Вы тут

Ці могуць тэхналогіі пахіснуць якасць журналістыкі?


Сёння кожны, у каго ёсць смартфон, можа генерыраваць медыйны кантэнт і аказваць уздзеянне на аўдыторыю. І такіх — сотні. Дастаткова ведаць, як падаць свой матэрыял у Telegram, падтрымліваць акаўнт у Instagram, «кідаць фоткі, заліваць відосы»… Сучасная журналістыка? Стужкі навін сёння часта напаўняюць нядобранадзейныя так званыя агрэгатары, пускаючы ў масы фэйкавыя навінавыя салюты. Між тым этыка, адказнасць для журналіста была першачарговай ва ўсе часы, але сёння, думаецца, гэтае пытанне абвастрылася асабліва. Бо тэлеграм-каналам не замінае скарыстаць чужы кантэнт без спасылкі на крыніцу… Як ратаваць сітуацыю? Дзе месца прафесійнага журналіста? Гэтыя турботы  — поле для дыскусіі і абмеркавання VII Форуму маладых журналістаў «Развіццё айчыннай журналістыкі на сучасным этапе і яе адказнасць перад грамадствам» на факультэце журналістыкі БДУ.


Адказ канапным экспертам

Сацыяльныя сеткі сёння прэтэндуюць на цэнтральныя пазіцыі, выцясняючы СМІ і канкурыруючы з імі. Калі аналізаваць долю карыстальнікаў сацыяльніх сетак у Беларусі, то на першым месцы — «УКантакце» (43%), на 2-м — «Аднакласнікі» (36%), Instagram — 27%, Facebook — 15%, Twitter — 6,5%. Дайшло да таго, што інфармацыю з сацсетак акумулююць пэўныя структуры. Так, былы галоўны рэдактар найбуйнейшага інфармацыйнага агенцтва Lenta.ru Галіна Цімчанка стварыла інтэрнэт-выданне Meduza. Галіна Цімчанка гаворыць, што гэта інфармацыйны пражытачны мінімум. З навін у сацсетках выбіраюць найбольш запатрабаваныя і транслююць на Meduza. Дзе тут праца журналіста? Спецыялісты-агрэгатары манітораць па сацсетках навіны і выкладваюць на створаны партал. Прыкмета новых медыя? Але ці аб’ектыўныя тут навіны?

«Сёння медыя фарміруюць не толькі наша ўяўленне пра рэальнасць, але і фактычна мадэлююць саму рэальнасць, сцэнарый і дынаміку падзей нацыянальнага і міжнароднага ўзроўню,  — адзначае намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Кунцэвіч. — Сама інфармацыйная прастора мяняецца літаральна на вачах. Яшчэ некалькі гадоў назад складана было ўявіць, што YouTube стане сур’ёзным канкурэнтам вялікага тэлебачання, а блогі і каналы мэсэнджараў будуць адчувальна ўздзейнічаць на навінавы парадак рэгіёнаў і цэлых краін. Такія трансфармацыі спараджаюць няпростыя пытанні. Як супрацьстаяць лавінам фэйкавых навін з сумніўных крыніц? Якое месца прафесійнага журналіста ў сучасным грамадстве?»

Адказнасць перад грамадствам  — гэта галоўнае, што адрознівае журналіста ад любога іншага суб’екта стварэння інфармацыі, перакананы Андрэй Кунцэвіч. Нягледзячы на імклівае змяненне фарматаў, галоўныя задачы і функцыі сапраўднай журналістыкі застаюцца нязменныя. Як і 10, 50 і 100 гадоў таму, журналіст павінен памятаць пра сваю галоўную місію — пошук ісціны, служэнне грамадству, у якім жывеш. «Пры гэтым журналісты павінны ісці ў нагу з часам, медыйнымі трансфармацыямі, якія адбываюцца сёння. Можна бясконца доўга скардзіцца на тое, што ў мінулае сыходзяць такія жанры, як фельетон, ці на тое, што блогеры адцягваюць на сябе ўвагу чытача, якога рэдакцыя напрацоўвала гадамі. Але калі сучасная аўдыторыя хоча глядзець відэа, чытаць мультымедыйныя гісторыі, мець зносіны ў інстаграме, СМІ павінны навучыцца працаваць у такіх фарматах і рабіць гэта эфектыўна», — лічыць Андрэй Кунцэвіч. Па яго меркаванні, голас маладых журналістаў павінен быць грамчэй і аўтарытэтней меркавання канапных экспертаў і блогераў: «У нашым імкліва змяняльным свеце заўсёды памятайце, што сапраўдная журналістыка  — гэта любоў і ўвага да людзей, да звычайнага чалавека».

Тэхназаяц супраць чарапахі

«Часы змяніліся крута. Да такой ступені, што на ролю ўладароў дум прэтэндуюць не адзінкі, а сотні-тысячы як адказных майстроў слова, так і тых, хто такім хоча здавацца. І ў другіх мэты не заўсёды высокія, — занепакоены намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі. — Ва ўмовах глабальнай інфарматызацыі, узрослай дынамікі ўсіх сацыяльных працэсаў асноўная роля ў фарміраванні каштоўнасных арыентацый асобы і грамадства пераходзіць да медыякультуры. І СМІ сёння маюць каласальнае значэнне. Менавіта медыякультура і СМІ, кантэнт інфармацыйных рэсурсаў становяцца асноўнымі інструментамі развіцця культуралагічнага складніка сацыяльных працэсаў. Небывалыя дагэтуль шырокія магчымасці для кантролю за свядомасцю і паводзінамі грамадзян даюць глабальная інфарматызацыя і камп’ютарызацыя. Гэтыя з’явы робяць тэхнічна магчымым кіраваць масавай свядомасцю і паводзінамі. СМІ сталі магутным сродкам і мэтанакіраваным інструментам палітычных меркаванняў, парадкаў».

На 1 лістапада 2019 года ў Беларусі зарэгістравана 1616 друкаваных СМІ, 725 газет, 850 часопісаў, 273 тэлерадыёвяшчальныя СМІ, 3000 замежных друкаваных СМІ, 20 сеткавых выданняў. І гэта не згадваючы пра інтэрнэт-рэсурсы... «Мы ўваходзім у прынцыпова новае інфармацыйнае поле, прынцыпова новыя гістарычныя падзеі. Калі гаварыць пра ўзаемадзеянне дзяржаўных структур, СМІ, то дзяржаўны бюракратычны механізм можна супаставіць сёння з чарапахай. А што яна ў параўнанні з тэхназайцам, які рэгулюе працэс так, што за ім паспець немагчыма. Мы павінны знаходзіць новыя формы работы як СМІ, так і дзяржаўных структур», — сцвярджае Ігар Бузоўскі. СМІ, кіруючы сацыяльнымі працэсамі, такім чынам, становяцца не сродкам масавай інфармацыі, а сродкам масавага ўздзеяння, адным з фактараў гарантавання нацыянальнай бяспекі, мяркуе намеснік міністра інфармацыі. На жаль, актыўна распаўсюджваецца практыка мэтанакіраванага, у тым ліку негатыўнага, знешняга інфармацыйнага ўздзеяння.

Акаўнт — першакрыніца?

Паказальная, у прыватнасці, рэклама ў інтэрнэце: дастаткова адзін раз паглядзець, колькі каштуе, напрыклад, пуцёўка ў Турцыю, як на ўсіх сайтах, якія вы наведваеце, будзе з’яўляцца турыстычная рэклама пад вас. Чым гэта дрэнна? Самападман: вас не забяспечваюць аб’ектыўнай інфармацыяй. Чалавек не бачыць карціны. Таму ці надзейныя новыя медыя?

Нядаўна ў нашай краіне прайшоў Форум па кіраванні інтэрнэтам Belarus IGF. Эксперты ўжо не гавораць пра сайты СМІ, сацсеткі, а канстатуюць, што крыніца інфармацыі — тэлеграм-канал. Інтэрнэт разглядаецца як медыя, прытым медыяспажыванне змяняецца: акаўнты сацсетак прэтэндуюць на галоўную першакрыніцу інфармацыі. Напрыклад, тэлеграм-канал «Топор — горячие новости» мае 700 тысяч падпісчыкаў. Трафік інтэрнэт-сайтаў фарміруецца не з галоўнай старонкі і не з лаяльнай аўдыторыі, якая кожную раніцу пачынае з таго, што ўбівае назву выдання ў пошукавік, а са стужак навін — з агрэгатараў. У ТОПе Яндэкса стаіць навіна — яе прачыталі, а ці задумаліся, адкуль яна?

Якая вага тэлеграм-каналаў? Галоўны рэдактар Russia Today Маргарыта Сіманьян дае інтэрв’ю аднаму з тэлеграм-каналаў, у якога 250 тысяч падпісчыкаў. Трэнд найноўшых медыя? Даць інтэрв’ю невядома каму… Ці маюць тэлеграм-каналы прыстойную рэпутацыю? Дзе этыка, калі кантэнт крадзецца і не ўказваецца спасылка на крыніцу? І па якім законе разбірацца? Ці не катастрофа гэта, што грунтуецца на маральных, прафесійных асновах? Дзе тут прафесійная этыка журналіста ў адносінах да крыніцы мэсэнджараў?

Дарэчы, у беларускім інтэрнэце (агульная колькасць карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі — 4 млн) 49% людзей сядзяць у мэсэнджарах, 44% — у сацыяльных сетках, 33% карыстаюцца навінавымі інтэрнэт-рэсурсамі. Усяго 700 тысяч беларусаў пастаянна чытаюць навіны на інфармацыйных рэсурсах краіны — аўдыторыя невялікая. Такім чынам, ідзе моцная барацьба за трафік. 19% у інтэрнэт-рэсурсах  — гэта блогеры; розныя спецыялізаваныя інтэрнэт-рэсурсы займаюць 17%. На першым месцы сярод мэсэнджараў у нашай краіне — Viber (65%), Skype — 20%, WhatsApp — 17%, Telegram — 13%, Facebook як мэсэнджар — 5,8%.

Мух ад катлет

«Мы — пакаленне digital, Y і Z, а нам на пяткі наступае пакаленне А —тыя, хто нарадзіўся пасля 2010 года і хто ўжо сёння аказвае ўздзеянне ў інфармацыйным асяроддзі, — заўважае першы сакратар ЦК ГА “БРСМ” Дзмітрый Варанюк. — Тэрмін журналістыка 2.0. з’явіўся ў пачатку 2000-х, калі інтэрнэт толькі развіваўся. 2020 год — час падводзіць вынікі: прайшло два дзесяцігоддзі новых інфармацыйных тэхналогій».

Ці паспяваем мы сёння за тэхналогіямі? Старэйшае пакаленне ўсё яшчэ чытае газеты, паглынае інфармацыю з тэлебачання, ды большасць сучаснікаў гартаюць стужку Twitter і Telegram — і менавіта адтуль бяруць самыя свежыя навіны. Як не пераацаніць уздзеянне блогераў? «Сёння ідзе барацьба за падпісчыкаў: ад гэтага нараджаецца лаяльнасць. Пакаленне А (пасля 2010 г.н.) і пакаленне Z (2000 г.н.) лепш аддзяляюць мух ад катлет, лепш арыентуюцца ў прасторы, — разважае Дзмітрый Варанюк.  — Мы даследавалі ступень даверу маладых да інфармацыі: каб паверыць, дзеці пераправяраюць у Google, Вікіпедыі, яшчэ некалькіх крыніцах. Іншая справа  — калі біць у эмацыянальную цэль. Пра што гэта гаворыць? Мяняюцца сродкі падачы інфармацыі, але людзі тыя ж, каштоўнасці тыя ж». Ва «УКантакце» бывае, што 50 розных чалавек штосьці актыўна каментуюць, а калі даследаваць акаўнты, IP, аказваецца, гэтыя 50 чалавек і процьма каментарыяў  — толькі 4 камп’ютары ў адным месцы. Такім чынам, сёння некалькі чалавек могуць зрабіць так, каб у любой сетцы ў каментарыях з’явілася сфарміраванае меркаванне. Таму дзе мяжа: чаму давяраць, а чаму  — не? Як у гэтым акіяне лавіраваць і адстойваць свой пункт погляду? «Трэба прымяняць самыя сучасныя тэхналогіі, пачынаючы ад раённай газеты, заканчваючы маштабам тэлебачання, — перакананы Дзмітрый Варанюк. — Замежныя калегі — рэдактары газет Вялікабрытаніі, ЗША не імкнуцца ўсё пераводзіць у электронны фармат ці цалкам у сацсеткі. Сёння павінна быць усё разам: і актыўна развітая сацсетка, і інтэрнэт-партал, і добрае папяровае выданне. Сённяшні журналіст  — гэта вобраз жыцця. Сёння з’яўвіўся новы выхавальнік — інтэрнэт. Менавіта ён дае маладым паняцце добра/дрэнна. Як? Лайкамі. Шмат праглядаў, каментарыяў — значыць, гэта добра, бачыць дэзлайкі — дрэнна. Мы не павінны праходзіць міма такой несправядлівасці, у тым ліку ў інтэрнэце. І актыўна ўдзельнічаць лайкамі, дэзлайкамі, каментарыямі. У YouTube сёрфяць 5-гадовыя дзеці. Журналіст  — асоба з высокай мараллю. І сёння варта паказваць у інтэрнэце, што добра, а што дрэнна».

Што, калі не чытаюць?

«Журналістыка ўжо не мае права (калі толькі вы не лаўрэат Нобелеўскай прэміі) існаваць адно як прадукт (“Я штосьці напісаў”) — трэба думаць, як гэта падаць. Інакш можна самадастаткова сядзець і гаварыць, што “нашу газету чытаюць мільёны”, — упэўнены намеснік генеральнага дырэктара УП “Агенцтва «Минск-Новости»”, старшыня камісіі па этыцы ГА “Беларускі саюз журналістаў” Дзмітрый Партон.  — Сёння я прыходжу на канферэнцыю Яндэкса і думаю: ці тая ў мяне адукацыя? Бо канферэнцыя для медыя. І калі ты не ведаеш, пра што гавораць Яндэкс-медыя, ты, вядома, можаш быць Паўстоўскім… Але не факт. Хай гэта гучыць крыўдна».

Сёння навідавоку змаганне за трафік. Вайна Facebook з YouTube заключаецца ў тым, што калі вы на Facebook дадзіце ў пасце спасылку на ютуб-канал, вас адразу пачнуць паніжаць. Такая ж канкурэнтная барацьба сацсетак са СМІ: зараз сацыяльныя сеткі знішчаюць спасылкі на СМІ, не хочуць, каб чытач пераходзіў на чужыя рэсурсы. Маўляў, рабіце ўсё што заўгодна ў рамках сацсеткі: здымайце фільм, стварайце блог, але нікуды больш не выходзьце. Многія буйныя карпарацыі (BBC) адмовіліся ад уключэння свайго кантэнту ў сацсеткі. Расія разглядае буйныя інтэрнэт-парталы як агрэгатары.

Хто такі журналіст цяпер і што такое СМІ? Не разабраўшыся ў гэтым, не зразумеем, што такое этыка журналіста. Хтосьці выказаў такую думку: журналіст — гэта тры пазіцыі: той, хто сам сябе ім лічыць; каго лічаць такім чытачы; каго калегі прызнаюць за свайго…

«Дзе б журналіст ні пісаў: у тэлеграм-канале ці ў сацсетках — ён заўсёды павінен заставацца прафесіяналам. Дырэктар BBC калісьці адзначыў, што супрацоўнікаў у сацсетках быць зусім або не павінна, або яны мусяць весці там рэдакцыйную палітыку канала»,  — прывёў прыклад Дзмітрый Партон.

Думаецца, пры велізарнай разнастайнасці магчымасцей падачы кантэнту ўсё ж у аснове — мы самі, наша этычнае разуменне нормы. Яшчэ Чэхаў разважаў: апусціцца да чытача ці ўзнімаць яго да сябе. Вядома, узнімаць.

Сёння папулярны рэрайт: убачыў крутую навіну  — хутка адрэрайціць, і ты ў ТОПе. А хтосьці працуе доўга, скрупулёзна і скардзіцца: «Я пішу добра, але мяне не чытаюць? Чаму?» Выжыванне кантэнту, на жаль, у многім знаходзіцца сёння ў руках тэхналогій. Такія рэаліі. Таму, відавочна, нельга журналісту заставацца па-за тэхналогіямі, але і ці варта ім цалкам падпарадкоўвацца?

Наталля СВЯТЛОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».