Вы тут

Аўгустоўскі канал вядзе ў ЮНЭСКА


Не адзін год спецыялісты Беларусі і Польшчы рыхтуюць дасье, каб падаць заяўку на ўключэнне Аўгустоўскага канала і прылеглых да яго славутасцяў у Спіс сусветнай гістарычна-культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Ці папоўніць унікальнае збудаванне з багатай гісторыяй гэты прэстыжны спіс і як хутка тое адбудзецца? Пытанне складанае. Яно не так даўно дэталёва абмяркоўвалася на міжнародных канферэнцыях у польскім Аўгустове і беларускім Гродне. І пакуль застаецца адкрытым. Што пра гэта думае Уладзіслаў Цыдзік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня Мінскай абласной арганізацыі «Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі», а таксама старшыня ветэранаў Камітэта дзяржаўнага кантролю. Ён — адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў адраджэння Аўгустоўскага канала.


— Я да вас не з пустымі рукамі, з чаем, — вымавіў чарговы госць рэдакцыі часопіса Уладзіслаў Станіслававіч, заходзячы ў кабінет. — А ў яго свая гісторыя. Калі хочаце, раскажу.

Мы, вядома ж, пагаджаемся. І пад духмяны напой, слухаем нашага візаві.

— Калі я працаваў у Камітэце дзяржкантролю, то курыраваў і пытанні прыродааховы. А значыць, меў па абавязку службы самае непасрэднае дачыненне да праектаў па экалагічным ачышчэнні возера Нарач і прылеглых да яго тэрыторый. Мы шукалі: адкуль бы ўзяць інвестыцыі, дзе знайсці інвестараў? А паколькі спачатку добра пачысцілі водаахоўную зону — у прыватнасці, ліквідавалі жывёлагадоўчыя фермы, забаранілі аграрыям ужываць там хімічныя ўгнаенні — то атрымалася вельмі прывабная, экалагічна чыстая тэрыторыя. Вось тады я і прапанаваў кіраўніцтву фірмы «БелАсептыка»: чаму б вам не ўзяць тую зямлю, каб вырошчваць на ёй лекавыя травы? Заснавальнік прадпрыемства Андрэй Красільнікаў натхніўся. Мне, вядома ж, прыйшлося таксама прыкласці намаганні, каб мясцовае кіраўніцтва выдзеліла інвестару пад такі праект зямлю. У рэшце рэшт, фірме перадалі 40 гектараў — у напрамку санаторыя Сосны, гэта паміж Нараччу і Мядзелам. Вось там, у лесе, значыць, цяпер так званы Аптэкарскі сад, дзе вырошчваюцца лекавыя травы, экалагічна чыстыя. Рэгіён проста цудоўны. Прычым экапраект стаў прывабным для турыстаў. І я вазіў у той сад нашых сяброў з Кітая, ды і не толькі адтуль. І сам атрымліваю асалоду — бо там можна любавацца некранутай прыродай, адпачываць, а таксама даведацца шмат чаго цікавага. А яшчэ прыкупіць якасны чай.

— Як мы ўжо ведаем з папярэдніх размоваў, з вашай працай у Камітэце дзяржкантролю звязаны яшчэ адзін знакавы для Беларусі праект: адраджэнне Аўгустоўскага канала. І паколькі вядома, што рыхтуюцца дакументы для яго прадстаўлення ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, то давайце пра яго і пагаворым. Як Аўгустоўскі канал наогул з’явіўся ў полі вашага зроку?

— Яшчэ ў 2003 годзе мы такую ідэю абгрунтоўвалі, звяртаючыся да Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі: што дзве краіны разам павінны гэты праект, як гаворыцца, прасоўваць на міжнародным узроўні. Мы і польскіх калегаў падштурхоўвалі: давайце прапрацоўваць гэтую тэму, рыхтавацца разам да «паходу ў ЮНЭСКА». Але, на жаль, тады суседзі да такіх прапановаў ставіліся крыху скептычна. Мабыць, яшчэ час не прыйшоў. А праз 12 гадоў, дзякуй Богу, ёсць рух, разуменне, што Аўгустоўскі канал уяўляе з сябе асаблівую каштоўнасць.

— А што таму разуменню спрыяла?

— Пэўна, у першую чаргу сам канал «галасуе» за сябе, набывае папулярнасць: паток турыстаў усё ўзрастае. Штогод фіксуецца на беларускім баку звыш 150 тысяч наведванняў. Дзе такое ў Беларусі вы бачылі, каб за кароткі час, з нуля, што называецца, так стартануць? Раней на канал хіба што рыбакі мясцовыя прыязджалі ды турысты-воднікі на байдарках трохі хадзілі — мы распытвалі: чалавек 50–70 за год. Там жа каля шлюза Куркуль ёсць асобны ўчастак рэчкі Чорная Ганьча: яна ўліваецца ў канал, потым з яго зноў цячэ далей.

— Іван: Я ў свой час, у 80‑я гады, з гродзенскімі байдарачнікамі з турклуба Камбіната будматэрыялаў хадзіў у байдарачны паход па Нёмане. Добра памятаю: столькі размоў было пра Чорную Ганьчу і пра тое, якія там маляўнічыя месцы!

— А так і ёсць! Рэчка тая выцякае з возера Ханьча. Гэта польская тэрыторыя. І да нас цячэ.

— Мы чулі, турысты-пешаходнікі таксама ў тыя месцы раней хадзілі.

— Вядома, было і такое. Мы, напрыклад, з Жытамлянскай школы ў 1968 годзе, 12 чалавек, хадзілі ў паход па заканчэнні 8 класаў. І маршрут быў пазначаны так: ідзем на Аўгустоўскі канал. Ад Жытомлі 22 км да Гродна, далей да канала — яшчэ 28. Да Гродна мы ехалі цягніком, потым пайшлі пешшу — праз Ласосна, уздоўж Нёмана. Там, дарэчы, левы бераг абрывісты, з падмывамі. Мы спыняліся каля форта Першай сусветнай вайны, там і заначавалі. Помніцца: надвор’е было добрае, птушкі вакол спявалі. Далей пайшлі на вёску Новікі. І ўпершыню ўбачылі дзоты: там знакамітая Лінія Карбышава праходзіла. Гэта я да чаго кажу? На той тэрыторыі вельмі «інфарматыўныя» месцы для тых, хто цікавіцца гісторыяй. Потым мы ўбачылі тыя старыя, закінутыя шлюзы Аўгустоўскага канала. Дарэчы, яшчэ ў 1939 годзе канал эксплуатаваўся, шлюзы працавалі. Там і караблі хадзілі. У прыватным музеі на тэрыторыі вёскі Нямнова можна ўбачыць нават квіткі на тыя судны — пасажырскія, прагулачныя. Як вядома, да 17 верасня 1939 года гэта ўсё была тэрыторыя Польшчы. Ва ўсходняй Польшчы, дарэчы, і цяпер населеныя пункты — тыпова беларускія.

— На Беласточчыне жыве і дагэтуль шмат этнічных беларусаў, прычым людзі старэйшага пакалення гавораць па-беларуску…

— І нават за Беластокам беларусаў сустрэнеш, якія там даўно жывуць!

— Што ж, такая беларуская гісторыя… Давайце з вашага школьнага юнацтва перанясемся ў наш час. Як у ім зноў для вас «усплыў» Аўгустоўскі канал?

— Калі я працаваў у Камітэце дзяржкантролю, то недзе ў 2003‑м, можа ў верасні, былі мы ў камандзіроўцы на Гродзеншчыне разам з тагачасным кіраўніком КДК Анатолем Тозікам. Вось менавіта ён і сказаў мне: давай на тваёй радзіме зробім што-небудзь добрае. Я быў начальнікам галоўнага ўпраўлення аграпрамысловага, лесагаспадарчага і прыродаахоўнага комплексаў КДК. А мясцовыя органы ўлады ў той час спрабавалі ўжо трохі займацца Аўгустоўскім каналам: у 1991, 1992 гадах было невялікае асваенне сродкаў. На мяжы прыводзілі канал у парадак: паміж шлюзамі Кужынец і Валкушак — гэта на нейтральнай паласе. У нас жа як раз там мяжа: па рэчышчы Чорнай Ганьчы і яе прытоку. Можа, кіламетраў 5. Палякі тыя шлюзы самі зрабілі. Было такое пагадненне. Мы толькі водаскідны (рэгулятарны) шлюз самі на Кужынцы рэканструявалі.

Раней была сумесная праграма Беларусі, Польшчы, Літвы і Расіі — мы правяралі «эфектыўнасць прыродаахоўных мерапрыемстваў па развіцці міжнароднага турызму ў басейне ракі Нёман». Спецыялісты 4‑х краін праводзілі замеры розных экапараметраў, абменьваліся інфармацыяй. Як вядома, і ў Расіі ёсць тэрыторыя пад назвай «басейн ракі Нёман» — у раёне Калінінграда. Дык вось, у 2003‑м павінны мы былі правесці кантрольныя мерапрыемствы. У тым удзельнічалі Падліковая палата Расіі, Вышэйшая кантрольная палата Польшчы, Літоўскі дзяржкантроль і наш КДК. Па выніках аказалася, што беларуская вада — самая чыстая: на участку ніжэй Гродна і да межаў Літвы і Друскінінкай. Хоць і праблем нямала мы ў сябе «накапалі». Але нам трэба было падпісаць вынікі кантрольных мерапрыемстваў: агульную справаздачу. Вось тады кіраўніцтва вобласці звярнулася з просьбай: дапамажыце аднавіць Аўгустоўскі канал. Анатоль Афанасьевіч Тозік вырашыў на месцы паглядзець, як ідуць там справы. Узяў мяне, намесніка аблвыканкама, які курыраваў аграрны сектар і прыроду. Мы паехалі. Убачылі: вароты шлюзаў пабітыя, падмыванне камянёў, сценак шлюзаў. Усё зарасло хмызнякамі. Увогуле, запусценне. У некаторых месцах — толькі абрысы, што там цякла вада.

— Здымкі тады рабіліся?

— Вядома ж! Бо трэба было ўсё аргументаваць, калі звяртацца да Прэзідэнта з нейкімі прапановамі. Мы разумелі: праект вялікі, трэба яго адабрэнне. Вось я прынёс здымкі (паказвае). Гэта Куркуль, там і гідраэлектрастанцыя невялікая ёсць: на 750 кілават. Мы там паставілі дзве турбіны — гэта ў праграму па адраджэнні Аўгустоўскага канала ўваходзіла. А ў тых месцах і запаведнік побач. Помніцца, у тую паездку з Тозікам мы нават рыжыкі недалёка ад шлюза знайшлі. У выніку Анатолій Афанасьевіч, паўтаруся, і сказаў: «Давай на тваёй радзіме зробім штосьці добрае. Рыхтуй ліст». І я падрыхтаваў ліст ад КДК на імя Кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт нашу прапанову падтрымаў. Мы падключыліся і да падрыхтоўкі адпаведнага ўказа Прэзідэнта: «Аб рэканструкцыі…» (№ 2 ад 08.01.2004).

— Якія аргументы прыводзілі?

— Што адраджэнне канала будзе спрыяць развіццю аграэкатурызму ў рэгіёне. Што Аўгустоўскі — гэта культурна-тэхнічны, гістарычны здабытак нашай краіны. Наколькі я памятаю, падобнага збудавання каналаў ва ўсім свеце ўсяго чатыры. Канал працягласцю 101,2 км злучае рэчку Бэбжу, прыток Віслы, з Нёманам, з выкарыстаннем плыні спадарожных рэк. З возера Сервы яго падсілкоўванне вадой ідзе і ў бок Беларусі, і ў бок Польшчы.

— Вам даводзілася бываць на польскім баку канала?

— Вядома, на судне там хадзіў. Інфраструктуру тамтэйшую вывучалі: можна сказаць, досвед пераймалі. Бо на нашай тэрыторыі цяпер толькі 21 кіламетр Аўгустоўскага канала. Польская частка і раней была ў эксплуатацыі: яны гэтую водную сістэму для турызму прыстасавалі. У Аўгустове, гэта гарадок кшталту нашага райцэнтра, нават караблі салідныя стаялі: чалавек па 120–200 на борт бралі. Там развіты парусны спорт, ходзяць аматары і на байдарках. Вось як у нас на Мядзельшчыне. І нават круцей. Там ёсць пры канале аграсядзібы — у старадаўнім стылі: можна і адпачыць, і паесці. І пажыць. Едуць людзі з усёй Польшчы. Яшчэ Мазавецкае ваяводства канал перасякае, і там усё яшчэ больш развіта — як на Браслаўшчыне ў нас. Дык вось, на польскім баку я ўвогуле не бачыў нідзе слядоў запусцення паблізу канала: вакол яго кіпіць жыццё. Канал працаваў да Аўгустова, уключаючы шлюз Куркуль. А кіламетры 2 да мяжы з Беларуссю ніхто не даглядаў. Мне нават паказвалі: папа Ян Павел ІІ да шлюзу Горчыца ў 1999‑м дайшоў па канале на караблі — далей не змог з‑за моста над каналам. У гонар той падзеі там стаіць памятны камень.

— Калі працы пачыналіся на беларускім баку, вы ўзгаднялі іх з польскімі калегамі?

— Само сабой! Бо сэнс адраджэння беларускай часткі канала ў тым, каб ён запрацаваў на ўсю сваю даўжыню, каб стаў міжнародным тураб’ектам. Таму мы папрасілі польскі бок ачысціць так званае карыта, рэчышча да нашай мяжы. Прывесці ў парадак прапускны шлюз Кыжунец і водакідны Валкушак. А прахадны шлюз Валкушак — гэта ўжо наша задача. Яны блізка там, метраў 600 адзін ад аднаго. Палякі гэта зрабілі, у тым ліку і плато для воданакапіцеля. Усё прывялі ў парадак. Але мост, пра які я згадваў, не дэмантаваны і па гэты дзень. Таму караблям з высокай палубай ад нас туды не прайсці, і адтуль таксама.

— А дэмантаж моста ў планах развіцця Аўгустоўскага канала ёсць?

— Ёсць. Бо зона для развіцця міжнароднага турызму створана добрая.

— А як наконт перавозкі грузаў?

— Не ведаю, ці ёсць у гэтым сёння сэнс. Грузаперавозкі — гэта ж і адпаведная інфраструктура. Калі з эканамічнага пункту гледжання выгада нейкая азначыцца, бізнес яе не ўпусціць. Дарэчы, мы там, на мяжы, пабудавалі добрую мытню. Пагранічны пункт пропуску зрабілі — там спецыялісты заставы імя Героя Савецкага Саюза Віктара Усава працуюць. Хто жадае — можа па мастку перакідным праехаць на ровары. На байдарках можна цяпер па канале праходзіць, у абодва бакі.

— Але вернемся да рэканструкцыі канала. У якім годзе Прэзідэнт падпісаў Указ?

— Гэта быў 2004 год, 8 студзеня.

— І што далей рабілі вы?

— Паколькі мой глаўк у КДК адказваў за прыродаахоўныя мерапрыемствы, і наша была ініцыятыва, а я — начальнік глаўка, то гэтая справа ў мяне была на кантролі. Я шмат разоў туды выязджаў. Асабліва нікога не падключаў, за выключэннем Гродзенскага абласнога камітэта дзяржкантролю. Мы перыядычна дакладвалі Кіраўніку дзяржавы пра ход працы па рэканструкцыі канала. Інфармавалі аб праблемах, заганах, затрымках з праектнай дакументацыяй… Сёння можна сказаць: аб’ект быў складаны. Запатрабаваліся навуковыя пошукі. Былі ў праекта і навуковыя кіраўнікі. Памятаю, адзін біёлаг змагаўся за кожнае дрэва: калі яно даўняе і яшчэ дужае — захаваць! А дрэвы па берагах канала 100 і 150‑гадовага ўзросту. Шмат пытанняў узнікала па рэканструкцыі кладкі. Бо растворы раней былі спецыяльныя, на бялках ад яек, трывалыя і вільгацеўстойлівыя. Патрэбна была і спецыяльная клінкерная цэгла. Яна практычна не засвойвае вільгаці. Мы ўсе гэтыя «тэмы», крокі, рухі рэканструктараў суправаджалі, ведалі бягучую сітуацыю на ўсіх участках аб’екта.

— Колькі гадоў рэканструкцыя доўжылася?

— Усяго толькі два гады! Палякі не верылі, што за такі кароткі час мы зробім гэты канал. Нават смяяліся на пачатку працы. А свой двухкіламетровы ўчастак своечасова не зрабілі. Мы свае працы закончылі ў 2006‑м, а яны толькі на мяжы пачалі парадак наводзіць. Агульны каштарыс работ па ўсёй рэканструкцыі на 38 мільярдаў рублёў па тых грошах пацягнуў, у доларавым эквіваленце — каля 18 млн долараў. Мы нават 8 млрд рублёў зэканомілі на праектнай дакументацыі. Таму што ўвесь час карэктавалі праекты не ў шкоду якасці.

— І сярод мясцовых уладаў былі людзі, адказныя за правядзенне рэканструкцыі канала?

— Многа было апантаных: Міхаіл Камарэц, старшыня райвыканкама, Анатоль Кароль, галоўны архітэктар Гродзенскага раёна. Вялікі ўнёсак зрабілі меліяратыўныя арганізацыі Гродзенскай вобласці. Выдатна працавалі і студэнты Гродзеншчыны.

— Адкуль ішло фінансаванне праекта?

— З некалькіх крыніц.

— Як на ваш погляд: укладзеныя грошы акупяцца?

— Несумненна! Бо мы арыентаваліся, адраджаючы канал, на здаровыя патрэбы людзей. У розных краінах жывуць тыя, каму падабаецца актыўна адпачываць, падарожнічаць па запаведных месцах, любавацца некранутай прыродай. Плыць па каналах, праходзіць праз шлюзы, назіраць жыццё па берагах — гэта ж так цікава! Ніякае кіно, мне здаецца, не параўнаецца па ўражаннях з «жывымі малюнкамі». Да таго ж на такім «скрыжаванні» народаў цікава назіраць навакольнае жыццё — а гэта ж месца, дзе блізка падыходзяць адзін да аднаго Беларусь, Літва, Польшча. Дарэчы, паміж Літвой і Польшчай ёсць канал, дзе «з вады ў ваду» судна перацягваюць валакушай праз гару. У тым таксама ёсць свая экзотыка.

Сёння Аўгустоўскі канал запатрабаваны. Калі людзі гатовыя да нас ехаць, укладваць у гэта свае сродкі, то падобную цікавасць трэба разумна падтрымліваць, выкарыстоўваць. А 150 тысяч — салідная лічба! Мы ведаем, наколькі папулярныя ў турыстаў Брэсцкая крэпасць-герой, Белавежская пушча, цяпер усё больш турыстаў едуць у Нясвіжскі ды Мірскі замкі. І Аўгустоўскі канал у гэтым спісе выходзіць на перадавыя пазіцыі. Думаю, ён ужо ў топ‑10 самых наведвальных месцаў Беларусі. Такія аб’екты, як Аўгустоўскі канал — гэта яшчэ і своеасаблівы твар сучаснай беларускай дзяржавы. Калі мы здольныя падобныя аб’екты адраджаць, аднаўляць тое, што ўяўляе з сябе культурную каштоўнасць еўрапейскага, сусветнага ўзроўню, калі ўмеем на годным узроўні вакол іх весці працу — значыць, паказваем сябе свету, як кажуць, у лепшым выглядзе.

— Вы ж, мабыць, і чаканы эканамічны эфект пралічвалі, звяртаючыся з прапановамі да Кіраўніка дзяржавы?

— Вядома! Помню, нават разлікі былі: колькі прыкладна грошай «пакідае» ў нас замежны турыст за адны суткі знаходжання. Вядома, спадарожную інфраструктуру ў тым рэгіёне трэба яшчэ «падцягваць», і гэта робіцца. У прыватнасці, недалёка ад канала, у вёсцы Свяцк, рэстаўруецца вельмі цікавы палацава-паркавы ансамбль Валовічаў. Нядаўна глядзеў пра гэта тэлесюжэт. Дарэчы, мы таксама ў нашай праграме, думаючы на перспектыву пра развіццё турыстычнага патэнцыялу Гродзенскага рэгіёну, пісалі пра рэканструкцыю маёнтка ў Свяцку. Гэта кіламетраў 8 за Сапоцкіна. Пры добрых дарогах — побач. Наколькі мне вядома, крэдытуе праект «Прыёрбанк». Там будзе створана і гасцініца на 50 месцаў.

— Вернемся яшчэ да рэканструкцыі канала. Усё аднаўлялі ці нешта прыйшлося змяняць?

— Даводзілася вельмі шмат розных нюансаў улічваць. Скажам, у пару нерасту харыуса (а гэтая рыба, паднімаючыся ў вярхоўі рэк, аказваецца, выкарыстоўвае тыя водныя шляхі) біёлагі забаранялі праводзіць працы на канале. А ён, як вядома, звязаны з Нёманам: з гэтай ракі на нашай тэрыторыі пачынаецца. Дык вось, з тых часоў, як адкрылі канал, а гэта быў 1839 год, рэчышча Нёмана прыкметна сышло ад канала ў бок, і да таго ж узровень вады ў рацэ апусціўся. Прыйшлося таму замест трохкамернага шлюза Нямнова прыбудоўваць яшчэ адну камеру — прыкладна якога на кіламетр канал надтачылі. І судна трэба было падымаць, як бы падсаджваць — інакш яны не змаглі б увайсці ў канал. А мы там, дарэчы, выявілі драўляную падлогу пры ўваходзе. Гэта значыць, пэўная глыбіня ўваходу для судна павінна быць, а калі ўваход паглыбіць — усё, сценкі парушацца. Вось чаму я Віталя Ільіча Крамко (былы дырэктар саўгаса «Кастрычнік», чацвёрты Герой Беларусі. — Аўт.) папрасіў, каб з яго гаспадаркі камянёў, якія на палях збіраюцца, прывезлі. Там адлегласць немалая: кіламетраў 35 у адзін бок. Яшчэ па шлюзу Нямнова што скажу: цяпер і прыватны музей ёсць, і хатка наглядчыка шлюза. А шлюзаў на нашым участку канала чатыры: Нямнова, Дамброўка, Валкушак і Кужынец. Прымежны шлюз Кудрынкі на польскім баку быў у запусценні.

— Вы яшчэ згадвалі, што былі праблемы з клінкернай цэглай…

— Так, былі. Купляць у Еўрасаюзе дорага. Што рабіць? А ў нас цагляныя вытворчасці нядрэнна развітыя. Збіралі ўсіх, нават прадстаўнік Міністэрства культуры быў, раіліся. Прыйшлі да высновы: трэба ў Обалі, на Віцебшчыне рабіць сваю цэглу клінкерную. Звыш 580 тысяч штук такой цэглы спатрэбілася, каб прывесці ўсе шлюзы ў парадак. Яшчэ з Расіі гліну, якая падыдзе па тэхнолагіі, прывозілі. А дзе не выяўлялі пашкоджанняў — пакідалі ўсё, як было. Гэта значыць, і старадаўняя кладка ў некаторых месцах яшчэ служыць каналу. Дарэчы, мы па ходзе справы даведаліся: кожны шлюз меў пры будаўніцтве канала свайго праектанта. І свайго інжынера-афіцэра, які адказваў за пабудову. На асобных шлюзах былі нават шыльды, якія паведамлялі, што шлюз, напрыклад, у 1827 годзе будаваў унтэр-афіцэр вось такі…

— Можа, нешта цікавае падчас работ знаходзілі?

— Вядома. Шмат прадметаў розных часоў Вялікай Айчыннай вайны. А на Валкушыку ёсць нават сонечны гадзіннік, з вялікім, больш за метр каменем. Але там зона — памежная, і цяпер экспанат гэты недаступны для турыстаў. У тых месцах ёсць і пахаванні абаронцаў Айчыны, помнік у лесе стаіць.

— Вы сказалі, што яшчэ ў 2007‑м была ў Камітэце дзяржкантролю ініцыятыва пра «паход у ЮНЭСКА» з Аўгустоўскім каналам. Толькі ідэя або прапрацоўвалі неяк тэму?

— Глыбока не прапрацоўвалі, але ідэю агучвалі ў дакументах, у тым ліку і ў кантактах з польскім бокам. Перш за ўсё было важна — здаць аб’ект у эксплуатацыю. Ну а цяпер, па ўсім відаць, прыйшоў час рухацца далей. І я вельмі рады, што сёння ў гаспадароў Аўгустоўскага канала, Беларусі ды Польшчы, па гэтым пытанні — узаемаразуменне.

Гутарылі Іван і Валянціна Ждановічы

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.