Вы тут

Вяршыня мастацкасці і натхнення


Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі адсвяткаваў 95-годдзе


Юбілейны святочны канцэрт адной з найстарэйшых сярэдніх спецыяльных музычных навучальных устаноў Беларусі аб’яднаў у вялікай зале Белдзяржфілармоніі музыкантаў і педагогаў некалькіх пакаленняў. Мінскі дзяржаўны музычны каледж святкуе 95-годдзе з дня заснавання ўстановы. На працягу доўгага шляху развіцця нацыянальнай музычнай культуры, падрыхтоўкі яркіх выканаўцаў і музыкантаў установа была і застаецца адным з цэнтраў музычнага жыцця сталіцы.

Гісторыя каледжа бярэ свой пачатак у далёкім 1924 годзе, калі Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага музычнага тэхнікума. «Многія пакаленні педагогаў і музыкантаў стваралі традыцыі кампазітарскай, выканальніцкай і музыказнаўчай школы Беларусі. Іх імёны складаюць гонар тэатраў і творчых калектываў», — адзначыў у сваім звароце да слухачоў дырэктар музычнага каледжа Уладзімір Чэрнікаў. Больш за дзевяць тысяч выпускнікоў выйшла са сцен гэтай цудоўнай установы, многія імёны залатымі літарамі ўпісаны ў летапіс нацыянальнага музычнага мастацтва. Гэта народныя артысты Беларусі Эдуард Зарыцкі, Міхаіл Фінберг, Яраслаў Еўдакімаў, Віктар Вуячыч, заслужаныя артысты Віктар Скарабагатаў, Алег Мельнікаў, Генадзь Забара, Уладзімір Радзівілаў, Уладзімір Ткач, Генадзь Фралоў, Якаў Навуменка і іншыя.

Слаўны шлях стварэння і станаўлення МГМК імя М. Глінкі быў адзначаны ганаровымі граматамі і словамі падзякі ад начальніка ўпраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Віталіны Рудзікавай, прарэктара па навуковай рабоце ўстановы адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі», кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта Нэлі Мацаберыдзэ, а таксама Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь Віярэла Машану.

Музыка вялікага рускага кампазітара Міхаіла Глінкі, чыё імя з гонарам носіць музычны каледж, стала сімвалічным абрамленнем юбілейнага канцэрта. Свята адкрыў канцэртны хор Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі (дырыжор Аляксей Снітко), у выкананні якога прагучаў хор «Слаўся» Міхаіла Глінкі. У «Вячэрняй музыцы» з харавой сімфоніі-дзейства «Перазвоны» выдатнага сучаснага кампазітара Валерыя Гаўрыліна слухачам адкрылася вечная прыгажосць жыцця. Харавое гучанне дапаўнялася пранікнёным выкананнем салісткі — выпускніцы каледжа Ксеніі Баршчовай.

 З музычным юбілейным віншаваннем выступіў лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальнік заахвочвальнай прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ансамбль скрыпачоў «Капрыс» (кіраўнік Галіна Арабей, канцэртмайстар Вольга Луневіч). У выкананні ансамбля прагучала музыка З. Фібіха «Паэма» і М. Кажлаева «Палёт скрыпак». Кантрастам тэмбравых гучанняў стала выступленне ансамбля флейтыстаў «Флюід» (кіраўнік Аляксандра Рэнанская) і ансамбля ўдарных інструментаў (кіраўнік Ілья Сцяпанаў).

Больш за сто гадоў аддзяляе творчасць Фелікса Мендэльсона, яго «Скерца з музыкі» да камедыі У. Шэкспіра «Сон у летнюю ноч», якое прагучала ў выкананні ансамбля флейтыстаў, і музычныя шэдэўры для ўдарных інструментаў бразільскага кампазітара Нэй Разаўра. Канцэрт №1 для марымбы з аркестрам гэтага кампазітара ў перакладанні для ўдарных інструментаў саліравала выпускніца МДМК імя М. І. Глінкі, лаўрэат міжнародных конкурсаў, цяпер студэнтка Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага інстытута культуры Аліна Бадзяка.

Кульмінацыяй юбілейнага канцэрта стала «Песня пра Нёман» (муз. Н. Сакалоўскага), якая прагучала ў выкананні аркестра беларускіх народных інструментаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі (дырыжор Уладзімір Чэрнікаў) і яго выпускніка Станіслава Трыфанава. Слухачы былі зачараваны магутным лірыка-драматычным сапрана салісткі аркестра Ніны Шарубінай (У. Браілоўскі «Адрас майго кахання»).

У святочным канцэрце, прысвечаным 95-годдзю Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі, узялі таксама ўдзел сімфанічны аркестр (мастацкі кіраўнік Мікалай Макарэвіч), хор спецыяльнасці «Дырыжыраванне», хор спецыяльнасці «Спевы акадэмічныя» (мастацкі кіраўнік Кіра Славінская), народны хор (мастацкі кіраўнік Ганна Мілавідава), лаўрэат міжнародных конкурсаў, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, выкладчык каледжа Алена Асташкіна-Мысліўчык (фартэпіяна), навучэнцы МДМК імя М. І. Глінкі — дуэт баяністаў Ягор Працэўнікаў і Эдуард Юхнік (клас выкладчыка У. Л. ГурбаНовіка), лаўрэат міжнародных конкурсаў Магдалена Васіленка (скрыпка, клас выкладчыка В. Г. Кісялёвай), партыю фартэпіяна выконвала дыпламант міжнародных конкурсаў Вольга Маркевіч.

Імя кампазітара Аляксандра Цыганкова, бліскучага выканаўцы на домры, шырока вядома ў музычным свеце. Асноўная лінія ў яго творчасці — апора на народную песню, танец, інструментальны найгрыш. На працягу вось ужо некалькіх гадоў лідзіруючыя пазіцыі ў сольным выкананні на домры займае выпускнік каледжа Аляксей Аўчыннікаў, які таксама, як і яго любімы кампазітар, паказаў на канцэрце прыклад адданасці свайму інструменту і народна-песеннаму жанру.

Завяршыла юбілейны канцэрт выступленне сімфанічнага аркестра каледжа, якім вось ужо больш за 10 гадоў кіруе мастацкі кіраўнік і дырыжор Мікалай Макарэвіч. Музыка М. І. Глінкі вянчала вяршыню мастацкасці і натхнення, яднання з традыцыямі класічнай музыкі і накіраванасці ў будучыню музычнай культуры. І сёння, як і 95 гадоў таму, мы імкнёмся дасягаць, а дасягнуўшы, зноў імкнёмся.

Са святам, каледж!

Наталля КАРДАШОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор.

Грамадства

Санны рэйд. Як партызаны здзейснілі пераможную аперацыю на Палессі ў 1942-м

Санны рэйд. Як партызаны здзейснілі пераможную аперацыю на Палессі ў 1942-м

Сёлетняя зіма на снег, скажам прама, зусім небагатая. Але ў лютым і сакавіку 1942 года, калі пра глабальнае пацяпленне ніхто і не чуў, снегу было вельмі шмат.

Спорт

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барысаўчанін са шматдзетнай сям'і стаў чэмпіёнам кантынента.

Культура

Хто спявае па-беларуску?

Хто спявае па-беларуску?

Адмысловы плэйліст “Звязды” да Дня роднай мовы.