Вы тут

Як часта трэба паліваць пакаёвыя кветкі


Ад частаты і характару паліву пакаёвых кветак шмат у чым залежыць тое, як хутка яны будуць расці, наколькі пышна цвісці, а таксама ступень іх схільнасці да некаторых захворванняў.


Галоўная прыкмета таго, што вашым раслінам не хапае паліву, — сухі грунт. Калі драўляная палачка з лёгкасцю прайшла на некалькі сантыметраў углыб і пры гэтым засталася сухой, расліну смела можна паліваць. Але рабіць такую праверку трэба вельмі асцярожна, каб не пашкодзіць карані расліны.

Вядома ж паліў хатніх раслін у цёплую пару года карэнным чынам адрозніваецца ад паліву зімой. Паспрабуем разабрацца, як менавіта паліваць хатнія расліны.

Зімой

Некаторыя кветкаводы сцвярджаюць, што ўзімку расліны можна амаль не паліваць і не падкормліваць. Гэта ў корані няправільна, бо нават у халодную пару года кветкі могуць захварэць, падвергнуцца нападу шкоднікаў або і зусім загінуць ад недахопу вільгаці. Ёсць тыя, якія цвітуць зімой, а значыць, перыяд актыўнай вегетацыі выпадае менавіта на гэты час альбо наогул не спыняецца. З гэтай прычыны догляд такой расліны павінен адпавядаць выключна перыяду яе росту або адпачынку. Усе астатнія варта паліваць неактыўна, па меры высыхання грунту. Не рэкамендуецца выкарыстоўваць сістэмы самапаліву, а таксама ўвільгатняць расліны праз паддоны, як у цёплы час года: узімку гэта можа спрыяць з'яўленню цвілі на грунце і ўзнікненню ў расліны захворванняў. Падкормку раслін, як і іх апрацоўку супраць шкоднікаў праводзяць не часцей чым адзін раз у месяц-паўтара.

Вясной

Гэта час, які традыцыйна лічыцца зручным для перасадкі хатніх раслін. Аптымальная перыядычнасць паліву вагаецца ў межах 3—7 дзён у залежнасці ад тэмпературы паветра за акном і ў памяшканні, наяўнасці ацяплення, ступені вільготнасці паветра і яго цыркуляцыі.

Адзін-два разы ў месяц паліў расліны сумяшчаюць з каранёвымі падкормкамі. Пры гэтым падкормка павінна чаргавацца з апрацоўкай ад хвароб і шкоднікаў, якую таксама праводзяць раз у два тыдні, і яна можа быць як каранёвай, так і пазакаранёвай. Для лепшага росту вясной усім раслінам, у тым ліку хатнім, патрабуецца падкормка азотнымі ўгнаеннямі, а з народных сродкаў — густыя настоі яечнай шкарлупіны альбо цыбульнай шалупіны.

Апырскванні — гэта таксама свайго роду паліў, праўда, некаторыя кветкі (асабліва ў перыяд цвіцення) пакутуюць ад пападання вадкасці на лісце, а асабліва ад застойвання вады ў пазухах. У гэтым выпадку трэба апырскваць не самі расліны, а паветра ў радыусе некалькіх метраў ад іх.

Як толькі сярэднясутачная тэмпература паветра за акном падымецца да 10—15 °С, некаторыя кветкі можна смела вынесці на балкон (пры ўмове, што ён зашклёны).

Расліны, якія баяцца халоднага паветра і скразнякоў, нават у летні час лепш пакінуць у пакоі, але пры гэтым іх давядзецца дадаткова апырскваць. Часовых балконных гадаванцаў да таго, як сонца пачне ярка свяціць, досыць паліваць і апырскваць раз на тыдзень.

Летам

У гэтым выпадку таксама важна, дзе менавіта знаходзяцца вашы расліны. Калі гэта любое акно ў кватэры, акрамя паўднёвага, то інтэрвал у тыдзень паміж палівамі захоўваецца, а вось апырскваць кветкі можна і часцей. Расліны на балконе і на падаконніку паўднёвага акна, па-першае, трэба абараніць ад прамых прамянёў сонца, зацяняючы высокімі раслінамі, якія любяць сонца, а па-другое — перыядычна правяраць вільготнасць грунту і ў адпаведнасці з гэтым паліваць (прыкладна 2—3 разы на тыдзень). А вось апырскваць кветкі на балконе ў гарачае надвор'е можна хоць кожны дзень, але рабіць гэта выключна раніцай ці ў вячэрні час. Памятайце, што расліны падчас іх цвіцення апырскваць па лісці не варта: ёсць рызыка, што бутоны ападуць.

Дарэчы, аматары пакаёвых кветак сцвярджаюць, што расліны, якія любяць сонца, у асноўным маюць шчыльнае тоўстае лісце.

Для таго каб не памыліцца з палівам, лепш высадзіць расліны ў гаршкі з дрэнажнымі адтулінамі і паддонамі, куды і наліваць ваду. У гэтым выпадку кветка вып'е столькі вады, колькі ёй трэба, а ўся лішняя застанецца ў паддоне.

Восенню

У гэтую пару паліў і апырскванне раслін паступова скарачаюць, арыентуючыся на тэмпературу і вільготнасць паветра, а таксама на стан грунту.

Пакаёвым кветкам, якія змяшчаюцца ў керамічным посудзе, патрабуецца значна больш вільгаці, чым усім астатнім.

У другой палове лета і ў пачатку восені раслінам для ўмацавання каранёвай сістэмы, устойлівасці да тэмпературных змен і розных захворванняў патрэбныя фосфарна-калійныя ўгнаенні. Таму сумяшчайце паліў з падкормкай, арыентуючыся на інструкцыю да таго ці іншага ўгнаення.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.