18 верасня, пятніца

Вы тут

Як вярнуць вугра дадому?


Яшчэ гадоў 30 таму малькамі гэтай рыбы ўгнойвалі палі і кармілі скаціну, а яе лічынак актыўна ўжывалі ў ежу. Сёння еўрапейскі вугор знаходзіцца на мяжы знікнення. Чаму так адбылося і як наша краіна спрабуе аднавіць колькасць гэтай рэдкай рыбы, даведалася «Звязда».


Загадкавы жыхар нашых вадаёмаў

Еўрапейскі вугор — вельмі цікавая рыба. Ён жыве ў прэсных вадаёмах, але нерастуе ў салёных, г. зн. адносіцца да так званага катадромнага віду. Лічынка вугра моцна адрозніваецца ад дарослай асобіны — яна напаўпразрыстая, плоская, чымсьці падобная на лазовы лісток. Некаторы час яе нават прымалі за асобную істоту і называлі лептацэфалам.

Нерастуе вугор у Саргасавым моры на вялікай глыбіні, і пакуль да канца невядома, чаму ён выбірае менавіта гэта месца. Пасля нерасту дарослыя асобіны гінуць, а лічынак цячэннем Гальфстрым нясе ў бок Еўропы і Афрыкі. Частка трапляе ў Паўночнае мора, частка — у Міжземнае. Паступова лічынкі страчваюць празрыстасць і ператвараюцца ў шклопадобных вугроў (малькоў). Па меры сталення пачынае мяняцца і іх колер. У маладых вугроў бакі жоўтыя, а ў дарослых — серабрыста-белыя з металічным бляскам. Даўжыня цела гэтых рыб — 50—150 сантыметраў, вага — 500—800 грамаў.

У Беларусі дарослы еўрапейскі вугор жыве ў асноўным у Нарачанскіх і Браслаўскіх азёрах.

— Да сямі гадоў гэтыя рыбы жывуць у розных вадаёмах, а затым па тым жа вадацёках, па якіх прыйшлі, вяртаюцца ў Саргасава мора — роўна такім жа шляхам, толькі ў адваротным напрамку. Як яны знаходзяць дарогу, невядома. Калі няма перашкод, то вугры прыкладна за год даплываюць да месца нерасту. Уявіце, што ад Саргасава мора да Беларусі каля восем тысяч кіламетраў! — адзначае навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Уладзімір КАЛТУНОЎ.

Вугор можа жыць да 30 гадоў, але так бывае ў замкнутых вадаёмах, дзе ў яго няма магчымасці сысці. Аднак рана ці позна ён сыходзіць. Міграцыя адбываецца двойчы на год — вясной і восенню.

Яшчэ ў савецкія часы на рэках пачалі з'яўляцца гідраэлектрастанцыі, якія не мелі рыбапрапускных збудаванняў. Таму ўсё менш асобін стала вяртацца з Саргасава мора. Каб падтрымаць папуляцыю, вадаёмы пачалі зарыбляць. У Беларусі гэта рэгулярна рабілі з 1956 года. Малькоў бралі з Англіі і Францыі, а затым выпускалі іх у Браслаўскія і Нарачанскія азёры. Таксама актыўна зарыблялася і частка Гродзенскіх азёр. У апошніх, на жаль, гэтай рыбы ўжо не засталося.

Куды ён дзеўся?

З 2008 года мы не можам набыць лічынку вугра для зарыблення. Справа ў тым, што ў свой час Кітай пачаў закупляць вельмі шмат лічынак у ЕС і выкарыстоўваць іх для вырошчвання не ў натуральных умовах, а ў замкнутых вадаёмах для перапродажу краінам, якія традыцыйна ў вялікіх колькасцях харчуюцца гэтай рыбай. У выніку папуляцыя была на парадак падарвана. Адпаведна, навукоўцы і эколагі забілі трывогу з-за таго, што колькасць вугра скарачаецца. І гэта рыба была ўключана ў Чырвоную кнігу Міжнароднага саюза аховы прыроды як від, які знаходзіцца на мяжы знікнення, а таксама ў другі дадатак Канвенцыі СІТЭС. І тады ж быў прыняты рэгламент аб забароне продажу вугра трэцім краінам, куды па незразумелых прычынах увайшла і Беларусь.

— У рэгламенце прапісана, што ўсе краіны ЕС, якія маюць трансгранічныя вадацёкі з трэцімі краінамі, абавязаны распрацаваць трансгранічны план кіравання вугром. Мы прапаноўвалі гэта зрабіць Літве і Латвіі, але адказу так і не атрымалі, — адзначыла кансультант упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна ЖАЛЯЗНОВА. — Вугор заўсёды жыў у беларускіх вадаёмах. І незразумела, чаму Беларусь аказалася трэцяй краінай. Пазначаная Еўрасаюзам норма, згодна з якой не менш за 40 % гэтай рыбы павінна сыходзіць з нашых вадаёмаў на нераст у Саргасава мора, выконваецца. Сыходзіць нават больш — 60 %. Калі ЕС не зніме забарону ў дачыненні да Беларусі, то ў нашай краіне вугра хутка не будзе, а гэта адаб'ецца на ўсёй папуляцыі еўрапейскага вугра.

Ужо не першы год Мінпрыроды сумесна з навукоўцамі і іншымі ведамствамі спрабуе вярнуць вугра ў беларускія вадаёмы. Аднак слухаць іх у Еўропе пакуль не моцна жадаюць.

— Мы не раз адпраўлялі ў ЕС вынікі даследаванняў нашых вучоных, якія даказваюць, што вугор з беларускіх вадаёмаў сыходзіць у дастатковай колькасці. Таксама напісалі звароты ва ўсе прыродаахоўныя арганізацыі, у сакратарыят Канвенцыі СІТЭС, Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці, а таксама Канвенцыі па захаванні відаў дзікіх жывёл, якія мігрыруюць, — яна ў дачыненні Беларусі парушаецца. Наш прадстаўнік з Акадэміі навук у лютым будзе ўдзельнічаць у канферэнцыі бакоў па гэтай Канвенцыі, дзе ён яшчэ раз падыме пытанне аб зняцці абмежаванняў з Беларусі. Сёння гэта наша галоўная задача, — падкрэсліла спецыяліст.

Нягледзячы на тое што вугор знаходзіцца на мяжы знікнення, ва ўсіх краінах ён застаецца прамысловым відам, пры гэтым дазволена нават аматарская лоўля. Толькі ў Беларусі яна забаронена. Вугор вылоўліваецца ў нас выключна арандатарамі рыбалоўных угоддзяў на тэрыторыі Нарачанскіх і Браслаўскіх азёр, што строга кантралююць супрацоўнікі інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. За парушэнне правілаў браканьера чакае штраф ад 25 базавых велічынь за аднаго вугра.

Ці ёсць іншыя варыянты?

Дарэчы, лічынак вугра можна было б купляць, напрыклад, у краінах Афрыкі — яны там таксама ёсць. Але па рэкамендацыях іхтыёлагаў лепш гэтага не рабіць. Існуе такое паняцце, як чысціня папуляцыі. Да таго ж даставіць лічынку з Афрыкі значна больш складана, чым з суседняй Літвы. Быў таксама варыянт разводзіць вугроў штучна. І ў 1982 годзе ў лабараторыі Акадэміі навук БССР упершыню ў свеце змаглі атрымаць жыццяздольную лічынку еўрапейскага вугра. Аднак тэрмін яе жыцця не перавысіў тыдня. Праект быў прызнаны нерэнтабельным, таму што да гэтага часу ўтрыманне і вырошчванне лічынкі вугра складана паўтарыць. Спрабавалі нешта падобнае пасля нас зрабіць і ў Еўрасаюзе, але ў іх таксама нічога не выйшла.

Кацярына ЦІТОВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Баранавічы славяцца не толькі чыгункай, авіязаводам і шматлікімі прадпрыемствамі, але і хакеем на траве.

Грамадства

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Масавая кампанія па вакцынацыі ад грыпу распачата сёлета ў краіне з сярэдзіны верасня.