Вы тут

Урывак з прадмовы Францыска Скарыны да кнігі «Юдзіф» гучыць на 70 мовах народаў свету


Чацвёртым выданнем пабачыў свет анталагічнага характару зборнік «Францыск Скарына на мовах народаў свету», які ўключыў пераклады з легендарнай прадмовы першадрукара да кнігі «Юдзіф» на 70 моў, у тым ліку — і на беларускую (арыгінал жа пададзены, зразумела, на старабеларускай). «Як звяры,/ што блукаюць у пушчы,/ ад нараджэння/ ведаюць сховы свае,/ як птушкі,/ што лётаюць у паветры,/ помняць/ гнёзды свае,/ як рыбы,/ што плаваюць у моры і ў рэках,/ чуюць/ віры свае/ і як пчолы/ бароняць вуллі свае — / гэтак і людзі/ да месца, дзе нарадзіліся/ і ўзгадаваны ў Бозе,/ вялікую ласку маюць» (пераклад Алеся Разанава).


Акрамя беларускай, урывак надрукаваны ў пераўвасабленнях на рускую, аварскую, агульскую, азербайджанскую, арабскую, армянскую, балгарскую, балкарскую, бурацкую, верхнялужыцкую, в'етнамскую, даргінскую, іспанскую, італьянскую, іўрыт, кабардзінскую, казахскую, калмыцкую, каракалпакскую, карацінскую, карэйскую, кіргізскую, кітайскую, комі, крымскататарскую, кумыкскую, курдскую, лакскую, латгальскую, лезгінскую, літоўскую, македонскую, мангольскую, марыйскую, нагайскую, нанайскую, ніжнялужыцкую, нямецкую, польскую, пушту, румынскую, русінскую, рутульскую, саамскую, сербскую, славенскую, табасаранскую, таджыкскую, татарскую, тацкую, тувінскую, турэцкую, удмурцкую, узбекскую, уйгурскую, украінскую, фінскую, французскую, хакаскую, цахурскую, чачэнскую, чувашскую, чэшскую, шведскую, шорскую, эстонскую, якуцкую, японскую мовы.

Сярод перакладчыкаў — знакамітыя паэты, якія працуюць у розных нацыянальных літаратурах: азербайджанец Чынгіз Алі аглу, армянін Эдвард Мілітанян, узбек Улугбек Есдаўлетаў, кітаец Гаа Ман, мангол Галаарыд Бадам-Ачырын, таджык Саідалі Мамур, татарын Рэнат Харыс, удмурт Вячаслаў Ар-Сяргі... Упершыню зборнік «Францыск Скарына на мовах народаў свету» быў выдадзены ў 2014 годзе. У наступных выданнях — 2015 і 2016 гадоў і, зразумела, 2019 года — колькасць моў на якія здзейснены пераклады, пашырылася.

Што цікава, на некаторыя мовы змешчаны па два і болей перакладаў. На беларускую — тры (Алеся Разанава, Івана Саверчанкі, Сяргея Панізьніка), на рускую — таксама тры (Уладзіміра Беразева, Алега Буркіна, Валерыя Грышкаўца), на армянскую, балгарскую, крымскататарскую, марыйскую, удмурцкую, чачэнскую, чэшскую — па два. На сербскую змешчана чатыры пераўвасабленні: іх ажыццявілі Радміла Рысціч, Іван Чарота, Саманта Рац, Даяна Лазаравіч. Іван Чарота, як вядома, — беларускі сербіст, доктар філалагічных навук, ды разам з тым яшчэ і акадэмік Сербскай Акадэміі навук (настолькі высокі аўтарытэт нашага суайчынніка ў Сербіі як даследчыка сербскай літаратуры, культуры, як перакладчыка сербскай паэзіі, прозы, публіцыстыкі на беларускую і рускую мовы!). Радміла Рысціч — перакладчыца Скарыны і на нямецкую мову. А яшчэ па-нямецку тэкст Францыска Скарыны загаварыў дзякуючы Норберту Рандаву і Уладзіміру Чапегу, Аляксандру Філюту, Вікторыі Андрэевай.

Цікавымі падаюцца лёсы Норберта Рандава і Уладзіміра Чапегі, якія паядналіся ў адным перакладчыцкім клопаце. Норберт Рандаў, які нарадзіўся ў 1929 годзе, вывучаў славістыку ў Берліне да 1953 года. Пасля — у Сафіі. Працаваў у Берлінскім універсітэце імя Гумбальта. У 1962—1965 гадах знаходзіўся за кратамі — «за антыдзяржаўную прапаганду» і «дапамогу нелегальнай эміграцыі» з ГДР. Канешне ж, з такім «тлустым» радком у біяграфіі пра навуковую кар'еру і ў ГДР марыць не даводзілася. Родная сястра славіста Гундула Рандаў выйшла замуж за беларуса Уладзіміра Чапегу, які нарадзіўся на Гомельшчыне. Менавіта Уладзімір Чапега (1939—2014) падштурхнуў спадара Норберта да цікаўнасці да беларускай літаратуры. Як вынік — знаёмствы з Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам, Янкам Брылём, Алесем Разанавым, Рыгорам Барадуліным, Уладзімірам Арловым. У 2003 годзе ў фондах Верхнялужыцкай навуковай бібліятэкі ў Гёрліцы Н. Рандаў знайшоў невядомы дагэтуль беларусістам асобнік пражскага выдання «Бібліі» Францыска Скарыны. Нямецкі перакладчык пераўвасобіў на сваю родную мову творы Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Алеся Гаруна, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Васіля Быкава. У мяне захаваўся ліст, з якім перакладчык у свой час даслаў пераклад урыўка з прадмовы Ф. Скарыны да кнігі «Юдзіф»: «Нойштрэліц, 4 ліпеня 2013 года.

Паважаны спадар Алесь!

Толькі сёння пасылаю Вам пераклад на нямецкую мову тэкста Скарыны з яго прадмовы да «Кнігі Юдзіф». Пераклад зроблены сумесна Норбертам Рандавым (Norbert Randow) і мною, Уладзімірам Чапегам (Uladsіmіr Tschapeha), з арыгінала Скарыны.

Калі выйдзе запланаваная Вамі кніжка, то было б вельмі добра, калі б Вы пераслалі мне адзін яе экзэмпляр. Можна і на мой мінскі адрас. Там цяпер жыве мая сястра Клявенская Ніна Пятроўна. Калі ў мяне атрымаецца што-небудзь перакласці на рускую мову, то я тады звярнуся да Вас.

Усяго Вам добрага!

З павагаю, Ваш Уладзімір Чапега».

На вялікі жаль, і Норберт Рандаў, і Уладзімір Чапега не паспелі пабачыць кнігу «Францыск Скарына на мовах народаў свету». Абодва пайшлі з жыцця раней, чым гэты праект увасобіўся асобным выданнем... Крыху — пра спадара Чапегу. У 1961 годзе перакладчык закончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў. У 1962—1988 гадах служыў у Савецкай Арміі. Экстэрнам скончыў Данецкае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча інжынерных войскаў і войскаў сувязі (1973). Жыў у Германіі. У 1982 годзе перакладчыка прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. Перакладаў з нямецкай мовы на беларускую і з беларускай на нямецкую. Дэбютаваў у друку ў 1971 годзе. На нямецкую мову пераклаў раман І. Мележа «Людзі на балоце», аповесці В. Быкава «Абеліск», «Здрада», А. Кудраўца «Раніца», кнігу У. Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі», творы Цёткі, Я. Брыля, К. Крапівы, П. Галавача, М. Гарэцкага, Я. Скрыгана... З нямецкай на беларускую пераклаў раманы Г. Ота «Пара ў дарогу, буслы», А. Аменды «Апасіяната», Л. Франка «Ісусавы вучні», творы Ш. Гермлінга, С. Цвэйга. Уладзімір Чапега адзначаны ордэнам «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй».

Не меней цікавым перакладчыкам з'яўляецца Гаа Ман (1926—2017), які пераўвасобіў тэкст беларускага першадрукара на кітайскую мову. Яшчэ ў 1958 годзе ў Пекіне пабачыла свет кніга вершаў Максіма Танка ў перакладзе Гаа Мана. Кітайскі мастак слова пераклаў на сваю родную мову і кнігу Святланы Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі», якая пабачыла свет у Пекіне ў 1990 годзе.

Несумненна, праца над своеасаблівай анталогіяй перакладаў твора Францыска Скарыны на розныя мовы патрабуе свайго працягу. Будем спадзявацца, што да работы над пераўвасабленнем неўміручых радкоў, якія аднолькава значныя па сваёй патрыятычнай скіраванасці для народаў усяго свету, прычыняцца і перакладчыкі іншых краін Азіі, Афрыкі, Амерыкі, Еўропы. Францыск Скарына ідзе па свеце разам з Беларуссю, расказвае свету пра Беларусь і беларусаў.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв'ю: nlb.by

Загаловак у газеце: «Як звяры, што блукаюць у пушчы...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».