Вы тут

Саўлюс Варнас: Людзей вучыць таямніца


Ідучы ў тэатр, мы чакаем сустрэчы з таямніцай. Але наўрад ці задумваемся пра тое, што самую галоўную таямніцу носім у сабе. Тэатр можа яе абудзіць ці, наадварот, заглушыць. Рэжысёр Саўлюс Варнас умее ствараць таямніцы: яго спектаклі патрабуюць разгадкі, а ключ кожны падбірае сам — у залежнасці ад ведаў, досведу, уяўлення і настрою. Саўлюс Варнас ведае пра таінства сутворчасці: яго спектаклі ўцягваюць гледача ў дыялог. Ніхто не абяцае, што гэты дыялог будзе просты і прыемны. Але ж таямніцы — як перліны — схаваныя глыбока. Каб дастаць іх з дна мора, трэба нырнуць, надоўга затаіўшы дыханне... Аб таемных магчымасцях тэатра мы гаворым з рэжысёрам, якога добра ведаюць у Беларусі.


— Вы працавалі ў многіх краінах, некалькі гадоў былі галоўным рэжысёрам Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Ці ўзнікла адчуванне нацыянальнага характару беларускага тэатра?

— Мне здаецца, нацыянальны характар беларускага і літоўскага тэатра шмат у чым падобныя. Бо ўсе мы вучыліся спасцігаць асновы і таямніцы прафесіі па сістэме Станіслаўскага — у адной з найлепшых еўрапейскіх тэатральных школ. Ёсць, вядома, і адрозненне беларускага і літоўскага тэатра: у літоўскім тэатры спектаклі больш вобразныя, метафарычныя, больш візуалізаваныя. Але я хацеў бы адзначыць вялікую працавітасць акцёраў у беларускім тэатры. І не толькі акцёраў, таму што за час сваёй працы бачыў шмат людзей, якія рабілі значна больш, чым прадпісана іх абавязкамі. Цаню гэтыя якасці і шаную такіх людзей. Зараз настаў час, што большасць імкнецца рабіць як мага менш або не рабіць наогул нічога, але грошай пры гэтым хоча атрымаць як мага больш...

Па-рознаму, вядома, працуецца з рознымі калектывамі, тым больш у розных краінах. Але бліжэй за ўсё і па менталітэце, і па тэмпераменце мне Беларусь. Цаню час, які правёў тут, і адносіны, што склаліся з людзьмі, досвед, які набыў, і веру, што нейкім чынам наша супрацоўніцтва працягнецца.

— Пры тым, што вы пакінулі Беларусь, тут шмат вашых прыхільнікаў. Ці магчымы для вас варыянт пастаяннага супрацоўніцтва з нейкім беларускім тэатрам?

— Гэта магчыма, вядома, калі запросяць. Бо калі мяне пытаюцца: «Дзе вы працуеце?» — я адказваю: «У Літве і ў Беларусі». Я працаваў у многіх краінах, але гэта былі асобныя пастаноўкі. Для мяне вельмі важна, што і як адбываецца ў беларускім тэатры. Тым больш што ўсё побач: з Вільнюса ў Мінск прыехаць хутчэй, чым даехаць да Клайпеды.

— Што, на ваш погляд, патрэбна нашаму тэатру, каб актывізаваліся творчыя працэсы?

— Цяпер у беларускім тэатры выбух маладой рэжысуры: у асноўным новыя ідэі сыходзяць ад стваральнікаў лялечнага тэатра. А лялечнікі ў Беларусі вельмі цікавыя  — яны канцэптуалісты, далёкія ад бытавога мыслення. Цікавыя маладыя людзі прыйшлі з розных сумежных галін — з пантамімы, тэатра танца, лялечнага тэатра, з рэжысёрскіх курсаў тэатральнага інстытута. Усе яны імкнуцца выказаць сябе, прадставіць свой светапогляд, разуменне мовы тэатра і такім чынам станоўча ўплываюць на працэс развіцця сучаснага беларускага тэатра. З прычыны спецыфікі ў лялечнікаў па-іншаму будуецца праца з акцёрамі, чым у драматычным тэатры, але ўпэўнены, што з часам яны знойдуць свой метад працы з артыстамі — з рухамі энергій. Гэта ж складана — нібы вышэйшая матэматыка, але задача па сілах, калі не адступіць. Бо глядач і прыходзіць дзеля гэтай асаблівай ежы — дзеля абмену энергіямі...

— Калі вы зараз апынуліся ў Беларусі, значыць, ёсць задума, праект, матэрыял, які хочацца паставіць тут і цяпер?

— Усяму ў жыцці ёсць свой час. І ў тэкстаў, якія выбіраю, да якіх рыхтуюся, таксама наступае свой час — свет пачынае адгукацца, і раптам раздаецца званок з Партугаліі, з Тэгерана, з Мінска... У Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры мы абмяркоўвалі некалькі міжнародных праектаў, якія маглі б зацікавіць і беларускага гледача, і міжнародныя фестывалі. Таксама абмяркоўваў варыянт пастаноўкі «Півоневая альтанка» для Пекіна. У інсцэніроўцы іх тэатра сюжэт нагадвае «Рамэа і Джульету» Шэкспіра, але цікава было б злучыць два гэтыя тэксты, два сюжэты. Таксама мяне вельмі цікавіць суфійскай літаратура  — яна геніяльная як з пункту гледжання сэнсаў, так і музычным гучаннем слова. Калісьці ў войску разам са мной служыў хлопец з Баку, ён мог гадзінамі чытаць тэксты Румі. Тады я і захапіўся музыкай гэтых тэкстаў... Ды і само разуменне тэатра ва ўсходняй культуры зусім іншае, таму абмен ідэямі і досведам можа быць вельмі плённы. Думаю, што прыйдзе час і для ўвасаблення выдатных тэкстаў Метэрлінка, Блока, Андрэева...

Перыяд у Магілёве для мяне быў цікавы, насычаны і адначасова манаскі: паркі, самотныя прагулкі на прыродзе, каля манастыра, каля ракі. Усё як у дзяцінстве... Я з чацвёртага класа кожны дзень зімой праходзіў на лыжах 7 кіламетраў да лесу і столькі ж назад незалежна ад надвор’я. Аднойчы была завіруха, мама спрабавала мяне спыніць. Я ўсё роўна пайшоў. Памятаю, што рабіў 4—7 крокаў, а потым клаўся на снег, каб сабрацца з сіламі  — такі моцны быў вецер. Прайшоў гэтыя кіламетры, пераадольваючы і вецер, і самога сябе. Але радасць была неймаверная, калі дасягнуў лесу, і сілы хутка аднавіліся  — дадому вецер прынёс мяне сам, трэба было толькі ўстаць і скіраваць лыжы ў патрэбным напрамку. У жыцці выпадаюць такія эпізоды, якія фарміруюць характар, асабліва важна мець іх як мага больш і прайсці ў дзяцінстве.

Беларусь для мяне  — важны этап у жыцці. Я сустрэў тут шмат цікавых, таленавітых асоб, і не толькі акцёраў, зносіны з якімі не спыняюцца. Было паразуменне з дырэктарам і адміністрацыяй тэатра, што вельмі не проста, калі трэба ўзгадняць фінансы і мастацтва. Удавалася акунуцца і ў цішыню — калі можна было проста ўслухоўвацца ў яе гучанне. Бо для гледача спектакль — таксама цішыня, толькі ўнутраная, калі ў душы нараджаецца адкрыццё.

— Кнігі даюць такую магчымасць?

— Тады ў мяне не было часу на кнігі. А вось за гэтае лета я перагартаў шмат цікавай літаратуры, вельмі рады гэтаму. Напісаў вялікі артыкул  — агляд духоўнага пошуку чалавецтва ад біблейскіх часоў да нашых дзён. Мне самому цікава было паспрабаваць разабрацца ў гэтым. Бо калі ў чалавека няма таго, за што ён гатовы аддаць жыццё, то чаго тады і жыць?.. Мне хацелася прасачыць развіццё гэтых ідэй ад біблейскіх часоў і да сённяшняга моманту, каб зразумець, куды далей павінна рухацца наша грамадства. Нядаўна навукоўцы з групай студэнтаў Гарвардскага ўніверсітэта пратэсціравалі жыхароў племені амазонскіх джунгляў на ўзровень інтэлектуальных здольнасцей. Ніхто не чакаў, што ў выніку непісьменныя жыхары амазонскіх джунгляў сваімі інтэлектуальнымі здольнасцямі перасягнуць студэнтаў элітнай ВНУ, а гэта адбылося. Вядома, тэсты былі падрыхтаваны розныя, але па складанасці яны адэкватна адлюстравалі агульны узровень. Тут ёсць пра што падумаць…

— Тэатр  — мастацтва, здольнае ўплываць на чалавека, дзе б ён ні жыў, сёння тэатр можа гаварыць пра самае важнае…

— Чалавецтва прайшло няпросты шлях ад дзікай прыроды  — праз шаманскія практыкі да найвышэйшых тэхналагічных дасягненняў і вялікіх духоўных прасвятленняў, сведчанні пра якія былі ў Ведах, зараастрызме, егіпецкім жрэцтве, кабале і ў рэлігіях будызму, хрысціянства, ісламу. Гэта было адлюстравана нават у розных відах мастацтва. Калісьці амурскія шаманы павінны былі акунуцца ў сем палонак, а сібірскія шаманы ў лёгкай вопратцы сыходзіць у трыццаціградусны мароз на тыдзень у тайгу, або ў егіпецкіх школах праходзілі вельмі складаныя выпрабаванні, ныраючы паміж кракадзіламі, каб атрымаць права на лідарства  — права заклікаць сваё племя, свой народ на духоўны шлях развіцця і весці яго па гэтым шляху. Тэатральнае мастацтва патрабуе не меншай рашучасці — ахвярнасці. Гэта ж таксама свайго роду пустэльніцтва дзеля ўсвядомленай патрэбы заклікаць да духоўнага развіцця.

Спектаклі павінны развіваць у гледача інтуіцыю, уяўленне, асацыятыўнае мысленне і — самае галоўнае — абуджаць, развіваць творчы пачатак, які закладзены ў кожным чалавеку. Калісьці я пачуў словы «нам больш не патрэбны творцы — нам патрэбны спажыўцы» і ўспрыняў іх як няўдалы жарт. Але, на жаль, з кожным годам больш відавочна, што гэтыя словы спраўджваюцца. Мы жывём у час тэхнароў і менеджараў. Але пры ўсім прагрэсе і дасягненнях у навуцы гэты час можа стаць згубным для ўсяго чалавецтва. Як лічаць навукоўцы, да 45-га года ХХІ стагоддзя ў свеце застанецца 20 адсоткаў занятага справай насельніцтва, а астатніх чакае доля бяздзейснага жыцця з выплатамі дапамог, што прывядзе да дэградацыі гэтых людзей, як і любое бяздзейнае жыццё, у той час як іншыя могуць патрапіць у спіс нежаданых, ад каго таксама знойдзецца спосаб пазбавіцца. Памерці — не самае страшнае, што можа быць у жыцці... Усё ж такі застаецца надзея, што здаровы сэнс дапаможа чалавецтву пераадолець бацылу суіцыду і ўсвядоміць простую ісціну: калі прырода дазволіла засяліць планету такой колькасці народу, значыць, не проста так. Значыць, усе патрэбныя, хоць мы і не можам пакуль у поўнай меры ўсвядоміць, навошта,  — магчыма, паўстануць задачы, для вырашэння якіх неабходныя усе гэтыя людзі…

Але выклік ёсць, і мы павінны яго прыняць  — зноўку знайсці адказ на найважнейшае пытанне пра сэнс жыцця. Зараз ужо і вучоныя прыходзяць да той жа думкі, якую людзі мастацтва ведалі заўсёды: сэнс нашага з’яўлення на зямлі — знаходжанне ў няспынным творчым стане, у нараджэнні новых ідэй, новых светаў... А ўсё гэта рухае час, і ён сам рухомы гэтым, бо стварае магчымасць праявіць ідэі ў матэрыяльным свеце. Кожны з нас прыходзіць у гэты свет са сваёй закладзенай боскай праграмай, і кожную ноч падчас сну мы прымаем пэўныя карэкцыі — кіраўніцтва да далейшага жыцця.

Выдатна, што ў Японіі ёсць рэстараны, дзе ўжо не патрэбны персанал, які абслугоўвае кліентаў: ні кухары, ні афіцыянты і г. д. І калі такіх рэстаранаў у горадзе адзін або некалькі, то гэта надае месцу пэўны шарм. Але калі так працаваць пачнуць усе, то наўрад ці гэта ўзрадуе наведвальнікаў. Таму што яны прыходзяць у рэстаран не толькі паесці, але і дзеля кантакту — абмяняцца энергіямі... Бо энергія любові закладваецца і ў ежу, з якой добрыя кухары яе вырабляюць,  — яны ж хочуць, каб стравы наведвальнікам спадабаліся. Кожная справа, якая падабаецца, робіцца з любоўю. А любоў і ёсць галоўная рухаючая сіла ўсяго, і ніякая тэхніка замяніць яе не здольная  — яна ёю не надзеленая. Таму каштоўнае павінна быць само чалавечае жыццё. Час патрабуе стварыць умовы для рэалізацыі кожнаму жыхару планеты. Гэта выклік, але хіба гэта нам не пад сілу?!

На мой погляд, не правільныя словы вучаць людзей і нават не павучальныя ўчынкі, якія, безумоўна, добрыя самі па сабе. Людзей вучыць таямніца — тое, што невядома, што прымушае чалавека губляцца, адчуць сябе нібыта ў свеце сноў, і ён сам сваім разуменнем павінен дайсці да прасвятлення.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.