Вы тут

Што спяваць? Выбірайце!


Cемінар-­прэзентацыя “Новыя выданні для аматарскіх калектываў мастацкай творчасці” прайшла ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур


Падобныя імпрэзы ладзяцца штогод напрыканцы лістапада: каб прадставіць выданні, што з’яўляюцца дзякуючы Дзяржпраграме “Культура Беларусі” на 2016–2020 гады. Сёлета РЦНК выдаў дзве кніжкі: “Апрацоўкі беларускіх народных песень: для прафесійных і аматарскіх калектываў мастацкай творчасці” Міхаіла Дрынеўскага і ““Краіна мая, песня мая”: песні на вершы беларускіх паэтаў” Яўгена Ксяневіча.

У зале РЦНК адчувалася радаснае ажыўленне: Міхаіл Дрынеўскі, кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча, і кампазітар-песеннік Яўген Ксяневіч з’явіліся на сцэне ў суправаджэнні артыстаў, якія й спявалі песні з іх зборнікаў. Міхаіл Паўлавіч быў разам з хорам: ён працуе з ім больш за 50 гадоў! А Яўген Ксяневіч выйшаў з ансамблем “Новы дзень” і паэтамі, чые вершы натхнялі яго на стварэнне песень. Удзячнымі слухачамі былі кіраўнікі вакальных гуртоў народнай творчасці, метадысты цэнтраў народнай творчасці: ім новыя кнігі — падмога ў працы.

Маэстра Дрынеўскі прызнаўся, што яшчэ студэнтам любіў рабіць апрацоўкі. Тыя, што ўвайшлі ў зборнік, прызначаны для харавых і пеўчых калектываў, што ўжо маюць “свой голас”, адметнасць. Песні “Як пайду я дарогаю…”, “Ляцеў голуб ды над морам…”, “Ой ты, грушка мая…”, “Ночы мае, ночушкі…” госці пачулі ў дзівосным выканнані знакамітага хору. Песні гэтыя — не для ўвесялення публікі: яны, падалося мне, прасякнуты болем, жальбою душы. Тым, дарэчы, і адметны беларускі фальклор: у ім няшмат песень вясёлых ды разгульных. Міхаіл Паўлавіч правёў майстар-клас: усім у зале раздалі партытуры, і пасля невялічкай рэпетыцыі слухачы ўжо тужліва зацягнулі: “Даўно ў той хаце не была…”.

Міхаіл Дрынеўскі з хорам на семінары-прэзентацыі. Калаж Яўгена Пясецкага

Творы са зборніка Яўгена Ксяневіча “Краіна мая, песня мая” агучвалі артысты народнага вакальна-інструментальнага ансамбля “Новы дзень” Палаца культуры Беларускага аўтазавода (Жодзіна). Мы пачулі песні “Закаханая” (верш Анатоля Сыса), “Купальская песня” (верш Сяргея Грахоўскага), “Краіна мая” (верш Пімена Панчанкі). Аляксандр Валодчанка, кіраўнік фальклорнага ансамбля ўкраінскай песні й абраду “Ватра”, спяваў “Абеліскі” (верш Івана Карэнды), “Табою” (верш Рыгора Барадуліна), “Споведзь” (верш Яўгена Пясецкага). Паэты Іван Карэнда, Яўген Пясецкі, Валянціна Гіруць-Русакевіч, Леаніла Кароль, што прыйшлі павіншаваць аўтара, упершыню пачулі песні на свае вершы ды прыемна былі ўражаны. У падарунак атрымалі й сам зборнік.

Яўген Ксяневіч прызнаўся: заўсёды любіў пісаць музыку на вершы беларускіх паэтаў. У газеце “Звязда” Яўген Антонавіч некаторы час вёў рубрыку “Песню бярыце з сабою” (пасля таго, як не стала ранейшага вядучага, Міхася Шавыркіна. — Рэд.). Гэта й падштурхоўвала яго як кампазітара працаваць з вершамі на беларускай мове: так з’явілася каля 40 песень. У зборніку ж, выдадзеным у РЦНК, іх 25. Удзячныя слухачы пажадалі кампазітару новых песень, новых зборнікаў!

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».