Вы тут

Прэзідэнт: За палачна-галачную сістэму трэба сажаць у турму


На нарадзе ў Прэзідэнта абмеркавалі сітуацыю ў сферы прымянення мер адміністрацыйнай адказнасці.

Аляксандру Лукашэнку далажылі аб стане спраў па ўжыванні адміністрацыйнай адказнасці і прапанавалі канкрэтныя рашэнні па ўрэгуляванні наяўных праблем. Вынікі нарады будуць пакладзены ў аснову работы экспертнай камісіі.


Фотафіксацыя — каб навесці парадак, а не загнаць кіроўцаў у разрад парушальнікаў

«Гэта важная тэма хвалюе мільёны нашых грамадзян. Ці ў поўнай меры ў гэтай працы забяспечваецца справядлівасць, аб якой мы часта кажам і якая так запатрабавана нашым насельніцтвам? Насцярожвае статыстыка: за дзесяць гадоў колькасць такіх правапарушэнняў павялічылася амаль у два разы. Пры гэтым толькі за няпоўныя пяць гадоў зарэгістравана 16 мільёнаў парушэнняў, за здзяйсненне якіх да адказнасці прыцягнутыя каля трох з паловай мільёнаў грамадзян, што складае больш за 50 працэнтаў усяго працаздольнага насельніцтва краіны», — збянтэжаны кіраўнік краіны.

Ён намераны разабрацца, што стаіць за гэтымі дадзенымі, і прыняць меры. Па інфармацыі Аляксандра Лукашэнкі, асноўны масіў (больш за 80 працэнтаў) сёння складаюць парушэнні ў сферы бяспекі дарожнага руху, пераважна зафіксаваныя з прымяненнем тэхнічных сродкаў.

«Мяркую, так званыя «лісты шчасця» ад дзяржаўнай аўтаінспекцыі хоць аднойчы атрымліваў практычна кожны, хто сядзеў за рулём аўтамабіля. Разам з тым фотафіксацыя сем гадоў таму была ўведзеная для таго, каб навесці парадак на дарозе, а не загнаць усіх пагалоўна кіроўцаў у разрад злосных парушальнікаў закона. Тым больш што нярэдка парушэнні абумоўлены перагружанасцю дарог, адсутнасцю дастатковай колькасці парковачных месцаў і іншымі аб’ектыўнымі ўмовамі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

На яго погляд, трэба старанна разабрацца ў сітуацыі і сфармаваць аптымальныя ўмовы, калі чалавек будзе зацікаўлены выконваць правілы дарожнага руху. На яго нельга вешаць ярлык правапарушальніка ў сітуацыі, калі не створана магчымасць для нармальнага руху. Таму Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу разгрузіць участкі дарог, на якіх фіксуецца найбольшая колькасць правапарушэнняў, а таксама павялічыць з улікам рэальнай запатрабаванасці колькасць парковачных месцаў, усталёўваць знакі, якія абмяжоўваюць хуткасць руху менавіта там, дзе гэта аб’ектыўна неабходна.

«Там, дзе я перамяшчаюся, выкананы (даручэнні Прэзідэнта. — «Звязда»), хуткасць руху была павялічана як мае быць. Там, дзе я нібыта радзей на кальцавой дарозе бываю, усё так і засталося», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы недапушчальнасць нядбайнасці.

Прэзідэнт патрабуе выкараніць «палачна-галачную» сістэму

Сярод важных праблем Прэзідэнт назваў і выкарыстанне валавых справаздачных паказчыкаў для ацэнкі выніковасці дзейнасці службовых асоб упаўнаважаных ведамстваў.

«Як мне дакладаюць, да гэтага часу ў нас не выкаранена „палачна-галачная“ сістэма. Гэтым грашаць практычна ўсе: міліцыя, мытныя органы, падатковая інспекцыя, пажарная служба, санстанцыя і іншыя. Даходзіць да таго, што кіраўніцтва з супрацоўнікаў прама патрабуе прынесці не менш за тры-пяць пратаколаў аб правапарушэннях за дзень. Калі не, застануцца без прэміі. Недапушчальна. За гэта трэба саджаць у турму без суда і следства. У адваротным выпадку мы не выкаранім гэту праблему — будзе пустаслоўе», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Часам і самі работнікі праяўляюць залішнюю стараннасць у надзеі вызначыцца. Па-ранейшаму шмат пытанняў у гэтым плане перш за ўсё да супрацоўнікаў міліцыі, звярнуў увагу лідар краіны. Ён нагадаў, што ў жніўні на нарадзе па пытаннях якасці працы праваахоўных органаў гэта пытанне ўжо абмяркоўвалі на дзяржаўным узроўні, таму Прэзідэнт чакае выніку — і не толькі па лініі міліцыі.

Правам складаць пратаколы аб правапарушэннях валодаюць супрацоўнікі больш за 70 ведамстваў. Ад усіх Аляксандр Лукашэнка патрабуе дакладнага разумення, што галоўны крытэрый працы — не колькасць выяўленых парушэнняў і выпісаных штрафаў, а якасная рэалізацыя мер прафілактычнага ўздзеяння і рэальнае скарачэнне адміністрацыйных правін у даручанай сферы.

«Напэўна, нам трэба ў якасці паказчыкаў унесці: чым больш пратаколаў складзена, значыць, тым больш бязладдзя на ведамасных тэрыторыях. І за гэта спаганяць. Тады не будуць складаць лішнія пратоколы і патрабаваць», — мяркуе беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка загадаў выключыць карэкціроўкі заканадаўства на бліжэйшыя гады

«Дзеючы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях выкарыстоўвае пераважна карны спосаб вырашэння любых канфліктных сітуацый. Так з савецкіх часоў цягнецца ў нас. А гэта ж фармуе ў грамадстве меркаванне аб празмернай жорсткасці і нават лютасці органаў улады і ўлады ўвогуле, а часта і відавочнай несправядлівасці практыкі прымянення адміністрацыйных санкцый», — незадаволены Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што за 12 гадоў дзеяння кодэкса прынята 115 законаў, на падставе якіх у яго ўнесена больш за тысячу чатырыста карэкціровак. На думку кіраўніка дзяржавы, пры падобных абставінах дэвальвуецца павага да Закону. Таму важна забяспечыць стабільнасць адміністрацыйнага заканадаўства, а таксама рэалізацыю прафілактычных мер, накіраваных на папярэджанне правапарушэнняў.

Для гэтага Прэзідэнт даручыў з ліку кіраўнікоў дзяржаўных органаў, парламентарыяў і навукоўцаў стварыць спецыяльную экспертную камісію, якой належыць сістэмна перагледзець палажэнні дзеючага заканадаўства і падрыхтаваць цэласны дакумент па ўдасканаленні парадку і ўмоў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

«Словам, паўгода працы — і вы мусіце пакласці мне на стол якасны дакумент, які адпавядае жыццёвым патрэбнасцям нашых грамадства і дзяржавы. Пры гэтым трэба зрабіць так, каб выключыць карэкціроўкі заканадаўства ў гэтай сферы як мінімум на наступныя пяць гадоў. Да ліпеня 2020 года адпаведны законапраект павінен быць у мяне на стале, каб прапрацаваць яго і ўнесці ў Парламент для прыняцця закона», — абазначыў тэрміны Аляксандр Лукашэнка.

Аб пэўных недахопах у працы яму далажыў старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык, ведамства якога вывучыла практыку прымянення мер адміністрацыйнай адказнасці.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.