Вы тут

Статус «зялёных школ» атрымалі 40 устаноў адукацыі з розных куткоў краіны


Больш за 150 удзельнікаў з усёй Беларусі сабраліся днямі на форум сеткі «зялёных школ» у Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства, каб пабачыцца з аднадумцамі, падзяліцца цікавымі ідэямі і адзначыць найлепшых школьнікаў і педагогаў у галіне аховы прыроды.


Форум быў арганізаваны сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства ў рамках праекта «Уцягванне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні» («Экаманіторынг»), які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у Беларусі ў партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Падчас мерапрыемства 40 устаноў адукацыі атрымалі дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў аб прысуджэнні ім статусу «зялёная школа». Узнагароды атрымалі вучні і педагогі — пераможцы рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў «Зялёная школа», які праходзіў у 2018/2019 навучальным годзе. Усяго на конкурс было прадстаўлена больш за 600 работ у розных намінацыях.

Экалагічны рух «Зялёныя школы» развіваецца ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі. Распрацаваць і ўкараніць аднайменны адукацыйны праект у нашай краіне стала магчымым дзякуючы сумесным намаганням Еўрапейскага саюза, ПРААН, Мінпрыроды і Міністэрства адукацыі.

Атрымаць статус «зялёнай школы» можа кожная ўстанова адукацыі, школьнае лясніцтва, цэнтр пазашкольнай работы, экалагічны цэнтр для дзяцей і юнацтва. Галоўная ўмова — выканаць комплекс заданняў па такіх кірунках, як біяразнастайнасць, энерга- і водазберажэнне, абыходжанне з адходамі, інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы, а з бягучага года — і якасць атмасфернага паветра.

— Мы доўга ішлі да таго, каб уручыць сёння першыя дыпломы «зялёных школ», — сказала падчас форуму кіраўнік праекта «Экаманіторынг» Вольга Чаброўская. — Дапамагаць развіваць гэту сетку — адно з мерапрыемстваў нашага міжнароднага праекта. Але самая вялікая работа ў гэтым кірунку вядзецца Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства (РЦЭіК), які з'яўляецца галоўным рэсурсным цэнтрам па праграме «Зялёныя школы».

Дырэктар Цэнтра Алена Ануфровіч адзначыла, што дыплом «зялёнай школы» — гэта заслуга не асобных педагогаў, а ўсяго калектыву, каманды ўстановы, якая разумее важнасць устойлівага развіцця і ідзе ў гэтым працэсе паперадзе іншых.

Падчас форуму адбылося таксама адкрыццё навукова-эксперыментальных лабараторый па маніторынгу атмасфернага паветра і вывучэнні экалагічных тэхналогій, створаных на базе РЦЭіК у рамках праекта «Экаманіторынг». Працавалі секцыі і навукова-практычныя пляцоўкі для педагагічных работнікаў, прайшлі лабараторныя практыкумы для навучэнцаў.

Настасся АЛЯКСЕЕВА

Фота ПРААН

Загаловак у газеце: «Зялёная» будучыня пачынаецца тут!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.