Вы тут

Вайскоўцы прынеслі Прысягу


Сярэдзіна снежня - час, калі прызваныя ўвосень салдаты ўрачыста прамаўляюць словы прысягі на вернасць народу і Айчыне. Сёння гэта зрабілі каля 9 тысяч вайскоўцаў, якія праходзяць службу ва Узброеных Сілах. Сярод іх - блізу 200 рэзервістаў.


Традыцыйна самая масавая цырымонія прайшла ў 72-м Аб'яднаным вучэбным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў - найбуйнейшым навучальным злучэнні краіны. Туды з'ехаліся родныя і блізкія амаль дзвюх з паловай тысяч салдат з усёй краіны, каб сустрэцца са сваімі сынамі, братамі, пляменнікамі... А Дзмітрый Кандрацьеў і ўвогуле прыляцеў для гэтага з Ганы. У далёкай афрыканскай краіне ён працуе па кантракце.

- Вырвацца было не так і проста. Працадаўца не хацеў спачатку адпускаць - усё-такі пералёт з Ганы ў Беларусь даволі дарагі, з усімі стыкоўкамі ён цягне больш чым на 800 долараў. Але бачыць пасталелага сына, які са зброяй у руках прымае прысягу, для мяне куды даражэй і вельмі ганарліва.

Яго сын Ягор Кандрацьеў скончыў аграрна-тэхнічны каледж у Лепелі. Служыць яму належыць паўтара гады.

- За месяц я навучыўся хадзіць страявым крокам. Былі ў нас і стрэльбы з аўтамата Калашнікава. Да фізічных нагрузак адаптавацца было не складана - да войска я займаўся біятлонам і футболам. Тут жа я вучуся на механіка-кіроўцу баявой машыны пяхоты. А што будзе далей - паглядзім. Сумаваць дакладна не давядзецца.

Міністр абароны Андрэй Раўкоў нагадаў пра навацыі датычна павышэння статуса вайскоўца тэрміновай службы, якія з'явіліся апошнім часам.

- Мы ўсяляк імкнемся да таго, каб чалавек, які прайшоў праз тэрміновую ваенную службу, меў пэўныя прывілеі перад тымі, хто не служыў, не маючы на тое законных падстаў. Станоўча вырашана пытанне датычна ўключэння часу службы ў страхавы стаж. Заканадаўча замацаваны прыярытэт паступлення на дзяржаўную службу. Незалежна ад формы ўласнасці наймальніка за салдатам захоўваецца права вярнуцца на ранейшае працоўнае месца. Юнакі, якія адслужылі, атрымалі першачарговае права на месца ў інтэрнатах навучальных устаноў. Яшчэ шэраг пытанняў або вырашаны, або знаходзіцца ў актыўнай стадыі прапрацоўкі. Сярод іх - тыя, якія тычацца перавагі тых, хто служыў, пры паступленні ва ўстановы адукацыі, навучанні на падрыхтоўчых курсах за кошт рэспубліканскага бюджэту, прадастаўлення ім права выбару месца працы падчас размеркавання.

Рыхтуецца пералік дакументаў, які будзе накіраваны кіраўніку дзяржавы.

Акрамя таго, стала больш маладых людзей, якія выбіраюць службу па кантракце на пасадах сяржантаў і салдат ад самага старту. Сёлета такой магчымасцю скарысталіся каля 600 чалавек.

Андрэй Раўкоў асобна згадаў пра роту інфармацыйных тэхналогій, якая была створана ў мінулым годзе.

- Службу ў падраздзяленні прайшлі ўжо 65 чалавек, а ўвосень яго шэрагі папоўнілі 40 прызыўнікоў. Але конкурс туды вялікі - жаданне служыць у гэтай роце выказала каля 500 чалавек! У сваю чаргу, гэта дазваляе рэзультатыўней адбіраць прэтэндэнтаў па прафесійных патрабаваннях і маральна-дзелавых якасцях.

А пасля ўрачыстага маршу навабранцы адправіліся ў першае звальненне. Наперадзе ў іх складаныя, але цікавыя будні - удзелы ў вучэннях, стрэльбах, палявых выхадах, асваенне баявой тэхнікі і, канешне ж, вучоба.


У Брэсцкай крэпасці прыняло прысягу больш за 1100 вайскоўцаў

Тысячы людзей з самага ранку кіраваліся ў Брэсцкую крэпасць, каб убачыцца са сваімі вайскоўцамі, распытаць пра службу, пачаставаць смачненькім, ну і галоўнае, папрысутнічаць на цырымоніі прысягі, першымі цёпла павіншаваць іх з гэтай падзеяй. На плошчы Цырыманіялаў роўнымі шарэнгамі стаялі новыя абаронцы Радзімы. У гэты дзень 1117 вайскоўцаў Брэсцкага гарнізона прысягнулі на вернасць Айчыне.

Да новых байцоў часцей і падраздзяленняў са словамі прывітання і наказу звярнуліся намеснік старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Ігар Печань, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Яўген Зайцаў, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, грамадскіх арганізацый, ветэраны. Усе падкрэслівалі значнасць падзеі, якая адбывалася ў крэпасці.

За плячыма навабранцаў «курс маладога байца», дзе яны прайшлі азы ваеннай падрыхтоўкі. З першых дзён «вучэбкі» юнакі вучыліся жыць у вайсковым калектыве, прывыкалі да новага ўкладу жыцця. А з прыняццем прысягі яны сталі сапраўднымі салдатамі, якія нясуць адказнасць за кожны ўчынак на службе.

Пасля ўрачыстай цырымоніі родныя і блізкія сустрэліся з камандаваннем часцей. Ніна і Сямён Бабко прыехалі з Клецкага раёна. Іх унук Ігар у ліку байцоў 38-й дэсантнай брыгады прымаў прысягу.

— Мы сёння ў крэпасці з сямі раніцы, — гаворыць усхваляваная бабуля. — Баяліся, што потым машыны не будзе дзе прыпаркаваць. У нашай сямейнай дэлегацыі — два дзядулі, бабуля, маці, бацька салдата, яго сябар. Гэтак жа і ўсе ехалі цэлымі сем'ямі, тысячы людзей вакол. Мы жадаем Ігару, каб служба складвалася паспяхова, каб здаровы і бадзёры вярнуўся дадому.

Гэта ж зычаць сваім вайскоўцам усе сваякі, сябры, якіх у крэпасці, паводле прыблізных падлікаў, было ў гэты дзень каля шасці тысяч.

Валяр'ян ШКЛЕННІК, Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?