Вы тут

У Гродзенскай вобласці ўцягванне ў абарот пустуючых аб'ектаў ідзе марудна


З пачатку года ўцягнута ў гаспадарчы абарот толькі 45 аб'ектаў з 209. А гэта ўсяго каля 20 %. Няма асаблівых вынікаў і па продажы будынкаў: са 195 аб'ектаў, якія выстаўляліся на аўкцыён, набылі гаспадароў толькі 36. Усяго чатыры перададзена ў карыстанне бязвыплатна.


Амаль кожнае ведамства мае на сваім балансе такія пустуючыя будынкі. Удыхнуць у іх другое жыццё не заўсёды атрымліваецца. Многіх інвестараў палохае не толькі кошт, але і стан пабудоў, якія прастойваюць не адзін год. А ў выніку — план па ўцягванні ў эканамічны абарот аб'ектаў раённай і гарадской уласнасці выкананы толькі на 23 %.

У Камітэце дзяржкантролю лічаць, што мясцовыя ўлады не поўнасцю выкарыстоўваюць свае правы, у прыватнасці, магчымасць прадаваць аб'екты за адну базавую велічыню, а таксама перадаваць у бязвыплатнае карыстанне. А між тым такі кірунак толькі на карысць раёну, бо тут ствараюцца рабочыя месцы, павялічваецца бюджэт. Марудна ідзе гэта справа ў самых сельскагаспадарчых раёнах — Воранаўскім, Зэльвенскім і Дзятлаўскім. Тут сёлета не ўцягнуты ў гаспадарчы абарот ніводзін аб'ект.

Трэба сказаць, што ні адзін раён, таксама як і абласны цэнтр, не справіўся з планамі па продажы ці арэндзе пустуючых будынкаў. Напрыклад, у Слонімскім раёне ўцягнута толькі тры аб'екты з 28, у Шчучынскім адзін з 25, у Гродне — чатыры з 19. Найбольш удала спрацавалі ў Навагрудскім раёне, дзе ўдалося прыдбаць пяць будынкаў, але і гэта менш за палову ад намечанага.

Больш за ўсё нявыкарыстаных аб'ектаў знаходзіцца ва ўласнасці абласнога спажывецкага таварыства. На іх балансе каля 200 пустуючых будынкаў, плошча якіх складае 50 тысяч «квадратаў». А плошча зямельных участкаў, на якіх яны знаходзяцца, дасягае 112 гектараў. Пры гэтым арганізацыя нясе страты па іх утрыманні, расходы датычацца як нерухомасці, так і зямлі. У асноўным гэта былыя ўнівермагі, крамы, пункты грамадскага харчавання.

Падобныя факты назіраюцца і ў сацыяльнай сферы. Дэмаграфічная сітуацыя вымушае аптымізаваць работу адпаведных устаноў, асабліва гэта відаць у сельскай мясцовасці. Такім чынам, на сённяшні дзень у сферы адукацыі 46 пустуючых будынкаў, культуры — 23, аховы здароўя — 17. Усе яны падлягаюць продажу. Сярод аб'ектаў — дзіцячыя сады, школы, сельскія клубы, фельчарска-акушэрскія пункты, амбулаторыі. Некаторыя будынкі даволі старыя. Напрыклад, у вёсцы Раднікі Ваўкавыскага раёна былы клуб размяшчаўся ў будынку 1936 года пабудовы. А былая амбулаторыя ў Гальшанах знаходзілася ў памяшканнях комплекса, які пабудаваны ў 1937 годзе. Утрыманне такіх аб'ектаў патрабуе рамонту, значных сродкаў, а самі аб'екты з-за малой колькасці насельніцтва незапатрабаваныя.

Пераўтварэнне магчыма

У фізкультурным будынку савецкіх часоў размясціўся сучасны спартыўны комплекс

Прыклады ўдалага, проста фантастычнага ператварэння старога будынка дэпутаты Гродзенскага абласнога Савета назіралі ў Шчучыне падчас выязной сесіі. Шчучын — горад з велізарнай ваеннай спадчынай. Тут месцілася нямала ваенных баз, у тым ліку авіяцыйная і ракетная. Значную частку аб'ектаў удалося задзейнічаць. Адзін з такіх прыкладаў — будынак былых вайскоўцаў, дзе яны займаліся фізічнай падрыхтоўкай. Пасля расфарміравання часці вялікі будынак доўгі час стаяў пусты, і, мяркуючы па фотаздымках, меў вельмі непрывабны выгляд. Дайшло да таго, што 15 гадоў таму ён быў закансерваваны з-за аварыйнага стану. І стаяў так яшчэ амаль 10 гадоў.

Сёння гэты аб'ект не пазнаць. Тут змянілася ўсё — і знешні выгляд, і «начынка». Як расказаў загадчык сектара спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Іван Гняздоўскі, важную ролю адыгралі сяброўскія сувязі з суседзямі-літоўцамі.

Мясцовыя ўлады разам са сваімі партнёрамі з горада-пабраціма Варэны падалі заяўку на грант па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Літва—Латвія—Беларусь». У даволі жорсткай барацьбе выйгралі конкурс і атрымалі 630 тысяч еўра на аднаўленне аб'екта. Ён па-ранейшаму мае спартыўны ўхіл, але выглядае зусім інакш. Сучасная зала з мноствам трэнажораў, зала для спартыўных гульняў, абсталяваныя раздзявальні, душавыя, кабінеты трэнераў і адміністрацыі. Фасад набыў сучасны стыльны выгляд.

Новы комплекс цяпер знаходзіцца на балансе спартыўнай школы Шчучына. Дзякуючы рэканструкцыі створана каманда раёна па міні-футболе, якая бярэ ўдзел у чэмпіянаце Беларусі сярод камандаў вышэйшай лігі. Па словах супрацоўніка райвыканкама, праект прызнаны найлепшым спартыўным інфраструктурным праектам трансгранічнай праграмы. Цяпер гэтая работа працягваецца. У рамках еўрапейскай праграмы ў Шчучыне рэалізуецца яшчэ адзін інфраструктурны праект па рэканструкцыі школы мастацтваў, бюджэт якога 350 тысяч еўра. Што цікава, партнёрам беларускага горада стаў польскі Шчучын: гарады-цёзкі таксама з'яўляюцца пабрацімамі.

Маргарыта Ушкевіч, фота аўтара

Загаловак у газеце: Аб'екты без увагі?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.