Вы тут

Як маладая пара з Лоева адкрыла ўласную пякарню


Мясцовая бізнес-ініцыятыва Вольгі і Уладзіслава Яўграфавых за лічаныя месяцы ператварыла маладую сямейную пару з Лоева ў матыватараў развіцця прыватнай справы ў гомельскай глыбінцы. Вольга і Уладзіслаў маюць уласную хлебабулачную вытворчасць у аддаленым пасёлку гарадскога тыпу. У датацыйным раёне ствараюць новыя рабочыя месцы, павышаюць кваліфікацыю спецыялістаў і ўласным прыкладам паказваюць, як змагацца за сваю справу.


— Наша гісторыя не пра стартап, не пра самазанятасць як нейкі маладзёжны праект, — з першых хвілін размовы папярэджвае Вольга Яўграфава.

У сямейным бізнесе яна галоўны менеджар, юрыст, маркетолаг і спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ў адной асобе.

— Мы, як многія маладыя пары ў глыбінцы, ужо пакавалі чамаданы і планавалі перабірацца на ПМЖ у Гомель. Шукалі там работу. Потым вырашылі: дадзім Лоеву — самай дарагой сэрцу мясціне — апошні шанц застацца ў нашым жыцці.

На руках маленькая дачка, ніякага вопыту вядзення бізнесу, невялічкія сямейныя зберажэнні і апантанае жаданне падарыць сабе, сябрам, знаёмым, суседзям і ўсім мясцовым магчымасць мець на стале духмяны, свежы хлеб.

У райцэнтры і раёне даўно склалася несуцяшальная сітуацыя з пастаўкамі хлебабулачных вырабаў. Гэтую нішу намагаўся запоўніць прывазнымі боханамі сеткавы супермаркет. Прадаваўся, але ж слаба, і хлеб райспажыўсаюза.

— Мы марылі не проста пра пякарню — вытворчасць хлеба як машыну часу. Назад, у мінулае, у дзяцінства, калі духмяную цагліну не маглі данесці дадому, з'ядалі па дарозе. Пунктам невяртання стала рэгістрацыя таварыства з абмежаванай адказнасцю. Нельга ўжо «згуляць» у самазанятасць і ўсё кінуць.

Яўграфавы ведалі: будуць вырабляць выпечку толькі без хімічных дадаткаў і кансервантаў. Прызнаюцца: падняць пласт ведаў, уменняў і навыкаў — тэхналагічных і маркетынгавых — было на мяжы іх магчымасцяў. Рызыкоўна і страшна. Вывучалі розныя тэхналогіі працэсу закваскі, расслойкі цеста. Але перш чым выбіраць абсталяванне для будучай пекарні, шукалі, з кім працаваць.

— Мы разумелі: падобны вытворчы працэс — хлебнае месца для работнікаў, нячыстых на руку. Таму шукалі спецыялістаў, якія ведалі б працэс і былі сумленныя. Думалі: у Лоеве не так даўно функцыянаваў кандытарскі цэх, павінны застацца спецыялісты, якіх скарацілі. Хлебазавод таксама калісьці працаваў у тры-чатыры змены. Але нікога не маглі знайсці. Больш за ўсё праблем было з добрымі пекарамі. Лёс накіраваў да нас тэхнолага і пекараў — найлепшых з лепшых, можа і ў вобласці. Вельмі сумленныя людзі.

За два месяцы лаяўчане купілі абсталяванне — цестамес і печ, прывялі ў належны выгляд памяшканне, якое дало ў арэнду райспажыўтаварыства. Яўграфавы абышліся без крэдытаў. Сакрэту не робяць — на рамонт памяшкання, закупку сыравіны і абсталявання пайшло без малога 32 тысячы рублёў. У красавіку выдалі першыя пробныя партыі хлеба. Сталася так, што практычна ў гэты ж час перастаў працаваць Лоеўскі хлебазавод. Попыт на хлеб вырас. Аднак узрасла і адказнасць перад спажыўцамі.

— Калектыў складаўся з сямі чалавек: бухгалтара, тэхнолага, прадаўца, двух пекараў. Муж Уладзіслаў стаў дырэктарам. Я і на ўборку, і за прылавак, і па сыравіну. Мая першая спецыяльнасць — сацыяльны псіхолаг, другая — юрыст, гэта дапамагло ў справе.

Спачатку пяклі днём. Потым дзяўчаты-пекары папрасіліся ў начную змену. Праўда, у першы месяц справу ледзь не патапіла арэнда амаль у дзве тысячы рублёў і плата за электраэнергію. Аднак прадпрымальнікі рызыкнулі і ўзялі ў арэнду (чым зрабілі паслугу райспажыўтаварыству) яшчэ і будынак былога кандытарскага цэху, які патрабаваў сур'езнага рамонту і проста разбураўся без выкарыстання.

У першым памяшканні цяпер працуе кавярня-пякарня. Тут зала для продажу прадукцыі ў розніцу насельніцтву і кухня, дзе пякуць булачкі, круасаны і смажанкі. У былым кандытарскім цэху Яўграфавы вырабляюць ужо хлеб і батоны.

— Паверце: выпячы каравай, круасаны ці булачкі лягчэй, чым бохан хлеба. Таму што кожны градус у печы, кожная хвіліна маюць значэнне. Аднак мы з самага пачатку рыхтаваліся да цяжкасцяў. Кіраваліся толькі ДАСТам. Хлебныя «цаглінкі» выпускаюць усе «хлебпрамы» краіны, але менавіта першапачатковай рэцэптуры прытрымліваюцца нямногія. На працэс вытворчасці нашага хлеба ідзе шэсць гадзін. Гэта нецікава буйным заводам. Хто будзе тлуміць галаву дзеля партыі хлеба на такі час? Мы будзем!

Мука першага гатунку, мука абдзірная, соль, дрожджы, закваска. Ніякіх дадаткаў-паляпшальнікаў. У гэтым і складанасць.

Цяпер працуюць толькі ў начную змену. Але ўжо пашыраюць вытворчую лінію, плануюць вось-вось перайсці на кругласутачны рэжым. Пакуль вырабляюць паўтары тысячы адзінак прадукцыі за ноч. Усё строга пад заказ.

— Для нас ад пачатку прынцыповым заставаўся гэты момант: мы не перавырабляем хлеб. На пачатковым этапе партыі хлеба спісвалі па розных прычынах. Яго высушвалі і прадавалі па іншай цане як хлеб для хатняй жывёлы. Людзі пытаюцца: калі будзеце зноў прадаваць сухары? Мы спадзяёмся, што ніколі не будзе лішкаў хлеба, які не пройдзе кантроль.

Маладыя лоеўскія прадпрымальнікі пастаўляюць сваю прадукцыю ва ўсе прыватныя крамы райцэнтра і большую частку магазінаў па вёсках. Спадабаўся лоеўскі хлеб і жыхарам украінскіх пасёлкаў, што знаходзяццца ў памежжы.

— Мы пастаўляем свае вырабы 20 аптавікам. Плюс наша кавярня-пякарня — гэта ўласны гандлёвы пункт, які размяшчаецца ў той частцы Лоева, што толькі расце і пашыраецца. Па праўдзе кажучы, для маладой справы арэнда там вельмі высокая. Аднак мы патрэбныя людзям. Гэта такі «колсэрвіс». Нашы пакупнікі прыходзяць да нас штодзень, расказваюць, што хацелі б мець на сваім стале.

Справе дзевяць месяцаў, аднак ужо на сёння сямейны бізнес адкрыў 15 рабочых месцаў. У найбліжэйшы час будуць пашырацца.

— Спачатку людзі марылі пра смачны і натуральны хлеб. Цяпер жадаюць гарачую выпечку пастаянна. Раніцай будзем прадаваць спечанае ноччу, а на працягу дня яшчэ развозіць гарачы хлеб і батоны.

Яўграфавы таксама прынцыпова вырашылі: іх маленькі бізнес не будзе спаборнічаць ці канкурыраваць з прадукцыяй сеткавікоў ці буйных хлебпрамаў. Хай іх пакупнікоў будзе не так шмат, але гэта будуць «тыя самыя людзі».

— Не патрэбная этыкетка — ты разумееш па выглядзе і смаку, што хлеб наш той самы! Ведаеце, калі я гэта зразумела? Дапамагала неяк дзяўчатам за прылаўкам — адпускала нашу «цаглінку» такому самавітаму, вельмі сур'ёзнаму мужчыну, за пяцьдзясят гадоў. Узяў у рукі бохан, а ён гарачы. Мужчына ператварыўся ў дзіця. Скібку адламаў і папрасіў яшчэ адзін — маўляў, з'есць па дарозе, баіцца, не данясе дадому. Мы таксама баімся!

Зараз усе заробленыя грошы пасля аплаты камунальных, арэндных рахункаў і выплаты зарплаты свайму калектыву прадпрымальнікі ўкладваюць у набыццё новага абсталявання.

— Мы хочам усё максімальна механізаваць — не для таго, каб скараціць нашых людзей. Проста ў нас зараз цалкам ручная вытворчасць. Толькі хлеба за змену 500 боханаў пекар уручную выпякае. Гэта тытанічны аб'ём работы.

Вольга шчыра кажа, што тут, у глыбінцы, нельга зайздросціць пякарням, якія пазіцыянуюць сябе як вытворцаў аўтэнтычнага хлеба:

— Цэннік там на хлеб ад 3 рублёў за 300 грамаў. У нас няма выйсця, наш хлеб павінен быць канкурэнтаздольны. Не можам сабе дазволіць падымаць цану, трымаем яе на ўзроўні хлебпрамаўскіх вырабаў. Тыя маладыя самазанятыя, хто цікавіцца нашай гісторыяй і натхняецца прыкладам, павінны разумець, што якасны натуральны хлеб — выпрабаванне яшчэ і ў плане закупкі сыравіны. Мясцовая хлебная ініцыятыва не можа цягацца з тытанамі хлебнай вытворчасці.

Аднак дома, на Лоеўшчыне, упэўнена Вольга, мясцовыя чакаюць іх хлеба, таму нельга адступаць і здавацца.

— Я веру, што невялікі «бізнес з душой» — будучыня для малых гарадоў. У нас не проста вытворчасць, у нас сям'я, дзе пекары шчыра плачуць, калі бохан не падняўся як трэба. Мы рэальна жывём агульнай справай.

Не так даўно лоеўскія хлебапёкі адзначылі сваю першую маленькую перамогу — паўгода актыўнай дзейнасці. Не чакалі, але ў гэты ж самы час на Дзень горада ад кіраўніцтва Лоеўскага райвыканкама атрымалі падзячны ліст за ўнёсак у развіццё райцэнтра і актыўную жыццёвую пазіцыю. Яўграфавы мяркуюць, што гэта не проста папера з прыемнымі словамі, бо ўжо ёсць героі новых гісторый, якія жадаюць застацца ў Лоеве і адкрыць на радзіме сваю ўласную справу.

Наталля НЕВЯРОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Урачы па ўсiм свеце запусцiлi флэшмоб #StayAtHome.

Грамадства

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Ранейшы ўласнiк цяпер звярнуўся ў суд i патрабуе вярнуць будынак.

Культура

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар з'яўляецца аўтарам опер, сімфоній і кантат, яго музыка гучыць у розных кутках свету, а ў Беларусі з ім працуюць найлепшыя выканаўцы.

Культура

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Уладзiмiр Амельяновiч і Апанас Кляцко.