Вы тут

У музеі замкавага комплексу «Мір» стартуе выстака «Аб'ядноўваючы прастору і час»


20 снежня ў музеі замкавага комплексу «Мір» возьме старт міжнародны выставачны праект «Аб'ядноўваючы прастору і час», на якім будуць прадстаўленыя ўнікальныя гістарычныя карты ХVІ—ХVІІІ стагоддзяў, дзе адлюстраваныя беларускія землі таго часу. Праект стаў вынікам супрацоўніцтва музея Мірскага замка, Нацыянальнага музея старых картаў і кніг (Румынія), гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі і калекцыянера, дызайнера ды рэстаўратара Ігара Сурмачэўскага.


На выстаўцы, расказалі «Звяздзе» ў аддзеле ўліку і захавання фондаў музея замкавага комплексу ў Міры, сабраныя рэдкія гістарычныя дакументы і іх копіі: карты работы славутых галандскіх, французскіх і нямецкіх майстроў Пітэра Шэнка, Міціаса Шутэра, Нікаля Сансона, Петруса Берціуса ды іншых. Як змяняліся з часам межы навакольных дзяржаў, куды рухаліся тыя ці іншыя ваенныя паходы і дзе ў выніку заключаліся мірныя дамовы, як наогул пашыраліся геаграфічныя веды — адказы на ўсе гэтыя пытанні можна атрымаць з дапамогай картаў.

«Асаблівай увагі заслугоўвае карта Вялікага Княства Літоўскага 1631—1650 гадоў, якая на працягу наступных двух стагоддзяў заставалася недасягальным узорам на тэрыторыі Рэчы Паспалітай — як па ўзроўні афармлення, так і па аб'ёме інфармацыі, змешчанай на ёй, — анансуюць адну з цікавінак экспазіцыі супрацоўнікі музея. — Гэту карту, якая цяпер захоўваецца ў фондах нашага музея, стварыў вядомы гравёр Томаш Макоўскі на замову князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі. Дарэчы, партрэт самога фундатара можна будзе таксама ўбачыць на выстаўцы — на старонках кнігі «Перэгрынацыя, альбо Паломніцтва князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла ў Святую Зямлю», датаванай 1683 годам».

Выстаўка працягне сваю работу да канца сакавіка 2020 года, а трапіць на яе можа кожны наведвальнік музея замкавага комплексу «Мір» — па квітку ў музей.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Прэв'ю: fotex.biz

Загаловак у газеце: Час і прастору спалучаць у Мірскім замку

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.