Вы тут

Чаму не ўсе наймальнікі своечасова разлічваюцца з работнікамі


Прафсаюзы Міншчыны штомесяц вядуць маніторынг заработнай платы, яе ўзроўню, тэрмінаў і своечасовасці выплаты ў арганізацыях цэнтральнага рэгіёна. У адпаведнасці з Генеральным пагадненнем паміж урадам, рэспубліканскімі аб'яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў яна павінна выплачвацца не радзей за два разы на месяц і не пазней 25-га чысла.


— Пры наведванні пярвічных прафсаюзных арганізацый асаблівую ўвагу звяртаем на адпаведнасць калектыўных дагавораў Пагадненню. Калі выяўляем парушэнні, затрымкі заробку, даём наймальніку рэкамендацыі, просім прыняць захады да выпраўлення сітуацыі і больш не парушаць правы і законныя інтарэсы работнікаў, — кажа загадчык аддзела сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін Мінскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Аляксандр Юрчык.

Вядома, фінансава-эканамічная сітуацыя на прадпрыемствах і ў арганізацыях розная, што ўплывае на своечасовасць разлікаў. Некаторыя наймальнікі пераносяць тэрміны выплаты, напрыклад, на 26, 27, 28-е чысло месяца. У гэтым выпадку прафсаюзы таксама даюць ім пісьмовую рэкамендацыю пра адпаведнасць нормам Генеральнага пагаднення. Гэтыя абавязацельствы прапісаныя і ў абласным, тарыфных пагадненнях галіновых прафсаюзаў, у калектыўных дагаворах арганізацый. Некаторыя, напрыклад, даюць адказ, што з аб'ектыўных прычын не могуць захаваць тэрміны выплаты заробку. У іх заключаны дагавор на аплату тавараў, паслуг з партнёрамі, з якімі яны павінны своечасова разлічыцца, каб пазбегнуць штрафных санкцый. «Мы зноў пісьмова рэкамендуем, што трэба мяняць падыходы, бо да 25-га чысла людзям неабходна аплаціць камунальныя паслугі, пры затрымцы ім налічваецца пеня. Арганізацыі ідуць нам на сустрач», — канстатуе Аляксандр Юрчык.

Але ёсць і такія выпадкі, што людзі спраўна ходзяць на работу, а зарплаты не бачаць. Сярод хранічных даўжнікоў — Барысаўскі крыштальны завод, закрытае акцыянернае таварыства «Аэрамаш» у Мінскім раёне, сумеснае прадпрыемства «Івкон» у Валожынскім раёне. «Раней на гэтых прадпрыемствах працавала больш за 500 чалавек, а гэта члены прафсаюза, якіх мы павінны абараняць. Наймальнік стараецца выплаціць зарплату па частках за кошт продажу маёмасці, шукае іншыя магчымасці, — адзначае мой суразмоўнік. — Мы як прафсаюзы павінны патрабаваць, каб з людзьмі разлічыліся цалкам, таму што пры выплаце зарплаты ўзносы ідуць у фонд сацыяльнай абароны. Калі наймальнік не ўносіць іх, то работнік страчвае не толькі даходы, але і страхавы стаж, які ў далейшым уплывае на памер пенсійных выплат».

Мінскае абласное аб'яднанне прафсаюзаў цесна працуе з выканаўчай уладай, усе праблемныя пытанні, у тым ліку па выплаце зарплаты, выносяць на пасяджэнні Савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, куды ўваходзяць наймальнікі, Аграпрамысловы саюз Мінскай вобласці, Рэспубліканская асацыяцыя прадпрыемстваў прамысловасці.

— Некаторыя прадпрыемствы знаходзяцца ў рэспубліканскай падпарадкаванасці, але змяшчаюцца на тэрыторыі Мінскай вобласці, а іх работнікі — члены прафсаюза. І мы абавязаны дапамагаць людзям, — упэўнены Аляксандр Юрчык.

Летась у цяжкім становішчы апынуўся Маладзечанскі завод металаканструкцый, некаторы час тут не выплачвалася зарплата. У калектыў выязджала кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Мінскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў, працавалі разам з выканаўчай уладай, і пытанне вырашылася станоўча.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Прэв'ю: vitvesti.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».