Вы тут

Як унесці канструктыў у эканамічнае ўзаемадзеянне Беларусі і В'етнама


Першая міжнародная сустрэча Наталлі Качанавай у якасці старшыні Савета Рэспублікі адбылася ў рамках афіцыйнага візіту парламенцкай дэлегацыі В'етнама на чале са старшынёй Нацыянальнага сходу Нгуен Тхі Кім Нган.


У час размовы, якая прайшла ў атмасферы добразычлівасці і даверу, Наталля Качанава адзначыла, што даўнія і трывалыя адносіны паміж беларускім і в'етнамскім народамі цяпер выходзяць на якасна новы ўзровень развіцця. У прыватнасці, ствараюцца перадумовы для рэалізацыі новых сумесных праектаў, знешнепалітычных і знешнеэканамічных ініцыятыў. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічае міжпарламенцкае супрацоўніцтва. Таму Наталля Качанава прапанавала інтэнсіфікаваць парламенцкія кантакты.

Давайце паглядзім, а што канкрэтна могуць зрабіць парламентарыі для ажыўлення і паглыблення эканамічных стасункаў дзвюх краін? Ды многае. Ну хоць бы па меры сваіх магчымасцяў спрыяць узаемадзеянню рэгіёнаў. Паводле слоў Наталлі Качанавай, у Мінску парламентарыі дамовіліся садзейнічаць пашырэнню кантактаў на рэгіянальным узроўні. Старшыня Нацыянальнага сходу В'етнама ў сваю чаргу заўважыла, што на фоне дынамічнага палітычнага дыялогу, умацавання гандлёва-эканамічных сувязяў развіваецца і міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. А гэта, на яе думку, таксама стварае добрую аснову для паглыблення двухбаковых адносін.

Каб больш эфектыўна выкарыстоўваць значны патэнцыял узаемавыгаднага супрацоўніцтва ў эканоміцы, трэба расчысціць дарогу рэгіёнам. А яны, ёсць надзея, паспрабуюць змяніць застылую структуру ўзаемнага гандлю Беларусі, краін ЕАЭС і В'етнама. За рэдкім выключэннем, асартымент тавараў дзесяцігоддзямі не мяняецца. Традыцыйна В'етнам у Беларусь, як і ў іншыя краіны ЕАЭС, пастаўляе сродкі сувязі, каўчук, арэхі, чай, каву, морапрадукты, ананасы і г. д. Ад нас ідуць калійныя ўгнаенні, грузавікі, трактары, іншая тэхніка, лекі, шыны. Рэдкія выключэнні ў гэтым спісе тавараў не робяць надвор'я ў гандлі. Праўда, апошнім часам в'етнамцы ўсё больш праяўляюць цікавасць да беларускіх малочных і мясных прадуктаў, шэрагу іншых тавараў. Так, у В'етнаме завяршаецца падрыхтоўка да пуску ў эксплуатацыю сумеснай малочнай вытворчасці. Там у наступным годзе з сухога беларускага малака будуць вырабляць малочныя прадукты. У В'етнаме ўжо працуе зборачная вытворчасць грузавікоў МАЗ.

І гэта добрыя знакі для рэгіёнаў. Наталля Качанава ў ходзе перагавораў адназначна выказалася за працяг прамысловай кааперацыі з мэтай выхаду з сумеснай прадукцыяй на рынкі іншых краін у перспектыве. А В'етнаму яна прапанавала больш актыўна пашыраць сваю прысутнасць на беларускім рынку.

Адносна нядаўна ставілася задача давесці тавараабарот паміж дзвюма краінамі да 500 млн долараў ЗША. Нагадаем, у 2015 годзе ён склаў 150 млн, што, вядома, не адпавядала эканамічнаму патэнцыялу краін. У 2018 годзе нагандлявалі на 115,3 млн долараў . Праўда, за дзевяць месяцаў гэтага года тавараабарот ужо склаў 153,4 млн. Але і гэта не тая лічба, якая рэальна можа быць дасягнута. Важная ўмова заключаецца ў тым, звярнула ўвагу Наталля Качанава, што нашы эканомікі з'яўляюцца ўзаемадапаўняльнымі, а гэта дазваляе краінам не канкурыраваць, а нарошчваць узаемныя пастаўкі прадукцыі.

Шанцы значна павялічыць тавараабарот ёсць. Напрыклад, в'етнамскія парламентарыі маглі б сказаць сваё слова ў справе спрашчэння доступу беларускіх тавараў на рынак іх і краін АСЕАН, бо існуючыя высокія мытныя пошліны тармозяць развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Думаецца, невыпадкова ў перагаворах з дэлегацыяй В'етнама ўдзельнічаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы. Гэта цяпер і яго клопат — як унесці канструктыў у міжрэгіянальнае супрацоўніцтва краін.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Загаловак у газеце: Дарогу рэгіёнам

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.