Вы тут

Калі ў сельскай мясцовасці вырашацца праблемы з пітной вадой?


Да 2025 года ў сельскай мясцовасці плануецца пабудаваць 1400 станцый абезжалезвання вады. У іх маюць патрэбу невялікія населеныя пункты, дзе жыве ад 200 да 500 чалавек. Гэта дазволіць забяспечыць усё насельніцтва краіны якаснай пітной вадой.


Будаваць па 250 станцый у год

Яшчэ летась аблвыканкамы сумесна з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі ацанілі сістэмы водазабеспячэння па ўсёй краіне.

— Вызначана 1400 населеных пунктаў, дзе будуць будавацца станцыі абезжалезвання. Яшчэ 300 плануецца забяспечыць водазаборнымі свідравінамі, а 180 — перападключыць да населеных пунктаў з якаснай пітной вадой, — адзначае кансультант аддзела вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і добраўпарадкавання ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ірына Салівончык.

У 2019 годзе вялося будаўніцтва 250 станцый абезжалезвання. На гэта выдаткаваны сродкі рэспубліканскага і абласных бюджэтаў.

— Асноўны крытэрый для выбару населеных пунктаў, дзе будуць будавацца станцыі абезжалезвання, — перавышэнне ўтрымання жалеза ў вадзе, а таксама колькасць жыхароў, — праінфармавала спецыяліст. — На сёння больш за 92 % насельніцтва забяспечана якаснай вадой. Да 2025 года гэта лічба складзе 100 %.

Паводле яе слоў, больш за палову з 250 запланаваных сёлета да будаўніцтва станцый ужо ўведзена ў строй. Прыблізна для сотні аб'ектаў завяршаецца падрыхтоўка дакументацыі.

— Амаль усе запланаваныя станцыі будуць уведзены ў строй. Тыя, што не паспеем, увядзём у пачатку 2020 года. Да 2025 года штогод у кожнай вобласці будзе будавацца не менш за 40 станцый абезжалезвання. Таксама вядзецца работа па перападключэнні населеных пунктаў і падвозе вады туды, дзе будаўніцтва станцый абезжалезвання з'яўляецца неэфектыўным, — паведаміла Ірына Салівончык.

Айчынная распрацоўка

Прычым вырабіць неабходную для краіны колькасць станцый, якія не будуць саступаць імпартным аналагам, можна ў Беларусі. Напрыклад, Нацыянальная акадэмія навук распрацавала прадукт, які будзе вырабляцца на базе аршанскага «Завода ПАК». Праект рэалізуецца ў межах праграмы развіцця Аршанскага раёна да 2023 года.

— Распрацавана канструктарская дакументацыя, створаны вопытны ўзор, які працуе на працягу дзевяці месяцаў. Холдынг «БелАЗ» на базе «Завода ПАК» ажыццяўляе падрыхтоўку вытворчасці і ў хуткім часе выпусціць першую партыю. У далейшым гэтыя станцыі па ачыстцы пітной падземнай вады з'явяцца ў населеных пунктах. Наша станцыя не даражэйшая за імпартную, і гэта дазваляе ёй перамагаць у конкурсах на пастаўку, — расказвае намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы і вытворчасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Казлоў.

Больш падрабязна пра гэта расказаў кіраўнік праекта «Водаачыстка і водаадвядзенне», начальнік вопытнай вытворчасці НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве Аляксей Шалкоўскі.

— Наша станцыя прызначана для невялікіх населеных пунктаў, дзе жыве да дзвюх тысяч чалавек. Акрамя жалеза, у вадзе могуць прысутнічаць і іншыя прымесі. Напрыклад, на 5 % аб'ектаў утрымліваецца марганец. Ведаючы набор прымесяў, мы стварылі ўніверсальную станцыю для выкарыстання на аб'ектах з прапускной здольнасцю да 240 м3 пітной вады ў суткі. З метадаў ачысткі вады ад жалеза, якія існуюць у нашай краіне, мы выкарыстоўваем акісленне кіслародам паветра — аэрацыю. Вопытны ўзор станцыі працуе ў Заслаўі, у Цэнтральным раёне. І водгукі станоўчыя — жалеза ў пробах вады не выяўляецца, яна адпавядае нормам СанПіН. Мы паставілі яшчэ тры падобныя станцыі: у Ляхавічах такая запушчана і функцыянуе, у Ганцавічах і Аршанскім раёне рыхтуюцца да запуску. Мы працуем сумесна з «Заводам ПАК», навучаем яго спецыялістаў зборцы і далейшай эксплуатацыі.

Аляксей Шалкоўскі адзначыў, што Нацыянальная акадэмія навук распрацоўвае абсталяванне і рэагенты для ачысткі сцёкавых вод.

— Пітную ваду, што здабываецца з зямлі, мы ачышчаем без праблем. А вось ачысціць тое, што сыходзіць у зямлю — сцёкі, — вялікая праблема. Асабліва з рэагентнай базай, якая выкарыстоўваецца для ачысткі вады. Штогод на абсталяванне і імпартныя рэагенты даводзіцца выдаткоўваць каля 300 мільёнаў долараў. У свеце пастаянна змяняюцца тэхналогіі, бо мяняецца і састаў прымесяў у сцёках. У Акадэміі навук існуе свая школа з вопытам такой работы, і мы гатовы працаваць у гэтым кірунку.

Небяспечныя калодзежы

Што датычыцца якасці вады, якую атрымліваюць беларусы, то яна даволі высокая. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, вада лічыцца бяспечнай, калі колькасць нестандартных проб не перавышае 5 %.

— Ужо на працягу многіх гадоў у Беларусі доля нестандартных проб па хіміка-біялагічных паказчыках не перавышае 1 %, што сведчыць аб высокай эпідэміялагічнай надзейнасці вады, якую атрымлівае насельніцтва, — кажа загадчык аддзялення камунальнай гігіены Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аляксандр Спургяш.

Асноўнымі крыніцамі водазабеспячэння ў Беларусі, акрамя Мінска, з'яўляюцца падземныя воды. У сталіцы некаторыя раёны (у прыватнасці, Маскоўскі і Фрунзенскі) ужываюць ваду з паверхневых крыніц. Перавесці ўсё раёны Мінска на падземныя крыніцы водазабеспячэння плануецца да 2025 года. Праектная дакументацыя ўжо распрацаваная, цяпер ажыццяўляецца выбар генпадрадчыка.

— Асноўная праблема нашай вады — павышанае ўтрыманне жалеза. Яно не аказвае таксічнага дзеяння на арганізм, аднак спрыяе павелічэнню мутнасці, афарбаванасці і з'яўленню спецыфічнага паху, што абмяжоўвае выкарыстанне гэтай вады ў санітарна-бытавых мэтах. Па выніках лабараторнага кантролю, калі браць статыстыку за апошнія 15 гадоў, колькасць нестандартных проб па санітарна-гігіенічных паказчыках (а яны ў асноўным звязаны з высокім утрыманнем жалеза) зменшылася з 22,5 % да 15 %, — расказвае Аляксандр Спургяш.

У малых населеных пунктах выкарыстоўваюцца нецэнтралізаваныя крыніцы водазабеспячэння — гэта шахтавыя і трубчастыя калодзежы. Паводле слоў спецыяліста, яны з'яўляюцца недастаткова бяспечнымі, бо ў іх трапляе вада з найбліжэйшага да паверхні зямлі ваданоснага слою, які не абаронены воданепранікальнымі пародамі. У асноўным нестандартныя пробы па санітарна-гігіенічных паказчыках у такіх калодзежах звязаны з павышаным утрыманнем нітратаў.

— У апошнія гады колькасць нецэнтралізаваных крыніц, якія не адпавядаюць устаноўленым патрабаванням, знізілася з 15 %
(у 2008 годзе) да 4 %. Наколькі бяспечная вада ў такіх калодзежах, уладальнікі могуць даведацца, здаўшы яе на даследаванне. Як гэта зрабіць, можна ўдакладніць у тэрытарыяльных цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі, — праінфармаваў Аляксандр Спургяш.

Як сэканоміць 15 тысяч еўра?

Дапамагаюць атрымаць доступ да якаснай пітной вады і некаторыя праекты, якія рэалізуюцца ў нашай краіне, у тым ліку ў партнёрстве ПРААН з Міністэрствам прыроды. Дзякуючы аднаму з іх — «Зялёная эканоміка» — дзевяць тысяч сельскіх жыхароў Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці, у тым ліку 735 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, атрымалі бесперабойны доступ да пітной вады. Помпавае абсталяванне водазабораў было заменена на больш энергаэфектыўнае, у тым ліку помпы, лічыльнікі вады і электрычнасці для дыстанцыйнага зняцця паказанняў. На 18 найбольш аддаленых сельскіх водазаборах было ўстаноўлена абсталяванне для дыстанцыйнага кіравання артэзіянскімі свідравінамі. Інфармацыя з водазабораў цяпер паступае на спецыяльна абсталяваны цэнтральны дыспетчарскі пункт у Мастах. Аўтаматызацыя дазволіла забяспечыць 31 сельскі населены пункт бесперабойным круглагадовым пітным водазабеспячэннем, а гэта 60 % сельскага насельніцтва Мастоўскага раёна.

Створаная ў раёне сістэма мае эканамічны і экалагічны эфект, паведаміла супрацоўнік па камунікацыях ПРААН Кацярына Якубенка. Яна дазваляе скарачаць энергазатраты на здабычу і дастаўку на 15 тысяч еўра штогод. Пры гэтым змяншэнне страт вады складае 5 % за кошт аператыўнага выяўлення аварый у трубаправодах.

Паводле звестак ААН, больш за два мільярды людзей на планеце жывуць без доступу да бяспечнай вады ў хатніх умовах. Пры гэтым 80 % людзей свету, якім даводзіцца выкарыстоўваць ваду з небяспечных ці неабароненых крыніц, жыве ў сельскай мясцовасці. Больш за 40 % насельніцтва планеты пакутуе ад нястачы вады, і гэтая лічба будзе расці. Доля прэснай вады на планеце, па розных падліках, складае ўсяго 2,5-3 % ад усёй вады. Да 2025 года амаль палова жыхароў планеты рызыкуе жыць ва ўмовах хранічнай ці перыядычнай нястачы прэснай вады.

Алена КРАВЕЦ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».