Вы тут

Замалёўкі Валянціны Доўнар


«Заўжды самотны восені прыход» — доўгія вечары. А будуць — яшчэ даўжэйшыя. Значыць, самы час дастаць з шуфляды пруткі, клубкі і клубочкі — пацягнуць за нітачку... Нешта, глядзіш, і звяжацца.


Кола

Маці прывучала блізнят да парадку: усталі, памыліся, прычасаліся, акуратна заслалі ложкі.

— А сэнс? Навошта? — у два галасы пыталіся малыя. — Каб вечарам зноў рассцілаць? Хай так пастаяць...

— І назбіраюць пылу з мікробамі? — даводзіла маці. — І ўсім пакажуць, што ў хаце ў нас гультаі...

Аргументы спрацоўвалі менш, а вось голас блізняты чулі...

Хутка падраслі. Іх маці, між іншым, — таксама: у яе цяпер досыць высокая пасада і вельмі шмат розных спраў: з самай раніцы і панеслася б... Ну сапраўды, які сэнс тармазіць, засцілаць тую пасцель? Але ж...

«Народны кантроль» у дзеянні:

— Ты што, — пачынаюць блізняты, — хочаш, каб у ложку мікробы жылі?

...Мы выхоўваем дзяцей, дзеці выхоўваюць нас.


Эстафета

Міхайлавіч расказваў, як малым сядзеў з дзядулем на лаўцы, як усе, хто праходзіў міма, паважліва прыпыняліся. Мужчыны рукаліся са старэйшым, а потым і з малым, пыталі (жанчыны і пагатоў!), чый жа гэта хлопчык, як завуць і колькі гадоў?

— Дзядуля, а цябе, што, усе-ўсе ў вёсцы ведаюць? — трохі падросшы, дзівіўся хлопчык.

— Ну, можа і не ўсе, — адказваў дзед, — бо народу тут шмат. Але ж, унучак, нават свіння, калі блізка падыдзеш, — рохне... Вось і ты глядзі — язык жа не адваліцца? — пажадай каму добрага дня, добрага здароўя...

Унук запомніў і... унукам сваім перадаў: цяпер тыя, ужо дарослыя, па-ранейшаму прыязджаючы ў вёску, з усімі вітаюцца.

А вось адказваюць ім не ўсе.

«Нешта парвалася», — кажа Міхайлавіч.


Героі нашага часу

Бабуля любіць чытаць газеты, а потым яшчэ і пераказваць.

Той раз яе мужчына адзін уразіў: у жонкі ягонай дзень народзінаў быў — ён дадому спяшаўся. Прычым — не з пустымі рукамі: каля крамы чужога сабачку адвязаў — пасадзіў за пазуху, прынёс — падарыў...

А следам прыйшла міліцыя.

— Гэта ж дадумацца, — такое «свята» жонцы зрабіў! — кажа бабуля ўнучцы.

Тая ў адказ:

— Во!.. А ты мяне замуж піхаеш... За каго?


Сон у халодную ноч

Восень, халадэча... І каб толькі на вуліцы... А то ж (пакуль ацяпленне не ўключана) мерзнем на рабоце і дома, падвышаем тэмпературу з дапамогай абагравальнікаў, кандыцыянераў, электра- ці газавых пліт...

У Яўгенаўны (ёй сорак з хвосцікам) яшчэ адна вынаходка: яна перад сном кладзе ў свой ложак дзве вялікія «пластмаскі» з гарачай вадой. З імі, кажа, хутчэй сагрэешся, болей паспіш...

Той раз — не атрымалася: апоўначы прачнулася ўся ў... мокрым (?!).

І зусім не гарачым, а яе ад нечаканасці быццам кіпнем абліло: «Гэта што — старасць?!»

...Потым зразумела — нічога такога: проста бутэлька адкаркавалася, вада разлілася.


Прызнанне

Каляжанка — чалавек вясковы: у горадзе жыла, пакуль вучылася, пакуль замуж не выйшла, не нарадзіла, а потым...

Муж, малайчына, знайшоў варыянт: купіў участак, наняў брыгаду — стаў будаваць дамок.

Жонка таксама на аб'ект прыязджала — што-нішто дапамагала, раіла, па сваёй вясковай вуліцы гуляла з сынком.

— Вой, які ж харошы хлопчык! — чула тады ад людзей. — Як жа цябе завуць?

Малы на гэта толькі ўсміхаўся, бо гаварыць не ўмеў.

— Сымон, — за яго адказвала маці.

— Праўда? — дзівіліся вяскоўцы. — Наша імя! З такім — не ў горадзе жыць!


Дзеткі з клеткі

Вёска, вольніца — дамы на адлегласці стаяць: праз сад-агарод, праз ручай, сенажаць. Пры кожным — кавалак зямлі, сады, пабудовы...

Пры гэтым — як вакол турмы — агароджа: высокая (толькі комін відаць), шчыльная, з усіх чатырох бакоў.

Хто ж паставіў яе і навошта?

Людзі сказалі, што хату купіла «наезджая» сям'я, што ў ёй двое дзяцей. Іх якраз і запіраюць, каб нікуды не выйшлі, каб не вылезлі — даслоўна: «Як тых свіней».


Мужчынскае выхаванне

Дзяніс (і ці толькі ён?!) пасля разводу бацькоў застаўся з маці: бацьку да дзіцяці яна не падпускала. Не таму, што той дрэнны альбо не хацеў, — хутчэй наадварот: абрываў тэлефон (асабліва спачатку), часцяком заходзіў, прыносіў гасцінцы, гуляў... Але ж потым, калі збіраўся сыходзіць, пачыналася нешта з нечым! Малы павісаў на шыі, умольваў: «Татачка, ну застанься!» і плакаў так...

«Лепей не прыходзь, — адрэзала былая жонка, — мы з мамай справімся самі».

І не падманулі — сапраўды спраўляліся, ва ўсякім разе, пакуль дзіця малое было. А стала падрастаць і — на жаль — «выходзіць з-пад кантролю»: у жанчын не ставала больш ні сіл, ні цярпення. Маці, сарваўшыся на крык, усё часцей казала хлапцу, што адправіць яго да бацькі!

— Я сам пайду, — заявіў ён аднойчы і... сышоў (?!).

...Але ж тут і зараз зусім не пра тое, як перажывала-хварэла маці, як не разумела, за што ёй гэта чорная няўдзячнасць? Чаму?..

А вось бацька — той рады быў: сына прыняў, выдзеліў яму стол і канапу...

Досыць цікава курыць адвучваў. Сказаў: «Кінеш, — 500 долараў дам. Па руках?» — «Па руках», — згадзіўся хлопец і дзён праз дзесяць ужо стаў намякаць, што можна было б разлічыцца... «За мной не заржавее, — адгукнуўся бацька і працягнуў... 50 баксаў? — Праз месяц, — растлумачыў, — дам яшчэ 50, калі не закурыш... А ўсю суму адразу, — гэта, прабачце, няма дурных. Ты яшчэ зноў за старое возьмешся — труціцца пачнеш».

Сын «не труціцца» — ужо з паўгода. На матацыкл грошы збірае, правілы дарожнага руху вучыць. Да мамы час ад часу ездзіць на баршчы ды катлеты, аднак жыве па-ранейшаму з бацькам.


Ёсць пытанні...

Горад, басейн, падлога з пліткі. Гэта значыць, што галаву тут не задзярэш — трэба глядзець пад ногі. Свае... А паралельна — убачыць яшчэ і чужыя: дзве, дзявочыя і вельмі прыгожыя, асабліва... правая, бо там, над пяткай, нібы дрэўца якое «расце» — з роўненькім стволікам і галінкамі. Прычым гэта не нейкае там банальнае тату, гэта — «малюнак»... скурай і, відаць, вельмі даўні...

У дзіцяці, мяркуючы па ім, была досыць цяжкая траўма, пасля якой тую правую пятку і ўсё, што на пядзю вышэй, хірургам прыйшлося «складаць» па костачках, потым сшываць — што важна, не абы як, а з розумам, з думкай, што гэта ж — дзяўчынка, што ёй жа некалі замуж...

Пярсцёнак — на правай руцэ. Значыць, выйшла. Можа, нават дзетак гадуе — клопатам дактароў...

Прычым нашых, бо некалі (маладзіцы каля 30) не хадзілі з шапкай па крузе, не збіралі грошы на аперацыі і лячэнне за мяжой. Усё рабілася тут? Былі спецыялісты...

І засталіся?


Як ёсць

...Мужчына ішоў куды вочы глядзяць, і ўпёрся... у жаночыя грудзі шостага памеру.

Гэта — анекдот. Чыстая праўда: мы таксама ішлі (па вірлівым фае тэатра). І таксама «ўпёрліся» — у глыбокае дэкальтэ. Праўда, позірк прывабіў зусім не памер, не бюст, які апошнім часам так любяць агаляць і выстаўляць шматлікія зоркі эстрады, а якраз наадварот — яго поўная адсутнасць.

Прычына? Як той казаў, да бабкі не хадзі: анкалогія, выдаленне малочных залоз.

Жанчыны цяжка яго пераносяць і потым, як могуць, хаваюць, маскіруюць спецыяльнай бялізнай, адзеннем, а тут...

Тут, трэба разумець, іншая пазіцыя, можа, нават выклік: маўляў, глядзіце: як ёсць, так ёсць, сёння са мной, а заўтра...

Застрахаваных, на жаль, няма.


Глядзіце, хто прыйшоў

...Ёсць «Местачковае кабарэ» — шыкоўны спектакль у тэатры Янкі Купалы, ёсць местачковая кавярня.

Народу ў яе ходзіць мала — «выжывае» ў асноўным за кошт вяселляў ды хаўтур. Іншыя кампаніі вельмі рэдка здараюцца.

Надоечы хіба адна ўвалілася — мужчынская, мякка кажучы, нападпітку, а хацела яшчэ і дабавіць: заказала сабе закускі, пакуль прынеслі, — выставіла на стол дзве бутэлькі гарэлкі. «Прабачце, але ж прыносіць і распіваць свой алкаголь тут нельга», — заўважыў гаспадар. І ў адказ такое пачуў, — «вушы звялі»: да яго, маўляў, каб культурна адпачыць, з райцэнтра найлепшыя людзі прыехалі, эліта, а не нейкі там зброд. Таму ён зараз проста павінен ім прыслужыць, дагадзіць, у дошку разбіцца. А не, — дык яны ўсё на відэа і ў інтэрнэт...

— Калі ласка, — усміхнуўся гаспадар. — Але ж мы тут таксама не лыкам шытыя. Камеры ў нас стаяць, усё запісваюць, а выкласці, — што раз плюнуць. Хай народ паглядзіць, як вы адпачываеце.

Паўза была — амаль як у Гогаля, бо...

Некалі даўно прызнавалі, што смеху баіцца нават той, хто не баіцца нічога...

Публічнасці пакуль, здаецца, таксама?


Дзіўныя кра́ты

Чарговы гучны арышт, чарговы суд, гэтым разам — над сужэнцамі за атрыманне хабару, перавышэнне ўлады, махлярства... Не адно, карацей, злачынства — не адзін, значыць, год (а то і дзесяцігоддзе) турмы.

З нагоды (і да месца тут) любімая казка Фелікса Крывіна: «Турэмныя Краты ведаюць жыццё ўдоўж ды ўпоперак і таму так лёгка перакрэсліваюць усё.

Да іх, вядома ж, трэба мець падыход. Калі вы падыдзеце да іх знадворку, яны перакрэсляць сваю камеру, а калі, не дай бог, падыдзеце знутры — яны перакрэсляць увесь свет, і з гэтым нялёгка будзе змірыцца.

Дзіўна ўстроены гэтыя Краты: яны могуць перакрэсліваць усё, што заўгодна, і пры гэтым цвёрда стаяць на сваіх пазіцыях».


Каб сэнс быў жыць

Цытата: «Сям'я, яна як радзіма, проста павінна быць...»

І дзеці ў ёй — пажадана — таксама, хоць многім здаецца, што можна і без: так лягчэй, так прасцей. З маладосці — магчыма, затое потым...

Ігнатаўна вось з работы сышла: не першы год на два дамы жыве. У адным, за сорак вёрстаў (што за шчасце яшчэ, бо магло быць чатырыста!) — яе старэнькая нямоглая маці, у другім — цяжка хворы муж. А ёй — хоць ты разарвіся — і там патрэбна, і там...

Птушкай лётае і «па дарозе», напэўна ж, думае, што была б хоць адна дачушка ці сын (а лепш бы сямёра!), глядзіш — падставілі б рукі, дапамаглі б, падстрахавалі: недзе пажылі, зварылі есці, памылі падлогу, нешта купілі, звазілі ў паліклініку...

— Цяжка самой?! — спачуваем кабеце.

Яна ўздыхае (згодна, як падалося), крыху маўчыць, а потым кажа:

— Не... Жыць яшчэ можна. Цяжка мне будзе потым.

Калі хворых, бронь бог, не стане і ляцець больш не будзе куды.

...Сям'я — гэта і сапраўды як радзіма: быць проста павінна і ўсё, а інакш у жыцці аніякага сэнсу. Канец цытаты.

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.