Вы тут

З крывінкай роднай прылучанка


На Чарнігаўшчыне прайшла прэзентацыя дзвюх новых кніжак пісьменніцы Ліліі Бандарэвіч-Чарненкі


Спадарыня Лілія — асоба рамантычная. Неяк падзялілася з намі, што хочацца ёй зладзіць у юбілейны для сябе год (гл.: “Мацыёлы для спадарыні Ліліі” — ГР, 15.07.19) вытанчаную імпрэзу з нагоды выхаду сваіх новых кніжак на ўтульнай верандзе ў кавярні. Прычым і месцейка прыгледзела, і ўбор адпаведны выбрала-прыкупіла. Каб у сяброўскім коле паслухаць там добрую музыку, вершы, на поўныя грудзі ўдыхаючы водары восені, непаўторныя імгненні хуткаплыннага жыцця… Спадзяемся, будуць яшчэ нагоды, спадарыня Лілія, каб спраўдзіць і такую мару! На гэты ж раз наша зямлячка, мяркуючы па здымках, згадзілася прэзентавацца ва ўтульнай зале Прылуцкай школы мастацтваў, і, як сама піша, імпрэза прайшла добра. Прычым і шмат музыкі цудоўнай там гучала! Даслала спасылкі на тэксты з інтэрнэту з паэтычнай назвай “Її вірші пахнуть бузком та любистком, травами степу і світлою печаллю” свайго сябра Сяргея Дзюбы — прэзідэнта Міжнароднай літаратурна-мастацкай Акадэміі Украіны. Да таго ж паведаміла: “Деснянська правда” змясціла яе беларускія нататкі, а галоўрэд газеты Людміла Пархоменка (таксама, дарэчы, беларуска) спецыяльна прыязджала на святочную імпрэзу з Чарнігава ў Прылукі. “Вашыя газеты я таксама брала на прэзентацыю” — прыемны штрышок з восеньскага пісьма спадарыні Ліліі. Маюцца на ўвазе газеты з артыкулам пра саму юбілярку, якія мы ёй дасылалі.

Адметны, багаты на знакавыя даты год 2019‑ы для “вядомай украінска-беларускай пісьменніцы-прылучанкі Ліліі Бандарэвіч-Чарненкі”, нагадвае Сяргей Дзюба. Бо і ў яе самой — юбілей, і 20 гадоў таму пабачыла свет яе першая, нашумелая тады кніга “Зона іграе блюз”. Важна, як бачым, пачаць добрую справу ў добрую пару — і тады ўсё складзецца! Цяпер пісьменніца завяршыла ўжо 17 кніжак! Большасць з іх якраз Сяргей Дзюба “меў гонар і рэдагаваць, і перакладаць з беларускай мовы на ўкраінскую”. Хоць, удаклядняе, “пані Лілія вже десять років вільно і гарно пише українською, і я безмежно радий за неї”. А нам — як не парадавацца! Гэта ж толькі на карысць беларуска-ўкраінскаму сяброўству. Да таго ж які каштоўны прыклад рускамоўным літаратарам у Беларусі, для якіх мова беларуская чамусьці непад’ёмная. То можа справа й не ў мове зусім — ва ўнутраным прыязным настроі на мову зямлі, мову народа?

Дарэчы, сімвалічна, што юбілейная мастацкая імпрэза спадарыні Ліліі мела назву: “Спочатку було Слово”. Запрасіла на яе пісьменніца тых, хто з ёй праз усе гады творчасці, хто падтрымлівае, дапамагае ёй. Родным па духу людзям і прадставіла прылучанка з беларускімі родавымі каранямі дваіх сваіх новых “дзяцей”: паэтычную кнігу “Фрески” ды кнігу прозы “Янгола на порозі” (“Анёл на парозе”). Апошнюю, дарэчы, склалі апавяданні, эсэ розных гадоў як на ўкраінскай, так і на беларускай мовах. Амаль усе празаічныя творы ў спадарыні Ліліі — з элементамі фальклору й містыкі. То можа калі-небудзь той патаемны свет захочуць бліжэй разгледзець і кінарэжысёры.

І быў гэта шчыры дыялог пісьменніцы ды сяброў яе творчасці. “Было шмат шчырых усмешак, віншаванняў, ружаў і падарункаў, добрых жартаў і смеху, былі вершы, прысвечаныя Ліліі Бандарэвіч-Чарненцы ад калег па пяры”, — піша Сяргей Дзюба. Каму ж цікавыя падрабязнасці, хто хоча паглыбіцца ў вобразны свет пісьменніцы, дзе суседзяць “парадокс і шматмернасць, постмадэрнісцкія вобразы й метафары, іронія й пяшчота” — пашукайце ягоны згаданы тэкст у нэце. Атрымаеце асалоду. А заадно ўпэўніцеся: ведаючы рускую ды беларускую мову зразумець нам украінскую — зусім не праблема. “Вірші пахнуть бузком” — гэта ж “вершы пахнуць бэзам”! Іншая справа, што пісаць па-ўкраінску мастацкія творы, як тое “вільно і гарно” робіць таленавітая ўраджэнка беларускіх Ашмянаў — далёка не кожнаму пад сілу. Вось і робіць выснову Сяргей Дзюба: “Україно-білоруська письменниця Лілія Бондаревич — літераторка європейська. У своїх текстах вона по-сучасному модерна, інтелектуальна й глибока, іронічна та непередбачувана. Її текстам властиві сакральність, особлива інтелігентність, довершеність, щирість. Вона щоразу дивує і зворушує нас”. І на завяршэнне: “Після прочитання її прекрасних книг починаєш по-іншому дивитися на світ, почуваєшся щасливим і розумієш, що життя — чудове, не зважаючи ні на що”.

Пасля імпрэзы быў для спадарыні Ліліі чарговы “вал славы”, які пракаціўся ў тым ліку й праз яе старонку ў Фэйсбуку. Нам яна пісала: “Усе гэтыя дні я — зорка Фэйсбука. Добра, што ГЭТА закончылася, адшумела, адпела. Цяпер я вярнулася да свайго пісьмовага стала. Не Славы хачу, а Слова…”

Мы ж маем надзею, што ў хуткім часе новыя кнігі Ліліі Бандарэвіч-Чарненкі з’явяцца і ў кнігарнях Беларусі. Бо для нас яна — усё ж пісьменніца беларуска-ўкраінская, пры ўсёй павазе да ўкраінскіх знаўцаў яе творчасці. Дарэчы, і чарговы Мінскі міжнародны кніжны кірмаш, падрыхтоўка да якога ідзе поўным ходам, — пляцоўка файная, каб прэзентаваць творчы наробак беларускі-прылучанкі, сяброўкі Саюза пісьменнікаў Беларусі. А калі б зладзіць на ім спецыяльны стэнд “Беларуская кніга за мяжой. Беларускія літаратары з замежжа”? Даўно просіцца! Паасобныя беларускія выспачкі з сусветнага Акіяну Літаратуры — чаму б не збіраць паціху ў Беларускі Літаратурны Мацярык! Некалі ж Якуб Колас вельмі слушна раіў: “То трэба грунт мець пад нагамі,/ Каб не бадзяцца батракамі”.

Іван Ждановіч

Фота Мікалая Цвердахлебава

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.