Вы тут

Якія славутасці можна паглядзець на Ружаншчыне?


Гаварыць пра развіццё турызму ў Ружанах можна толькі, умоўна кажучы, стоячы каля сцен старадаўняга палаца Сапег. Гэта галоўная славутасць, гонар і сімвал пасёлка. Канцлер ВКЛ Леў Сапега купіў мястэчка ў 1598 годзе і пабудаваў тут замак. І да гэтай пары месцічы, ды і турысты, часта называюць комплекс будынкаў замкам. Але гэта няправільна. Былы замак стаў палацам у ХVІІІ стагоддзі пры Міхаілу Аляксандру з роду Сапег, прадстаўніку галіны роду з гербам «Ліс».


У чаканні 20-тысячнага турыста

Ру­жан­скі па­лац.

Дарэчы, пячатка з названым гербам з'яўляецца адным з найважнейшых экспанатаў музея. Дык вось той самы Аляксандр з гербам «Ліс» запрасіў у Ружаны саксонскага архітэктара Яна Бекера, які стварыў цудоўны палац, архітэктурай нечым падобны на Версаль. Тады ж Ружаны сталі магнацкай рэзідэнцыяй. У палацы размясцілі шыкоўную карцінную галерэю, адну з найбагацейшых бібліятэк Еўропы, у 1765 годзе ўзнік прыдворны тэатр. Каралі і князі, якія стаялі на чале дзяржаў, бывалі гледачамі тэатра.

Войны не пашкадавалі шэдэўр архітэктуры, асабліва ён пацярпеў падчас апошняй. Засталіся толькі муры, ды і яны паступова разбураліся пад уздзеяннем прыроды, а таксама вандальных паводзін людзей. Але ў 2008 годзе палац быў уключаны ў дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі», пачалася яго рэстаўрацыя. З 2011-га тут працуе музей. Прайшло некалькі свят пад назвай «Ружанская брама». З руін узнялася частка паўднёвага корпуса, адноўленыя абодва флігелі і ўязная брама. Рэстаўратары перайшлі на ўсходні корпус. Менавіта ў ім знаходзіўся славуты тэатр. Экскурсаводы звычайна кажуць пра сем планаў куліс, што давалі магчымасць мяняць дэкарацыі падчас спектакля. Два ярусы ложаў нагадвалі падкову, рабілі залу ўмяшчальнай. Аднаўленне ідзе паводле чарцяжоў Бекера, якія захаваліся, але ж пра тэрміны пакуль не кажуць. Вядома, усё залежыць ад фінансавання.

Сёння палацавы комплекс — адзін з найважнейшых турыстычных аб'ектаў краіны, сюды едуць арганізаваныя экскурсіі і адзінкавыя турысты. Музей складаецца з чатырох экспазіцыйных і выставачнай залаў. Працуе сувенірная крама, дзе прадаюцца вырабы майстроў-рамеснікаў з керамікі, ільну, саломкі. Папулярнасцю карыстаецца паслуга музейных работнікаў — урачыстая рэгістрацыя шлюбу ў непаўторнай гістарычнай атмасферы.

Сямейная ўрачыстасць адбываецца ў зале пад назвай «Гасцёўня канцлера» з антуражам эпохі ХІХ стагоддзя — усё праходзіць надзвычай урачыста.

Дырэктар палацавага комплексу Хрысціна ГЛУШКО кажа, што сёлета палац наведала больш за 19 тысяч турыстаў. Лічба адлюстроўвае работу за 11 месяцаў — да канца года спадзяюцца сустрэць 20-тысячнага наведвальніка.

Меню для вандроўніка

У Ружанах, вядома, гатовыя і да большага патоку людзей. Інфраструктура ў пасёлку нядрэнная. Наведвальнікі могуць падсілкавацца ў кавярні «Ружанка» райспажыўсаюза, наведаць крамы. Для бюджэтных экскурсій, напрыклад, для школьнікаў, магчыма арганізаваць харчаванне і ў сталоўцы сельгаспрадпрыемства «Ружаны Агра». Паесці там можна даволі танна і смачна. Некаторыя турысты наведваюць кавярню ў санаторыі «Ружанскі» — гэта актуальна для тых, хто хоча дадаткова падыхаць гаючым сасновым паветрам і для каго лішнія шэсць кіламетраў не маюць значэння.

Некалі магнаты выбіралі месца для палацаў з веданнем справы. Цікава, што адлегласць ад Ружан да Пружан, Слоніма, Ваўкавыска, Івацэвіч па старых дарогах аднолькавая — роўна 45 кіламетраў. А Ружаны стаяць на рагу, значыць, на скрыжаванні ўсіх дарог. Акрамя палаца тут можна агледзець царкву і манастыр, касцёл, руіны сінагогі, недалёка — пружанскі «палацык», па суседстве — косаўскі палац Пуслоўскіх і сядзіба Касцюшкі, недалёка надзвычай цікавая вёска Лыскава з рэшткамі храмаў католікаў і місіянераў, іншымі помнікамі даўніны. Здавалася б, у такім месцы павінны нібы грыбы расці аграсядзібы: ёсць чым прывабіць гасцей, што ім паказаць. Але ў Ружанскім сельсавеце, які аб'ядноўвае 32 населеныя пункты, няма ніводнай такой сядзібы. Грамадзяне не праяўляюць ініцыятыву альбо не рашаюцца. Чаму?

Такое пытанне я адрасавала прадпрымальніку Валерыю ЛАНШАКОВУ. Валерый Аляксандравіч родам з Забайкалля. Па адукацыі геолаг. Працаваў па спецыяльнасці, потым паехаў на БАМ, як і многія людзі яго пакалення. Там пазнаёміўся з Наталляй Яўгенаўнай, стварылі сям'ю. Пасля развалу Саюза паспрабавалі сябе ў прадпрымальніцтве. «Але ў 90-х там было проста страшна гэтым займацца, — згадвае Валерый Ланшакоў, — рэкет на мяжы з разбоем, крадзяжы і іншае... Адным словам, мы прыехалі ў Беларусь, на радзіму жонкі, тут было ціха, спакойна. Жыццё на парадак таннейшае. Праўда, цяпер многае змянілася, але мы ўжо пусцілі карані. Нікуды не збіраемся».

Ва­ле­рый ЛАН­ША­КОЎ.

Калі хобі становіцца бізнесам

Валерый з Наталляй адкрылі ў Ружанах прадуктовую краму. Не так даўно вытрымалі нават канкурэнцыю буйных гандлёвых сетак, якія з'явіліся ў Ружанах. Паводле ацэнкі прадпрымальнікаў, бізнес хоць сціплы, але стабільны — пакуль, а што далей будзе, цяжка прагназаваць. Таму трэба думаць, у які бок развівацца. Магчымым кірункам вызначылі аб'ект, разлічаны менавіта на турыстаў.

А пачалося, можна сказаць, выпадкова. Валерый Аляксандравіч даўні аматар жывёл і птушак. Спачатку на сваім падворку разводзіў курачак, фазанаў, паўлінаў, індыкоў. Раз, другі напрасіліся школьнікі паглядзець гэты жывы куток. А дарослыя сталі пытаць: чаму, маўляў, не арганізоўваеце экскурсіі? Але ж не паказваць людзям дзясятак насельнікаў жывога кутка. Так паступова зарадзілася ідэя пашыраць заасад, набываць новых жывёлін, праводзіць экскурсіі. На аўкцыёне купілі будынак былой школы ў вёсцы Малочкі, што зусім побач з Ружанамі. У ваколіцы пабудавалі вальеры. Цяпер тут жывуць яноты, лісы, іншыя драпежнікі, алені, лані, самае рознае птаства. Вавёркі карцінна грызуць арэшкі за сеткай, алені паслухмяна бягуць на покліч гаспадара. Адразу кідаецца ў вочы, што жывёліны дагледжаныя, поўсць аж блішчыць.

— Справа гэта, вядома, затратная. Аднаго мяса драпежнікам трэба кожны месяц на 130—150 рублёў, а яшчэ збожжа, кукуруза, прэпараты для прафілактыкі хвароб, — расказвае гаспадар. — Калі падлічваем расходы, разумеем, што рызыкуем. Але, думаю, варта паспрабаваць. Былую школу мы рамантуем, каб адкрыць невялікую кавярню, можа яшчэ што прыдумаем для турыстаў, каб людзі маглі адпачыць на прыродзе. Адчуваю, што нашы паслугі будуць запатрабаваныя. Вось і гэтым летам былі адпачывальніцы з санаторыя, жыхаркі вялікіх гарадоў. Адна жанчына села на лаўку, нават не пайшла глядзець жывёлін, сказала, што хоча паслухаць птушак. Мяне здзівіла, у ваколіцах санаторыя «Ружанскі» гаючае паветра, прыроды як быццам бы хапае. Але там сасновы лес, там няма столькі птушак, патлумачыла яна. А ў нас і праўда, у канцы вясны гучаць сапраўдныя птушыныя сімфоніі. І, на шчасце, ёсць людзі, якія ўмеюць гэта чуць і разумець.

Цяжкасці і перашкоды

— Калі б мне далі льготны крэдыт, я даўно б усё тут уладкаваў, напрыклад, асфальт паклаў бы на стаянку, дах узводзіць закончыў. Але крэдыт не ўдалося атрымаць, таму разлічваем толькі на свае сілы, робім усё паступова, — падсумоўвае гаспадар.

— Пры разліку падатку на зямлю нам прымянілі каэфіцыент 2, — працягвае Наталля Яўгенаўна, — і гэта вельмі адчувальна для фінансаў. Будзем звяртацца ў райвыканкам; прасіць, каб знізілі.

Многа цяжкасцяў узнікае не толькі фінансавага, але і фармальнага характару. Ланшаковы працуюць з жывёлай, кожнага звера рэгіструюць ва ўстаноўленым законам парадку. Але іх папярэдзілі аб магчымых праверках адразу чатырох інспекцый па ахове жывёльнага і расліннага свету: Слонімскай, Ваўкавыскай, Бярозаўскай і Брэсцкай абласной. Сапраўды, ці не многа?

Валерый Ланшакоў — чалавек дыпламатычнага складу характару, ён не робіць рэзкіх высноў, але ж лічыць, што для развіцця аграэкатурызму патрэбная падтрымка з боку ўлады як рэальная грашова-крэдытная, так і маральная. Паводле яго звестак, у суседняй вёсцы ёсць гаспадары па прозвішчы Баранавы, якія хацелі заняцца развядзеннем коз, зрабіць аграсядзібу з гастранамічным кірункам, рэкламаваць карысць казінага малака і сыру, але крэдыт не атрымалі і абмежаваліся развядзеннем коз для сябе.

Старшыня Ружанскага сельскага Савета Аксана ЮРКОЎСКАЯ, якая год працуе на гэтай пасадзе, сказала, што мінулы год прайшоў у клопатах па добраўпарадкаванні пасёлка ў сувязі з дажынкамі, а цяпер мясцовая ўлада мае намер больш працаваць з жыхарамі, каб абудзіць іх дзелавую актыўнасць, у тым ліку і па адкрыцці аграэкасядзіб: «У нас прыгожыя мясціны, нямала славутасцяў, ёсць чым прывабіць турыста».

Святлана ЯСКЕВІЧ,

Пружанскі раён.

Загаловак у газеце: Раскошны палац і прыватны заасад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».