Вы тут

Што рабіць з фотаздымкам памерлага?


«Я страціла сына. Пасля пахавання на магіле паставілі яго вялікі фотаздымак. Праз год мы паставілі помнік, на якім мастак выгравіраваў партрэт. Куды дзець фотаздымак? Спачатку хацела забраць дадому, але людзі казалі, што з могілак дадому забіраць нічога нельга. Як быць?» — задае пытанне Марыя Іванаўна са Стоўбцаў.


На першы погляд, пытанне даволі простае, аднак калі згадаць шэраг сітуацый, звязаных з «матэрыялізацыяй» слядоў памерлага ў першы паслясмяротны год, то вырысоўваецца складаны вузел узаемасувязяў.

Звернемся да традыцыі. Толькі што памерлага чалавека памылі і пераапранулі, каб у «той» свет ён пайшоў «ва ўсім новым». А для таго, каб здань (або душа) памерлага не адбілася (не «сфатаграфавалася»!) побач з постацямі жывых, у хаце люстэрка тут жа пераварочвалі да сцяны. Пазней паліраваную мэблю і ўсё шкляное пачалі экраніраваць — закрываць тканінай белага колеру. Прычым гэта правіла характэрна для ўсіх рэгіёнаў Беларусі.

Непаразуменнем з'яўляецца сучасная мода фатаграфаваць памерлага і запісваць на відэа абрад пахавання. Тут, калі хочаце, разгортваецца адваротны ход дзеянняў: памерлага «вяртаюць» назад у хату — зону жывых. Усё перамяшалася ў нашым жыцці: на могілкі прыносім жывыя кветкі, а свой дом аздабляем нежывымі букетамі, вянкамі.

На жаль, не хочам мы прыслухоўвацца да слоў, якімі продкі прамаркіравалі наша наваколле і акрэслілі характар узаемаадносін з ім. Месца пахавання памерлых называюць: магіла (прыгадайце сённяшні слэнг: абяцанне захаваць тайну — «магіла») або клады, кладаўё (руск. кладбище) — г. зн. клад, які не даваўся ў рукі абы-каму. Надзвычай празрыстую семантыку мае рускае слова «погост» — месца, куды можна схадзіць у госці (пагасціць) да памерлых. А калі вярталіся дадому пасля такога «гасцявання», то перад парогам (!) абавязкова мылі рукі.

Давайце расстаўляць ўсё па сваіх месцах, зразумела, з улікам сучасных навацый. Калі вы вырашылі паставіць побач з памерлым партрэт, зроблены з яго прыжыццёвага фотаздымка, то зрабіце яго толькі ў адным экзэмпляры. Далей гэты партрэт разам з вянкамі і іншымі пахавальнымі атрыбутамі занясіце на магілу. Роўна праз год будзе ўзведзены помнік, а фотаздымак, як і драўляны крыж, неабходна знішчыць, г. зн. назаўсёды пакінуць на магіле (або спаліць, або пахаваць (!) на глыбіні 30—40 см). Не пакідайце фота, перавязанае чорнай стужкай, у хаце. Зразумейце адно: калі мы на працягу года ладзім памінальныя сталы ў адпаведнасці з універсальным рытмам 0 — 3 — 9 — 40 — 1 год, гэта значыць, што з душой памерлага ў гэтыя ж дні нешта адбываецца. Калі сказаць адным словам, то душа знаходзіцца на шляху пераходу з зямнога жыцця ў нябеснае існаванне. Але ж фота чалавека — гэта яго двайнік, які працягвае сваё зямное існаванне. І мы перашкаджаем душы памерлага знайсці вечны спакой. Добрая парада: на працягу першага пасля смерці года ўсе прыжыццёвыя фотаздымкі памерлага сабраць і схаваць у асобнае месца. Лепш не фатаграфаваць памерлага ў труне і не захоўваць такія фотаздымкі дома. Фатаграфіі робяць дзеля таго, каб зафіксаваць самае лепшае і прыемнае з нашага жыцця. А хто будзе пераглядаць фотаздымкі з пахавання?

Дыялог з продкамі быў пастаянным каналам зносін, у тым ліку і абрадавым. Аднак ён патрабаваў прытрымлівацца стагоддзямі выпрацаванага рэгламенту. Калі вы ставіцеся да продкаў з павагай, шанаваннем, разуменнем, то і «свет» памерлых ніколі не пакрыўдзіць вас.

Дасылайце свае пытанні на паштовы ці электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Аксана КАТОВІЧ

Янка КРУК

Прэв'ю: epochtimes.pl

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра стасункі, армію і падарункі.

Грамадства

Вайна пакінула яму жыццё, але забрала блізкіх. Завіталі да клічаўскага ветэрана вайны Міхаіла Фельдмана

Вайна пакінула яму жыццё, але забрала блізкіх. Завіталі да клічаўскага ветэрана вайны Міхаіла Фельдмана

Нягледзячы на свае 96, Міхаіл Фельдман выглядае на зайздрасць бадзёрым і маладжавым. 

Грамадства

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Зроблены першы крок да аб'яднання экзаменаў.