Вы тут

Як беларускаму слімаку трапіць у Еўропу, пакуль мы вучымся культуры яго спажывання


Штогод жыхары еўрапейскіх краін спажываюць сотні тон слімакоў. Развядзенне гэтых малюскаў стала там прыбытковым бізнесам. Вырошчваюць слімакоў у Францыі, Італіі, Германіі, Маштабнае развядзенне іх пачалося ў Расіі, ва Украіне. У Беларусі пакуль справа знаходзіцца ў першапачатковай стадыі. Такім бізнесам займаюцца, напрыклад, фермеры з Карэліцкага раёна. І даволі паспяхова.


Вырашыў разводзіць слімакоў і прадпрымальнік з Нясвіжскага раёна Павел Станіслаўчык. Каля пяці гадоў таму ён выкупіў будынак школы. Планаваў адкрыць бетонную вытворчасць, але не падумаў, што памяшканні знаходзяцца паблізу ад жылога дома, і па санітарных нормах яна забаронена. Таму і заняўся слімакамі. Калісьці Павел Віктаравіч купіў гэтых малюскаў на рынку ў Маскве, вырошчваў для сваіх патрэб на прысядзібным участку. У 2016 годзе ён заараў невялікі лапік зямлі, які ў далейшым пашырыў да 1600 квадратных метраў (тут можна вырошчваць да пяці тон слімакоў). Затым падрыхтаваў і другі ўчастак, дзе можна атрымліваць іх сем-восем тон.

А разводзіць фермер такі від слімакоў, як Hеlіs Аsреrsа Mullеr. У народзе іх называюць малым шэрым слімаком.

— Нехта сказаў, што вырошчванне гэтых панцырных істот — работа для гультаёў. Сапраўды так? — пацікавілася ў суразмоўніка.

— Сёння я ўжо навучыўся даглядаць слімакоў, вось напачатку было нялёгка, бо не ведаў пра шмат якія нюансы. У нейкі момант яны пачалі гінуць — адсутнічала вентыляцыя, у цяпліцы стаяла спякота, якую яны не пераносяць. Да таго ж, дрэнна елі, марудна раслі. Прычына аказалася ў камбікорме буйнога памолу, недахопе мелу для ўмацавання панцыра... Усе неабходныя звесткі браў у інтэрнэце, пераймаў вопыт у іншых фермераў.

На ферме абсталяваны спецыяльныя загоны для слімакоў, агароджаныя сеткавым палатном, зверху праходзіць спецыяльная сістэма паліву, якая стварае вільготнасць да 90 працэнтаў. Такое асяроддзе аптымальнае для жыццядзейнасці панцырных. Акрамя таго, ёсць і кармушкі — доўгія сталы з дошак, куды насыпаецца камбікорм. Разам з тым жывёліны любяць моркву, капусту, яблыкі. Выпаўзаюць яны харчавацца бліжэй да поўначы, калі на вуліцы спадае тэмпература. Спажываюць і спецыяльную траву. Летась гаспадар засеяў поле алейнай рэдзькай, але яна вырастае высокая, і слімакам нязручна яе есці. Сёлета Павел Віктаравіч купіў для пробы сумесь насення: рэдзьку і кітайскую капусту, якая дае шырокі ліст, ды і зямля не так хутка высыхае пасля паліву.

— Траву сею ў сакавіку. У маі, як толькі тэмпература на вуліцы ноччу ўсталёўваецца не ніжэй за плюс пяць градусаў, выпускаю малькоў з цяпліцы ў загон, устанаўліваю для іх кармавыя сталы. З мая да верасня яны вырастаюць да палавой спеласці і дасягаюць кандыцыі. Збіраем іх, мыем вадой са шланга, каб мелі таварны выгляд, сушым у цяпліцы вентылятарам, запакоўваем у сеткі.

Гатовы тавар, як і рэпрадуктыўны, захоўваецца ў халадзільніку пры тэмпературы 3—5 градусаў цяпла. У такім асяроддзі слімакі ўпадаюць у анабіёз (спячку), шчыльна закрыўшы плёнкай адтуліну ў ракавіне і тым самым падтрымліваючы камфортны мікраклімат унутры. У такім стане яны могуць спаць да паўгода і... чакаць свайго спажыўца.

Павел Станіслаўчык сёлета сабраў невялікі «ўраджай» малюскаў — тону. У планах — пашыраць вытворчасць. Аднак атрымаць прадукцыю толькі палова справы. Яе неабходна прадаць.

— Еўрапейцы адсочваюць рынак. І як толькі на ім з'яўляецца новы вытворца слімакоў, імкнуцца наладзіць з ім кантакты, — кажа Павел Віктаравіч. — У набыцці маёй прадукцыі зацікаўлены тры іспанскія і дзве італьянскія фірмы. Італьянцы купляюць слімакоў па больш высокай цане, але бяруць невялікую колькасць — да пяці тон. Палякі набываюць тавар у неабмежаванай колькасці, але дзеляць яго на класнасць. А гэта дадатковыя затраты на пераборку, сарціроўку. Я гатовы пастаўляць сваю прадукцыю за мяжу, але не магу дачакацца неабходных дакументаў на вываз. Звяртаўся з заявамі ў Дэпартамент ветэрынарыі і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Менавіта гэтая структура павінна накіраваць у бельгійскую арганізацыю «Трэсіс» дакументы, якія пацвярджаюць, што прадукцыя экалагічна чыстая, без радыенуклідаў, адпавядае санітарным нормам, каб там выдалі адпаведны сертыфікат, які дазваляе пастаўку слімакоў у краіны Еўрасаюза з тэрыторыі Беларусі. Такая ж працэдура прадугледжана для ўвозу ў Еўразійскі эканамічны саюз, у Расійскую Федэрацыю.

— У мяне гатова браць слімакоў расійская кампанія «Азоў-Трэйд», якая вырошчвае іх і перапрацоўвае. Але зноў жа, павінен быць дазвол на вываз ад расійскага боку. Да мяне прыязджала камісія, зрабіла заўвагі, — працягвае фермер. — Недахопы выправіў: уладкаваў месца для захоўвання інвентару, хімікатаў, рабочага адзення, набыў рукамыйнік, кантэйнер для смецця. Да гэтага часу чакаю паўторнага візіту і адпаведнага рашэння. Гэта стрымлівае развіццё вытворчасці — я ж не магу заваліць увесь халадзільнік слімакамі. Куды іх падзець? Без дакументаў няма сэнсу імі займацца. Гродзенская фірма «Мока» закупляе слімакоў для перапрацоўкі і пастаўляе ў буйныя гандлёвай сеткі, дзе кілаграм далікатэсаў каштуе 70 рублёў. Гэта зразумела, бо каб атрымаць паўфабрыкаты, трэба ўкласці яшчэ шмат працы, фінансаў. Я ж прапаноўваю слімакоў у жывым выглядзе па 10 рублёў за кілаграм. У будучым планую зменшыць кошт.

Вінаградны слімак абавязкова прысутнічае ў меню еўрапейскіх рэстаранаў. У яго мясе няма халестэрыну, а бялка больш, чым у курыных яйках. Акрамя таго, яно багатае на амінакіслоты, такія неабходныя нашаму арганізму. А муцын (слізь), выкарыстоўваецца ў касметалагічнай, фармацэўтычнай прамысловасці.

— У будучым мы таксама плануем атрымліваць гэтае біялагічнае рэчыва. На сённяшні дзень кампанія «Беліта-Вітэкс» зацікаўленая ў яго пакупцы, але працэс збірання мы прадумалі не да канца, каб усё было чыста і гігіенічна, з захаваннем санітарных нормаў. Гэта яшчэ наперадзе, — упэўнены Павел Віктаравіч. — Больш за тое, мы можам выпускаць нават белую ікру з яек слімакоў.

Павел Станіслаўчык здабыў рэцэпт яе засолкі і гатуе гэты далікатэс для сям'і, сяброў і блізкіх. Па яго словах, смак белай ікры нагадвае смак чорнай, але без спецыфічнага рыбнага паху.

А яшчэ фермер хоча адкрыць гастранамічны тур. З гэтай мэтай ён прыцягнуў на ўчастак вагон-бочку. У такіх у савецкі час жылі будаўнікі — першапраходцы Байкала-Амурскай магістралі. Тут ёсць кухня, санвузел, душ, каналізацыя, цалкам захаваны санітарныя нормы. У гэтым вагоне прадпрымальнік мяркуе гатаваць розныя стравы са слімакоў. Усё, як кажуць, на месцы, злавіў, прыгатаваў і з'еў яшчэ цёпленькія ў прыгожай альтанцы, якую Павел Віктаравіч плануе пабудаваць у яблыневым садзе, што захаваўся каля будынка. А тэрыторыю ўпрыгожыць старымі побытавымі рэчамі, якімі карысталіся нашы продкі.

У беларусаў пакуль няма культуры спажывання слімакоў. Аднак, як верыць мой суразмоўнік, з цягам часу яна з'явіцца. Неабходна прывучаць людзей да гэтага далікатэсу. Падчас кірмашу ў Нясвіжы ён запрасіў французскага кухара, які пераехаў на радзіму жонкі ў Віцебскую вобласць. Майстар прыгатаваў сальс — са смажанай вэнджанай грудзінкі, вострай сухой каўбасы і слімакоў, са спецыямі ды выпараным белым віном. І людзям спадабалася гэтая страва. А француз паабяцаў, што правядзе майстар-клас для свайго калегі, які будзе «працаваць» на кухні са слімакамі.

Як стала вядома, Дэпартамент ветэрынарыі пераслаў заяву ў адпаведнае ўпраўленне Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама, дзе павінны стварыць камісію і выехаць на месца. Спадзяёмся, што фермер дачакаецца радаснай весткі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?