Выдатны падарунак да Новага года атрымалі медыцынскія работнікі Мінскай вобласці і Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава. Васямнаццатага снежня адбылося ўрачыстае адкрыццё трох інтэрнатаў для медработнікаў у пасёлку Лескаўка Мінскага раёна.
Інтэрнаты пабудаваны па даручэнні кіраўніка дзяржавы. У канцы кастрычніка Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведаў будаўнічыя аб'екты. Ён адзначыў, што «неабходна будаваць інтэрнаты для ўрачоў, медыцынскіх сясцёр, для тых, хто працуе ў бальніцах. Гэта будзе вельмі моцна прывязваць чалавека да гэтай клінікі, да гэтага цэнтра, да гэтай зямлі».
У новых дамах адзначаць наваселлі 348 сем'яў. На іх выбар — аднапакаёвыя і двухпакаёвыя кватэры. Прасторныя, з унутранай апрацоўкай, асабістымі кухняй і санвузлом.
На першым паверсе кожнага асобнага будынка знаходзяцца абсталяваныя мэбляй адміністрацыйныя, вучэбныя памяшканні, пакоі адпачынку, дзіцячы гульнявы пакой.
З уводам у эксплуатацыю гэтых інтэрнатаў чарга сярод медыкаў Мінскай вобласці, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, скароціцца на 40 працэнтаў.
Падзяліць радасную падзею з навасёламі прыехалі намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч і начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама Наталля Баярская.
— Жыллё — гэта галоўнае. Інтэрнаты, якія адкрыліся сёння, прыраўнаваны да кватэр. Работнікі іх заслугоўваюць. Калі мы будзем максімальна ўводзіць у эксплуатацыю жыллё і забяспечым ім нашых спецыялістаў, то замацаванне па месцы работы ўзрасце да 100 працэнтаў, — адзначыў Іван Маркевіч.
Ён падзякаваў праекціроўшчыкам, а таксама будаўнікам, якія ўзвялі гэтыя будынкі. Яны праявілі высокі прафесіяналізм. Дзякуючы іх старанням інтэрнаты вылучаюцца шырокай функцыянальнасцю і ўтульнай атмасферай. Узвядзенне такіх аб'ектаў — адна з істотных задач, якую ставіць перад сабой кіраўніцтва Міншчыны. У далейшым гэтая работа будзе працягнута.
Наталля Баярская лічыць, што такія жыллёвыя комплексы сапраўды дазволяць не толькі забяспечыць жыллём медыкаў, але і прыцягнуць новых спецыялістаў. На 2020 год запланавана рэканструкцыя некалькіх старых інтэрнатаў. У Барысаўскім раёне мяркуецца будаўніцтва жыллёвага кааператыва на 107 кватэр, а для супрацоўнікаў Мінскай абласной клінічнай бальніцы — на 250.
За апошнія гады ў Мінскай вобласці значна павялічылася колькасць маладых спецыялістаў — медыцынскіх работнікаў, забяспечаных жыллём. Пытанні вырашаюцца ва ўсіх раёнах: уводзяцца ў дзеянне інтэрнаты, выдзяляюцца арэндныя кватэры, будуюцца дамы.
2019 год для сферы аховы здароўя запомніцца адкрыццём тэрапеўтычнага корпуса ў Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы, інтэрната для супрацоўнікаў дзіцячай абласной бальніцы, рэканструкцыяй хірургічнага корпуса ў Стоўбцах і санаторыя «Кааператар» пад інтэрнат для медработнікаў у Астрашыцкім Гарадку.
Важна і тое, што ў цэнтральным рэгіёне будзе працягнута ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову Мінаблвыканкама аб дадатковым фінансаванні сістэмы аховы здароўя ў памеры 20 мільёнаў рублёў. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на закупку сучаснага высокатэхналагічнага абсталявання.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Прэв'ю: 365info.kz
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.