Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


На рэчку... З новым рыштункам

Фота: sm-news.ru

Рыбалка — гэта, што ні кажы, цікавы занятак! Не, аматарка не я — мой муж. Я проста рыбу люблю і паназіраць, як ён на рэчку збіраецца. Спачатку гадзін на дзесяць замочвае груцу, даводзіць да кіпення, пяць хвілін варыць, потым агонь выключае, праз паўгадзіны зноў уключае (і так разы з чатыры)... Пену яшчэ здымае, дабаўляе для паху адмысловы алей... Мне цікава, для чаго, бо здаецца, што рыбе ўсё роўна, але ж я ў гэтую справу не ўмешваюся. Ведаю толькі, што для прынады муж выкарыстоўвае гарох, кукурузу, шыцік, што на пачатку вясны ў халадзільніку магу лёгка «знайсці» матыля (паскудства — якога свет не бачыў!..).

Цікава паназіраць і за тым, як рыхтуюцца снасці: пальцы ў чалавека вялікія, нязграбныя, кручочак маленькі, а лёску — мала таго што трэба зацягнуць, дык яшчэ і завязаць на адмысловы вузельчык!

Апроч таго, час ад часу муж любоўна перабірае вудачкі, мацуе катушку да спінінга...

Дык вось, неяк падчас такіх «перабораў» заходзіць да нас сусед Анатоль. Хваліцца:

— Я не рыбак, але сёння — таксама з уловам. Ды яшчэ і з якім!

А далей пачынае расказваць, як на днях з'ездзіў у горад да сястры, як ля кантэйнераў са смеццем убачыў скручаны дыван і не змог «прайсці міма» — дапусціць, каб дабро прапала...

Карацей, загрузіў яго ў багажнік, прывёз дадому, памыў у сваёй рэчачцы. Праўда, вынік яму не вельмі спадабаўся — вырашыў яшчэ ў вадзе патрымаць, каб памок-папаласкаўся: скруціў, як было, і пакінуў ля берага, а раніцай з жонкай насілу выцягнуў... Думаў, гэтак набрак...

Але ж пагрузілі на тачку, прывезлі. Дома засталося толькі ўскінуць на жэрдачку, каб прасох. Пацягнулі за край і вачам не паверылі: са скрутка стала вывальвацца рыба, прычым шмат — жонка дзве патэльні насмажыла!

— Вось такая ў мяне рыбалка! Не тое што ў цябе, — сказаў сусед майму чалавеку.

Той, гляджу, пачухаў патыліцу, відаць, падумаў, што, можа, і сапраўды лепей з дываном на рыбалку паехаць. Але ж потым махнуў рукой і стаў складаць свае вудачкі.

Ірына Салата, г. Гродна


На добры ўспамін...

Фота: zarechany.by

У нашым вайсковым падраздзяленні Валодзька Плаціцын быў чалавек паважаны — як-ніяк фатограф. І не абы-дзе, а пры штабе палка. Але ж ён гэтым не дужа задаваўся: пры нагодзе здымаў і сваіх саслужыўцаў, праўда, не дарма: тыя па чарзе вадзілі Валодзьку ў салдацкую кавярню. У выніку пуза ў фатографа расло як на дражджах. «Паглядзі на сябе ў люстэрка, — сварыўся на хлопца старшына. — Дзе я на цябе адзенне вазьму? Танк лягчэй апрануць...»

Валодзька не злаваўся і сваё не кідаў: ледзь не штодня чарговы «кліент» вёў яго на перакус у кавярню, ад чаго фатограф яшчэ болей таўсцеў.

Але ж потым і зусім нечакана для ўсіх ён перастаў «прымаць заказы»: разам з двума «дзембелямі» — Мішам і Жэнем — сышоў у падполле...

Усё стала ясна глыбокай ноччу, калі гэтая тройца пачала па адным будзіць байцоў, а потым — як толькі тыя прадзіралі вочы — здымаць. Фоткі выходзілі — што трэба: без смеху не глянеш...

Карацей, пакуль рота зразумела, што да чаго, большасць байцоў была «сфоткана», і дзён праз колькі Валодзька ўжо дэманстраваў нам агульны здымак. На ім, у маленькіх авалах, красаваліся смешныя твары саслужыўцаў — з прозвішчамі-імёнамі ўнізе і надпісам (уверсе): «Где же вы теперь, друзья-однополчане?»

...Адказаць на гэта пытанне дапамог інтэрнэт: першы і з далёкага Абакана на яго адгукнуўся Слава Кузьмін кароткім: «Здароў, пагроза блока НАТА!»

І быццам не было дзесяцігоддзяў жыцця паасобку, быццам мы з ім па-ранейшаму ў салдацкай курылцы...

Генадзь Мішчук, в. Вотчына, Маларыцкі раён


Сватанне студэнта

Фота: tv.ua

...Ва ўніверсітэце наша Галя вучылася слаба, а значыць, на добрае размеркаванне разлічваць не магла. Усе надзеі былі на ўдалае замужжа, тым больш што кавалераў вакол круцілася шмат... Але ж як толькі заходзіла размова пра вяселле, тыя чамусьці знікалі.

І тут Галя ўспомніла, што да яе хай некалі, хай вельмі сарамліва, але ж заляцаўся Лёнік, тады (па яе словах) «недамерак і мамчын сынок, калабок у акулярах з тоўстымі шкельцамі», а цяпер — найлепшы студэнт курса, можа, нават будучае свяціла навукі! (Ну чаму б і не, калі памяць мае проста фенаменальную, заняткі не прапускае, на піва ды вечарынкі не ходзіць...)

Як падступіцца да яго, дзяўчына доўга не думала: папрасіла дапамагчы ў нейкіх пытаннях па сваёй дыпломнай рабоце. І потым, падчас гэтых кансультацый, так шчыра захаплялася ягонымі ведамі, так нястомна хваліла здольнасці, так замілавана глядзела ў вочы і так дарэчы на 23 лютага падарыла любімую кнігу Пікуля, што Лёнік, нядоўга думаючы, здаўся. Ён дапісаў гэтай чароўнай дзяўчыне дыпломную работу, 8 сакавіка падарыў яе і атрымаў такую падзяку, пасля якой як чэсны чалавек проста абавязаны быў жаніцца.

Галя, аднак, падзей не прыспешвала, але ж у вёску да бацькоў з'ездзіла. Яе матулю вельмі зацікавіла перспектыва займець гадоў праз дзесяць зяця-прафесара, чаго не мела ніводная баба ва ўсім наваколлі. І нават бацьку, які некалі цераз пень-калоду скончыў восем класаў, але праз прыродны розум (як ён лічыў) стаў загадчыкам склада, здалося, што ёсць нейкі толк у вышэйшай адукацыі: як-ніяк дачка з рамантычнай летуценніцы пераўтваралася такі ў досыць практычную маладзіцу.

З мамай яны нетаропка паклеілі ў хаце шпалеры, пафарбавалі вокны і падлогу. Бацька тым часам з калгаснай збажыны замовіў самагонкі.

На развітанне дачка папрасіла яго не мацюкацца пры будучым зяцю — хаця б да вяселля. Матулю, якая доўгімі зімнімі вечарамі глядзела бясконцыя меладрамы, вучыць харошым манерам патрэбы не было.

...У апошнюю суботу красавіка Лёнік прыехаў на так званыя агледзіны.

З дарогі яны добра перакусілі. Потым жанчыны засталіся ў хаце мыць посуд ды ладзіць святочную вячэру, мужчыны пайшлі знаёміцца з сялібай. Асаблівую ўвагу звярнулі на лазню — гаспадар спецыяльна пратапіў яе дзеля шаноўнага госця, якому ўсяго і даручалася, што занесці вёдзер колькі вады.

Калодзеж быў блізка, на іхнім жа падворку, але гэты цуд тэхнікі Лёнік бачыў упершыню, а таму дзівіўся (будучы цесць затрымаўся ў хляве), як тое дзіця Сенегала на Эйфелеву вежу. Толькі таму трэ было задзіраць галаву ўверх — Лёнік жа, каб зразумець прынцып дзеяння гэтай прылады, аж перагнуўся цераз край трубы...

І ўсё зразумеў, але новенькі мабільнік (падарунак мамы) выслізнуў з нагруднай кішэні і тут жа «разбіў» цьмянае люстэрка вады.

Госць, крыху пабедаваўшы, акуратна зачарпнуў яе акаваным вядром і пачаў выцягваць наверх.

Корбу, як здавалася, круціў досыць доўга, — вырашыў глянуць, дзе ж тое вядро? Па звычцы паправіў акуляры, але як толькі адпусціў палец, яны не ўтрымаліся і паляцелі ўслед за... вядром.

Яго імклівае падзенне студэнт памкнуўся спыніць — падставіў руку і атрымаў такі ўдар, што аж заплакаў.

На шум і з мацюкамі, якіх не пачуеш нават у войску, прыляцеў гаспадар, з хаты выбегла Галя. Пазванілі ў «хуткую». Пакуль яна ехала, рука распухла і ссінела. Лёніка з Галяй павезлі ў райбальніцу на рэнтген.

Косткі, дзякаваць богу, аказаліся цэлыя, аднак хлопец паехаў да сябе дамоў. Галя — таксама — каб ратаваць яго тэлефон і акуляры.

...Назаўтра пасля абеду яна ўжо званіла ў Лёневу кватэру. Дзверы ёй адчыніла меркаваная свякроў, але за парог не пусціла. Рэчы забрала і пры гэтым строга загадала забыць пра Лёніка, прычым назаўжды, бо з бессардэчнай вар'яткай, якая адправіла амаль сляпога чалавека з пакалечанай рукой у далёкую дарогу, ён ніколі не ажэніцца.

Так яно ў прынцыпе і выйшла.

...Нехта можа сказаць, што гэта зусім не вясёлая гісторыя. І памыліцца, бо Галя, паехаўшы працаваць па размеркаванні, хутка і, што важна, зусім не па разліку выйшла замуж, недзе праз год ажаніўся і Лёня, дакладней — Леанід Іванавіч.

В. Сідарэвіч, г. Бабруйск

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж

Так павялося між людзей —

Год пачынаецца з надзей...

Файная рэч інтэрнэт: «загугліў» гэты радок і маеш верш-пажаданне, просьбу-замову ці нават тост — за навагодні стол.

Кажаце, што думаць пра іх пакуль ранавата? Магчыма... А вось пра вынікі конкурсу на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю самы час — і вялікаму чытацкаму журы, і маленькаму рэдакцыйнаму. Яно, дарэчы, ужо склала адмысловую табліцу, дзе ў першых калонках — назвы «баек» і прозвішчы іх аўтараў, а ў апошніх на пачатку года з'явіцца колькасць балаў...

Адкуль? Спадзяёмся, і з рэдакцыйнай пошты, бо многія чытачы — дакладна ведаем — не проста чыталі рубрыку «Алё, народ на провадзе!», але і пазначалі найлепшыя (на іх погляд), гісторыі, каб урэшце назваць сваю дзясятку...

Вы таксама хацелі б гэта зрабіць? То калі ласка, за справу, калі, вядома ж, ёсць падшыўка газеты альбо магчымасць зайсці ў архіў на сайце «Звязды»... І пачытаць (пажадана — не запар) усе падборкі (рубрыка, нагадаем, выходзіла па пятніцах), яшчэ раз недзе ўсміхнуцца і падумаць, зрабіць свой выбар на карысць любімай рубрыкі і газеты, якая, дарэчы, можа стаць добрым навагоднім падарункам, адметным тым, што будзе нагадваць — і пра сябе, і пра дарыльшчыка — пяць разоў на тыдзень, як мінімум — месяц. А то і паўгода.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».