Вы тут

Да пуску першай чаргі трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна засталося 200 дзён


Журналісты «Звязды» правялі дзень з метрабудаўцамі і даведаліся, з чаго пачынаецца метро, колькі зорак на «Алесі» і якая станцыя самая глыбокая.


Штотыдзень кіраўнікі УП «Мінскметрабуд» на чале з генеральным дырэктарам Леанідам Стухальскім аглядаюць аб'екты будаўніцтва. Здаецца, зусім нядаўна па гістарычных мерках, у чэрвені 1977, была забіта першая паля Мінскага метрапалітэна, а сёння ўжо ў сталіцы працуе 29 станцый, якія штодня перавозяць каля мільёна пасажыраў...

Трэцяя лінія метро працягнецца на 17,2 кіламетра і будзе налічваць 14 станцый. Пакуль што яны ў розных ступенях гатоўнасці: адны чакаюць фінішнай аздобы, іншыя яшчэ існуюць толькі на чарцяжах.

На аб'ектах першай чаргі трэцяй лініі работа ідзе кругласутачна — занятая большасць з 2150 чалавек. Дарэчы, як адзначае падчас паездкі намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце Алег БАЙЧУК, у такім вялікім калектыве ёсць і дынастыі. Для сем'яў Шалаевых, Жураўлёвых метро стала сямейнай справай. Гэта і не дзіўна: у «Мінскметрабудзе» імкнуцца стварыць добрыя ўмовы для работнікаў, нават гарачым харчаваннем на будпляцоўках забяспечваюць з частковай аплатай арганізацыяй.

На прадпрыемстве працуюць прадстаўнікі больш як 60 спецыяльнасцяў: бетоншчыкі, зваршчыкі, муляры, плітачнікі, кіроўцы... Інжынерна-тэхнічны склад рыхтуе ў асноўным БНТУ, спецыялістаў хапае.

«Рамантыка? Канешне, ёсць. Калі дзеці кажуць: «Вось гэту станцыю будаваў мой тата!», будаўнікі адчуваюць — гэта на стагоддзі», — адзначае Алег Байчук.

Здаецца, метро — мужчынская справа. Але і дзяўчаты-інжынеры ёсць. Ды працуюць так, што моцнай палове толькі і застаецца, што слухацца.

Сузор'е «Алесі»

І вось мы на краі катлавана. Гэта будучая станцыя «Немаршанскі сад». Але гэта ў стане зразумець толькі спецыялісты — для журналістаў, якія з метро маюць справу толькі ў якасці пасажыраў, тут проста пляцоўка. І без гумавых ботаў сюды лепш не лезці.

«Насамрэч будаўніцтва метро пачынаецца з падрыхтоўкі тэрыторыі — рассялення жыхароў і зносу будынкаў, уладкавання інжынерных сетак, будаўніцтва аб'ездаў», — тлумачыць галоўны інжынер Аркадзь АРУЦЮНЯН.

Сёння дабудоўваюцца ўсе станцыі першай чаргі. Чатыры пабудаваныя тунэлі прынеслі чатыры зоркі на борт тунэлепраходчага механізаванага комплексу «Алеся». Купілі комплекс французскай вытворчасці ў 2015 годзе. А называць вялікія комплексы жаночымі імёнамі — міжнародная практыка ў метрабудаванні. «Наша «Алеся» грызе ўсё — нават велізарныя валуны», — ганарацца метрабудаўцы.

І расказваюць, як ТПМК з хірургічнай дакладнасцю прайшоў 1240 метраў — адхіленне ў тунэлі не можа скласці больш за пяць сантыметраў.

Такой ювелірнай работай метрабудаўцы абавязаны дырэктару геадэзічна-маркшэйдарскага ўпраўлення Міхаілу ДЗЯДЗЮШКІНУ і яго падначаленым. Такая служба высокадакладнай геадэзіі — адзіная ў краіне. А выконваюць увесь комплекс работ ад першай палі да здачы аб'екта ўсяго трыццаць лінейных работнікаў.

«Самае складанае на любой лініі — здаць першую частку, бо тут перасадачныя вузлы. А на гэтай лініі іх два. Потым ужо развіваць лінію прасцей», — тлумачыць Міхаіл Дзядзюшкін, які метро аддаў 37 гадоў.

Ён добра памятае час, калі метро было практычна хэнд-мэйдам: ручны шчыт, кірка, адбойны малаток, рыдлёўка, ваганетка. І чалавек, якому скараюцца нетры. Між іншым, тунэлі даўжынёй да 400 метраў і сёння праходзяць такім жа чынам, бо параметры «Алесі», як сапраўднай прыгажуні, раўняюцца 90... метраў у даўжыню. І 550 тон вагі.

Зараз ТПМК разабраны і па частках перавозіцца на будучую «Аэрадромную». Пасля зборкі комплекс пачне пракладаць тунэль у бок «Слуцкага гасцінца».

Рэйкі, рэйкі... Шпалаў няма

Наведалі «Аэрадромную» і мы. І ўбачылі, як абсталёўваецца катлаван. Тут ужо зразумела, што гэта будучае метро, — вось толькі крыху хвалюешся за шматпавярховікі, да якіх, здаецца, рукой падаць. А хутка ж пачнецца праходка тунэляў, адначасова будзе пашырацца катлаван і абсталёўвацца станцыя...

— Ніводзін фундамент не пацерпіць, — супакойваюць спецыялісты. І тлумачаць: беларускія метрабудаўцы першымі яшчэ ў Савецкім Саюзе распрацавалі ўнікальную тэхналогію «сцяна ў глебе», якая дазваляе будаваць катлаван ва ўмовах шчыльнай жылой забудовы. Атрымліваецца як па класіцы — ціха і без пылу.

Але гэта далёка не апошняя інавацыя. На новай лініі рэйкі, вядома, застануцца — а вось шпалаў ужо не будзе. Метрабудаўцы распрацавалі вібраізаляцыйны блок БВ-2 (летась, дарэчы, прызнаны найлепшым будаўнічым прадуктам года). Тое, што раней даводзілася закупляць, сёння вырабляецца на ўласным заводзе. А дзякуючы стандартнай шырыні каляі ў мінскім метро будуць перавозіць пасажыраў цягнікі «Штадлер», якія збіраюцца ў Фаніпалі.

Падчас будаўніцтва першай чаргі нідзе не давялося замарожваць глебу (як пад Нямігай пры будаўніцтве першых ліній). Урэшце, пасля 2023 года пры будаўніцтве трэцяй чаргі трэцяй лініі зноў давядзецца працаваць пад ракой.

Дзверы зачыняюцца

Сёння да здачы амаль цалкам гатовая «Кавальская Слабада» (будаўнікі паміж сабой кажуць «Жукоўскага»). Яна, між іншым, адзіная будуецца адкрытым спосабам. А на «Вакзальнай» увогуле засталіся апрацоўчыя і пусканаладачныя работы. На ёй і скончыўся наш абход.

Нават дзіўна, што яшчэ ў 2014 годзе тут быў стары пасёлак. Сёння ўжо відаць канцэпцыю афармлення станцыі — гранітная падлога, шкляная і ячэістая чорная столь, зялёныя сцены з керамаграніту і эмаліту (эмаліраванае шкло). Дызайн станцый распрацоўваюць калегі метрабудаўцаў
з «Метрапраекта».

«У асноўным «Вакзальная» мяркуецца ў чорных тонах, па ёй будуць свяціцца каляровыя палосы накшталт чыгуначных шляхоў і ў раёне эскалатараў сыходзіцца. Упрыгожыць станцыю сімвалічнае «дрэва шляхоў», — расказвае намеснік галоўнага інжынера Тунэльнага атрада № 1 Андрэй СЕРАФІМОВІЧ.

Эскалатары, травалатары і пешаходныя тунэлі дазволяць пасажырам спускацца на першую лінію такім чынам, каб пасажырапатокі не перасякаліся. Пакуль што літаральна за сценкай, на «Плошчы Леніна», імчаць цягнікі і ходзяць пасажыры: метрабудаўнікі не разбураюць апошнюю перагародку, каб не падвяргаць небяспецы пасажыраў і не ствараць перашкод калегам з Мінскага метрапалітэна.

...Лічбы зваротнага адліку да ўводу трэцяй лініі мяняюцца штодня і адлюстроўваюцца на маніторы ў адміністрацыйным будынку «Мінскметрабуда», а супрацоўнікі з гонарам падлічваюць, праз колькі дзён перарэжацца чырвоная стужка. Ну а сённяшнюю працу метрабудаўцаў ацэняць і ўнукі нашых чытачоў, бо гарантыя на станцыі даецца на стагоддзе.

Факты мінскага метро

  • «Юбілейная» будзе самай глыбокай станцыяй Мінскага метрапалітэна — да трыццаці метраў.
  • Цяпер дзве дзейныя лініі перавозяць каля мільёна пасажыраў у суткі.
  • З 25 сакавіка да 1 красавіка рух цягнікоў па другой лініі Мінскага метрапалітэна ад «Фрунзенскай» да «Каменнай Горкі» будзе спынены: запланавана ўрэзка стрэлкі паміж другой і трэцяй лініямі.

Варвара МАРОЗАВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і Мінскметрабуда

Загаловак у газеце: Наступная станцыя... «Кавальская Слабада»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?