якога замежныя грамадзяне, якія прызджаюць у Беларусь працаваць або навучацца, павінны зарэгістравацца па месцы пражывання. Зараз гэта неабходна зрабіць цягам пяці дзён. «Гэтага часу дастаткова, але складана, калі ўлічыць, што мы павінны прайсці медыцынскі агляд, аформіць некаторыя дакументы, засяліцца ў інтэрнат або ў здымную кватэру», — аргументаваў суразмоўца.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што рашэнне пашырыць гэты тэрмін да 10 дзён будзе падпісана ім ужо ў найбліжэйшы панядзелак.

Карыстаючыся нагодай, Прэзідэнт расказаў, як у Беларусі лячыўся былы кіраўнік палітычнай разведкі Ізраіля «Масад».

«Я неяк з ім сустракаўся даўно, ён прыязджаў да нас, у нас былі добрыя адносіны, хоць мы працавалі ў розных плоскасцях. І гэты чалавек захварэў. Яму было за 70 гадоў. Яму патрэбна была перасадка. Ён паехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі. Там адмовілі з-за ўзросту. Увесь Захад адмахнуўся. Ён да мяне. Звоніць міністр: што будзем рабіць? Хвароба цяжкая, зацягнулі, усё можа быць, але ўсе адмовіліся. І мы яго паспяхова прааперыравалі. Вось вам — наша медыцына, нашы маладыя хлопцы, якія здзейснілі подзвіг, падараваўшы чалавеку гады жыцця», — з гонарам сказаў Прэзідэнт.

Наша ахова здароўя можа рабіць усё, рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы. «Трэба толькі даць урачам самае высокатэхналагічнае абсталяванне. І мы ўзялі курс на тое, каб узброіць нашых урачоў ўсім неабходным. І яны будуць рабіць цуды. І гэта перш за ўсё. А потым — жыллё, заробкі і іншае».

Страхавая медыцына будзе. Але не адразу

Адно з пытанняў з боку студэнтаў датычылася магчымасці ўвядзення ў Беларусі сістэмы абавязковага медыцынскага страхавання.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ён прыхільнік развіцця страхавой медыцыны. «Але адразу нельга, трэба, каб людзі былі да гэтага падрыхтаваныя, — патлумачыў ён. — Ведаю, што медыкі лічаць, што яно (страхаванне — «Звязда») павінна быць абавязковым і як мага хутчэй. Маўляў, яны (урачы) стануць багатыя з-за гэтага. Але ці ў стане нашы людзі будуць за гэта заплаціць?»

Найперш трэба павялічыць даходы і заробкі людзей удвая, дадаў Прэзідэнт. «Ці дазволіць гэта зрабіць эканоміка? — задаў ён рытарычнае пытанне. — Так, добра — страхавая медыцына: скінуў на людзей і бывай здаровы. Але трэба разумець, што будзе потым. Мы наступствы пралічвалі, і на гэтым этапе дамовіліся: вось бясплатная, вось платная, а вось — страхавая медыцына».

Зараз у краіне маецца добраахвотнае медыцынскае страхаванне. Абавязковае страхаванне — у перспектыве.

Прэзідэнт растлумачыў, як Беларусь здолела захаваць якасць прадуктаў

Падчас размовы са студэнтамі і выкладчыкамі Аляксандр Лукашэнка параўнаў сітуацыю з адукацыйнымі паслугамі з любым іншым экспартам.

«Зараз у Расіі малака не хапае, яны адкрылі нашы прадпрыемствы. Дай бог, каб у Расіі ці іншых краінах былі такія прадукты харчавання, як у нас, — таму што мы захавалі ГОСТы, не дазваляем весці сябе бандыцкім чынам прадпрыемствам. І, на шчасце, яны дзяржаўныя, мы іх не прыватызавалі. Ніводнае дзяржаўнае прадпрыемства «мышкаваць» не будзе, таму якасць нармальная», — сказаў Прэзідэнт.

У знішчанай вёсцы будзе адкрыты мемарыял

Гомельскія студэнты напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі нагадалі, што ўсе ведаюць пра Хатынь, але на Гомельшчыне калісьці існавала вёска Ала, дзе было знішчана 1758 чалавек. Зараз там пустка, але ўжо ў новым годзе пачнецца будаўніцтва мемарыяльнага комплесу. Студэнтка ГДМУ запрасіла Прэзідэнта на адкрыццё мемарыяла. Аляксандр Лукашэнка ініцыятыву падтрымаў і паабяцаў прыехаць.

Ён таксама даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта вывучыць праект і, калі трэба, удасканаліць. Аказалася, што кіраўнік дзяржавы добра ведае гэтую гісторыю.

«Няправільна, што мы не добраўпарадкоўваем такія месцы, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Добра, што вы вырашылі ўвекавечыць. Будзем усе ўдзельнічаць, і, можа, усе сродкі, заробленыя Гомельскай вобласцю на суботніку, пакінем там», — адзначыў ён.

На думку Прэзідэнта, тое, што студэнты ўзнімаюць такія пытанні, значыць, што ў моладзі і краіны ў цэлым ёсць будучыня.

Прэзідэнт даў рэцэпт паспяховасці з трох складнікаў

Задавалі студэнты і пытанні, якія прымусілі Прэзідэнта да філасофскіх разважанняў: чаму б ён хацеў навучыцца, напрыклад.

«Мне здавалася, што я ўжо нечаму навучыўся... Калі сказаць „усяму“ — гэта будзе няправільна. Я ўсё ж такі па першай адукацыі гісторык, і філасофіі тады вучылі добра. Таму, сыходзячы з філасофскага разумення жыцця і ўсіх працэсаў, чалавек не можа ўмець усё. Значыць, нечаму яму яшчэ трэба вучыцца», — пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка.

Калі ўжо зайшла шчырая размова,ён прызнаўся, што мусіць паглыбляцца па кірунках, дзе ўжо нешта ўмее, бо Прэзідэнт мусіць валодаць ўсімі пытаннямі ўвогуле.

«Англійскую, напэўна, ужо вывучаць не стану, галава забіта, ужо не ўлезе туды нічога... Вярнуцца да музыкі сваёй — думаю, хай ужо сын малодшы гэтым займаецца. Я ўжо забыў, як гэта. Таму гэта вельмі важна для вас зараз — калі вы нешта ўмееце, не кідайце. Вярнуцца потым будзе вельмі складана. Вас захлісне жыццёвая мітусня», — параіў кіраўнік дзяржавы.

Ён упэўнены, што студэнцтва — час, калі ствараецца база на ўсё далейшае жыццё. Таму, дарэчы, Прэзідэнт і патрабуе прыбраць усё, што студэнты вывучаюць «дзеля заліку». Каб не было як у сельскагаспадарчых ВНУ, калі студэнты толькі на трэцім курсе «нюхнулі дабра» і пачалі кідаць ВНУ. А на іх навучанне дзяржава ўжо выдаткавала.

«Вялікі недахоп — няведанне замежнай мовы. Па-другое, павінны займацца музыкай, па-трэцяе — спортам. Таму я ўжо крыху ніжэй за вас як прафесіянал. Але як самы інфармаваны чалавек у розных галінах — тут я ўжо вышэй за вас. Напэўна, трэба мне вучыцца быць больш вытрыманым, спакойным — але гэта асаблівасці характара», — разважае Аляксандр Лукашэнка.

Цярпенне, прафесіяналізм і трошкі любові

Студэнтка з Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта спытала кіраўніка дзяржавы: якімі якасцямі, на яго погляд, павінен валодаць студэнт-медык, каб адбыцца як прафесіянал сваёй справы?

«Адна толькі павінна быць якасць — цярпенне, — адказаў Прэзідэнт. — І прафесіяналізм. Ваша прафесія асаблівая: як недахопы, так і станоўчае людзі заўважаюць імгненна. Добрых спецыялістаў ведае ўся краіна і ўвесь свет».

Аляксандр Лукашэнка прывёў у праклад трансплантолага, сенатара і кіраўніка РНПЦ Алега Румо і паведаміў, што паабяцаў яму пашырыць РНПЦ «Трнспланталогія органаў і тканак».

«Калі нехта з вас будзе так прасоўваць вашу спецыяльнасць, калі з’явяцца жадаючыя і новая школа, а гэта — моладзь, тады яны (трансплантолагі. — «Звязда») былі маладымі, я заўсёды буду прыхільнікам, каб будаваць, развіваць, пашыраць, закупляць абсталяванне... Усё залежыць ад вас. Таму — цярпенне і прафесіяналізм, — падсумаваў Прэзідэнт. — Калі гэта будзе, вы адбудзецеся як урачы. Ну і, як я казаў раней, трошкі потым любові да радзімы дадайце».

На Новы год Прэзідэнт будзе працаваць

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся студэнтам, што для яго ўсе святы, хоць і чаканыя, — вялікая нагрузка.

«Грамадзяне вып’юць шампанскага і закусяць аліўе. А краіна жыве. Цвярозыя хто? Пагранічнікі, лётчыкі, ПВАшнікі, медыкі працуюць. І вельмі часта бывае, што людзі ў святы бяспечныя, думаюць, што ўся планета вакол іх круціцца, забываюцца на бяспеку. Таму часта ў гэтыя святочныя дні шмат праблем, якія вырашыць толькі Прэзідэнт», — патлумачыў ён.

Акрамя насычанага міжнароднага парадку дня, які пачынаецца 20 снежня, кіраўнік краіны праанансаваў сёлета правядзенне Венскага балю ў Палацы Незалежнасці, Прэзідэнцкай ёлкі, удзел у акцыі «Нашы дзеці».

Аляксандр Лукашэнка распавёў студэнтам, што больш за ўсё цэніць падарункі, зробленыя ўласнымі рукамі.

Будучыя медыкі падрыхтавалі Прэзідэнту падарунак — аўтарскі твор студэнткі 6 курса педыятрычнага факультэта Юліі Галубчык. На карціне дзяўчыны адлюстраваны навакольная мясцовасць аграгарадка Александрыя Шклоўскага раёна: прырода на берагах Дняпра з зонамі адпачынку. Аўтар таксама атрымала падарунак ад Прэзідэнта — ягоную ручку.

Таксама рэктар універсітэта запрасіў кіраўніка дзяржавы на святкаванне стогадовага юбілею навучальнай установы ў 2021 годзе. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што незалежна ад свайго статусу праз два гады абавязкова наведае ўрачыстасць.

Прызначаны спатканні 

Час сустрэчы быў абмежаваны выключна жаданнем аўдыторыі. Такі падыход акрэсліў сам Прэзідэнт: ніхто не павінен пайсці, не атрымаўшы адказу на пытанне. Таму размова цягнулася больш за дзве гадзіны, нягледзячы на перапынак. Урэшце, Аляксандр Лукашэнка прывык, што яго абед залежыць ад працоўных сустрэч.

Напрыканцы размовы кіраўнік дзяржавы запрасіў будучых медыкаў, у тым ліку з абласных цэнтраў, на экскурсію ў працоўную рэзідэнцыю Прэзідэнта. Ён нездарма загадаў адкрыць Палац Незалежнасці для народа, каб беларусы і госці краіны маглі пабачыць, на што здатныя нашы будаўнікі, дызайнеры і мастакі.

«Нашы людзі ўмеюць тварыць цуды не толькі ў медыцыне. І слава богу, што такія людзі ёсць — і ў асноўным гэта моладзь», — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка.

«З Прэзідэнтам — куды заўгодна!» — выказалі гатоўнасць студэнты. І асабліва студэнткі. Завяршылася сустрэча апладысментамі, якімі, напэўна, ва ўніверсітэце не сустракалі яшчэ ніводнага лектара.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».