Вы тут

Прыняць дзіця ў сям’ю – гэта праца сэрца


Вы зацікаўлены ва ўсынаўленні (удачарэнні), прыёме дзіцяці пад апеку? Хочаце атрымаць больш поўную інфармацыю пра дзяцей, якія маюць патрэбу ў сямейнай дапамозе і падтрымцы? Спецыяльна для гэтага ў нашай краіне працуе дабрачынны праект, пра які мы сёння вам раскажам. Але спачатку – крыху пра мэты яго стварэння.


Чаму дзіця мае патрэбу ў новай сям‘і?

Найлепшым спосабам жыццеўладкавання для кожнага дзіцяці з’яўляецца, вядома, родная сям’я. Але часам здараецца, што родныя людзі не спраўляюцца з выхаваннем і доглядам сына або дачкі, а сацыяльная дапамога і ўвага з боку дзяржаўных устаноў і спецыялістаў сістэмы аховы дзяцінства не выпраўляюць сітуацыю. Праз тыя ці іншыя абставіны дзіця губляе родную сям’ю і трапляе ў сістэму аховы дзяцінства, дзе забеспячэннем яго дабрабыту займаюцца органы апекі і папячыцельства.

Як прыняць дзіця на выхаванне ў сваю сям‘ю?

Дзецям, якім не пашчасціла расці ў біялагічных бацькоў, дзяржава дае права жыць і выхоўвацца ў іншай сям’і – такая сям’я называецца замяшчальнай. Ёсць некалькі спосабаў прыняць дзіця, якое засталося без апекі бацькоў, у сваю сям’ю. Гэтыя спосабы называюцца формамі сямейнага ўладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Але для пачатку дзецям і іх патэнцыйным усынавіцелям, прыёмным бацькам трэба элементарнае: знайсці адно аднаго і пазнаёміцца.

Для гэтай мэты з 2013 года працуе дабрачынны праект – інтэрнэт-партал dadomu.by

Партал створаны неабыякавымі людзьмі – яны вераць у тое, што разам можна зрабіць дарогу дадому для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, карацей і лягчэй. Рэсурс закліканы палегчыць пошук сям’і для дзяцей, якія пакуль яшчэ жывуць у дзіцячых інтэрнатных установах або часовых прафесійных замяшчальных сем’ях і мараць аб пастаяннай сям’і, сям’і назаўжды.

Як працуе партал?

Уладальнікі інфармацыі пра дзяцей, якім патрэбна сям’я, размяшчаюць кароткія звесткі пра іх на партале. А сем’і, зацікаўленыя ў пошуку кандыдатуры дзіцяці для ўсынаўлення, прыёму пад апеку або ў арганізацыі патранажнага выхавання, могуць азнаёміцца з гэтай інфармацыяй, прачытаць на партале анкету і ўбачыць фотаздымак дзіцяці.

ВАЖНА! Партал не падмяняе заканадаўча вызначаную практыку сямейнага ўладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, не парушае нарматыўна ўстаноўлены парадак ўсынаўлення: поўную, падрабязную інфармацыю аб дзіцяці, а таксама права на знаёмства з ім атрымліваюць грамадзяне, якія дакументальна пацвердзілі сваё права прыняць дзіця на тую ці іншую форму сямейнага выхавання. Пры наяўнасці некалькіх сем’яў, адначасова зацікаўленых у прыёме на выхаванне аднаго і таго ж дзіцёнка, прыярытэт будзе аддадзены сям’і, якая прапануе хлопчыку або дзяўчынцы найбольш прымальную форму жыццеўладкавання і найлепшыя ўмовы для рэалізацыі яго (яе) патрэб.

На партале размешчана інфармацыя пра формы сямейнага ўладкавання, а таксама адрасы дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, дзіцячых сацыяльных прытулкаў.

Некалькі парад тым, хто шукае на партале інфармацыю пра дзяцей, якіх можна прыняць на выхаванне.

1. Не расцэньвайце партал як сродак вырашыць усе без выключэння праблемы, звязаныя з рэалізацыяй жадання прыняць дзіця ў сваю сям’ю. Партал – усяго толькі пачатак, першы крок у імкненні стаць усынавіцелем, апекуном, патранажным выхавацелем.

2. Партал не падмяняе і не парушае заканадаўча ўстаноўлены парадак усынаўлення дзяцей, прыёму дзяцей пад апеку або на патранажнае выхаванне. Таму не перабольшвайце значэнне знойдзенага на партале фотаздымка дзіцяці. Адна справа – разглядваць фотаздымкі дзяцей, іншая – вырашаць пытанні ўсынаўлення, апекі, патранажнага выхавання.

3. Хутчэй да хлопчыка ці дзяўчынкі, чый фотаздымак размешчаны на партале, прыйдуць тыя сем’і, якія падрыхтаваны да прыёму дзіцяці на выхаванне і дакументальна пацвердзілі сваю праваздольнасць стаць усынавіцелем, апекуном, патранажным выхавацелем. Таму, калі вы маеце намер дзейнічаць – дзейнічайце. Азнаёмцеся з пералікам неабходных дакументаў і збірайце іх. Запішыцеся на заняткі па псіхалагічнай падрыхтоўцы кандыдатаў ва ўсынавіцелі – і ўключайцеся ў работу бліжэйшай групы. Пагаварыце з псіхолагам, які з’яўляецца спецыялістам па сямейным уладкаванні, і разам з ім ацаніце свае рэсурсы і рызыкі ў дачыненні да прыняцця дзіцяці ў сям’ю.

Лагатыпам партала стала выява чатырохпялёсткавай канюшыны. Па задумцы стваральнікаў лагатыпа, кожны з пялёсткаў сімвалізуе пэўную форму сямейнага ўладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Чатыры асобныя пялёсткі сімвалізуюць чатыры магчымасці прыёму дзяцей на выхаванне:

Усынаўленне (удачарэнне);

Апека (папячыцельства);

Прафесійны сямейны клопат (прыёмная сям’я, дзіцячы дом сямейнага тыпу);

Патранажнае выхаванне (прадугледжвае магчымасць стаць сябрам дзіцяці з дзіцячага дома, інтэрната, праводзіць разам вольны час, запрашаць дзіця ў госці дадому).

Звярніце ўвагу: асобны пялёстак канюшыны вонкава падобны да сэрцайка. Сапраўды, прыняць дзіця ў сям’ю – гэта не адміністрацыйная працэдура. Гэта сур’ёзная праца сэрца!

Па матэрыялах партала dadomu.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».