Вы тут

Прататыпы і архетыпы


«І гэтае перапляценне часоў, якія збліжаюцца, разгаліноўваюцца, абрываюцца альбо не судакранаюцца ў нашых жыццях, ахоплівае ўсе магчымыя варыянты».

Х. Л. Борхес «Сад, дзе разыходзяцца сцяжынкі».


Мода на тоўстыя шматстаронкавыя раманы вяртаецца  — насуперак прагнозам культуролагаў наконт нібыта «кліпавасці» мыслення сучаснага чытача, яго няздольнасці ўспрымаць вялікія шматузроўневыя тэксты.

Таму да кожнага новага твора такога кшталту падступаеш адначасова з насцярогай і надзеяй: а раптам?

Кірыл Стаселька, вядомы чытачу сваімі кнігамі «Дзіцячы маніфест» і «Marginalis», сёлета выдаў новы раман пад інтрыгоўнай назвай «Дзевяць жыццяў Віта Морэ» (Мінск, «Галіяфы»). Шматабяцальная анатацыя запэўнівае чытача, што ён паглыбіцца «ў шэраг гістарычных перыядаў і падзей, кантынентаў і краін», а Віта Морэ — гэта «…не проста галоўны герой, канкрэтная асоба, але вобраз, прататып, які, з аднаго боку, яднае нас, а з іншага  — выяўляе нашу рознасць і ўнікальнасць, нашы памкненні, страхі, чаканні і матывы».

Аднак падчас чытання кнігі прыходзіць разуменне, што «раман» — не зусім дакладнае вызначэнне дадзенага твора. Перад намі хутчэй некалькі аповесцяў, звязаных адным персанажам. Прычым асобныя часткі пазла ніяк не складваюцца ў выразны малюнак. Хаця, трэба аддаць належнае, храналагічна тут усё вытрымана паслядоўна, прынамсі, перад намі паўстаюць спачатку дзяцінства, затым юнацтва, сталасць, і ўрэшце старэчая нямогласць галоўнага героя. Але ж сувязь паміж раздзеламі даволі штучная, нацягнутая. Кожная з сямі пададзеных гісторый  — асобны закальцаваны сусвет, унікальны расповед, які адрозніваецца ад іншых не толькі часам і геаграфіяй дзеяння, але жанрава і стылёва. Ці не «Хмарным атласам» Дэвіда Мітчэла натхняўся Кірыл Стаселька? Тут і чарадзейная казка, і філасофская прытча, і дэтэктыўны трылер… І паўсюль аўтар звяртаецца да вядомых літаратурных першакрыніц, ён нібыта пераконвае чытача, што нічога новага ў літаратуры ўжо не скажаш, таму, не хаваючыся, «пазычае» персанажаў, імёны і сюжэты з класічных твораў, апелюе да старажытных архетыпаў і міфаў.

Як і папярэднія творы, гэтая кніга Стаселькі надзвычай насычана дзеючымі асобамі. Большасць з іх — схематычныя і неабавязковыя для развіцця фабулы, што наводзіць на думку, нібыта яны створаны штучна, у пагоні за колькасцю. Зрэшты, калі ўлічваць звышзадачу, якую ставіць перад сабой аўтар, а менавіта: паказаць размаітасць і шматграннасць жыцця, сцвердзіць своеасаблівы «касмапалітызм», універсальнасць творчасці, то гэткі падыход выглядае больш-менш апраўданым.

Калі першы раздзел твора пад назвай «Ігдрасіль» малюе казачную, «кэралаўскую» атмасферу, то ўжо наступны, «Дзізаз», агаломшвае ідэяй, якая, па сутнасці, з’яўляецца дамінантай твора: наш свет адначасова існуе ў мноствах магчымых вымярэнняў. Любое дзеянне правакуе «эфект матылька», які змяняе абставіны і месца дзеяння да непазнавальнасці. Адсюль і шмат «варыяцый» лёсу галоўнага героя, закладзеных ужо ў самім імені: словазлучэнне «vitae more» з лацінскай можна перакласці як «больш жыцця».

У першых дзвюх частках галоўны герой  — яўны нонканфарміст, шукальнік, які імкнецца трапіць у свет дарослых, каб у рэшце рэшт упэўніцца ў яго нелагічнасці і абсурднасці. Віта Морэ задае нязручныя пытанні свайму настаўніку, ставячы пад пагрозу агульнапрынятую мадэль светабудовы. За гэта юнак асуджаны на «дэматэрыялізацыю», але ў апошні момант яму ўдаецца збегчы. Цяпер яго лёс — гэта няспынныя ўцёкі, блуканні па розных вымярэннях, заблытванне слядоў. Таму калі ў «Дзізазе» месца дзеяння  — умоўная планета ў аддаленай будучыні, а сам Віта Морэ навучаецца ў Ломузе — навучальнай установе, стэрыльны антураж якой нагадвае Касталію  — краіну інтэлектуалаў, створаную Германам Гесэ ў раманеўтопіі «Гульня ў бісер», то наступныя раздзелы больш рэальныя, «зямныя». Напрыклад, «Загадка Сфінкса» — гэта прыгодніцкая аповесць, у якой галоўны герой разам са старэйшымі сябрамі ў пошуках рэдкіх выданняў трапляе ў Егіпет, дзе аказваецца ўцягнутым у барацьбу за ўладу сярод племені качэўнікаў-бедуінаў. Аповед, падобна казкам Шахеразады, шчодра аздоблены гісторыямі і прытчамі, загадкамі і таямніцамі. Кармічны кругаварот працягваецца  — і ўжо ў наступнай частцы пад назвай «Завяшчанне» Віта Морэ  — удзельнік самага сапраўднага герметычнага дэтэктыву, то-бок дзеянне адбываецца ў адасобленым, ізаляваным месцы  — у дадзеным выпадку традыцыйна і прадказальна ў віктарыянскім асабняку. Кола падазраваных вельмі вузкае, а на першы план выходзяць не самыя лепшыя чалавечыя якасці ўдзельнікаў гісторыі. Класічныя «шкілеты ў шафе», сямейныя таямніцы — здавалася б, аматар жанру павінен быць усцешаны, калі б не відавочнае жаданне аўтара выкарыстаць фабулу і герояў дзеля чарговай порцыі даволі банальных філасофскіх разваг: «Кожны, ва ўсякім разе падсвядома, імкнецца пакінуць пасля сябе след… Мы розныя ў маштабах, але ў цэлым нават самы несамавіты, убогі і няварты чалавек спрабуе захаваць сябе ў прадметах і памяці іншых».

Цікавым падаецца жыццяпіс адной з варыяцый Віта Морэ ў раздзеле «Пакаранне». Гэта, бадай, адзіная гісторыя, набліжаная да сучасных беларускіх рэалій. Тут Віта Морэ ўжо не герой і не даследчык — перад намі расціснуты побытавымі праблемамі і непаразуменнем у сям’і шараговы супрацоўнік так званага Дэпартамента па этыцы. Стаселька па-свойму інтэрпрэтуе вядомую навелу Кафкі: сын Віта Морэ, які чамусьці гэтаксама, як і ў арыгінальным аповедзе, мае імя Грэгар, пераўтвараецца ў… яблык. Абсурднасці сітуацыі дадае канцоўка аповеду, у якой Віта Морэ гатуе з гэтага яблыка джэм і, каб палепшыць дабрабыт сям’і, вязе яго на рынак.

Віта Морэ — нязменны ўдзельнік фантастычных гісторый і падарожжаў, ён імкнецца напоўніцу спасцігнуць жыццё ва ўсіх яго праявах. І паўсюль актуальнае пытанне выбару, бо, нягледзячы на знешнюю свабоду дзеянняў, галоўны герой застаецца вязнем свайго лёсу, пра што сведчыць эпізод у парыжскім парку, дзе сустракаюцца два Віта Морэ  — стары і малады (знаўцы Борхеса адразу згадаюць навелу аргенцінскага класіка «Іншы»).

Несуцяшальны фінал твора, у якім мары і спадзяванні састарэлага Віта Морэ, увасобленыя ў сто тысяч папяровых жураўлікаў, робяцца сродкам «раскруткі» роліка на YouTube для амбіцыйных мігрантаў з Усходу.

Твор пакідае пасля прачытання даволі супярэчлівае ўражанне. З аднаго боку, пэўная прэтэнцыёзнасць, жанравая хаатычнасць, часам сюжэтная неарыгінальнасць ды неахайнасць тэксту здольныя сур’ёзна падпсаваць рэпутацыю аўтару, які ажыццяўляе планы па выданні сваіх кніг з дапамогай краўдфандынгу. І ў той жа час навідавоку неўтаймоўны творчы патэнцыял, незацугляная фантазія і філасофскі падыход да распрацоўкі матэрыялу, што ў сукупнасці пакідае пісьменніку шанец знайсці ў будучыні ўласны стыль  — адметны і пазнавальны.

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».