Вы тут

Надзея Хадасевіч-Лежэ. Убачыць Парыж. І... скарыць яго.


Міжнародны выставачны праект «Надзя. Да 115‑годдзя з дня нараджэння Надзеі Хадасевіч» — з прыватных збораў Францыі і калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, — які быў прадстаўлены ў Мінску, стаў не толькі прыкметнай культурнай падзеяй сталіцы, але і нагадаў ісціну пра тое, што сапраўднае мастацтва не мае межаў, па сутнасці сваёй яно інтэрнацыянальнае.


Так, у гэтым годзе споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння вядомай мастачкі, ураджэнкі Беларусі Надзеі Хадасевіч-Лежэ, чыя роля ў мастацтве дваццатага стагоддзя і культурных узаемаадносінах у эпоху жалезнай заслоны неацэнная. З’яўляючыся своеасаблівым, рознабакова праявіўшым сябе аўтарам — станковы жывапіс, графіка, мазаіка, — яна каласальную ўвагу надавала пытанням папулярызацыі творчай спадчыны аднаго з найбуйнейшых французкіх мастакоў першай паловы ХХ стагоддзя Фернана Лежэ, выступала ініцыятарам і арганізатарам выстаў савецкіх мастакоў у Францыі, аказвала падтрымку суайчыннікам. Пасля візіту ў канцы 1960‑х — пачатку 1970‑х гадоў у Савецкі Саюз і, у прыватнасці, у Беларусь, Надзея Хадасевіч-Лежэ зрабіла некалькі найкаштоўнейшых падарункаў расійскім і беларускім музеям. Напрыклад, Нацыянальны мастацкі музей Беларусі атрымаў у дар факсімільныя рэпрадукцыі з карцін вядомых еўрапейскіх майстроў — усяго 360 прадметаў. Яшчэ праз нейкі час тут таксама прымалі ўнікальную калекцыю злепкаў скульптур і рэльефаў — 173 экспанаты, а таксама кераміку Пабла Пікаса. Пазней Надзея Хадасевіч-Лежэ паднесла ў дар музею свае графічныя творы і працы Фернана Лежэ.

Адным словам, далёка не выпадкова, што цяперашняя выстава праходзіла менавіта ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, дзе гледачы здолелі пазнаёміцца не толькі з творчасцю Надзеі Хадасевіч-Лежэ, але і з яе дзейнасцю ў сферы папулярызацыі сусветнага мастацтва. У экспазіцыі было прадстаўлена больш за пяць дзясяткаў твораў — жывапіс, малюнкі, літаграфія і шаўкаграфія — як з французкіх прыватных збораў, у тым ліку спадчыннікаў мастачкі, так і, натуральна, з калекцыі самога Нацыянальнага мастацкага музея. Экспанаты дазвалялі ўсебакова прадставіць творчасць Надзеі Хадасевіч, уявіць яе розныя стылістычныя этапы і жанравую разнастайнасць, адчуць грамадзянскую пазіцыю мастачкі. Частку экспазіцыі складалі творы Фернана Лежэ і Пабла Пікаса, падораныя музею.

Варта адзначыць, што выстава ладзілася Нацыянальным мастацкім музеем пры падтрымцы амбасады Францыі ў Беларусі. Праект таксама стаў магчымы, дзякуючы праграме Еўрапейскага саюза МОST.

Такім чынам, у Нацыянальным мастацкім — зліццё супрэматызму і кубізму ў фармаце карцін Надзі Хадасевіч-Лежэ. Акрамя таго, сёння яе назвалі б выдатным піяршчыкам і дыпламатам у сферы мастацтва. Для дзяўчыны з вёскі пад Докшыцамі, што ў Віцебскай вобласці, не існавала жалезнай заслоны падчас станаўлення краіны Саветаў. Нават пераехаўшы за ідэямі ў Парыж у 20‑х гадах, Надзя заставалася камуністкай. І ў далейшым з трапятаннем ставілася да СССР.?Таму перадала ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі кераміку свайго сябра Пікаса. А яшчэ адправіла сюды ж чатыры сотні факсімільных рэпрадукцый сусветнага жывапісу. Марыла адкрыць у Віцебску Музей музеяў.

Нікаля Ценье, унук мастачкі Надзі Хадасевіч-Лежэ: «Надзя часта распавядала пра Беларусь, казала, што любіць і шануе сваю родную краіну. Асабіста мне падабаецца тое, як яна праз супрэматызм адлюстроўвала і рэвалюцыйны, і савецкі час. Асабліва здзіўляюць спалучэнні колеру».

Вось і на выставе тое, што дарыла музею сама Надзя, разбавілі супрэматызмам. Дарэчы, на такую геаметрыю яе натхняў беларускі арнамент.

Яшчэ пры жыцці ў Надзі Лежэ была ўсяго адна персанальная выстава ў Мінску. 15 мазаічных пано — ноў-хаў для савецкага мастацтва — экспанавалі ў Палацы спорту. Дарэчы, мурал яе мужа, Фернана Лежэ, меў усе шанцы быць на фасадзе Палаца. Але ад ідэі адмовіліся: занадта абстрактна выглядаў спорт. Хаця прадстаўніцтва савецкага Аэрафлота ў Францыі ўпрыгожылі такой мазаікай.

Дарэчы, пано самой Надзі ёсць на фасадзе Нацыянальнага музея Фернана Лежэ. Ідэя камунізму толькі зблізіла яе з мэтрам французкай Акадэміі сучасных мастацтваў. Яны пражылі ў шлюбе тры гады, а ўжо пасля смерці Фернана Лежэ Надзя кіравала ўзвядзеннем яго персанальнага музея і, дарэчы, запрасіла на адкрыццё дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Алену Аладаву. Варта заўважыць, што яны часта перапісваліся з нагоды маючых адбыцца выстаў і заўсёды віншавалі адна адну з Новым годам.

Жан Дзескуб Дю Шатэнэ, калекцыянер: «Сёння ў Францыі многія працягваюць адкрываць для сябе Надзю Лежэ. Людзей натхняе тое, як яна змагла стаць паспяховай у капіталістычнай краіне. Надзя — дзіўная мастачка: яна стварыла поп-арт у пасляваенныя гады. І цяпер у Еўропе яе працы толькі набіраюць папулярнасць».

Так, на цяперашняй выставе ў кампаніі яе карцін была і графіка мужа. Упершыню экспанавалася шпалера, створаная па эскізах Фернана Лежэ. «Мая выстава будзе вельмі хутка…» — пісала Надзя яшчэ ў 1960‑х у Мінск. Алена Аладава вельмі хацела павесіць такую афішу ля ўваходу ў музей. І вось ужо ў ХХІ стагоддзі тут экспанаваліся 52 працы зямлячкі, якая ўбачыла Парыж і… скарыла яго.

Святлана Пракоп’ева, загадчыца аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: «Максімальна на выставе быў прадстаўлены і супрэматызм, і «новы рэалізм», які распрацоўваў Фернан Лежэ, і які як адлюстраванне натуральна ўвайшоў у творчасць Надзі Лежэ»

Між іншым, пад гэты маштабны персанальны паказ у музеі нават дэманціравалі экспазіцыю заходняга мастацтва. Пакінулі толькі вітрыны з керамікай таварыша Надзі — Пабла Пікаса.

Нікаля Ценье, унук Надзі Хадасевіч-Лежэ: «Тут у Мінску я адчуў, што беларускі такія ж, як Надзя — валявыя, энергічныя і пазітыўныя».

Да вернісажу прамы нашчадак парыжскай музы родам з беларускага Зембіна зазірнуў «дадому». У мястэчку каля Барысава — бабуліна імянная галерэя з невывазнымі мазаікамі. Варыянт адной з іх — гуашшу — партрэт Марка Шагала, дарагога сэрцу Надзі чалавека.

Ва ўсіх ён быў першы настаўнік. Хадасевіч лічыла сваім кумірам Казіміра Малевіча з яго «Чорным квадратам». Аднак родапачынальнік новага мастацтва расчараваў Надзю, сказаўшы аднойчы, што яно — мастацтва — «скончылася»…

Жан Дзескуб Дзю Шатэнэ: «Доўгі час Надзя Лежэ незаслужана заставалася ў цені мужа. Цяпер мы яе адкрываем нанава. Надзя Лежэ — гэта Беларусь. Асабліва яе творчасць падабаецца жанчынам».

Так, сёння наша суайчынніца, ураджэнка Віцебшчыны Надзея Хадасевіч-Лежэ вядомая не толькі як жонка аднаго са знакамітых мастакоў Францыі — Фернана Лежэ. Яна і сама была рознабакова адоранай асобай.

Куратар выставы ў Мінску Святлана Пракоп’ева адзначыла, што задача гэтага міжнароднага праекта — максімальна поўна і шырока прадставіць творчасць мастачкі гледачам.

— Надзея Пятроўна звярталася да розных стылявых напрамкаў. Можна прасачыць яе творчы шлях ад ранніх работ, звязаных з супрэматызмам, праз кубізм, пурызм, сацрэалізм… Па сведчанні нашчадкаў, ёю было створана і перададзена ў СССР 82 мазаічных пано. Спецыяльна да нашай выставы мной праведзена даследчая праца і выяўлена месца знаходжання толькі 29 мазаік, шэсць з іх — у Зембіне. На жаль, некаторых мазаік ужо не існуе. Гэтая выстава павінна была стаць — і стала — адкрыццём. Бо яна ўпершыню прадставіла жывапіс і графіку мастачкі ад 20‑х да 80‑х гадоў ХХ стагоддзя.

Захаваліся звесткі пра тое, што звязвала Надзею Хадасевіч-Лежэ і Пабла Пікаса. Яна апісвала, што кансультавалася ў яго, а ён кансультаваўся ў яе. Вядома, што Пікаса прадставіў свае творы на знакамітую выставу-продаж, якую Надзея арганізавала ў 1945 годзе ў дапамогу ваеннапалонным і пацярпелым у гады Вялікай Айчыннай вайны савецкім грамадзянам. Майстар бязвыплатна прадаставіў свае творы, і яны былі прададзеныя. Цікавы і той факт, што па эскізах Надзеі Хадасевіч-Лежэ вядомы куцюр’е П’ер Кардэн стварыў брошкі з каштоўных металаў.

Надзея спрабавала свае сілы ў розных напрамках творчасці, таму кожны наведнік выставы ў Мінску мог знайсці тут працу, якая выклікала водгук у яго душы.

У ТЭМУ

Мары здзяйсняюцца

У 1904 годзе ў вёсцы Асяцішша Віцебскай вобласці ў шматдзетнай сям’і Хадасевіч нарадзілася дзяўчынка, якую назвалі Надзеяй. У дзяцінстве, даведаўшыся, што Парыж — гэта месца, дзе робяць сапраўдныя мастакі, марыла пра тое, што стане менавіта такой мастачкай і будзе жыць у горадзе сваёй мары. Суседскія дзеці, якія ведалі пра Надзіны мары, смяяліся над ёй, але дзяўчынка хацела, каб мара ажыццявілася: нават некалькі разоў уцякала з дому, але яе здымалі з цягніка.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, сям’я пераехала ў расійскі гарадок Бялёў Тульскай губерні, дзе Надзя пачала займацца балетам і маляваннем. У 15‑гадовым узросце яна даведалася, што ў Смаленску адкрыліся мастацкія майстэрні, куды з’ехала, нікога не папярэдзіўшы. Там яна вучылася жывапісу ў вядомых супрэматыстаў Уладзіслава Стржамінскага і Кацярыны Кабро. Там жа адбылося яе знаёмства з Казімірам Малевічам.

Але праз два гады Надзея выкарыстала магчымасць стаць бліжэй да Парыжа і з’ехала ў Варшаву са знаёмай сям’ёй, у якой першы час працавала гувернанткай. Ёй давялося жыць пры кляштары, потым яна стала мадысткай. Але вось цуд: дзякуючы таленту, дзяўчыну залічылі ў Акадэмію мастацтваў. Там яна пазнаёмілася са Станіславам Грабоўскім, за якога выйшла замуж. Але ў яе па-ранейшаму была мэта: Парыж! Угаварыўшы мужа пераехаць туды, яна, нарэшце, выканала сваю мару.

Хроніка біяграфіі

Надзя, скароная стылем Фернана Лежэ, хацела вучыцца менавіта ў яго — у Акадэміі сучасных мастацтваў. І гэтаму было наканавана спраўдзіцца. А вось шлюб сышоў на нішто: пасля разводу Станіслаў з’ехаў з Францыі. Жанчына засталася адна з дачкой на руках. Каб мець сродкі, падзарабляла ў пансіёне прыбіральшчыцай. На жывапіс часу заставалася вельмі мала, тым не менш, яна, толькі вызваліўшыся ад клопатаў, адразу бегла ў студыю.

Калі пачалася Другая сусветная вайна, Фернан Лежэ з’ехаў з жонкай у ЗША.?Надзя не пакінула Францыю, удзельнічала ў руху Супраціву: збірала вопратку для ваеннапалонных, прытуліла англійскую дзяўчынку.

Пасля вайны Фернан Лежэ вярнуўся на радзіму, і Надзя працягнула працаваць яго асістэнткай. Калі маэстра аўдавеў, ён прапанаваў паплечніцы руку і сэрца. Новаспечаная спадарыня Лежэ адразу ж занялася уладкаваннем сямейнага кутка: набыла ў прыгарадзе Парыжа дом, стварыла там майстэрні для сябе і мужа. На жаль, шчасце было нядоўгім: у 1955 году пасля перанесенага інфаркту вядомы мастак памёр, пакінуўшы ўсе свае грошы жонцы. У памяць пра мужа Надзя вырашыла пабудаваць персанальны музей мастака Фернана Лежэ ў Бьо. Калі яна падарыла яго Францыі, яе ўзнагародзілі Ордэнам Ганаровага легіёна.

А ў Зембін Надзя Лежэ ўпершыню прыехала ў 1959 годзе. Адсюль родам яе маці, з якой французкай мастачцы-камуністцы не забаранялі весці перапіску. Але да таго часу маці ўжо памерла. Спынялася мастачка ў доме ў сваёй сястры Яўгеніі Вашкевіч.

Веніямін Міхееў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.