Вы тут

Сербскія ўражанні Мікіты Супрунчука


Выкладчык з Мінска, які некаторы час меў статус “замежнага лектара” ў Бялградскім універсітэце, даў інтэрв’ю сваёй былой студэнтцы


Для Мікіты Супрунчука ў маіх суайчыннікаў-сербаў ёсць толькі самыя добрыя словы. Пра яго чула меркаванні: ён ціхі ды спакойны чалавек, вельмі шчыры й праніклівы. Не прыхоўвае, да чаго ляжыць сэрца. Хоць не нарадзіўся ў Сербіі, але ж любіць нашу краіну, заўсёды вяртаецца да яе, і на сербскай мове гаворыць вельмі добра. Сербская мова, культура — гэта ягоны прафесійны інтарэс.

Мікіта Віктаравіч — кандыдат навук, дацэнт кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Белдзяржуніверсітэта, загадчык кафедры рускай мовы для замежнікаў у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Закончыў філалагічны факультэт БДУ (2002), выкладае сербскую мову (тэарэтычную граматыку і практыку маўлення), а таксама рускую мову як замежную. Кандыдацкую абараніў у 2005‑м па сербскай граматыцы. Мікіта Віктаравіч — адзін з заснавальнікаў Мінскага лінгвістычнага гуртка. Працаваў некаторы час выкладчыкам беларускай і рускай моваў на філалагічным факультэце ва ўніверсітэце Бялграда, прычым быў для нас, прызнаюся, адным з любімых выкладчыкаў.

З Мікітам Віктаравічам мы амаль цэлы дзень гутарылі ў Бялградзе, калі ён удзельнічаў у XVІ Міжнародным з’ездзе славістаў, які праходзіў летась 20–27 жніўня. На падставе гутарак я зрабіла інтэрв’ю, якое на пачатку 2019 года было змешчана ў сербскім часопісе “Knjizevni pregled” (“Літаратурны агляд”)”. Прапаную чытачам варыянт інтэрв’ю на беларускай мове.

— Мікіта Віктаравіч, як пачыналіся Вашы дарогі ў Сербію?

— Калі я вучыўся на філфаку БДУ, то спецыялізаваўся на кафедры славянскіх моў і тэарэтычнага мовазнаўства. Заснаваў яе ў 1966-м годзе выдатны вучоны, прафесар Адам Супрун. Ягоныя вельмі цікавыя лекцыі мне пашчасціла слухаць у 1997–98 гадах. Кіраўніком жа маёй дысертацыі, прысвечанай асаблівасцям сербскай граматыкі, быў былы аспірант Адама Яўгенавіча, цяперашні прафесар філфака БДУ Барыс Норман, выбітны навуковец. Дзякуючы такім слаўным людзям я маю інтарэс да славістыкі. На філалагічным факультэце БДУ з 2005 года выкладаю сербскую мову, лінгвістыку, некаторыя іншыя прадметы.

— А калі ў Вас з’явілася цікавасць да сeрбскай мовы? Хто былі вашы настаўнікі?

— Яшчэ ў школе мяне цікавіла гісторыя Югаславіі, таму сачыў за навінамі з Сербіі, Македоніі, Босніі, Харватыі. Тады, у 90‑я, паступалі ў асноўным паведамленні пра санкцыі, канфлікты, войны, дэманстрацыі… Гэта былі прыкметы перамен, перабудовы, надыходу новых часоў. Акрамя таго, я захапляўся, і мае сваякі, сябры таксама, гераізмам сербскіх салдат. Вось так цікавасць да краіны, яе народа пачалася з бягучых, гарачых навін. У выніку я стаў больш чытаць пра гісторыю паўднёвых славян. У старэйшых класах матэматыка і мовы ў мяне ішлі добра, таму некаторы час і сумняваўся: які ж кірунак для далейшага навучання абраць? Вырашыў пайсці на філалагічны факультэт. А ў той час, у 90‑я, былі яшчэ свежыя ўспаміны пра Югаславію як магутную, багатую, слаўную краіну. Скажам, у нас у Беларусі выдатнай рэпутацыяй карысталіся абутак, мэбля, адзенне з Югаславіі. У Беларускім дзяржуніверсітэце ў 1997-м годзе ўпершыню была набрана група студэнтаў па сербскaй мове і літаратуры: два хлопцы і дзевяць дзяўчат. Выкладчыцай сербскай мовы была Людміла Лявонава, цудоўная знаўца сербскай культуры, перакладчыца, вельмі сардэчны, далікатны, добры чалавек. А літаратуру выкладаў прафесар Іван Чарота, літаратурны крытык, перакладчык і ўкладальнік шэрага анталогій, які некалькі дзесяцігоддзяў вывучае сербскую культуру, беларуска-сербскія сувязі.

— Калі вы ўпершыню пабывалі ў Сербіі, якія ўражанні прывезлі?

— Перш чым адказаць на вашае пытанне, нагадаю: развіццю сербскай мовы, літаратуры, культуры дапамагае паспяховая шматгадовая дзейнасць Міжнароднага славістычнага цэнтра філалагічнага факультэта Бялградскага ўніверсітэта. Гэты цэнтр каля паўстагоддзя ладзіць семінары для навукоўцаў з усяго свету, якія вывучаюць сербскую мову. Семінар уключае лекцыі, экскурсіі па музеях, манастырах, славутасцях Сербіі. Вельмі карысныя семінары! Вось і я ў жніўні 1999‑га за поспехі ў вучобе атрымаў стыпендыю для ўдзелу ў семінары. Што да паездкі, то цяпер ёсць прамы авіярэйс Мінск — Бялград, штотыднёва па некалькі разоў, і гэта вельмі палягчае кантакты нашых народаў, краін. Але такая зручнасць усталявалася з 2014 года, раней жа з Мінска даводзілася ехаць з перасадкай на цягніку ці самалётамі. Я выбраў шлях на цягніку да Сафіі, потым з Сафіі ў Бялград. Памятаю, у Бялградзе яшчэ былі бачныя страшныя сляды ад бамбардзіровак НАТА. І тым я быў вельмі ўзрушаны: спусташэнне, друз, наступствы ваенных дзеянняў… З іншага боку, я захапляўся мужнасцю й сілай духу сербскага народа, які змагаецца супраць моцнага суперніка, да таго ж захоўвае бадзёрасць, аптымізм. І, вядома ж, падабаюцца мне сербскія прырода, вёскі вашы, раўніны й горы, манастыры й крэпасці. А таксама смачныя сербскія стравы ў кафэ, булачных і мясных крамах.

— Вы абаранілі кандыдацкую дысертацыю на мовазнаўчую тэму: “Субстантыўныя змены ў сербскай мове: сінтэз словаформаў”. Пазней выдалі і манаграфію. Тэма спецыфічная, даволі вузкая. Вы яе самі абралі? Цікава, які розгалас атрымалі даследаванні ў навуковым свеце?

— Тэму абраў сам, бо хацеў сістэматызаваць веды, паказаць прывабнасць і прыгажосць сербскай мовы, даследуючы асаблівасці яе назоўнікаў, правілы пабудовы іх формаў. Праца была надзвычай цікавая, у часе яе мне вельмі прыдаліся слушныя парады навуковага кіраўніка Барыса Нормана. Мне пашчасціла сустрэцца, пракансультавацца з вядомымі сербскімі навукоўцамі: прафесарам Прэдрагам Піпэрам і Душкам Вітасам. Іх развагі, парады, прапановы былі неацэнныя для мяне. І, сапраўды, пазней я падрыхтаваў і манаграфію. Кніга, што мяне радуе, атрымала высокую ацэнку калег у Беларусі ды Расіі, а таксама, што вельмі важна для мяне, у Сербіі — там нават дзве рэцэнзіі былі апублікаваныя ў навуковых часопісах.

— Колькі часу вы жылі ў Сербіі? Якія ўражанні ад нашых людзей? Што адзначыце з моцных і слабых бакоў? Якое было стаўленне сербаў да вас?Інтэрв’ю ў часопісе “Knjizevni pregled”

— Жыў я тут больш за тры гады. Спрабаваў як мага больш знаёміцца з людзьмі, каб паўней адчуць, пабачыць, зразумець жыхароў вашай цудоўнай краіны. Усюды сустракаў ветлівы прыём, гаспадары выказалі мне сваю гасціннасць і цеплыню. Я пераканаўся, што сербы — вельмі пазітыўныя й мужныя людзі, да таго ж і шчодрыя. А недахопы? У некаторых людзей, не ва ўсіх, заўважаў часам некаторую нядбайнасць, няўважлівасць. Вось глядзіце: на Плошчы Рэспублікі ў Бялградзе стаіць помнік Браніславу Нушычу. Вялікі драматург прадстаўлены як джэнтльмен у паліто, капелюшы і з кіем. Але ж ад кія — толькі частка яго ў руцэ. У самым цэнтры сталіцы такая драбяза кідаецца ў вочы. А з іншага боку, думаю, гэта, можа, сведчыць, што людзі тут жывуць спакойна, не заўсёды знаходзяцца пад ціскам, не хвалююцца з‑за дробязяў. Бо вызваленне ад стрэсу — вялікі скарб. Асабліва ў вашай краіне, дзе няма ды не будзе, мусіць, поўнай бяспекі ў найбліжэйшыя гады. У мяне таксама такое ўражанне, што сербы — добрыя майстры-будаўнікі, яны ўмеюць працаваць добра, да таго ж даволі хутка.

— У Сербіі Вы былі ў статусе замежнага настаўніка, выкладалі беларускую і рускую мовы на філфаку ў Бялградскім універсітэце. Цікава было працаваць? Мелі сербскія студэнты да вашых заняткаў інтарэс?

— Цікавасць да рускай мовы была вялікая. У нас заўсёды было некалькі груп рускай мовы ў якасці галоўнага прадмета, рускай мовы як другой і як трэцяй. Нават давялося абмежаваць прыём. Хоць да беларускай мовы цікавасці было значна менш, ды ўсё ж удалося зарэгістраваць групу па вывучэнні яе ў якасці другой спецыяльнасці. А з 2017-га года беларускую літаратуру пачала выкладаць Святлана Галяк. Што да сербскіх студэнтаў, то яны ў прынцыпе падобныя да беларускіх і расійскіх. Ёсць таленавітыя, ёсць і гультаяватыя. У Сербіі я меў магчымасць назіраць, што студэнты вельмі паважаюць адукацыю як сістэму, сваіх выкладчыкаў, паважаюць самі веды.

— Можаце параўнаць становішча студэнтаў, маладых спецыялістаў у Беларусі ды ў Сербіі?

— Яно падобнае: у Беларусі ёсць бясплатная (бюджэтная) адукацыя і ёсць платная — гэтаксама і ў Сербіі. У 2017‑м у Беларусі 58 тысяч студэнтаў паступілі навучацца платна, і толькі 27 тысяч — “на бюджэт”. У 2018‑м першых паступіла 50 тысяч, другіх — 26 тысяч. Наколькі мне вядома, на сербскіх факультэтах штогод ёсць магчымасць перайсці на бюджэт для тых, хто добра вучыцца — і вучоба, такім чынам, бясплатная для тых, хто мае больш высокія сярэднія адзнакі. Мяркую, такі падыход варта было б апрабаваць і ў Беларусі. Бо ў нас, калі нехта ўступныя экзамены здаў і паступіў на бюджэт, то нават маючы нізкія, але станоўчыя адзнакі (ад 4 да 10) у наступныя гады ён будзе заставацца на бюджэце. Праўда, у нас ёсць і такое: абавязковае размеркаванне бюджэтнікаў. Яны павінны пэўны час адпрацаваць там, куды іх размяркуюць — і тым самым “сплаціць доўг” дзяржаве за бясплатную адукацыю. Што да “платных” студэнтаў, то яны аплачваюць вучобу штогод, нават калі атрымліваюць высокія адзнакі.

— Вы перакладалі прозу вядомых беларускіх пісьменнікаў на сербскую мову ды публікавалі ў сербскіх літаратурных часопісах. Пачалі праект па перакладзе са студэнтамі з Бялграда, якія таксама перакладалі кароткія апавяданні. Ці складана гэта: публікаваць пераклады з беларускай (рускай) мовы ў Сербіі ды наадварот?

— На беларускай і сербскай літаратурнай сцэне працуюць прадстаўнікі як маладога, так і старэйшага пакаленняў, мае цікавыя набыткі як у Беларусі, так і ў Сербіі літаратура для дзяцей. Што да публікацыі перакладаў, то, у прынцыпе, у перыядычных выданнях пераклады маюць сваё месца. Публікаваць кнігі — складана: пісьменнікі нашы не настолькі добра вядомыя ў іншых краінах, каб разлічваць на камерцыйны поспех. Можа, хіба што, рэлігійная літаратура, выдадзеная пры падтрымцы царквы, больш прадаецца.

— Вы цяпер выкладаеце сербскую мову на філалагічным факультэце БДУ. Ці ёсць цікавасць да сербскай мовы, літаратуры, культуры сярод беларускіх студэнтаў?

— З 1997 года студэнты паступаюць на сербскую філалогію як галоўную — кожны трэці год. Звычайна ёсць інтарэс, група налічвае каля 12 студэнтаў. Яны з задавальненнем вывучаюць гісторыю і фальклор, старажытную ды сучасную літаратуру, граматыку, стылістыку сербскай мовы.

— Калі бываеце ў Сербіі, што наведваеце? Куды падабаецца пайсці з сябрамі? Ці ёсць у вас любімы горад? Ці любіце сербскую кухню?

— У Сербіі найбольш люблю прыроду: паркі, лясы, горы, азёры, рэкі. Я жыў толькі ў Бялградзе, наведаў Ніш, Крагуевац, Арыле, Чачак, Ужыцэ, Смедзерава, Таполу, Злацібор, Чаетыну, Тршыч. У кожным горадзе знаходжу нешта цікавае, незвычайнае. Найбольш спадабаўся мне Новы-Сад: ён мае ўсё неабходнае для жыцця, але не такі шчыльна заселены, не мітуслівы, як Бялград. І пабудаваны “ў чалавечым маштабе”. Калі прыязджаю ў Новы-Сад, то стараюся наведаць і Срэмскі-Карлаўцы. Гэты горад мае асаблівы шарм: там адчуваеш водар даўніны, там сярэднявечныя гарадскія дамы, цэрквы, вуліцы з цікавай архітэктурай. Там, помніцца, я сядзеў у рэстаране “Дунай”, побач з чыгуначнай лініяй на беразе рэчкі. У меню былі смачныя стравы з рыбы: акуня, карпа, фарэлі, скумбрыі. З сербскай кухні падабаюцца мне яшчэ каймак (страва, якая нагадвае і густыя вяршкі, і свежае дамашняе сметанковае масла), суп з цяляціны, фаршыраваны перац і фасоля.

Гутарыла Даяна Лазаравіч

 

Ад рэдакцыі. Чытачы “Голасу Радзімы”, пэўна ж, чулі пра Даяну Лазаравіч (серб. Даjана Лазаревиħ), сяброўку Беларусі з Сербіі. Нарадзілася ў горадзе Шабац, вучылася ў Бялградскім універсітэце. Там і пачала вывучаць беларускую мову. Магістарская праца ў яе была такая: “Бібліяграфія перакладаў з сербскай на беларускую і з беларускай на сербскую мову”. Цяпер маладая пісьменніца ўжо — аўтар трох зборнікаў паэзіі, аднаго рамана. Плённа працуе і як перакладчыца. У прыватнасці, мы пісалі, што Даяна перастварыла на родную ёй мову знакаміты зборнік Максіма Багдановіча “Вянок” (“Дзякуй, Даяна!” — ГР, 26.07.2017).

Сёлета ж Даяна выйшла на кантакт з “ГР” — па падказцы паэта Сяргея Панізьніка, вершы якога перакладае. Падзякавала за нататку “Пімен Панчанка ў Сербіі”: пад рубрыкай “Дыялог культур” мы пісалі, што новыя пераклады вершаў беларускага класіка дзякуючы Даяне выйшлі ў сербскім літаратурна-мастацкім часопісе “Масты” (ГР, 16.05.2019). Паведаміла, што ў яе заўсёды шмат навін. Прапанавала імі дзяліцца, бо на сайце “Голасу Радзімы” “шмат чаго цікавага адшукала”. І расказала, у прыватнасці, што ў лістападзе 2018‑га стварыла старонку на сербскай Вікіпедыі — біяграфію прафесара Івана Чароты. Гэта, нагадаем, вядомы славіст, доктар філалагічных навук, замежны член Сербскай акадэміі навук. А потым яшчэ й 10 старонак на 10 мовах замежных краін. “Гэтая ж старонка была ўдасканалена ў плыні праекта Універсітэцкай бібліятэкі “Свeтазар Маркавіч” у Бялградзе (студзень-люты 2019 г.), — тлумачыць Даяна. — Канешне ж, пададзены няпоўны спіс кніг паважанага мною чалавека, бо Іван Чарота — аўтар і перакладчык амаль сотні кніг. А “Вікі-старонка” — кіраўніцтва толькі для магчымых далейшых даследаванняў. Калі створана была старонка па-сербску, то я пачала супрацу з замежнымі “вікіпедыстамі”. Цяпер біяграфія Івана Чароты даступная на беларускай, рускай, украінскай, баснійскай, сербскай, каталонскай, англійскай, іспанскай, эсперанта, харвацкай ды італьянскай мовах, будзе на нямецкай, польскай. Хоць інтэрнэт-феномен “Вікіпедыя” не пазначаны ў якасці крыніц інфармацыі ў навуковай, прафесійнай і семінарскай працы, ён вельмі папулярны сярод карыстальнікаў інтэрнэту, якія шукаюць хуткую інфармацыю. І ён можа дапамагчы нам у пошуках больш надзейных крыніц інфармацыі”.

Яшчэ адной навіною быў выхад у сербскім часопісе “Knjizevni pregled” (“Літаратурны агляд”) інтэрв’ю Даяны Лазаравіч з Мікітам Супрунчуком. “Прафесар Супрунчук для мяне важны таму, што ён мяне навучаў беларускай мове на філфаку ў Бялградзе (2012–2014), — удакладняе Даяна. — Дзякуючы яму я палюбіла беларускую мову, і гэта ён мне параіў пісаць прафесару Івану Чароту пра сваё жаданне перакладаць”. Пераказваючы з большага, пра што інтэрв’ю, Даяна згадала, што “Мікіта Супрунчук часам супрацоўнічае з “Літаратурным аглядам” у Бялградзе: там надрукавалі некалькі яго перакладаў беларускіх класікаў на сербскую мову.

Даяна даслала нам фотаздымак Мікіты Супрунчука, ПДФку часопіса з інтэрв’ю. Мы ж прапанавалі ёй самой зрабіць пераклад, дапрацаваць інтэрв’ю з улікам нашай аўдыторыі. У хуткім часе пераклад атрымалі. Цяпер — прапануем увазе чытачоў.

Спадзяемся на далейшую супрацу, шаноўная Даяна!

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.