Вы тут

Для дзяцей на зімовых канікулах падрыхтаваны разнастайныя мерапрыемствы


З 26 снежня да 11 студзеня пройдуць школьныя зімовыя канікулы — самыя працяглыя ў бягучым навучальным годзе. Для дзяцей у гэты перыяд падрыхтаваны разнастайныя мерапрыемствы.


— Будзе арганізавана работа аздараўленчых школьных лагераў. Большасць з іх — з дзённым знаходжаннем, там адпачне каля 70 тысяч вучняў, — расказала кансультант галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Ларыса ЕМЯЛЬЯНЧЫК. — Такая форма адпачынку запатрабаваная, бо бацькі ўпэўненыя, што дзеці будуць знаходзіцца пад кантролем і іх вольны час зробяць цікавым і змястоўным. Канікулы — гэта і спрыяльны час для правядзення фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных мерапрыемстваў, таму работа спартзалаў, стадыёнаў павінна быць забяспечана ў кожнай установе адукацыі.

Асноўная задача для педагагічных калектываў усіх школ краіны — стварэнне карыснага і бяспечнага адпачынку для вучняў. Метадыст упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена МІХАЛЕВІЧ адзначыла, што асаблівая ўвага будзе аддавацца дзецям, якія знаходзяцца ў складаным сацыяльным становішчы і маюць патрэбу ў індывідуальным прафілактычным падыходзе.

— Дні зімовых канікул супадаюць са многімі святамі, якія могуць прынесці не толькі радасць, але і, напрыклад, траўмы. Таму ўжо зараз ва ўстановах сярэдняй адукацыі праводзяцца бацькоўскія сходы, размовы з дзецьмі з удзелам спецыялістаў розных структур аб правілах паводзін на лёдзе, на чыгуначных і аўтамабільных дарогах, важнасці выкарыстання ў цёмны час флікераў і іншае. Да таго ж зімовыя канікулы — найбольш спрыяльны час для дзяцей і падлеткаў, каб звярнуцца ў Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі, створаны на базе Інстытута псіхалогіі Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, калі гэта патрэбна. Там чакаюць як дзяцей, так і іх бацькоў, — акцэнтуе ўвагу Алена Міхалевіч.

Зімовыя канікулы для дзяцей — гэта і час забаўляльных мерапрыемстваў, навагодніх ранішнікаў для малых і вечароў для старшакласнікаў. Аб іх расказала намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Ларыса ІСАЧКІНА.

— Да 9 студзеня будзе доўжыцца навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», якая ўжо каторы год праводзіцца па ініцыятыве Прэзідэнта. Падчас яе кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, а таксама грамадскія аб'яднанні наведаюць інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем'і, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, бальніцы, каб павіншаваць дзяцей з Новым годам і Калядамі. Цэнтральная падзея акцыі — навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі, што адбудзецца 27 снежня. У ім возьмуць удзел больш за дзве тысячы дзяцей: гэта пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў, конкурсаў прафесійнага майстэрства і спартыўных спаборніцтваў; выхаванцы кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў, тыя, хто дасягнуў поспехаў у грамадскай рабоце; дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў; дзеці-інваліды, дзеці з шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў і іншыя, — адзначыла спікер.

Ларыса Ісачкіна дадала, што з 26 снежня да 11 студзеня ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі будзе працаваць Рэспубліканская выстаўка-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў «Калядная зорка». Тут жа падчас зімовых канікул пройдуць розныя навагоднія праграмы для дзяцей і падлеткаў: «Навагодняя прыгода: новая гісторыя старых сяброў», інтэрактыўнае прадстаўленне «Майстэрня Дзеда Мароза», для самых маленькіх — «Галоўнае чараўніцтва Новага года» і іншыя.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Прэв'ю: postila.ru

Загаловак у газеце: Прыемнае з карысным

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.

Палітыка

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Пра гэта ён заявіў сёння на рабочай сустрэчы з Наталляй Качанавай і Віктарам Шэйманам.