Вы тут

19 чалавек загінулі сёлета на працы на Віцебшчыне


Наколькі эфектыўна на Віцебшчыне выконваецца Дырэктыва № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны»? І ці робіцца ўсё магчымае, каб на рабоце не гінулі і не атрымлівалі траўмы? Гэтыя тэмы, канешне, вельмі актуальныя для большасці жыхароў краіны, абмяркоўваліся на нядаўнім пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама.


У ім браў удзел і кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка. І цікава было паслухаць яго аргументаваную крытыку, тым больш што ён доўгі час узначальваў аблвыканкам. Адпаведна, ведае многае аб праблемных прадпрыемствах і арганізацыях не толькі звонку...

Як канстатаваў намеснік старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандр ХРЫСТАФОРАЎ, сёлета за дзесяць месяцаў з-за так званых знешніх прычын на рабоце загінулі 19 чалавек. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года — на двое менш.

Пры гэтым, сёлета на чатыры выпадкі больш фактаў цяжкага траўміравання — 64.

І, на жаль, у асноўным прычыны гібелі, траўмаў — традыцыйныя: парушэнні працоўнай дысцыпліны, адпаведных інструкцый, неасцярога...

Кіраўнік ніжняй палаты парламента Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА адзначыў, што паўночная вобласць, на жаль, на першым месцы па паказчыку тых, хто загінуў на вытворчасці з разліку на 100 тысяч чалавек.

Народны выбраннік заклікаў прысутных больш адказна адносіцца да пытанняў бяспекі. Дзеля гэтага 15 гадоў таму і была падпісана дырэктыва. Паводле яго слоў, калі рабочае месца годнае, прэстыжнае з пункту гледжання аплаты працы, і грошы выплачваюцца своечасова, людзі самі будуць трымацца за яго.

Асаблівую ўвагу сярод іншага па тэме стварэння сучасных рабочых месцаў і бяспечнай працы аддалі Аршанскаму раёну. Усё, што патрэбна мясцовай уладзе, было агучана: для ўстойлівага развіцця, стварэння новых вытворчасцяў, асаблівых умоў для інвестараў — гэтае і многае іншае кіраўніком дзяржавы зроблена, нагадаў спікер парламента.

Не трэба лішні раз нагадваць, што жыццё — самае дарагое. Канешне, нельга казаць, што нічога не робіцца. У прыватнасці, сёлета каля 25 мільёнаў рублёў выдаткавана, каб палепшыць умовы на рабочых месцах, небяспечных для здароўя. У выніку лягчэй стала працаваць прыкладна 1,3 тысячы чалавек.

А працоўныя высокакваліфікаваныя рэсурсы штогод прыбаўляюць у цане — гэта сусветны трэнд.

Першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег МАЦКЕВІЧ прывёў рэальныя прыклады тых парушэнняў тэхнікі бяспекі, што сам бачыў падчас наведвання буйнога прадпрыемства.

Дык колькі ж іх увогуле ў вобласці? Дзясяткі, сотні!? Алег Мацкевіч таксама патрабаваў больш актыўна займацца прафілактыкай магчымых здарэнняў. І неабходна жорстка пытаць з тых кіраўнікоў, якія дапусцілі гібель, траўматызм.

Між іншым, амаль з паўсотняй адказных асоб не працягнулі кантракты менавіта з-за таго, што яны не забяспечвалі працоўную дысцыпліну. Больш за 1,1 тысячы наймальнікаў, кіраўнікоў, спецыялістаў за парушэнні патрабаванняў аб ахове працы заплацілі штрафы: на агульную суму больш за 175 тысяч рублёў.

Вельмі пільна трэба вывучыць умовы працы ў сельскай мясцовасці. Уладзімір Андрэйчанка нагадаў пра нядаўняе пасяджэнне ў абласным цэнтры з удзелам Прэзідэнта краіны наконт перспектыў развіцця сельскай гаспадаркі Віцебшчыны. І адна з задач — ствараць для вяскоўцаў адпаведныя патрэбам часу рабочыя месцы. І трэба рэкламаваць усе выгоды жыцця ў глыбінцы.

Між іншым, усё больш гараджан задумваюцца пра тое, каб пераехаць у правінцыю. І дзясяткі сем'яў на Віцебшчыне гэта робяць штогод.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв'ю: aif.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».