Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеі выхадных.


1. У заключным матчы маладзёжнага чэмпіянату свету па хакеі ў першым дывізіёне, які праходзіў у Мінску, зборная Беларусі атрымала перамогу над камандай Даніі — 7:2. Аднак гэта не дапамагло гаспадарам турніру здабыць пуцёўку ў эліту, яе па выніках спаборніцтваў атрымала зборная Аўстрыі.

«Зразумела, што задача не выканана. Але не хацелася б, каб адна шайба, альбо прапушчаная намі ў авертайме, альбо забітая, стала меркай поспеху або няўдачы працы хлопцаў і ўсяго трэнерска-адміністрацыйнага штаба, — падводзіць вынік галоўны трэнер маладзёжнай зборнай Беларусі Дзмітрый Дудзік. — Атрымліваецца, што калі б мы забілі ў авертайме — мы героі, прапусцілі — лузеры. Не, трэба дачакацца статыстычных выкладак. Але так, наўскідку, мы найлепшыя па закінутых шайбах, найлепшыя ў большасці і меншасці, ні разу ні прайгралі ў асноўны час, былі мацнейшыя за пераможцаў турніру. Так, здарыліся два паражэнні ў авертайме, дзе ўсё ж такі павінен быў вырашаць «скіл» нашых крэатыўных гульцоў, але ўсё павярнулася ў адваротны бок. Гэта як пакаранне за нешта. Нам трэба было больш хлопцаў, якія гуляюць у дарослы хакей, якія б таленавітыя яны ні былі. Ці наадварот — неталенавітыя».

Вынікі чэмпіянату падвёў і кіраўнік Беларускай федэрацыі хакея Генадзь Савілаў: «Парадаксальна, але ў Фюсене летась мы набралі дзевяць ачкоў і занялі другое месца. Цяпер у Мінску адзінаццаць — і толькі трэцяе. Тры зборныя раздзяліў усяго адзін бал. Абыгралі чэмпіёна і сталі адзінай камандай, якая не прайграла ў асноўны час. Гэта значыць, станоўчых момантаў можна знайсці колькі заўгодна. Зрэшты, як і адмоўных. Галоўнае ўражанне са знакам мінус — што не падняліся ў эліту. Але я крыў бы той картай, што ў нас ёсць хакеісты, якія ўмеюць гуляць. Яшчэ калі я прыйшоў на пасаду старшыні ФХБ, казаў, што гульцоў узроўню групы «А» ў нас, на жаль, вельмі мала. Мы павінны іх гадаваць — у тым ліку і праз такія перашкоды, выпрабаванні ў іх жыцці. Таму я не назваў бы турнір цалкам няўдалым. Паглядзіце, на якім узроўні была арганізацыя, як тыя ж аўстрыйцы захапляліся нашымі балельшчыкамі. Калі б вы былі ў Фюсене або Умеа, адчулі б розніцу. А дамашні чэмпіянат мы правялі ў тым ліку і з той мэтай, каб паказаць гледачам, як мы ўмеем — прадэманстраваць нашых маладых зорачак».

2. Максім Варабей перамог у спрынце на другім этапе Кубка ІBU па біятлоне, які праходзіў 12—15 снежня ў Рыднау (Італія). Беларус пераадолеў дыстанцыю спрынту ў 10 кіламетраў за 26 хвілін 19,3 секунды. Другі час паказаў нарвежац Фрэдрык Г'есбак (адставанне 3,7 секунды).

Тым часам у мужчынскай эстафеце на этапе Кубка свету ў Хохфільцэне беларускі квартэт у складзе Антона Смольскага, Сяргея Бачарнікава, Рамана Ялётнага і Мікіты Лабастава заняў 7-е месца. Перамогу святкавалі нарвежцы, другімі сталі немцы, замкнулі тройку наймацнейшых французы.

Упершыню ў гэтым сезоне ўзяла ачкі і Ірына Крыўко, яна заняла 26-е месца ў гонцы пераследу. Ганна Сола стала 52-й, Дзінара Алімбекава размясцілася на 53-й пазіцыі.

Трэці этап Кубка свету па біятлоне пройдзе ў французскім Ансі з 19 да 22 снежня.

3. Хакеісты зборнай Беларусі выйгралі Турнір шасці нацый у Будапешце. У фінальным матчы падапечныя Міхаіла Захарава перамаглі французаў — 3:2. Закінутыя шайбы ў беларускай камандзе на рахунку Андрэя Касціцына, які аформіў дубль, і Арцёма Дзямкова.

4. Марына Слуцкая (вагавая катэгорыя звыш 78 кг) заняла трэцяе месца на міжнародным рэйтынгавым турніры па дзюдо Wоrld Mаstеrs, які завяршыўся ў Ціндаа (Кітай). Беларуска правяла на турніры пяць схватак, у паядынку за бронзавую ўзнагароду яна аказалася мацнейшая за кітайскую спартсменку. На найвышэйшую прыступку п'едэстала ўзнялася нідэрландка Тэсі Савелкоўлс. Сярэбраная ўзнагарода дасталася прадстаўніцы Азербайджана Ірыне Кіндзерскай.

Нагадаем, раней беларусы Дзмітрый Шэршань (66 кг), Ягор Варапаеў (90 кг), Мікіта Свірыд (100 кг), Даніэль Мукетэ (100 кг) і Аляксандр Вахавяк (звыш 100 кг) выбылі са спаборніцтваў за медалі.

5. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова перайграў мінскі СКА (29:24) і заняў лідзіруючы радок у турнірнай табліцы чэмпіянату краіны.

У актыве БГК 26 ачкоў у 14 праведзеных матчах, у «армейцаў» 24 балы, трэцім ідзе магілёўскі клуб «Машэка», у якога 11 ачкоў.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Застаёмся на трэці год

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?