Вы тут

Уваравічы памятаюць


У гарадскім пасёлку Буда-Кашалёўскага раёна Гомельшчыны незвычайным чынам адзначалі 76-ю гадавіну яго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў


Так Маці шукае сыночка свайго...

З гісторыі Вялікай Айчыннай вайны вядома: некаторыя населеныя пункты Беларусі былі вызвалены Чырвонай арміяй ад ворагаў яшчэ восенню 1943 года. Прычым воіны самых розных нацыянальнасцяў Савецкага Саюза былі ў шэрагах вызваліцеляў. Ваявала ж уся велізарная краіна. Пра тое памятаюць і ў Буда-Кашалёўскім раёне. А мясцовыя жыхары, адзначаючы памятныя даты, запрашаюць да сябе ў госці нашчадкаў тых, хто ў суровую пару праліваў сваю кроў (і кроў ворагаў) за вызваленне Беларусі.

Нядаўна мяне запрасілі ў гарадскі пасёлак Уваравічы паўдзельнічаць у вялікай гістарычнай рэканструкцыі вызвалення колішняга мястэчка пад назвай “Дарогай памяці”. Кіраваў “ваеннымі дзеяннямі” ля мемарыяльнага комплексу, што ўзведзены ў памяць пра загінулых там воінаў, а таксама мірных жыхароў, што сталі бязвіннымі ахвярамі вайны, Віталь Мядзведзеў — ён кіруе ваенна-патрыятычным мотаклубам “Штрафбат” з Гомеля. На свята прыехалі й сябры іншых падобных клубаў з Беларусі, расійскага Санкт-Пецярбурга (у тым ліку й беларусы, што там жывуць).

Ініцыявала такі незвычайны фармат святкавання вызвалення Уваравіч Любоў Родава, старшыня мясцовай ветэранскай арганізацыі. Калі гасцяваў у гарпасёлку, я даведаўся: сын Любові Мацвееўны, Андрэй Ліўшыц, жыве цяпер у Ізраілі. Жонка ў яго — з Данецка, у сям’і гадуюцца Эма ды Адам. Яшчэ мне расказалі: стрыечны брат уваравіцкай грамадскай актывісткі, Уладзімір Азараў, заснаваў у ізраільскім горадзе Ашкелон рускамоўны тэатр. Хоць Уладзімір Якаўлевіч і памёр год таму, а тэатр і літаратурны клуб там жывуць, да таго ж цяпер носяць імя гэтага ўраджэнца Беларусі. А дачка ветэранкі, Клара Клімава, — настаўніца Уваравіцкай школы. Дарэчы, яна, як і ўсе іншыя педагогі, вучні разам з дырэктарам Аляксандрам Канцавенкам актыўна паўдзельнічалі ў масавых сцэнах гістарычнай рэканструкцыі-прадстаўлення. Быў такі хвалюючы момант у фінале дзеі. Да пліт памяці па загінулых выйшлі з поля бою ды застылі жывыя воіны. Туды ж прыйшлі, хоць і холадна было, дзеці з кветкамі, белымі шарамі. А Маці ў чорным адзенні (яе ролю выконвала Кацярына Пяршлевіч з нашага Тэатра фальклору “Матуліна хата”) усё хадзіла, прыглядвалася ў твары — шукала свайго сына-салдата сярод жывых. Але знайшла ягонае імя — сярод загінулых. І ў гэты хвалюючы момант гучалі з дынамікаў пранізлівыя словы: “Ах, вайна ты, вайна… Ліхалецце якое!/ Колькі жыццяў сплыло з той крывавай ракою!/ Не сустрэць мне цябе — пахаронку ўжо ўнукі чытаюць./ А рака ўсё цячэ: бо па свеце ж і сёння страляюць”.

На братніх могілках Уваравіч пахаваны воіны розных нацыянальнасцяў. Мемарыял — дагледжаны, памяць вызваліцеляў шануюць мясцовыя жыхары. Сярод тых, хто выступаў у часе грамадзянскай акцыі, быў і Міхаіл Аўдзееў з Масквы. Якут па нацыянальнасці, ён прыехаў у Беларусь сам, прывёз і сына: каб яму паказаць месца, дзе загінуў, пахаваны іх продак-герой. Незвычайная цеплыня ў голасе выступоўцы, глыбокая мудрасць на першы погляд простых слоў кранулі ўсіх. Са слязьмі на вачах расіянін шчыра дзякаваў беларусам за тое, што зберагаюць памяць пра вайну: і кіраўніцтву раёна, і кіраўніку сельсавета Віталю Панцялеенку, і простым местачкоўцам.

Пасля ўрачыстасцяў на мемарыяле ў мясцовым Доме культуры быў канцэрт. Пачынаўся ён з літаратурна-музычнага ды спеўнага пралога, які падрыхтаваў Тэатр фальклору “Матуліна хата”. Потым выступалі самадзейныя артысты з Гомеля, з грамадскага аб’яднання Гомельская абласная яўрэйская абшчына “Ахдут”. Кіруе суполкай Уладзімір Гершанок, а самадзейнасцю шмат год кіруе Тамара Фейгіна.

Л. Родава праводзіць экскурсію ў школьным музейным пакоі

Уваравічы — гарпасёлак шматнацыянальны. З багатымі працоўнымі традыцыямі, дый талентаў розных мае нямала. Якраз там жыве Вольга Аўраменка — народная настаўніца СССР (было калісь такое званне, прычым Вольга Сысоеўна ў тым ганаровым спісе ідзе пад № 1!), заслужаная настаўніца БССР, ганаровая грамадзянка Буда-Кашалёўскага раёна. У яе ў пару ўрачыстасцяў надарыўся 85‑гадовы юбілей, дык мы пайшлі ветэранку павіншаваць. То ад песні “Матуліна хата”, якую ёй заспявалі, — слязінкі пабеглі з удзячных вачэй.

Узрушана была тым, што так годна спраўдзілася мара яе, Любоў Родава. Шмат віншаванняў атрымала з нагоды 76‑годдзя вызвалення Уваравіч, у тым ліку з расійскіх гарадоў Цюмені, Ульянаўска, Якуцка, Санкт-Пецярбурга. Яшчэ былі цёплыя весткі з Ізраіля, Літвы, Эстоніі ды іншых краін — у асноўным ад нашых землякоў, якія разляцеліся па свеце. Паклон вам, Любоў Мацвееўна, за вашы добрыя справы, за памяць і за ўменне паядноўваць людзей у высакародным руху па Дарозе Памяці.

Мікола Котаў, фалькларыст, удзельнік гістарычнай рэканструкцыі “Дарогай памяці”

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».