Вы тут

Як выбраць ёлку


Жывая ці штучная — якая ёлка будзе радаваць вас падчас свят? Яшчэ не вызначыліся? Паспяшайцеся! Калі што, з 20 снежня ў Беларусі запрацавалі ёлачныя базары, дзе навагоднюю прыгажуню можна набыць ад 10 рублёў. «Звязда» пабывала ў Маладзечанскім лясгасе і даведалася, як правільна выбраць ёлку, што рабіць, каб з яе не асыпаліся ўсе іголкі і чаму спецыялісты раяць купляць дрэва ў кадцы.


Па лясным білеце

Каб вырасціць адну прыгажуню на продаж, трэба як мінімум 4 гады, а то і ўсе 10. Для навагодніх дрэў у лясах адводзяцца спецыяльныя ўчасткі. Напрыклад, у Маладзечанскім лясгасе гэта 30 га зямлі, где на кожным гектары знаходзіцца каля 5000 дрэў. Ёлкі тут пастаянна даглядаюць спецыялісты. Яны стрыгуць іх, фарміруюць кроны, выкошваюць траву і высякаюць хмызнякі побач. А таксама глядзяць, каб дрэвы не сапсавалі шкоднікі і дзікія жывёлы і каб на плантацыю не трапілі браканьеры. Калі ёлка дасягае таварнага выгляду, на яе выпісваецца лясны білет. Пасля чаго яе высякаюць і вязуць на продаж.

— Зразумела, усе хочуць прыгожую і пушыстую ялінку на святы. Для гэтага дрэва не павінна хутка расці, таму мы высаджваем яго на не вельмі багатай глебе — вось і ўвесь сакрэт. Яшчэ ў лесе на маладыя дрэўцы амаль не трапляе святло, навагоднія ж плантацыі цалкам адкрытыя. Мы на вока вызначаем, якія ёлкі найбольш прывабныя. Напрыклад, аднабокія або з рэдкімі галінкамі наўрад ці купяць, таму такія дрэвы секчы няма сэнсу, — расказвае галоўны ляснічы Маладзечанскага лясгаса Андрэй ШЫБЕКА. — У асноўным людзі бяруць невялікія ялінкі — ад 0,5 да 2 метраў. Вышэйшыя — ад 5 да 20 метраў — заказваюць у нас выключна прадпрыемствы, у хату такую ёлку не паставіш. Дарэчы, сёлета ў адной з вёсак раёна мы высеклі ёлку вышынёй ажно 27 метраў, ёй было ўжо 90 гадоў. Вядома, шкада, але яна была аварыйная, перашкаджала мясцовым жыхарам. Цяпер гэта прыгажуня стаіць у сталіцы каля канцэртнай залы «Мінск».

Лясная ахова перайшла на ўзмоцнены рэжым работы. Тых, хто захоча здабыць навагоднюю ёлку бясплатна, чакаюць штрафы да 50 базавых велічынь.

Найлепшае месца — балкон

У сярэднім ялінка можа прастаяць у хаце каля 3 тыдняў. Пажадана купляць дрэва з тоўстым ствалом і абавязкова звяртаць увагу на іголкі — яны не павінны асыпацца. Каб праверыць гэта, можна правесці рукой на галінцы. Нельга ставіць навагодняе дрэва каля батарэі, так яно хутка засохне.

— Не забывайце, што ёлка — гэта жывы арганізм, які, зразумела, мае патрэбу ў вільгаці. Таму пажадана адразу паставіць яе ў ваду і сачыць за тым, каб паветра ў памяшканні было вільготнае. Калі будзе суха, іголкі пачнуць хутка асыпацца. Таксама можна яшчэ апырскваць галінкі з пульверызатара, — раіць спецыяліст.

У апошнія гады беларусы ўсё часцей пачалі пытаць не пра ёлку, а пра сасну. А яшчэ аддаваць перавагу дрэвам у кадках. Калі ў 2017 годзе Маладзечанскі лясгас прадаў усяго 15 такіх ялінак, то ў 2018-м — ужо сто.

— Гэта добрая альтэрнатыва для тых, хто не хоча купляць ні ссечаную, ні штучную ёлку. Вясной такое дрэва можна пасадзіць. Але не заўсёды яно дажывае да гэтага часу, бо не ўсе правільна за ім даглядаюць, — падкрэслівае Андрэй Шыбека. — Ёлка ў кадцы не павінна знаходзіцца ў цёплым памяшканні больш за два тыдні, таму калі купілі яе загадзя, то адразу выносьце на балкон. Тое ж самае рабіце і пасля свят. Толькі так дрэва зможа перажыць зіму.

У апошнія гады беларусы ўсё часцей пачалі аддаваць перавагу дрэвам у кадках.  У сярэднім такое дрэўца каштуе каля 15 рублёў.

Пах ігліцы — водар свята

Эколагі пакуль не даюць адназначнага адказу, якая ёлка менш шкодзіць прыродзе — жывая ці штучная. Леснікі ж пераконваюць, што, нягледзячы на своеасаблівую моду на штучныя дрэвы, попыт на натуральныя ялінкі не памяншаецца. Толькі сёлета плануецца прадаць не менш за 160 тысяч навагодніх прыгажунь.

— Людзям падабаецца пах ігліцы. Хтосьці хоча парадаваць дзяцей, для кагосьці гэта традыцыя. Сам я выбіраю ёлку ў кадцы. Калі прынясу штучную, мяне з хаты выганяць, — смяецца спецыяліст.

З 20 снежня лясная ахова перайшла на ўзмоцнены рэжым работы. Устаноўлены сродкі фота- і відэафіксацыі, створаны рэйдавыя групы і стацыянарныя пасты каля дарог. Як правіла, браканьеры актывізуюцца да Раства і Новага года. Тых, хто захоча здабыць навагоднюю ёлку бясплатна, чакаюць штрафы да 50 базавых велічынь.

Кацярына ЦІТОВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Узышла ў лесе ёлачка...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».