Вы тут

Прэзідэнт абмеркаваў са старшынёй Вярхоўнага суда рэзанансныя крымінальныя справы


Валянцін Сукала даклаў Аляксандру Лукашэнку пра вынікі работы сістэмы правасуддзя за бягучы год.


Як распавёў Валянцін Сукала, па выніках праведзенай 5 красавіка нарады кіраўніка дзяржавы з судзейскім корпусам падчас урачыстага адкрыцця будынка Вярхоўнага суда, у Беларусі была сфарміравана нацыянальная праграма развіцця сістэмы правасуддзя на найбліжэйшае пяцігоддзе. Паводле яго слоў, у гэтым дакуменце налічваецца 23 палажэнні. «Па 14 з іх непасрэдным выканаўцам з’яўляецца Вярхоўны суд. Па частцы з іх выкананне надыходзіць у бягучым годзе», — адзначыў старшыня Вярхоўнага суда. Ён далажыў Прэзідэнту аб тым, што ўжо зроблена ў гэтым годзе для рэалізацыі праграмы і што трэба будзе зрабіць у больш аддалены перыяд.

Тэмай сустрэчы таксама сталі рэзанансныя крымінальныя справы, якія разглядаюцца Вярхоўным судом. «Праца Следчага камітэта па гэтых справах і судоў. Справы, якія кантралююцца (і не толькі Прэзідэнтам), якія ў вас на кантролі, якія набылі пэўнае грамадскае гучанне. Як яны рэалізуюцца?» — абазначыў кола тэм для абмеркавання на сустрэчы кіраўнік дзяржавы.

Закон аб амністыі плануецца падрыхтаваць да 75-годдзя Перамогі ў Вялкай Айчыннай вайне

Аб гэтым у размове з журналістамі пасля сустрэчы з Прэзідэнтам даклаў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала.

Кіраўніком дзяржавы было прынята рашэнне аб падрыхтоўцы адпаведнага спецыяльнага закона з нагоды 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта заданне Вярхоўны суд будзе выконваць разам з Міністэрствам унутраных спраў.

«Я думаю, ён па сваім аб’ёме будзе на ўзроўні таго закона, які ўжо прымаўся ў мінулым годзе. Гэтым падкрэсліваецца асаблівасць гэтай даты — 75-гадоў Перамогі ў Вялкай Айчыннай вайне. Я думаю, гэта абгрунтавана з усіх пунктаў гледжання», — удакладніў Валянцін Сукала.

У Беларусі будзе створаны адзіны эканамічны апеляцыйны суд

Сярод канцэптуальных прапаноў на будучы год — магчымасць апеляцыйнага абскарджвання судовых рашэнняў Вярхоўнага суда па першай інстанцыі. «То-бок, калі ў гэты час такія рашэнні ў апеляцыйным парадку не маглі абскарджвацца, то зараз мы распрацоўваем такі заканадаўчы акт, які дазволіць і рашэнні суда Вярхоўнага першай інстанцыі, якія раней былі канчатковымі, змогуць абскарджвацца ў апеляцыйным парадку таксама за кошт унутраных рэзерваў, штатнай колькасці суддзяў Вярхоўнага суда», — сказаў Валянцін Сукала.

У Беларусі ствараецца адзіны эканамічны апеляцыйны суд. Сёння эканамічныя абласныя апеляцыйныя суды разглядаюць спрэчкі па першай інстанцыі і яны ж разглядаюць іх у апеляцыйным парадку. Гэтую функцыю зараз вымаюць з абласных судоў і перадаюць у спецыяльны адзіны на ўсю краіну суд.

Па словах Валянціна Сукала, гэта павысіць якасць разгляду эканамічных спрэчак, дазволіць завяршаць правасуддзе на апеляцыйнай стадыі.

«Мы тых суддзяў, якія разглядаюць справы ў апеляцыйным парадку сёння ў абласных эканамічных судах, забіраем і пераводзім у Мінск, дзе фарміруем такі адзіны суд. На практыцы атрымліваецца, што прыкладна 75 % апеляцыйных скаргаў разглядаюцца на рашэнні гарадскога і абласнога эканамічных судоў. То бок, асноўныя эканамічныя спрэчкі — тут у горадзе Мінску і Мінскай вобласці», — адзначыў Валянцін Сукала.

Працаваць у новай судовай структуры будуць больш за 20 суддзяў. Па словах старшыні Вярхоўнага суда, павінна рэалізоўвацца правіла «адзін суд — адна інстанцыя». Калі ў адным судзе існуе две інстанцыі, гэта можа сказвацца на якасці правасуддзя. Як запэўніў Валянцін Сукала, суд будзе працаваць у большасці ў рэжыме відэа-канферэнцсувязі, каб не запрашаць бакі ў Мінск. Рэалізавана прапанова будзе за кошт асабістых сродкаў Вярхоўнага суда.

Вырашана пытанне нават з памяшканнем. У новы будынак пераедуць суды Першамайскага і Савецкага раёнаў Мінска, а ў іх былым доме размесціцца адзіны эканамічны апеляцыйны суд.

У будучым магчымасці апеляцыйных судоў пашыраць не толькі ў эканамічных, але і ў агульных судах пры адначасовым скарачэнні судовага нагляду. «Сам працэс правасуддзя павінен быў завяршацца ў апеляцыйных інстанцыях, абласных судах, а абскарджванне далейшае судовых рашэнняў, якія ўступілі у сілу, — у парадку судовага нагляду будзе абмежаваны як па часе, так і па суб’ектах. Па сканчэнні аднаго года нельга будзе абскардзіць рашэнне суда апеляцыйнай інстанцыі», — канстатаваў старшыня Вярхоўнага суда.

Вярхоўны суд быў адным з ініцыятараў скарачэння складаў адміністрацыйных парушэнняў, якія падлягалі адказнасці згодна з кодэксам. «Больш за 70 органаў і службовых асобаў маюць права на складанне такіх пратаколаў, і, зразумела, там не ўсе людзі маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю», — патлумачыў Валянцін Сукала нізкую якасць складзеных адміністрацыйных пратаколаў. На яго думку, пэўныя нязначныя правапарушэнні не павінны распаўсюджвацца на доўгі перыяд і адбіцца на біяграфіях грамадзян.

Пра тое, што зрабілі ўжо сёлета, Валянцін Сукала расказаў журналістам.

  • Лічбавізацыя. У першым чытанні прыняты закон аб далейшай адкрытасці судовых працэсаў у выглядзе іх фіксацыі з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій. Практыка рэжыма пастаяннай відэа- і аўдыяфіксацыі судовых працэсаў пачнецца з 1 студзеня ва ўсіх абласных судах, а пасля выйдуць і на ўзровень раённых судоў. «Мы ўжо апрабавалі гэта на судовых працэсах у самім Вярхоўным судзе і ўпэўніліся, што гэта вельмі важная і прынцыповая пазіцыя, якая робіць наша правасуддзе больш акдрытым і празрыстым, зніжае канфліктнасць, устараняе заўвагі на пратаколы судовага паседжання, дысцыплінуе ўдзельнікаў працэсу», — адзначыў старшыня Вярхоўнага суда.
  • Фарміраванне банка дадзеных судовых рашэнняў. Цяпер усе найбольш важныя і актуальныя судовыя рашэнні будуць захоўвацца ў спецыяльным банку дадзеных у адкрытым доступе, і ўсе жадаючыя могуць з імі азнаёміцца.
  • Абмежавалі судовую юрысдыкцыю. У гэтым годзе прынялі закон аб абмежаванні судовай юрысдыкцыі па абсалютна бясспрэчных справах. Частку такіх спраў перададуць у юрысдыкцыі выканаўчых надпісаў. «Судам у гэтым плане знізяць нагрузку, і яны атрымаюць магчымасць сканцэнтравацца на больш важных і актуальных праблемных справах», — растлумачыў Валянцін Сукала.
  • Пераразмеркаванне штатнай колькасці. Адбываецца гэты працэс унутры судовай сістэмы без павелічэння штату суддзяў. Нагрузка ў адных судах аптымізавалася, а свободныя кадры пераводзяць у суды, дзе ёсць праблемы з недахопам кадраў.
  • Новыя патрабаванні да кадраў. З новага года ўводзіцца абавязковае псіхалагічнае тэставанне для кандыдатаў на пасаду суддзі. Праграма, па меркаванні старшыні Вярхоўнага суда, дазволіць абіраць юрыстаў, якія змогуць працаваць у экстрэмальных, канфліктных сітуацыях, так званых «публічных юрыстаў».

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.