Вы тут

Дзе «тусяць» сучасныя дзеці


Адны здымаюць, а іншыя — глядзяць і «лайкаюць»

Уявіце сабе сітуацыю: матуля, сыходзячы на работу, цалуе ў макаўку сваю дачку-падлетка, а тая, як толькі за апошнім дарослым у доме зачыняюцца дзверы, нацягвае ласіны, уключае новы трэк, і, павярнуўшыся да камеры задам, рытмічна рухае целам. Ці танцуе топлес, прыкрываючы рукамі свае грудзі. Відэа ляціць у інтэрнэт, і праз некалькі хвілін з'яўляецца першы каментар сексуальна заклапочанага карыстальніка той жа сацыяльнай сеткі...


Іх трэба ведаць у «твар»

TіkTok, Kwaі, Lіkee... Што дарослыя чулі пра гэтыя сацыяльныя сеткі?

— У TіkTok вельмі папулярнае відэа, у якім дзяўчына без макіяжу ў піжаме правяла рукой перад камерай — і ў наступным кадры яна ўжо прыгожая, прыбраная, з прычоскай. Гэта адно з самых бяскрыўдных відэа, — расказвае кансультант і каардынатар праекта па дзіцячай інтэрнэт-бяспецы GіrlSafety, сузаснавальнік ІT Рrіnсеss Асаdеmу, педагог Валянціна ЧЭКАН. — TіkTok — новая папулярная сетка, якая дазваляе ствараць кароткія музычныя відэаролікі, весці прамыя эфіры і абменьвацца паведамленнямі. Пазіцыянуе сябе як канал для музычных талентаў. У канцы 2018 года ў ЗША гэты сэрвіс спампоўвалі часцей, чым Іnstagram, Facebook і YouTube. Як толькі ў нейкай сацыяльнай сетцы з'яўляецца крытычная колькасць дарослых, што робяць нашы дзеці? Яны масава бягуць туды, дзе іх ніхто не кантралюе, дзе можна рабіць усё — для іх гэта як глыток свабоды...

Жыццё сучасных дзяцей і падлеткаў распісана літаральна па хвілінах: школа, заняткі музыкай, замежнымі мовамі, басейн, гурткі. Усё спланавана дарослымі так, каб у малых не заставалася вольнага часу на розныя глупствы. Атрымліваецца, што дзіця псіхічна і фізічна амаль ніколі не бывае сам-насам з сабой. І многія ўцякаюць у сацыяльныя сеткі. Спачатку гэты былі Іnstagram і «УКантакце». А калі туды прыйшлі мамы і таты, з'явіліся новыя пляцоўкі — TіkTok, Kwaі і Lіkee. Там ніхто за табой не назірае і можна быць самім сабой: тапіць падручнікі ва ўнітазе, гарлапаніць розныя глупствы на ўсё горла, цалавацца па-даросламу, глытаць пену для галення...

TіkTok, Lіkee і Kwaі — вельмі падобныя сацыяльныя сеткі. Але гэта не тэрыторыя для стасункаў і філасофскіх пастоў. Kwaі — сацсетка з мноствам фільтраў для рэдагавання відэа, магічнай анімацыяй, забаўнымі маскамі і агучкай. Як па ўзмаху чароўнай палачкі, можна прыбраць з твару падлеткавыя вугры, стаць персанажам мемаў або апынуцца побач з вадаспадам. «Kwaі створана, каб дзяліцца найлепшымі момантамі жыцця з сябрамі па ўсім свеце. Дай волю сваёй фантазіі і творчасці, раскажы пра свае захапленні ў кароткіх відэа. Пакажы сваю індывідуальнасць і знайдзі сяброў па інтарэсах. Будзь сабой, і тады ты зможаш сабраць шматтысячную аўдыторыю падпісчыкаў. З Kwaі гэта лёгка!» — абяцаюць стваральнікі сацсеткі. Летась Kwaі стала лідарам па запампоўцы ў Расіі.

Lіkee — таксама бясплатны відэарэдактар са спецэфектамі: дзеці і падлеткі там па-сапраўднаму змагаюцца за «лайкі». Дзеля гэтага яны малююць маркерам на твары, прымяраюць «цяжарныя жываты», цалуюцца і засоўваюць бабуліны зубныя пратэзы ў пластылін. Усё гэта ўперамешку з цалкам бяскрыўдным кантэнтам, дзе дзеці здымаюць скетчы ці проста танцуюць.

Фактычна ўсе тры сэрвісы прызначаны для стварэння кароткіх відэа і выкладвання іх у сеціва. Дзякуючы вельмі зразумеламу інтэрфейсу карыстальнікі могуць накласці фільтры або спецэфекты, сінхранізаваць рух вуснаў і слоў у песні. А разнастайнасць графічнага рэдактара дазваляе працаваць і з фатаграфіямі, і з відэаролікамі. Падлеткі проста дурэюць пад хітовую музыку: крыўляюцца, паўтараюць словы песень, прымяраюць на сябе «асобы» папулярных рэпераў, могуць загаварыць незвычайным голасам. Ролікі набіраюць па некалькі сотняў тысяч, а то і мільён праглядаў за пару дзён. Тут можна правесці некалькі гадзін, не разумеючы, чаму адны гэта здымаюць, а іншыя глядзяць і «лайкаюць».

Інструмент для маніпуляцый

Любая папулярная сацсетка — гэта хітра наладжаная машына, якая прымушае карыстальніка зноў і зноў у яе вяртацца. Асабліва маладых, якія мацней зацікаўлены ў віртуальным поспеху і лягчэй вядуцца на рознага кшталту правакацыі. Для карыстальнікаў гэтых сетак галоўнае — атрымаць тону «лайкаў» і праглядаў. Псіхолагі тлумачаць: «лайк» у сацсетцы — гэта пагладжванне, дзеянне, якое сігналізуе пра тое, што нас бачаць, прызнаюць як асобу. «Лайк» эквівалентны ўсмешцы, кампліменту, актыўнаму слуханню, добраму слову. Няўпэўненым у сабе падлеткам, якія, як ніхто іншы, маюць патрэбу ў сацыяльным адабрэнні, асабліва важныя гэтыя «пагладжванні».

Дык наколькі бяскрыўдныя забаўляльныя Lіkee, TіkTok і Kwaі?

— Ва ўсіх іх, у адрозненне ад сацсетак для дарослых, вельмі слабая мадэрацыя, — папярэджвае Валянціна Чэкан. — І тое, што забаронена ў Facebook і Іnstagram, там дазволена. Напрыклад, прысутнічае шмат сексуалізаванага кантэнту: дзяўчаты прымаюць спакуслівыя позы, кусаюць вусны, круцяць клубамі, дэманструюць вышэйшы пілатаж стрып-пластыкі, танцуюць паўадзетыя, у кароткіх шортах ці ў ніжняй бялізне. Зусім нядаўна вельмі папулярныя былі відэаролікі з тверкам. Асацыяцыі са стрыптызам выканаўцаў не бянтэжаць, бо так будзе больш гледачоў, а значыць, больш падпісчыкаў і «лайкаў».

Фактычна дзеці бачаць вельмі шмат таго, што яны не павінны ў прынцыпе бачыць. Мы часта кажам дзяўчатам, што іх любяць за прыгажосць, што гэта вельмі каштоўны рэсурс, якім можна ў жыцці карыстацца і маніпуляваць іншымі людзьмі. Ці, наадварот, падлеткі не чуюць ад бацькоў нічога ўхвальнага наконт сваёй знешнасці, а ў іх узросце самаацэнка і без таго не вельмі высокая. І дзяўчаты пачынаюць шукаць пацвярджэнне сваёй знешняй прыцягальнасці ў чужых людзей, у сацыяльных сетках. Вось толькі рэакцыю яны могуць атрымаць зусім не тую, якую чакалі.

У каментарыях «падагрэтая» публіка можа настойліва прапаноўваць пазнаёміцца бліжэй. У гэтых сетках прысутнічае і шмат дарослых, якія зайшлі туды менавіта дзеля тых самых танцаў. Дзеці навучыліся агаляцца дзеля «лайкаў», а за імі тым часам мэтанакіравана назіраюць незнаёмцы. Як правіла, зламыснікі рэгіструюць акаўнт на імя школьніка і ад яго імені нібыта спрабуюць пасябраваць з ахвярай. Пасля нейкага перыяду стасункаў новы сябар просіць даслаць фотаздымкі без адзення. Lіkee, TіkTok і Kwaі — сапраўдная знаходка для педафілаў. Толькі ў гэтых сацыяльных сетках сканцэнтраваная велізарная колькасць дзяцей, якія гатовыя на многія рэчы дзеля «лайкаў» і новых падпісчыкаў.

Таксама там прысутнічае вельмі шмат ненарматыўнай, вульгарнай лексікі: і ў песнях, і ў каментарыях. Карыстальнікі могуць пераказваць мацерныя анекдоты. Пець пра гвалт і наркотыкі, падпяваючы адыёзным рэперам. Гэтыя мацюкальныя трэкі даступныя любому.

У Kwaі можна знайсці ролікі, якія шакіруюць сваім зместам нават дарослых. Там арганізуюцца небяспечныя чэленджы, удзельнікі якіх перад камерай наносяць сабе парэзы нажом па горле або запясці, скачуць з дахаў, вісяць на падаконніках.

— Нядаўна гуляла прапанова: «З'еш перад камерай капсулу «Тайда» і пакажы, які ты круты». Яе вірусная папулярнасць скончылася масавымі атручэннямі падлеткаў, — расказвае Валянціна Чэкан. — Год таму прапаноўвалі зрабіць сэлфі на даху. І такія небяспечныя флэшмобы запускаюцца з зайздроснай перыядычнасцю. Увогуле існуе вельмі шмат ідыёцкіх спосабаў сабраць «лайкі». Абсалютная большасць карыстальнікаў паўтараць не будуць, проста паглядзяць, але гэта ўсё роўна жудасны кантэнт, які нацэлены на абясцэньванне жыцця. Дзецьмі маніпулююць: «А табе слабо?» Акрамя таго, там прысутнічаюць тысячы ролікаў у падтрымку паводзін, якія прыводзяць да анарэксіі.

Яшчэ адна небяспека — раскрыццё асабістых звестак. Падчас аднаго з чэленджаў прапаноўвалася зняць відэа са сваім пашпартам. «Бачыце, які я быў страшны, калі фатаграфаваўся на дакумент, а цяпер круты: у мяне ружовыя ці фіялетавыя валасы, клёвая прычоска, пірсінг...» І нават калі падлеткі закрывалі рукой асабістыя звесткі на старонцы ў пашпарце, яны забываліся, што ўся інфармацыя дублюецца ў стужцы знізу...

Не забараніць, а прадухіліць

— У ІT Рrіnсеss Асаdеmу ёсць групы для сямі-васьмігадовых дзяўчат. Мы шмат часу на сваіх занятках прысвячаем «азам» бяспечных паводзін у інтэрнэце, — працягвае спікер. — І вось аднойчы прыходзіць бацька адной з нашых выхаванак з прэтэнзіяй. Высвятляецца, што ён знайшоў у смартфоне дачкі сэрвіс TіkTok, пазнаёміўся бліжэй з яго кантэнтам і быў шакіраваны. Кажа, што мы ў акадэміі недапрацоўваем. Пачынаем разбірацца, як гэтая праграма з'явілася ў тэлефоне. Кажа, што сам устанавіў, бо дачка яго вельмі прасіла. У такім разе, дарагія бацькі, вы самі несяце адказнасць. Падлеткі самастойна спампуюць гэтыя сэрвісы, але вось малыя без дапамогі дарослых не могуць абысціся. Калі вы на іх тэлефон устанаўліваеце праграму «Бацькоўскі кантроль» або наладжваеце Google play так, каб ён ведаў, колькі гадоў яго ўладальніку, то сын ці дачка не зможа самастойна ўстанавіць гэтыя сацыяльныя сеткі: там дзейнічаюць абмежаванні па ўзросце.

Калі вы праверыце смартфон свайго дзіцяці, то з высокай доляй імавернасці знойдзеце ў ім лагатыпы Lіkee, TіkTok і Kwaі. Але перад гэтым спытайце сябе: ці гатовыя ўбачыць нешта, што цалкам можа перавярнуць ваша ўяўленне пра сына або дачку? Першай рэакцыяй можа быць жаданне адабраць у дзіцяці смартфон, адключыць інтэрнэт і абмежаваць яго перамяшчэнні па-за кватэрай. Але вы насамрэч верыце, што можна засцерагчы, проста забараніўшы ўсё запар? Лепш распытайце дзіця, чым яго зацікавіў і захапіў канкрэтны відэасэрвіс.

— Калі вы выявілі ва ўстаноўленай праграме не прымальны для дзяцей кантэнт — парнаграфію, ролікі з членашкодніцтвам або заклікамі да самагубства, — спакойна растлумачце небяспеку і разам выдаліце праграму са смартфона, — раіць Валянціна Чэкан. — Бацькам трэба зразумець, што дзіця цягнецца за віртуальным поспехам не проста так. Калі яму чагосьці не хапае ў рэальным жыцці, яно будзе спрабаваць кампенсаваць гэта «лайкамі». Калі падлетак займаецца членашкодніцтвам, ён сябе за штосьці карае, магчыма, неабходна звярнуцца па дапамогу да псіхолага.

Трэба тлумачыць, што калі ў сваіх відэа дзіця паказвае сапраўднае імя, месца жыхарства і іншыя асабістыя звесткі, якія дазваляюць знайсці яго ў рэальнасці, яно можа прыцягнуць увагу псіхічна хворых людзей або зламыснікаў. Што аднойчы раздзеўшыся перад камерай і прачытаўшы потым каментарыі пра сябе, можна атрымаць вельмі моцны ўдар па псіхіцы. Перамагчы комплексы атрымліваецца далёка не ўсім, таму такія паводзіны могуць мець сур'ёзныя наступствы ў будучым асабістым жыцці.

Калі ў дачкі ці сына ўжо стаяць гэтыя сэрвісы, папрасіце праверыць, ці з'яўляецца акаўнт прыватным. Каб ролікі маглі каментаваць не ўсе сем мільярдаў людзей на планеце, а толькі тыя, каго яны самі дадалі ў сябры. І каб ніхто не мог спампаваць іх асабістыя відэаматэрыялы. Трэба навучыць клапаціцца пра сябе. Мы ж не пускаем да сябе у дом людзей у брудным абутку...

Наўрад ці дачка прызнаецца бацькам, што яна выклала ў сеціва свае сексуальныя фатаграфіі. Але калі звярнулася да вас па дапамогу, высвятляйце, дзе яна паспела гэта зрабіць. Канчаткова з інтэрнэту нічога выдаліць немагчыма, але калі здымкі выкарыстоўваліся разам з асабістымі звесткамі, трэба звяртацца ў праваахоўныя органы, бо самі вы гэту сітуацыю не разруліце.

Калі дзіця паскардзілася на пагрозы ад незнаёмцаў, зрабіце скрыншоты такіх паведамленняў (праваахоўным органам яны спатрэбяцца), не ўступайце ў перапіску з агрэсарам. Булінг у інтэрнэце можа набываць касмічныя маштабы. Калі працэнт агрэсіі зашкальвае, лепш увогуле выдаліць акаўнт. А калі пагрозы цалкам канкрэтныя, варта суправаджаць дзіця, сустракаць яго са школы, змяніць звычайны маршрут. Дарэчы, даследаванні паказваюць, што ў 78 працэнтах выпадкаў дзеці ведаюць, хто ім пагражае.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.