Вы тут

Дагвокер Марыя Кірдун: З жывёламі нельга працаваць толькі дзеля грошай


Няма з кім пакінуць сабаку на час адпачынку або камандзіроўкі? Не хвалюйцеся, у Мінску ёсць тыя, хто дапаможа вам і вашаму гадаванцу. Гэта дагвокеры.

19-гадовая Марыя КІРДУН — адна з іх, яна прафесійна займаецца такой справай больш за пяць гадоў. Калі казаць проста і коратка, дагвокер — чалавек, які выгульвае чужых сабак. Падчас вучобы ў Мінскім радыётэхнічным каледжы дзяўчына хацела знайсці дадатковы заробак, але паступова гэты занятак захапіў яе ўсур'ёз.


— Я пачынала працаваць з двума сабакамі: метысам таксы і лабрадорам. Мы досыць доўга займаліся, каля года. З часам кліентаў станавілася ўсё больш, а разам з імі прыходзіў і вопыт. Я вывучала трэнінгі, глядзела розныя відэа пра сабак. Цяпер раблю ўхіл больш на кіналогію. На гэты момант яшчэ працую і праграмістам, але гэта не перашкаджае мне гуляць з маімі пастаяннымі «кліентамі», — дзеліцца Марыя.

Па словах суразмоўніцы, апошнім часам кірунак стаў актыўна развівацца. Тым больш што з'явілася шмат школьнікаў, якія хочуць зарабіць хуткія грошы, бо гэта не той занятак, дзе патрабуецца, як яны лічаць, якая-небудзь адукацыя. Літаральна пяць гадоў таму адпаведныя прапановы былі не вельмі запатрабаваныя: малая колькасць кліентаў, нізкія цэны на паслугі.

— Сапраўды, на думку некаторых, гэта адзін з самых простых спосабаў зарабіць. Але ўсё не зусім так. З чужымі сабакамі вельмі складана працаваць, а калі ў цябе яшчэ і навыкаў няма, жывёла не будзе слухацца, не атрымаецца яе кантраляваць і вучыць. Школьнікі звычайна ў нашай сферы надоўга не затрымліваюцца: прыходзяць на месяц, максімум — на паўгода, — расказвае Марыя. — Ды і з жывёламі нельга працаваць толькі дзеля грошай: гэта адразу адчуваецца. Уладальнікі захочуць карыстацца паслугамі на пастаяннай аснове толькі ў тым выпадку, калі будуць бачыць, што сабака добра ўспрымае вас. Ёсць выдатная фраза, якую сказаў мне кінолаг, які вучыў мяне: «Дагвокер для сабакі — гаспадар, які з ім не жыве».

Парода жывёлы не моцна ўплывае на тое, ці будзе запрошаны чалавек з ім працаваць. Дагвокер проста сам глядзіць, ці атрымаецца ў яго справіцца з тым жа алабаем, напрыклад. Тут больш важнае, як добра сабака выхаваны, ці займаліся з ім гаспадары.

— Прагулкі звычайна праходзяць па двух сцэнарыях: з ланцужком і без. Па другім варыянце толькі ў тых выпадках, калі дазволіў уладальнік жывёлы, а сабака вас слухае і, самае галоўнае, ён ужо сам умее гуляць свабодна. Бо калі яго гэтаму навучыць дагвокер, ёсць магчымасць таго, што гадаванец перастане слухацца... гаспадара, — працягвае аповед пра нюансы свайго занятку Марыя.

Колькі на выгуле сабак можна зарабляць? У гэтай рабоце ўсё залежыць ад таго, хто прапануе паслугі. Калі браць шмат кліентаў — а гэта тры-чатыры на пастаяннай аснове — і калі ў дагвокера ёсць вопыт работы, ён разбіраецца ў кіналогіі, яго любяць жывёлы, за ўсё гэта будуць добра плаціць. Цэны часцей за ўсё дагаворныя. Пачаткоўцы атрымліваюць ад пяці рублёў за адну гадзіну прагулкі. У больш вопытных сярэдні заробак складае 7—15 рублёў.

У некаторых кампаніях, якія займаюцца выгулам, кошт залежыць ад памеру сабакі: маленькія — чатыры рублі, сярэднія — пяць і вялікія — шэсць рублёў. І гэта за 20—30 хвілін. У апошнім выпадку ў сярэднім за адну гадзіну прагулкі з прафесійным дагвокерам гаспадар гадаванца аддасць каля дзесяці рублёў.

Святлана ЛАЖЭВІЧ, вучаніца 11 класа СШ № 54 Мінска

Фота з асабістага архіва гераіні

Загаловак у газеце: Дагвокер для гадаванца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?