Вы тут

Чым можа здзівіць турыстаў Віцебшчына


Віцебская вобласць мяжуе як з ЕС, так і з Расіяй. З улікам гэтага можна вельмі добра зарабляць на турызме. Менавіта такі бізнес стаў для заходніх суседзяў «фішкай» для развіцця вёсак і гарадкоў, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. У Віцебшчыны таксама нямала прыемных нюансаў, якія робяць яе вельмі прыцягальнай для наведвання.


Напрыклад, менавіта тут знаходзіцца самы старажытны горад нашай краіны — Полацк. І, дарэчы, тутэйшыя — у авангардзе рэалізацыі турыстычных праектаў. У адным з сельсаветаў паспяхова арганізоўваюць катанне на паветраным шары. Аматары «гуляць у мінулае» з клуба рэканструкцыі могуць не толькі паказаць на фэстах, як ваявалі, танцавалі, дзе жылі продкі, але і пакатаць на судне — дакладнай копіі тых, на якіх плавалі калісьці па Заходняй Дзвіне...

Кіраўніцтва мясцовай улады раённага і абласнога ўзроўню, калі вядуцца перагаворы з прадстаўнікамі пасольстваў, інвестарамі, заклікаюць укладваць грошы ў турызм. І ўжо нямала прыкладаў, калі у выніку дзясяткі і сотні тысяч рублёў выдаткоўваюць на аднаўленне, рэканструкцыю сядзіб, у будаўніцтва атэляў і комплексаў для аздараўлення і адпачынку.

Адзін з найбольш перспектыўных кірункаў — пункты для зарадкі электрычных аўто і сэрвіс для аўтатурызму. Гаворка ідзе пра аўтамабільнае падарожжа з пражываннем у кемперах або аўтапрычэпах.

Напэўна, кожны, хто быў у краінах Еўропы, бачыў вялікае мноства іх. Перад выхаднымі яны чарадой пакідаюць горад. Кемпер нагадвае маленькі вагончык. Ён, як сапраўдны цягнік, запраўляецца на спецыяльнай станцыі — кемпінгу. Аўтадом трэба «перазарадзіць», таму яму патрабуюцца электрычная разетка, каналізацыйны зліў для біяпрыбіральні, падводка вады са шлангам, магчымасць заліву вады ў бойлер. Нарэшце, зразумела, падарожнікі хочуць прыняць ванну і душ пасля некалькіх дзён у дарозе. І такіх стаянак у Прыдзвінскім краі становіцца ўсё больш. Адпаведная інфармацыя выкладваецца на тэматычны сайт. Медыцынскі турызм таксама з кожным годам становіцца ўсё больш запатрабаваны і папулярны сярод замежных грамадзян. Гэтаму спрыяюць высокая якасць паслуг, якія аказваюцца, і выдатная аснашчанасць медцэнтраў, бальніц і клінік. Вельмі прыцягвае патэнцыйных кліентаў высокая кваліфікацыя медыкаў, якія рэгулярна стажыруюцца ў вядучых клініках свету. Беларускія спецыялісты выкарыстоўваюць прагрэсіўныя методыкі лячэння пры адносна невысокім кошце медыцынскіх паслуг.

Добры бонус — зручнае геаграфічнае становішча вобласці, і ў цэлым краіны. Ды і клімат Беларусі для большасці гасцей выключае неабходнасць акліматызацыі, што, у сваю чаргу, спрыяе хутчэйшай рэабілітацыі пацыентаў.

Арганізацыяй медыцынскіх тураў займаюцца мэтанакіравана. Тураператары ўлічваюць усе аспекты паездкі. Яны рыхтуюць поўны пакет дакументаў, ажыццяўляюць падбор медыцынскай або аздараўленчай установы, пры неабходнасці забяспечваюць суправаджэнне пацыента. У Віцебскай вобласці першапраходцам у аказанні паслуг па медыцынскім турызме стала клініка Віцебскага дзяржаўнага Ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта.

Прыдзвінскі край вядомы як фестывальны, і тут вельмі развіты так званы падзейны турызм. Летась толькі дзяржаўнымі ўстановамі культуры вобласці праведзена больш за 120 фэстаў! Сярод іх — каля дзесяці міжнародных фестываляў і свят, што фінансуюцца з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. Для ўдзелу ў іх з кожным годам прыязджае ўсё больш замежных гасцей.

Канешне, самы вядомы міжнародны фэст мастацтваў — «Славянскі базар у Віцебску». Але ёсць нямала іншых, якія штогод прымаюць усё больш удзельнікаў. Можна згадаць міжнароднае свята «Браслаўскія зарніцы», міжнародны спартыўна-музычны фестываль «Vіva Braslav» — у Браслаўскім раёне, Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» — у Пастаўскім, «Вішнёвы фестываль» — у Глыбоцкім, Міжнародны фестываль беларускай міфалогіі «У госці да Лепельскага Цмока» — у Лепельскім, экалагічнае свята «Жураўлі і журавіны» — у Мёрскім...

Велізарнай папулярнасцю карыстаюцца міжнародны фестываль дзіцячай і маладзёжнай творчасці «Вясёлка над Віцебскам», пленэр «Віцебск — горад Марка Шагала», «Калядны харавы фестываль».

Вынікам работы па папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу з'яўляецца прыцягненне ў Віцебск арганізатараў маштабных фестываляў дзіцячай і маладзёжнай творчасці. Так, з 2014 года пастаянную прапіску атрымалі фестывалі «Салют талентаў», «Феерверк талентаў», «Планета Беларусь», арганізатарамі якіх з'яўляюцца буйныя фестывальныя камітэты з Масквы і Санкт-Пецярбурга. Удзельнікі гэтых мерапрыемстваў — дзеці і моладзь з розных рэгіёнаў Расіі і Беларусі.

У вобласці на працягу апошніх гадоў назіраецца станоўчая дынаміка ў экспарце турыстычных паслуг, вартасны аб'ём якіх за 2018 год узрос у 1,5 раза ў параўнанні з 2015-м.

Ды што і казаць — турызмам у правінцыі займацца выгадна, бо ёсць нямала прэферэнцый. А для вяскоўцаў наогул, калі прымаюць турыстаў у аграсядзібах, прадугледжаны сімвалічны падатак — базавая велічыня ў год.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв'ю: turpohod.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».