Вы тут

Як трапіць у Ватыкан?


У перадкалядныя дні Ватыкан у сусветнай інфармацыйнай прасторы згадваецца вельмі часта. Яно і зразумела, бо менавіта тут знаходзіцца рэзідэнцыя найвышэйшага духоўнага кіраўніцтва Рымска-каталіцкай царквы. З іншага боку, звестак пра штодзённы побыт Ватыкана зусім няшмат. Цяпер у дзяржаве-горадзе ідуць апошнія прыгатаванні да вялікага свята Раства Хрыстовага. У мінулую нядзелю Папа Рымскі Францыск звярнуўся да дзяцей, якія сабраліся на плошчы святога Пятра. Ён паведаміў, што ад усяго сэрца блаславіў фігуркі немаўляці Ісуса для калядных батлеек, якія яны прынеслі з сабой. Дарэчы, традыцыя з'явілася роўна паўстагоддзя таму: менавіта ў снежні 1969-га Папа Павел VІ упершыню блаславіў «бамбінелі», якіх дзеці ўзялі з сабой на плошчу святога Пятра. Як жа ўладкаваны цэнтр каталіцкага свету?


Стыльныя гвардзейцы

Ватыкан размешчаны на Ватыканскім пагорку ў паўночна-заходняй частцы Рыма, за некалькі соцень метраў ад Тыбра. З усіх бакоў ён акружаны тэрыторыяй Італіі, агульная працягласць дзяржаўнай граніцы складае 3,2 кіламетра. Ватыкан — зусім невялічкая дзяржава. Яна займае апошняе — 194-е па памерах месца — у спісе краін свету і мае плошчу ў восем разоў меншую, чым Цэнтральны парк у Нью-Ёрку. Абысці горад-дзяржаву па граніцы можна за гадзіну.

Сёння Ватыкан з'яўляецца абсалютнай тэакратычнай манархіяй, на чале якой стаіць Папа Рымскі. Яго абіраюць на пажыццёвы тэрмін шляхам тайнага галасавання на канклаве — сходзе калегіі кардыналаў — найвышэйшых іерархаў Рымска-каталіцкай царквы. Святы прастол прызначае Папскую камісію на чале з губернатарам. Адміністрацыйнае кіраванне дзяржаўных спраў ажыццяўляе Рымская курыя, якая складаецца з дзевяці кангрэгацый (духоўных ведамстваў), трох трыбуналаў, папскіх камісій і іншых ведамстваў.

Армія Ватыкана складаецца са 110 швейцарскіх гвардзейцаў і з'яўляецца самай маленькай у свеце. Пасля ваеннай рэформы 1970 года, праведзенай Папам Паўлам VІ, гэтая гвардыя засталася адзіным узброеным падраздзяленнем у Ватыкане, якое захавала ваенныя функцыі. Узброеныя сярэднявечнымі алебардамі, шашкамі і пісталетамі, гвардзейцы адзеты ў прыгожыя касцюмы, якія, кажуць, былі створаны па эскізах самога Мікеланджэла Буанароці.

Аснову эканомікі Ватыкана складаюць ахвяраванні вернікаў, турызм, паломніцтва, даходы ад шматлікай нерухомасці ў розных краінах, інвестыцый, продаж паштовых марак і манет, сувеніраў. У горадзе-дзяржаве ёсць электрастанцыя, невялікая чыгунка, верталётная пляцоўка, радыёстанцыя, якая вяшчае на паўсотні моў, тэлецэнтр, бібліятэкі, тэлефонная служба, пошта, інтэрнэт, выдаюцца штодзённая газета і некалькі бюлетэняў.

Пашпарт нумар адзін

Пашпарт Ватыкана мае дыпламатычны статус Святога прастола, паказвае на прыналежнасць уладальніка да Апостальскай сталіцы (Ватыкана) і выдаецца Дзяржаўным сакратарыятам. Пашпарт нумар адзін традыцыйна мае дзеючы Папа, які не мае права пры гэтым мець ніякага іншага грамадзянства або падданства, акрамя падданства Святога прастола (выключэнне зрабілі толькі для Бенядзікта XVІ, якому дазволена было адначасова захаваць грамадзянства Германіі, і Францыска, які пакінуў аргентынскае падданства).

Дарэчы, у дзеючага Папы днямі быў дзень нараджэння. Хорхе Марыа Бергольа з'явіўся на свет 17 снежня 1936 года ў Буэнас-Айрэсе ў шматдзетнай сям'і італьянскага эмігранта. Спачатку вучыўся на хіміка-тэхнолага, затым у семінарыі. У юныя гады працаваў лабарантам, прыбіральшчыкам і нават выкідалам у начным клубе. У 1969 годзе быў пасвечаны ў святары. У 2001-м стаў кардыналам. Быў верагодным кандыдатам на пасаду кіраўніка Рымска-каталіцкай царквы яшчэ ў 2005 годзе, але ў выніку быў абраны кардынал Ёзаф Ратцынгер (Бенядзікт XVІ). Пасля яго адрачэння стаў новым Папам 13 сакавіка 2013 года і прыняў імя Францыск у гонар святога Францыска Асізскага. Трэба адзначыць, што гэта першы Папа з такім імем, першы Папа з Новага Свету, першы Папа-езуіт і першы Папа, які сустрэўся з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі ў 2016 годзе ў Гаване.

Скарбы ў бібліятэцы

У Ватыкане размешчаны сусветна вядомыя шэдэўры архітэктуры — Сабор Святога Пятра (будаўніцтва якога пачалося звыш 500 гадоў таму) з надзвычай багатым унутраным убраннем, музеі, у ліку якіх Сіксцінская капэла. Выхадных на зімовых вакацыях у мясцовых музеяў некалькі: 25 і 26 снежня, а таксама 1, 5, 6 студзеня 2020 года. Дарэчы, у апошнюю нядзелю месяца (сёлета гэта 29 снежня) наведаць музеі Ватыкана можна бясплатна з 9.00 да 14.00 (уваход магчымы да 12.00).

Прыцягвае ўвагу і славутая Ватыканская бібліятэка. Папы з даўніх часоў трацілі велізарныя сродкі на атрыманне новых каштоўных рукапісаў, разумеючы, што ўся ўлада — у ведах. Калі верыць афіцыйным звесткам, сёння ў сховішчах Ватыкана знаходзяцца 70 тысяч рукапісаў, 8 тысяч першадрукаў, мільён пазнейшых друкаваных выданняў, больш за 100 тысяч гравюр, каля 200 тысяч карт і дакументаў, а таксама мноства твораў мастацтва, якія не паддаюцца паштучнаму ўліку.

Царкоўнікі заяўлялі пра тое, што збіраюцца максімальна адкрыць доступ да скарбаў бібліятэкі, аднак далей за абяцанні справа не пайшла. Для таго каб атрымаць права працаваць тут, трэба мець бездакорную (з пункту гледжання функцыянераў Ватыкана) рэпутацыю. Доступ да вельмі шматлікіх кніжных калекцый закрыты ў прынцыпе. Штодня ў бібліятэцы працуе не больш за 150 даследчыкаў, якія прайшлі дбайную праверку — у гэты лік уваходзяць і царкоўныя дзеячы, якіх большасць. Падлічана, што такімі тэмпамі на вывучэнне скарбаў пойдзе не менш чым... 1250 гадоў, бо агульная працягласць стэлажоў бібліятэкі, якая мае 650 аддзелаў, складае 85 кіламетраў.

Футбол і кадзіла

Забаўляльных устаноў на тэрыторыі Ватыкана няма. Рэстараны, піцэрыі, тэатры, пабы — па ўсё гэта ватыканцы ездзяць у Рым. Аднак лічаць за лепшае па вечарах не затрымлівацца: брама Ватыкана зачыняецца ў 1.15 і адчыняецца раніцай у 5.45. Вядома, калі ватыканец вернецца дадому пасля закрыцця брамы, ён не застанецца начаваць на вуліцы: швейцарскі гвардзеец адчыніць браму Ватыкана па першым званку. Але ў спецыяльны рэестр паўночнікаў усё ж запіша.

Ёсць у Ватыкане і ўласная зборная па футболе. Яна — адна з васьмі сусветных зборных, не прызнаных FІFA. Зрэшты, гэта не азначае, што футболу ў Ватыкане не ўдзяляюць належнай увагі. На сённяшні дзень у папскай дзяржаве гуляюць восем камандаў. Матчы футбольнага чэмпіянату Ватыкана праходзяць па панядзелках і аўторках, а не па нядзелях, як матчы чэмпіянату Італіі. У каталіцкай традыцыі нядзеля — дзень адпачынку ў сям'і, малітвы і паходу на імшу.

Першы сезон серыяла Паала Сарэнціна «Малады Папа» прадэманстраваў усяму свету бытавы бок Святога прастола (хай і вельмі тэатральны, як расказаў выканаўца галоўнай ролі Джуд Лоў). Незадоўга да выхаду другогага сезона, які запланаваны на 10 студзеня, сэрвіс eBay паведаміў, што купляюць жыхары самай маленькай дзяржавы свету. Аказалася, што толькі менш за чвэрць ватыканцаў карыстаецца маркетплэйсам, прычым часцей за ўсё ў катэгорыях «Калекцыйныя спартыўныя карткі», «Макіяж», «Тэлефоны і аксесуары», а таксама «Маркі» і «Тавары для дарослых». Усяго ў Ватыкан пайшло 100 спартыўных картак і 59 камплектаў накладных павек, удакладняе прэс-служба eBay.

Самым дарагім набыткам стала антыкварнае кадзіла, якое абышлося пакупніку ў $2800, а ўсяго ватыканцы купілі 15 царкоўных прыналежнасцяў на суму больш за $5 тыс. Чвэрць ад гэтай сумы пайшла на набыццё адзення для святароў. Рэлігійную літаратуру ватыканцы спалучаюць з забаўляльнай: за мінулы год яны купілі 26 калекцыйных коміксаў на суму больш за $1350, што на 28 працэнтаў перавышае выдаткі на царкоўныя кнігі. Любімым персанажам ватыканцаў стаў Прывідны Гоншчык. Жыхары дзяржавы-горада сочаць за сусветнымі трэндамі — купляюць сукенкі Zіmmermann за $996, рамяні Guccі за $300 і красоўкі Yeezy Boost 350 v2 за $205. У вечнай барацьбе Samsung з Apple гэтым разам перамог карэйскі брэнд: тэлефоны гэтай маркі заказвалі ў два разы часцей, чым амерыканскія апараты.

Імша з Папам

На плошчы Святога Пятра ззяюць агні на каляднай ёлцы. Дрэва вышынёй каля 26 метраў і 70 метраў у дыяметры прыбыло ў Ватыкан з горных раёнаў Азіяга (вобласць Венета) у канцы лістапада. Адначасова тут прадстаўлена батлейка, якая адлюстроўвае сцэну нараджэння немаўляці Ісуса, традыцыйна яна ўсталёўваецца пад ёлкай. У кампазіцыю ўваходзіць больш за 20 фігур у натуральную велічыню: Святое сямейства, вешчуны, пастухі, а таксама жывёлы.

Урачыстая ўстаноўка ёлкі на гарадской плошчы — добрая традыцыя. Пачатак ёй быў пакладзены ў 1982 годзе, калі Папу Яну Паўлу ІІ падарыў вечназялёнае дрэва да свята польскі фермер. Ёлку кожны год прывозяць у Ватыкан у канцы лістапада, а з першых зімовых дзён яна паўстае перад вачыма жыхароў горада і турыстаў у святочным убранні і звычайна ўпрыгожвае плошчу да сярэдзіны студзеня. Асобнай увагі заслугоўваюць цацкі на ім. Іх традыцыйна робяць дзеці, якія праходзяць лячэнне ў італьянскіх анкалагічных клініках.

Квіткі на Калядную імшу ў Ватыкане, якая праходзіць у базіліцы Святога Пятра, бясплатныя, але вельмі запатрабаваныя. Доступ да іх браніравання адкрываецца толькі ў лістападзе. Заяўкі прымаюцца да пачатку снежня. Так што Раство можна сустрэць з Папам. Было б жаданне.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Раство ў дзяржаве-горадзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».