Вы тут

70-гадовы юбілей адзначылі працаўнікі кааператыва «Жухавічы»


70-гадовы юбілей адзначылі ў снежні працаўнікі сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Жухавічы», які лічыцца адным з лідараў Карэліцкага раёна. Тут ёсць поспехі і ў малочнай, і ў мясной, і ў расліннай галінах. А буйны яблыневы сад ды дойка кароў пад музыку — «разыначкі» СВК, якія сведчаць пра руплівасць ды жаданне кіраўніцтва і людзей быць найлепшымі ў сваёй справе. І хоць 70 юбіляру споўнілася яшчэ ў ліпені, аднак як сапраўдны гаспадар СВК святкаваў ды гуляў толькі пасля таго, як перад зімой упарадкаваўся.


Да раённых лістападаўскіх Дажынак і 70-га дня нараджэння гаспадарка рыхтавалася ўсё лета. У аграгарадку Жухавічы, які па колькасці жыхароў саступае толькі райцэнтру Карэлічы ды пасёлку Мір, — цалкам пераабсталявалі Дом культуры, упарадкавалі дарогу, зрабілі алею працаўнікоў. На свята, дарэчы, запрасілі не толькі больш як 500 цяперашніх работнікаў, а і абсалютна ўсіх, хто калісьці шчыраваў у калгасе.

На гэтай зямлі добра ведаюць, што самыя лепшыя, прыгожыя ды карысныя справы робяцца толькі талакой. Ды і самі людзі старанна да свята рыхтаваліся — паабапал вуліцы то новыя агароджы, то перафарбаваныя, а некаторыя нават хаты нанова расфарбавалі.

— Усе стараліся да свята прыбрацца, бо ў адным жа доме жывём! А людзі ў нас старанныя, зычлівыя, без іх гаспадарка не стала б адной з найлепшых у раёне і не дасягнула б такіх паказчыкаў, — кажа старшыня Жухавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр ІВАШКА. — Заасфальтавалі 300 метраў дарогі, памянялі кіламетр лініі электраперадачы, усталявалі энергазберагальныя свяцільнікі.

Удзельнікі свята кажуць, што юбілей атрымаўся душэўны. Кіраўнікі рабочых участкаў сабралі сваіх ветэранаў, каб да значнай даты далучыліся абсалютна ўсе.

Падарунак на юбілей атрымаў кожны. На добрую памяць усім працаўнікам гаспадаркі ўручылі камплект ручнікоў з вышыўкай, прысвечанай юбілею, па 50 рублёў і харчовы набор: 15 кіло цукру, па 10 мукі ды макароны. А пачэсным ветэранам, якія на свяце былі ва ўсіх сэнсах у першых радах, яшчэ і радыёгадзіннікі падарылі. Тым, хто не змог прысутнічаць на свяце, на наступны дзень гасцінцы развозілі па хатах. Вялізны каравай, які ўручылі старшыні СВК «Жухавічы», пасля падзялілі паміж усімі гасцямі, такім чынам кожнаму дастаўся яшчэ і ядомы кавалачак свята.

Праходзілі ўсе святы гаспадаркі ў абноўленым Доме культуры, якому налета споўніцца 50. За гэты час будынак не бачыў ніводнага рамонту, а тут літаральна за тры месяцы цалкам перайначыўся. Зроблены новы фасад, адрамантавана страха, аздоблены сцены ўнутры, адноўлены падлога і электраправодка. Глядацкая зала атрымала новыя крэслы, а творчы калектыў — цэлы «пасаг» з сучасных сцэнічных касцюмаў.

— У нас нават дываны пасцялілі чырвоныя, як у высокіх кабінетах, — смяецца Святлана АБЛАМЕЙКА, дырэктар Жухавіцкага дома культуры. 

Да вялізнай работы далучыліся ўсёй грамадой. Дырэктар культурнай установы працавала без выхадных і нават у водпуску. А каб паспець адсвяткаваць раённыя Дажынкі ў адноўленым будынку, апошні тыдзень у ім завіхаліся з венікам ды анучамі і работнікі райвыканкама.

Падчас восеньскіх суботнікаў тэрыторыю ўпрыгожылі туі, пасаджаныя работнікамі гаспадаркі. А рукамі ветэранаў сельскагаспадарчай галіны і пачэсных гасцей стварылі цэлую алею, якая ахінае Дом культуры.

Цяпер, спадзяюцца тут, ва ўстанову культуры будуць прыходзіць з яшчэ большай радасцю. Недахопу ж у людзях і іх цікавасці да мерапрыемстваў не было ніколі. «Людзі любяць глядзець на сваіх, на суседзяў, і бавіць час сумесна», — кажа дырэктар Дома культуры.

Ірына СІДАРОК

Прэв'ю: etcetera.media

Загаловак у газеце: Летам — нарадзіўся, зімой — весяліўся

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.