Вы тут

Лімб #2: Быццё = небыццё


Карабель нашага крытычнага праекта зняўся з якара і нарэшце выйшаў у адкрытае мора, а гэта значыць, што надышоў час другога, лістападаўскага выпуску ЛІМба! Намі ўжо атрыманы заканамерны фідбэк ад самаабвешчанага бэст-оф-зэ-бэст-крытыка беларускай літаратуры, спадара А.Н. (за што дзякуем). Але такой невялікай увагі наўрад ці можа быць дастаткова, таму паўторна за-клі-ка-ем усіх-усіх чытачоў дасылаць нам свае згоды ці нязгоды з тым, што вы думаеце пра надрукаваныя ў ЛІМе вершы ці проста прапановы па тым, як зрабіць гэтую рубрыку цікавейшай (і спадара А.Н. таксама заклікаем да дыялогу — ці вы горшы за іншых?). Дасылайце свае каментарыі на нашу пошту lim_new@mail.ru з пазнакай «ЛІМб»  — а мы ў той ці ў іншай форме адкажам на ўсё. І нарэшце  — да галоўнай стравы — да крытыкі!


Мінорнай халадэчай ахутваюць вершы Бажэны МАЦЮК. Аўтарка хістаецца ў павуцінні дзвюх вобразна-тэматычных узаемаскрыжаванняў: кахання і маўчання. Першае і другое з’яўляюцца падставамі для раскрыцця розных моцных бакоў паэткі. З глебы кахання зыходзіць багацце паэтычнае, вобразнае, яскравы прыклад якога  — наступнае словазлучэнне: «адбываю бясконцы чынш на бясплоднай зямлі кахання». Вельмі дакладны вобраз з прыгукам рэчаіснаці, блізкай для беларускай паэтыкі. У сваю чаргу маўчанне паўстае ў творах сігналам да грамадска-філасофскага роздуму. І гэта не маўчанне слабасці, што надыходзіць з-за недахопу слоў, з-за агульнай моўнай кволасці, але маўчанне моцы — маўчанне, прага да якога можа ўзнікнуць толькі ў свядомых і адказных аўтараў, якія ведаюць сапраўдную цану словам.

Творчасць Дар’і ШЭІНАЙ падаецца на старонках ЛіМа адным вершам. Творы на тэму Дзядоў пранізаны хрысціянскасцю, але яна нічога не дадае вобразнасці: прысутнасць добра вядомых «Хрыста» і «Суднага часу» не скіроўвае верш у памастацку нечаканы бок. Толькі быццам адпрацоўваюць зададзеную аўтаркай праграму: напісаць верш пра Дзяды. Задача выканана: фармальна верш напісаны. Але ці дастаткова такога выключна фармальнага падыходу, калі нават да формы (як то дзеяслоўная недакладная (!) рыфма «плачу-страціў») ёсць пытанні?..

Большая частка падборкі Змітрака МАРОЗАВА складаецца з вершаў малой формы. І да такіх вершаў адразу ўзнікаюць пытанні: ці не пераацэньвае аўтар сваю афарыстычнасць, ці не спрабуе за кошт малых формаў проста зарыфмаваць выпадковую думку? І тут пачынаюцца складанасці. З аднаго боку, ёсць удалыя вобразы («чарніла начэй», «жыццё чалавека  — як след бліскавіцы»), з другога  — далёка не заўсёды атрымліваецца паспець «зачыніць» распачаты вобраз ці думку. Таму радкі ў большасці аднастрофій досыць разрозненыя па тых мастацкіх мэтах, што імі выконваюцца. Інакш выглядае чарговае (і зноў жа фармальнае), але ўжо іншага кшталту абмежаванне  — гаворка пра «Санет Адаму Міцкевічу». Спачатку аўтар ухапіўся за выказванне Пушкіна наконт геніяльнасці Міцкевіча (і даў гэтае выказванне ў эпіграфе санета), а потым на працягу ўсяго санета суб’ектыўна апяваў беларуска-польскага аўтара і толькі ў канцы спаслаўся на словы «не-нашага ўсяго»: «Паэт — усім паэтам каралевіч, ты Аляксандра Пушкіна скарыў!» На ўзроўні зместу па-ранейшаму ніякіх адкрыццяў не адбываецца, але ў гэтым выпадку абраная паэтам цвёрдая форма іграе на руку агульнаму ўражанню. То-бок падборка Змітрака Марозава кранае хутчэй фармальныя бакі верша, толькі ў рэдкіх выпадках даючы раскрыцца думцы і вобразам адпаведным чынам.

Міхась ШАВЕЛЬ паўстае ў нумары тыповым карыстальнікам жанру «пейзажнай лірыкі», прытым у тыпова беларускіх тонах. Абодва вершы  — пра вёску. У абодвух  — двухстопны анапест. Паўсюль — «лясы», «бары», «родныя куты», «хаты», «песні», «дарогі» і г. д. На месцы «ракі»  — збітая цукровафлексійная «рэчачка». Радок «Мяне звала дарога», калі пачынаць вылічваць націскі, сведчыць пра глыбокую вясковасць аўтарскага стылю, а дакладна — арфаэпічных норм (бо на момант 2019 года цяжка ўявіць сабе паэта гарадскога паходжання, у чыім вакабуляры слова «звала» будзе з націскам на першы склад). Што цікава  — з улікам усіх вобразных штампаў аўтар не выкарыстоўвае аніводнай дзеяслоўнай рыфмы, але не зразумела, каму за гэта дзякаваць: самому аўтару ці рэдактару лімаўскага аддзела паэзіі. У сукупнасці гэтыя два вершы выклікаюць крыху сюррэалістычнае адчуванне: калі чытаць іх па крузе, адзін за адным, можа падацца, што апынуўся у нейкай замкнёнай бэкетаўскай прасторы, дзе, ідучы з аднаго канца вёскі, безнадзейна апынаешся ў другім, а яе жыхары сядзяць на лаўках уздоўж дарогі і маўкліва ўсміхаюцца, назіраючы за бесперапынным і бясконцым блуканнем чытачачужынца.

З дапамогай перакладчыцы Соф’і Шах паэт Ізяслаў КАТЛЯРОЎ з’яўляецца ў ЛіМе з урыўкам сваёй летапіснай паэмы «Замкавы час Беларусі». Увогуле, паняцце «летапіснай паэмы» ў літаратуразнаўстве не зацверджана, але, нягледзячы на гэта, можна бясспрэчна аднесці твор да дакументальнага жанру. І ў гэтым моманце адбываецца моцны зместавы канфлікт, бо для творчага поспеху аўтар павінен у невядомай прапорцыі сумясціць дзве сутнасна розныя стыхіі  — гістарычны факт і паэтычную вобразнасць. І ў гэтай спробе аўтара знайсці адпаведную формулу, на мой погляд, адразу кідаюцца ў вочы дзве значныя недапрацоўкі не на ўзроўні гатовага тэксту, але на ўзроўні падыходу да яго. Першая з іх — нежывы суб’ект «паэмізацыі». З-за таго, што паэма паведамляе пра замкі, а не пра канкрэтнага чалавека ці групу людзей, яна набывае марудны пералічальны тон, які не выратаваць нават згадваннем гістарычных асоб. Другая недапрацоўка мне бачыцца ва ўключэнні прамога аўтарскага «Я» ў тэкст. Такі ход, з аднаго боку, дае прастору для суб’ектыўных адхіленняў ад гістарызму, для паэтызавання фактычнай тканіны, але з іншага  — узнікае недапушчальная для такіх форм фамільярнасць і агульна несур’ёзны лад. Дарэчы, амаль бездакорным прыкладам так званай «летапіснай паэмы» можна палічыць паэму Нікалая Асеева «Сямён Праскакаў». У ёй адначасова на ўзроўні структуры твора паэтычны аўтарскі тэкст змешваецца з рэальнымі ўспамінамі байца Чырвонай Арміі, а таксама, паводле аўтарскай задумы, тэкст дазваляе сабе некаторыя мастацкія вольнасці ў аповедзе, які адхіляецца ад рэальнасці, але за кошт гэтага ўзмацняе эпічны стрыжань гісторыі. У першую чаргу твор працуе па правілах паэтычных і толькі потым  — па гістарычных. У паэме Ізяслава Катлярова мусіць быць усё добра з фактычным аспектам, але было б добра пашукаць іншыя падыходы менавіта да паэтычнага афармлення.

Можна шмат чаго дараваць Ірыне ПОЎХ: і дзеяслоўныя рыфмачкі, і нейкую агульную жаноча-паэтычную наіўнасць, але зусім недаравальна, калі з дамскіх (нават не раманаў!) інтэрнэтных карцінак у літаратурна-мастацкія выданні прасочваюцца любыя нематываваныя і неіранічныя спалучэнні «восені» і «кавы». Упэўнены, часам нават у агідным мацюканні, якое тонкім сівым струменьчыкам выцякае з прагнілага трупа антыэстэтычнай вобразнасці, нашмат больш паэзіі, чым у гэтым пошлым спалучэнні. Часам шкада, што і ў нашы часы этыка, знаходзячыся на вагах прымальнасці, важыць больш за эстэтыку. Удвая шкада надзвычай добры белы верш, які ў кантэксце ўсёй падборкі можа папросту згубіцца. Калі б гэты твор ішоў у пачатку ці ў канцы, яму было б нашмат прасцей кінуцца ў вока чытачам, але самым уважлівым нават такая расстаноўка не перашкодзіць ухапіць сваю дробку сапраўднай паэзіі.

У вершах Ігара ПРАКАПОВІЧА пераплятаюцца тры ключавыя матывы: каханне, прырода і Бог. І быццам за адзін толькі набор тэм можна раззлавацца на аўтара і пачаць абвінавачваць у карыстанні ўжо даўным-даўно пратаптанымі і добра вядомымі ўсім творчымі сцежкамі, але не атрымліваецца. Нягледзячы на досыць знаёмыя вобразы, аўтар настолькі паспяхова валодае паэтычным мінімумам — эпітэтамі (і наогул пабудовай верша, ягонай архітэктурай), што верыцца калі і не ў шчырасць напісанага, то хаця б у мастацкую асэнсаванасць створанага. Зварот да Бога «Словы малітвы» напісаны з чаргаваннем чатырохстопнага і трохстопнага харэя і выключна мужчынскімі рыфмамі, што на ўзроўні формы надае твору належную манаскую сціпласць і адчужанасць. Верш «Хутар за рэчкай» радуе ўжо зместам: замест таго, каб бяздушна, быццам па нечым загадзе звыш, апяваць родны куток, паэт робіць з гэтай прасторы падставу для роздумаў аб пустаце і своечасовых пераходах быцця ў небыццё. Таму, хаця падборка і складаецца з дастаткова традыцыйнай паэзіі, гэта не надта перашкаджае атрымаць умераную порцыю заходаў у экзістэнцыяльнасць.

Творы Кацярыны ТАРАСАВАЙ чарговы раз пацвярджаюць выснову, якая датычыць сучаснай беларускай газетначасопіснай паэзіі: калі вершы не падзяляюцца на чатырохрадкоўі, чытво будзе як мінімум цікавым. Аднак адзіны ў падборцы верш з чатырохрадкоўямі таксама знаходзіць, чым уразіць: праз увесь верш праходзяць параўнанні ліхтара з пальцам, а ягонага святла  — з пярсцёнкам (і гэтыя вобразы не толькі досыць свежыя, але і дакладныя з пункту гледжання наяўнай падобнасці). У іншым вершы сустракаецца вельмі смелая рыфма «Анёл — агню», якая ўяўляе сабою дысананс, што замацаваны супадзеннем галосна-зычнага літаразлучэння «ан» (хай у другім слове яно і перабіваецца зычнай «г»). Апошні верш, верлібр, адметны сваёю «плавальнай суб’ектнасцю»: твор прадстаўляе некалькі герояў (улічваючы чытача), акрэслівае іх лёсы  — а ў канцы аўтар быццам мяняе іх целамі, і з-за гэтай змены перспектывы пануючая ў тэксце фатальнасць ператвараецца ў больш звыклы, але і больш складаны спрадвечны непрадказальны хаос, згодна з якім усё на свеце знаходзіцца ў стане аднолькавай магчымасці жыцця і смерці. І гэта — вельмі моцнае і пераканаўчае завяршэнне для такой разнастайнай у сваіх мастацкіх праявах падборкі.

Кароткая нізка вершаў Яны БУДОВІЧ прыцягвае больш увагі першым яе тэкстам, — «На магіле Уладзіміра Караткевіча». І гэтага аднаго тэксту дастаткова, каб зразумець, што аўтарка з паэзіяй на «ты». Першыя некалькі радкоў цалкам складаюцца з метафар (і асабліва моцныя — першыя два: «У люстры граніту — бязмежжа блакіту»), кожная з якіх адлюстроўвае розныя станы быцця: жыццё і смерць. Далей верш павольна перацякае ў апісанне прыроды, але гэта не апісанне дзеля апісання: у ім зноўку сыходзяцца жыццё («мурашы») і мёртвае («лісце сухое»), каб пасля перацячы ў прымірыцельнае «што будзе й было, паяднана ў адно». І гэтая самая думка, праходзячы праз пэўныя метамарфозы, апынаецца ў апошнім радку, пры гэтым не губляючы сваёй афарыстычнасці («…Ты быў, але будзеш і ёсць»). Калі верш заканчваецца, становіцца зразумелым, што самы першы вобраз твора («люстра граніту») насамрэч ужо з самага пачатку падае думку аб неразрыўнасці быццянебыцця, але толькі с развіццём верша яна паціху выходзіць наверх. Фінальны зварот, як часта бывае з выдатнай паэзіяй, — гэта зварот не толькі да адрасата з загалоўка, Уладзіміра Караткевіча, але і да кожнага, хто памёр, існуе ці толькі збіраецца нарадзіцца. Усё ж сапраўды: тыя вершы сапраўдныя, што злучаюць людзей. Тыя, што ставяць знак роўнасці між чалавекам і чалавецтвам.

Лістапад у лімаўскай паэзіі выдаўся няроўны. З аднаго боку — моўная статыка, восеньскія клішэ, дакументальная апаэтычнасць і наўпрост нуда. З другога ж — экзістэнцыяльныя хістанні між жыццём і смерцю, паўмартальныя гульні з паэтычным суб’ектам і бясконцы чынш. Але… ці не адначасова ў пасіўнай нудзе і ў актыўных унутраных ваганнях уся сутнасць восені? Падаецца, крыўдзіцца тут няма на што: нават дрэнныя вершы, як паслязалеўная слата, — гэта толькі частка адной вялікай складанай сістэмы, імя якой «літаратурны працэс». І застаецца толькі спадзявацца на тое, што вершы зімовых нумароў «ЛіМа» будуць хоць і спрэчныя, але не зусім інэртна-паўмёртвыя, чый лёс  — смактаць разам з мядзведзямі агульную настраёва-кліматычную лапу.

Данііл ЛЫСЕНКА

Прэв'ю: livejournal.com

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.