Вы тут

Чым адметны філасофскі спектакль «Сярожа вельмі тупы»


Нечаканы падарунак як сродак кантролю над уласным часам

Усяго нейкая гадзіна — і нібыта пражытае жыццё. Прынамсі, для героя спектакля «Сярожа вельмі тупы» гадзіна ператварылася ў пазачасовасць, у якой пануюць сюррэалістычныя падзеі. Але часам задаеш сабе пытанне: а што тут сапраўды далёкае ад рэальнасці? Бо яна прасякае спектакль цалкам — і паспрабуй прымусіць сябе думаць, што так не можа быць, бо, здаецца, усё абгрунтавана. Нават тыя моманты, дзе фантазія аўтара п'есы Дзмітрыя Данілава пайшла ўразнос і дзе рэжысёр-пастаноўшчык Дзмітрый Багаслаўскі наўмысна абстрагаваўся ад надта пазнавальнай рэчаіснасці. Сярожа — гэта проста чалавек, які апынуўся ў няпростай сітуацыі.


А зрэшты, што тут няпростага? Маладому чалавеку вязуць пасылку, якую ён не чакае. Ён здзіўлены, але не паспявае нічога высветліць у кур'ера, які па тэлефоне абяцае, што яны будуць цягам гадзіны. Прыязджаюць вельмі хутка. Але не сыходзяць, бо паабяцалі ж «быць цягам гадзіны». Выконваюць абяцанне літаральна — не падкапаешся. Як праходзіць гэтая гадзіна ў хаце Сярожы, прапанавана паназіраць гледачу. Гэта не пакіне яго раўнадушным — да кожнага могуць прыехаць кур'еры, часам гэтае чаканне і факт дастаўкі сапраўды могуць нагадваць трылер.

На гэтае адчуванне працуе сцэнічнае вырашэнне. Ці хутчэй пазасцэнічнае. Дзея адбываецца ў культурнай прасторы ОК16, пасярод залы, абапал размешчаны крэслы для гледачоў. Нібыта збоку назіраеш за чужым жыццём. Кватэра — умоўная. Амаль паўзмрок, у якім асабліва прыслухоўваешся да слоў. У іх — сутнасць.

У п'есах Дзмітрыя Данілава наогул слова набывае дадатковую важкасць. Данілаў — лаўрэат расійскай тэатральнай прэміі «Залатая маска» за 2018 год у намінацыі «Работа драматурга» (п'еса «Чалавек з Падольска»). Тыя, хто глядзеў «Чалавека з Падольска» ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры, ужо разумеюць, як тонка ён гуляе з паняццямі і сэнсамі. Дзмітрый Багаслаўскі як рэжысёр гэтай пастаноўкі адчуў аўтарскі меседж, падкрэсліўшы рэальнае праз сюррэалістычнае. Цяпер адбываецца працяг размовы пра самаадчуванне чалавека ў сучасным свеце, фактычна праз тыя ж падыходы. Толькі пад разглядам іншы аспект чалавечага свету: дзе заканчваецца асабістая прастора, ці можна яе зберагчы ад уварвання звонку, захаваць недатыкальнай? Альбо ніхто не застрахаваны ад жадання асобных індывідаў у нейкія моманты ўзяць пад кантроль іншага чалавека, паралізаваць яго волю і магчымасці, нават жаданні?

Сярожа (артыст Дзмітрый Давідовіч) не проста здзіўлены, ён збянтэжаны. Кур'ераў насамрэч прыязджае трое, яны ганарацца сваёй прафесіяй і імкнуцца выконваць абавязкі дакладна і сумленна. Шчыруюць. Сярожа не разумее, што адбываецца, — даставілі і можаце быць свабодныя. Але людзі, не свабодныя ад абавязкаў, узорныя выканаўцы вырашылі, што дзякуючы сваёй прафесіі могуць распараджацца ўвагай і вольным часам іншага чалавека, і не спяшаюцца вызваліць ад сваёй кампаніі Сярожу. Пачынаецца гульня, сэнсу якой праграміст Сярожа ніяк не можа зразумець. А можа, у яго недастатковы ІQ у параўнанні з наведнікамі? Яны ж, аказваецца, гатовыя да любых неспадзяваных сітуацый з кліентамі. У аднаго былі — дык памёр падчас візіту, давялося пахаваць чалавека. А калі што раптам у каго са здароўем — набор хірургічных інструментаў заўсёды з сабой. З Сярожам жа наогул проста — можна ў гарады пагуляць, жыццёвыя планы абмеркаваць. Ці вось яшчэ чаю разам з яго жонкай папіць. Яна больш кемлівая аказалася, прывітала наведвальнікаў. І адразу зразумела, што раптоўная пасылка, якую не чакаеш, можа быць небяспечная. Нават калі ў пакінутым на канапе скрутку нехта варушыцца...

Вядома, тэатр усё можа зрабіць канцэнтраваным, гіпербалізаваным. Можна было б сумнявацца, ці варта рабіць з мухі слана, калі б сітуацый, што здаюцца фантасмагарычнымі, у нашым побытавым жыцці не было. І калі б кожны не адчуў на сабе, як нейкія абсалютна дробязныя, незапланаваныя, выпадковыя сітуацыі могуць паўплываць на настрой, а часам і сапраўды на здароўе. Таму за слоўнай перапалкай сочыш уважліва і часам з усмешкай, пазнаючы віражы, якія робіць размова. Бо з фармальнага пункту гледжання — усё лагічна. З чалавечага — перажываеш за Сярожу, у якога фактычна скралі гадзіну жыцця. І тут хочаш не хочаш, а парадуешся, што ў прынцыпе — выжыў... Але адчуванне таго, што ў яго прастору могуць знянацку ўліцца нейкія памылковыя, абсалютна выпадковыя госці, застаецца. Асабістая прастора — паняцце надта абстрактнае. Ніхто не ведае, дзе яна пачынаецца і калі канчаецца. Нездарма прыходзіць на думку фраза з не зусім далёкага мінулага: «Жыць у грамадстве і быць вольным ад грамадства нельга». Хіба толькі закрыцца ад яго цалкам. Ды няўжо так можна жыць?

Абсурдысцкі спектакль «Сярожа вельмі тупы» схіляе да філасофскіх разваг, як і першая пастаноўка Багаслаўскага паводле Данілава. Фактычна гэта працяг той жа размовы пра сучаснага чалавека. Магчыма таму, што «Чалавек з Падольска» быў спачатку, ён здаецца больш арганічным паводле тэмы і падачы, скіраваным на больш шырокую публіку. Але сюррэалізм у спектаклі «Сярожа вельмі тупы» знойдзе свайго гледача, калі абжывецца як след у не зусім сцэнічных умовах ОК16.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.