Вы тут

Беларусь і Турцыя абмяркоўваюць магчымасць водных зносін па рацэ Дняпро


Сёння дэпутаты і старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка сустрэліся з Кезбан Нілвана Дарамай, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Турцыі ў Беларусі напярэдадні заканчэння яе дыпламатычнай місіі. 


За мінулы год краіны ўзмацнілі свае гандлёвыя адносіны, лічба якіх склала амаль адзін мільярд долараў. Задача, пастаўленая прэзідэнтамі двух краін, якую прыйдзецца рашаць і будучаму паслу, — 1,5 мільярды. Па словах Андрэя Савіных, старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах, тавараабарот зараз неабходна збалансаваць і зрабіць больш устойлівым. Садзейнічаць гэтаму можа і парламент.

«У міжпарламенцкіх кантактах мы абмяркоўваем таксама і пытанні сацыяльна-эканамічнага характару. Тут некалькі момантаў, якія маюць прыярытэтны інтарэс. Па-першае, гэта транспартнае супрацоўніцтва. У рамках гэтай тэмы мы абмяркоўваем магчымасць водных зносін паміж Турцыяй і Беларуссю па рацэ Дняпро з выкарыстаннем суднаў рака-мора. Другі момант — гэта прыцягненне турэцкіх інвестыцый і адкрыццё турэцкай вытворчасці для выпуску тавару, які будзе пастаўляцца на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза. І трэцяе — гэта больш смелыя крокі па адкрыццю беларускіх зборачных вытворчасцей у Турцыі. Калі мы гэта зробім, мы зоймем сваю нішу на рынку Турцыі назаўсёды», — канстатаваў Андрэй Савіных. У горадзе Кырыкале разам з азербайджанскімі калегамі працуе вытворчасць па зборцы трактароў, зараз ідзе адпаведная размова па лініі «Гомсельмаша» і «Амкадора».

Уладзімір Андрэйчанка ў размове з паслом падкрэсліў, што за час кадэнцыі Кезбан Нілвана Дарама добра пазнаёмілася з гісторыяй, традыцыямі і насельніцтвам Беларусі: «Але самае галоўнае, што вы ўпэўніліся: наша краіна зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва з Турэцкай Рэспублікай. Мы лічым, што дзякуючы такой вашай актыўнай працы ў нас пашырыліся кантакты паміж дзяржавамі. У нас сёння няма якіхсьці праблемных пытанняў, і адносіны Турцыі і Беларусі развіваюцца паступальна ўсе гады. І вельмі важна, што яны ніколі не спыняліся».

За час працы спадарыні Дарамы былі падрыхтаваны візіты прэзідэнтаў краін, рэгулярны характар мае і парламенцкае ўзаемадзеянне. Уладзімір Андрэйчанка выказаў надзею, што яна перадасць свае напрацоўкі пераемніку на пасадзе кіраўніка дыпламатычнай місіі ў Беларусі. Гэта будзе спрыяць наладжванню кантактаў з Мустафой Шэнтопам, спікерам парламента (Вялікага нацыянальнага склікання Турцыі).

З Турцыяй у гэтым годзе апрабаваны новы кірунак супрацоўніцтва — кансультацыі паміж камісіямі па міжнародных справах двух парламентаў. Так, у верасні адбылася сустрэча Уладзіміра Андрэчанкі з парламенцкай дэлегацыяй на чале са старшынёй Камісіі Вялікага нацыянальнага склікання Турцыі па замежных справах Валканам Базкырам. «Я лічу, што гэта добры прыклад. У нас з ніводным парламентам такіх кансультацый не праводзілася, таму нам трэба гэта абавязкова захаваць і нешта новае прыдумаць, канешне», — адзначыў спікер Палата прадстаўнікоў.

Краінам неабходна развіваць супрацоўніцтва на пляцоўцы Парламенцкай асамблеі АБСЕ. У студзені будзе зацверджаны склад беларускай дэлегацыі ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях. Па словах Уладзіміра Андрэйчанкі, кіраўніцтва ніжняй палаты Нацыянальнага сходу парэкамендуе, каб дэлегацыю ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ ўзначаліў Андрэй Савіных, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах.

Кезбан Нілвана Дарама падкрэсліла, што застанецца не афіцыяльным, а па клічу сэрца прадстаўніком Беларусі ў Турцыі. Яна адзначыла асаблівую дапамогу нашага парламента ў наладжванні сувязяў паміж краінамі і павіншавала Андрэя Савіных, былога калегу (раней ён узначальваў беларускае пасольства ў Турцыі), з выбраннем на пасаду старшыні камісіі.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?