Вы тут

Выдаткі на абарону краіны павысяцца да 1,5% ад ВУП


Савет бяспекі сёння на пасяджэнні ў Палацы Незалежнасці ўхваліў новы план абароны Беларусі і Канцэпцыю будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл да 2030 года. Пакет дакументаў падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.


Згодна з імі, выдаткі на абарону краіны павысяцца цягам найбліжэйшых дзесяці гадоў да 1,5% ад ВУП.

На пытанне журналіста «Звязды», адкуль, на думку Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі, сыходзіць галоўная пагроза для краіны, Станіслаў Зась адказаў коратка: «Сёння кіраўнік дзяржавы сказаў досыць канкрэтна, што самая галоўная наша пагроза хаваецца ў эканоміцы. Гэта сапраўды так».

Прынцыповае адрозненне пераробленага плана абароны краіны ад папярэдніх у тым, што акцэнт у ім робіцца на папярэджанне развязвання агрэсіі, на стратэгічнае стрымліванне, патлумачыў журналістам Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась пасля завяршэння паседжання Саўбезу. 

«Па стратэгічным стрымліванні распрацаваны асобныя дакументы. Нададзена больш увагі пытанням папярэджання дэстабілізацыі ўнутранай сітуацыі ў краіне. Такія сучасныя рэаліі, з якімі сутыкаецца ўвесь свет. З гэтага пачынаецца — з правакавання ўнутранага канфлікту. Зразумела, што ў гэтым павінны быць задзейнічаныя не толькі Узброеныя Сілы, ваенная арганізацыя дзяржавы, але ў цэлым уся краіна, і пра гэта таксама сёння ішла размова», — паведаміў ён. 

Станіслаў Зась дадаў, што шмат увагі на пасяджэнні надавалася пытанням забеспячэння патрэб абароны. «Мы ў стане забяспечыць ваенную бяспеку нашай краіны, сыходзячы з тых магчымасцяў, якія маем», — запэўніў ён. 

Сёння таксама разглядалася канцэпцыя будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл да 2030 года. «Якой іх склад і структуру нам трэба мець, якія задачы яны павінны быць гатовы выконваць у мірны час, падчас пагрозы і ў ваенны час. Выкладзена, па якіх кірунках будзе ісці развіццё Узброеных Сіл, які з іх прыярытэтныя — што вельмі важна, каб сканцэнтраваць нашы рэсурсы. Вызначана мэта будаўніцтва Узброеных Сіл, пры гэтым упор робіцца на захаванне існуючага складу і структуры, але на якасным развіцці за кошт, найперш, пераўзбраення, мадэрнізацыі, тэхнічнага складніку», — пераказаў змест дакумента Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі. 

Што датычыцца забеспячэння Узброеных Сіл, кіраўнік дзяржавы, па словах Станіслава Зася, заняў наступную пазіцыю: краіна павінна выдаткоўваць на абарону, сыходзячы са сваіх магчымасцяў і неабходнасці забяспечваць Узброеныя Сілы ўсім патрэбным. 

Асаблівасць плана абароны краіны на наступныя пяць гадоў таксама ў тым, што ён па ўсіх напрамках прыземлены, дадаў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў. 

«Гэта цалкам заснаваныя на дакладных разліках і забяспечаныя фінансаваннем мерапрыемствы, якія будуць праводзіцца ў мірны час, падчас узрастання пагрозы і ў ваенны час, — сказаў міністр. — Другая асаблівасць у тым, што ў ім маецца новы дакумент — план стратэгічнага стрымлівання. У яго мы заклалі ўсе дзеянні ваеннай структуры, іншых сілавікоў, міністэрстваў і ведамстваў, якія будуць праводзіць мерапрыемствы па зніжэнні верагоднасці знікнення канфліктаў і ваеных дзеянняў і сводзіць іх на нішто». 

Новая канцэпцыя будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл таксама прыземленая, сказаў Андрэй Раўкоў. «Штатная колькасць Узброеных Сіл застаецца ранейшай — 65 тысяч чалавек, — удакладніў ён. — Самы фінансава затратны пункт канцэпцыі — мадэрнізацыя і закупка новага ўзбраення, ваеннай тэхнікі. Мы прапанавалі дадатак да дакумента, дзе канкрэтна распісана, якую тэхніку будзем закупляць цягам 10 гадоў». 

Яшчэ адзін кірунак канцэпцыі — пазбаўленне ад лішніх матэрыяльных сродкаў і тэхнікі, якая здымаецца з ўзбраенняў. 

Што тычыцца прыярытэтаў, то ў першую чаргу фінансавацца будуць мерапрыемствы, звязаныя з беспілотнай авіяцыяй, з сіламі і сродкамі радыёэлектроннай і радыёлакацыйнай разведкі. Будуць удасканальвацца дальнабойныя сродкі — ударная авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя. Да першачарговых аднесена і пытанне закупкі боепрыпасаў, у першую чаргу зенітных кіравальных ракет і супрацьтанкавых кіравальных ракет, а таксама іншых высокадакладных боепрыпасаў, дадаў міністр абароны.

Выконваючы абавязкі начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першага намесніка Міністра абароны Беларусі Аляксандр Вальфовіч расказаў журналістам, што пры распрацоўцы новага плана абароны ўлічваўся вопыт Сірыі, Украіны, Балівіі, Венесуэлы і іншых краін, якія сутыкнуліся з пагрозай для свайго суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці. 

«Мы нікога не разглядаем у якасці агрэсара, — падкрэсліў выконваючы абавязкі начальніка Генеральнага штаба. — Мы — міралюбівая краіна, у нас абарончая дактрына. Словы „чужой зямлі нам не трэба, але і сваёй ні пядзі не аддадзім“ — гэта пра нас». 

Ён нагадаў, што ў Беларусі маюцца роты хуткага рэагавання, якія маюць 90-хвілінную гатоўнасць, каб абараніць любы ўчастак мяжы або любы стратэгічна важны аб’ект. 
На пытанне журналіста «Звязды», у чым асаблівасць сучасных гарачых кропак у свеце, выконваючы абавязкі начальніка Генеральнага штаба адказаў, што цяпер усё пачынаецца з расхіствання абстаноўкі ў краіне, дзеяння дробных груп, дыверсійна-разведвальных груп.

«Зараз вельмі шырока выкарыстоўваюцца наёмнікі прыватных ваенных кампаній, якія спрабуюць праверыць на трываласць увесь сілавы складнік — не толькі Узброеныя Сілы. Пасля гэтага спрабуюць правесці так званую спецыяльную аперацыю, дзе спачатку адбываецца пачатковы этап, потым больш актыўны. Падключаюцца незаконныя ўзброеныя фарміраванні. У процівагу гэтаму ў нас распрацаваны комплекс мер, каб не дапусціць развязвання ўзброенага канфлікту ў Беларусі», — заявіў Аляксандр Вальфовіч.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гродзенскі заапарк без страт выходзіць з зімоўкі і рыхтуецца да новага сезона

Гродзенскі заапарк без страт выходзіць з зімоўкі і рыхтуецца да новага сезона

Літаральна нядаўна з'явіўся і першы ў гэтым годзе прыплод.

Грамадства

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска Алена Сцепаненка працуе на сваім месцы каля двух гадоў.

Эканоміка

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава.