Вы тут

«Да чысціні беласнежнай...»: Мацуа Басё гучыць па-беларуску


Новая кніга ў серыі «Паэты планеты» — зборнік вершаў «Выбраныя хайку» класіка японскай паэзіі Мацуа Басё. Перакладчык — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алесь Разанаў. Выдавецкая анатацыя да зборніка, які, несумненна, з’яўляецца падзеяй у беларускім мастацкім перакладзе, досыць лаканічная: «Мацуа Басё (1644–1694) — японскі паэт, адзін са стваральнікаў хайку, які зрабіў неацэнны ўклад у развіццё эстэтыкі гэтага паэтычнага жанру. Адрасуецца шырокаму колу чытачоў».


Так, хацелася б верыць, што і беларуская кніга (здаецца, першая ў гісторыі нашай нацыянальнай літаратуры) Мацуа Басё сапраўды знойдзе шмат чытачоў. Калі, зразумела, чытачы знойдуць кнігу, бо наклад зборніка ўсяго толькі 250 асобнікаў. «Сюды, калі ласка!..» —/Знайшоў у гарах/мне месяц прытулак». «Заткалася неба/дажджом — не спаткацца/дзвюм зоркам цяпер».

Легендарны японскі паэт заклаў традыцыі новай японскай паэзіі болей як на 200 гадоў. Меў шмат вучняў пры жыцці. Яго спасціжэнню сусветных з’яў, самой філасофіі жыцця прытрымліваліся многія і многія мастакі слова ў Японіі ды іншых краінах планеты. Мацуа Басё чытаюць і цяпер. Пра гэта сведчаць таксама і выданні яго кніг на рускай мове.

Дарэчы, сёлета, калі можна было б адзначыць 375 гадоў з дня нараджэння Мацуа Басё, варта было б згадаць і нашу зямлячку — Веру Маркаву (1907–1995), якая нарадзілася ў Мінску. Вера Мікалаеўна Маркава — руская паэтэса і перакладчыца, даследчыца японскай класічнай літаратуры. У 1931 годзе скончыла японскае аддзяленне ўсходняга факультэта Ленінградскага ўніверсітэта. Пасля Вялікай Айчыннай вайны пераехала ў Маскву. У 1950‑я гады пачала перакладчыцкую працу. Большая частка перакладаў Веры Маркавай звязана з японскай літаратурай. У 1987 годзе надрукавала зборнік японскіх вершаў «Зімовы месяц», куды ўвайшлі і пераўвасабленні Мацуа Басё.

«Знямогся ў дарозе:/блукаю ў снах/спякотнаю пусткай». «Змагла — разагнала/сяброўская гамана/імглу надвячорка». «Стварайцеся, на мой стары твар/не падобныя вершы!../Першы сакуры цвет».

Мацуа Басё — адзіны японскі паэт, чыя творчасць прадстаўлена ў серыі выдаўца Зміцера Коласа «Паэты планеты». Мо з часам мы пабачым кнігі вершаў Арывары-на Нарыхіра, Ёса Бусона, Ісікавы Такубоку, Іто Саціо, Курасавы Акінамаро ды іншых японскіх паэтаў у перакладзе на беларускую мову? Будзем спадзявацца. Пачатак жа пакладзены.

Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».