Вы тут

Што застаецца людзям, калі фестываль становіцца гісторыяй?


У верасні Ружаны адгулялі абласныя дажынкі. Пра адрас дыслакацыі фестывалю працаўнікоў вёскі стала вядома за год да падзеі, калі адзначалі аналагічнае свята ў Высокім. Тады і пачалася падрыхтоўка пасёлка, славутага велічным сапегаўскім палацам. Прымаліся адпаведныя рашэнні аб выдзяленні сродкаў на добраўпарадкаванне, пачыналася іх паступовае асваенне. Усяго падчас падрыхтоўкі было патрачана 4 мільёны 554 тысячы рублёў бюджэтных сродкаў. Несумненна, многае ўдалося зрабіць.


Вік­тар Да­ра­не­віч, Анд­рэй Зыб­ко, Ак­са­на Юр­коў­ская  ка­ля бу­дын­ка хар­чо­ва­га бло­ка баль­ні­цы.

Падкрэслілі адметнасць, ушанавалі гісторыю

Са старшынёй Ружанскага сельскага Савета дэпутатаў Аксанай ЮРКОЎСКАЙ праходзім па вуліцах памаладзелага пасёлка. І хоць на двары снежаньская слата, Ружаны выглядаюць прыбрана, нават крышачку святочна. Асабліва цікавай здаецца цэнтральная вуліца Савецкая, дзе паток машын можна параўнаць з сярэднім горадам. Транспарт транзітны, бо Ружаны стаяць на скрыжаванні ўсіх дарог. Тут перасякаюцца маршруты, якія злучаюць Украіну з Прыбалтыкай, Белавежскую пушчу з Мінскам, Гродзеншчыну з Палессем. І ружанцы, вядома, ганарацца, што праезджыя людзі бачаць іх пасёлак такім. Тут не проста паправілі асфальт, праклалі дарожкі, зрабілі капітальны рамонт асобных дамоў, у іншых пабудоў пафарбавалі фасады — месцічы знайшлі свае цікавінкі, падкрэслілі адметнасць, ушанавалі гісторыю.

Цяпер, ідучы на пошту, міжволі паднімеш галаву, каб паглядзець на Ружаны ХІХ стагоддзя, панарама якіх перанесена са старой паштоўкі на сцяну вузла сувязі. На старых цагляных дамах з'явіліся рэпрадукцыі партрэтаў асоб з роду Сапег. А фасад Цэнтра культуры і вольнага часу ўпрыгожвае карціна-выцінанка тутэйшага майстра Юрыя Малышэўскага. Крыху паводдаль ад Цэнтра — невялічкая плошча з wі-fі-лаўкай, упрыгожанай недвухсэнсоўным сэрцам: вядомая рэч, цяперашнім закаханым без інтэрнэту ніяк, а тут ён бясплатны — атрымалася ідэальнае месца для спатканняў. Цёплай парой гэтая лаўка не пустуе, хіба цяпер, у снежні, ахвотных пасядзець менш.

Сквер Якуба Коласа

Сквер гэты — прадмет асаблівага гонару мясцовай улады. Ён літаральна вымаляваўся на вачах у жыхароў падчас падрыхтоўкі да дажынак. На гэтым месцы фактычна была пустка вакол зарослага вадаёма. Найперш акультурылі возера, праклалі пешаходныя і веладарожкі, паставілі лаўкі, пасадзілі дрэвы. Ну а потым атрымалі прэмію за добраўпарадкаванне і купілі трэнажоры. Цяпер яны даступныя для кожнага, хто хоча палепшыць сваю фізічную форму. Тут ёсць і дзіцячая пляцоўка — мамы з каляскамі ў цёплую пару часта адпачываюць. Такім чынам, аформілася цудоўнае месца для адпачынку ўсёй сям'ёй.

Па-сучаснаму стала выглядаць і вуліца, якая дала назву скверу: дарожная разметка, пешаходныя пераходы, тратуар, агароджа — усё нагадвае пра нядаўнія рамонт і абнаўленне.

Капітальны рамонт

Асобна трэба сказаць пра двухпавярховыя дамы па вуліцы Савецкай, якія перажылі капітальны рамонт. Пабудаваныя яшчэ ў 50-х гадах, яны, несумненна, патрабавалі ўвагі. Праўда, у канцы 90-х тут ужо быў капрамонт, у выніку яго ў кватэры падвялі каналізацыю. Пра гэта расказалі жыхары дома — былыя настаўнікі Сяргей Уладзіміравіч і Соф'я Мікалаеўна Свяцкія. Галава сям'і вельмі задаволены праведзеным рамонтам: «У доме памянялі дах, часткова заменены трубы ў кватэрах. Усе работы праведзены ў сціслыя тэрміны, ніякіх прэтэнзій». Соф'я Мікалаеўна заўважыла, што спярша вельмі нязвыклы быў шэры колер сцен. «Але моладзь гаворыць, што гэта стылёва, модна. Ну і я прыгледзелася, а лепш сказаць, прывыкла. Галоўнае, у двары парадак, навокал чыста, як і ва ўсім пасёлку». Суседка іх Галіна Фёдараўна Віркоўская сказала, што спачатку рамонтнікі нарабілі ёй клопату: пабелка абсыпалася са столі, тынкоўка пайшла трэшчынамі. Але ж пазней яны ўсё паправілі, і гаспадыня пагадзілася, што стала лепш, чым было.

На кожнай вуліцы, у кожным завулку знойдзецца нешта новае, што пабудавана альбо зроблена падчас падрыхтоўкі да абласнога фестывалю. Вуліца Урбановіча, якая выходзіць да знакамітага палаца Сапег, таксама пахарашэла. На фасадах будынкаў з'явіліся рэпрадукцыі карцін, выцінанак, гравюр. На гэтай жа вуліцы знаходзіцца ружанская гарадская бальніца, якая шмат у чым змянілася і стала аб'ектам аховы здароўя новага ўзроўню.

Цэнтр куль­ту­ры з вы­ці­нан­кай.

Харчовы блок і абсталяванне

Нават па адной гэтай бальніцы дажынкі можна смела называць удалым сацыяльным праектам. Загадчык медыцынскай установы Андрэй ЗЫБКО расказаў, што стацыянар складаецца з трыццаці тэрапеўтычных і пяці педыятрычных ложкаў. Яшчэ дзесяць месцаў адведзена пад бальніцу сястрынскага догляду. Ёсць і паліклініка з дзённым стацыянарам. Летась і сёлета тэрыторыя бальніцы была ўладкавана, праведзены рамонт двара і фасада будынка. З'явілася паркоўка для транспарту, якой раней не было наогул. І галоўнае, з былога падсобнага памяшкання атрымаўся сучасны харчовы блок. Будынак для прыгатавання ежы яшчэ не здадзены ў строй, але тут ужо рыхтуюцца да наваселля. Паглядзець на прыгатаванні і ацаніць гатоўнасць прыехаў галоўны ўрач Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы Віктар ДАРАНЕВІЧ. Віктар Міхайлавіч расказаў, што ружанская бальніца нядаўна атрымала холтараўскія маніторы для ЭКГ. Метад паспяхова асвоены ружанскімі ўрачамі, ужо праведзена каля 40 даследаванняў. Таксама паступіла сучаснае абсталяванне для правядзення аналізаў. Ну а харчовы блок спраектаваны і аснашчаны так, што далёка не кожная бальніца раённага альбо абласнога цэнтра можа пахваліцца падобным.

Не так даўно тут лячылася масквічка. Жанчына адпачывала ў санаторыі «Ружанскі», захварэла на пнеўманію і прайшла курс лячэння ў стацыянары. «Дык яна пакінула добры водгук пра бальніцу, — кажа старшыня сельскага Савета Аксана Юркоўская. — А жыхары, асабліва пенсіянеры, гавораць, што нашу лякарню трэба пашыраць, усё для гэтага ёсць. Ды апошняе залежыць ад колькасці насельніцтва ў пасёлку і навакольных вёсак. Вырасце насельніцтва — адкрыюцца дадатковыя ложкі. Ёсць стандарты, ад якіх мы не можам адысці».

І не толькі ўстанова аховы здароўя рэканструявана дзякуючы гэтым дажынкам. Рамонт праведзены ў школе, дзіцячым садку, іншых аб'ектах сацыяльнага прызначэння.

Чырвоны глог

Ружаны здаўна вядомыя не толькі велічным палацам, але і сваім чырвоным глогам. Калі ён зацвітаў у канцы мая пяшчотна-ружовым колерам, Ружаны выглядалі па-вясноваму маладымі, а пасля цвіцення ягады наліваліся чырванню, і пасёлак набываў нейкую ўрачыстасць. Вядома, глог не сам тут вырас. Яго разводзіў жыхар пасёлка, альтруіст, энтузіяст, заслужаны настаўнік рэспублікі Уладзімір Рэкуць. Нястомны аматар прыгажосці купляў за свае грошы саджанцы ў розных канцах краіны і ўпрыгожваў малую радзіму. Было гэта недзе ў 60—70-х гадах. Вядома, расліны да гэтай пары састарэлі, некаторыя ссохлі, іншыя былі выкарчаваны падчас добраўпарадкавання. І тады людзі схамянуліся, нібы ўспомнілі. Сталі звяртацца ў сельскі Савет. Дэпутаты параіліся і вясной купілі першыя 20 кустоў глогу. Тады Аксана Юркоўская прынесла таблічку з тэкстам і прымацавала да пасадкі — напісала, што глог пасаджаны ў гонар шаноўнага ружанца, заслужанага настаўніка і ў памяць пра яго. Старшыня сельсавета заклікала беражліва ставіцца да саджанцаў. «І ведаеце, ніводнага куста не зачапілі, — кажа Аксана Уладзіміраўна. — Хоць з кветкамі на клумбах здараўся грэх — у сэнсе не кожны спраўляўся са спакусай узяць кветачку і пасадзіць у свой агародчык. А тут — ніхто. Бо памятаюць і паважаюць настаўніка». А навесну пасадзяць яшчэ 31 куст глогу.

Больш святла

— Складаны перыяд быў для нас — падрыхтоўка да фестывалю. Пастараліся зрабіць як мага больш, разумелі, што такая магчымасць добраўпарадкаваць населены пункт будзе не скора, — разважае кіраўнік мясцовай улады. — Кожны тыдзень, а то і часцей прыязджаў старшыня райвыканкама (Юрый Бісун. — Аўт.), прасіў усе службы выкладвацца па максімуме, казаў: «Для людзей робім». Праўда, і самі людзі многае зрабілі, шмат агароджы абноўлена, пафарбавана, на падворках парадак наведзены, на суботнікі выходзілі, не лічыліся з часам, не засталіся ўбаку ад добрай справы прадпрымальнікі.

Калі ж звярнуцца да лічбаў, то атрымліваецца, што заасфальтавана 14 вуліц і чатыры завулкі агульнай працягласцю 7,5 кіламетра, адрамантавана 1200 квадратных метраў тратуараў і пракладзена 3360 квадратных метраў новых. Заменены асобныя ўчасткі водаправода і вулічнай каналізацыі, ліній электраперадачы, месцамі ўстаноўлена новая жалезабетонная агароджа. Уведзена ў строй артэзіянская свідравіна.

— Можна і яшчэ пералічваць. Відавочна, што ўсё гэта паўплывае на паляпшэнне якасці жыцця, — падсумоўвае старшыня.

А сквер драўляных скульптур, які з'явіўся насупраць аўтавакзала, ажывіў гэтыя мясціны. У Ружанах наогул драўляных скульптур многа. Пасёлак не раз выбіралі месцам пленэраў рэзчыкі па дрэве, работы часта пакідалі. Цяпер яны ўпрыгожваюць вуліцы.

Засталося спытаць ружанцаў, як яны самі ацэньваюць зробленае. Прадпрымальнікі Наталля і Валерый Ланшаковы сказалі, што стала прыгажэй і ўтульней: «Мы і сына малодшага агітуем, каб пераязджаў з Мінска». А жанчыны на вуліцы Урбановіча падкрэслілі: «Ліхтары дадатковыя павесілі, святла стала больш». І ўсе ў адзін голас кажуць, што трэба павялічваць колькасць рабочых месцаў, развіваць вытворчасць, каб моладзь заставалася, каб Ружаны прырасталі насельніцтвам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Пружанскі раён

Загаловак у газеце: Пасля балю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Урачы па ўсiм свеце запусцiлi флэшмоб #StayAtHome.

Грамадства

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Ранейшы ўласнiк цяпер звярнуўся ў суд i патрабуе вярнуць будынак.

Культура

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар з'яўляецца аўтарам опер, сімфоній і кантат, яго музыка гучыць у розных кутках свету, а ў Беларусі з ім працуюць найлепшыя выканаўцы.

Культура

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Уладзiмiр Амельяновiч і Апанас Кляцко.