Вы тут

Школьнікі Міншчыны прэзентавалі цікавыя праекты


Выстаўка-прэзентацыя абласнога этапу рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» прайшла ў Салігорску. У фае ўпраўлення адкрытага акцыянернага таварыства «Беларуськалій» яго ўдзельнікі прадэманстравалі 25 вынаходніцкіх і даследчых работ з 15 раёнаў Міншчыны. Распрацоўкі датычыліся самых розных сфер дзейнасці: сельскай гаспадаркі, прамысловасці, турызму, ІT-тэхналогій.


Раўняцца на спартсменаў

За кожным праектам — не толькі грунтоўныя веды, палёт ідэі і фантазіі, але і вялікія фізічныя і інтэлектуальныя высілкі. Напрыклад, Дзяржынскі раён прэзентаваў аграпрамысловы праект «Разумны дом для жывёлы». Яго распрацавала вучаніца 10 класа Негарэльскай сярэдняй школы № 1 Анжаліка Шыманская. Прыстасаванне ўяўляе сабой сістэму, якая валодае некалькімі функцыямі: аўтаматычнай падачай корму і вады, кантролем паветра. Гэты праект або асобныя яго часткі можна ўкараніць на фермах, сельскагаспадарчых комплексах, у заапарках, зоамагазінах, а таксама ў хатніх умовах.

Навучэнцы Артур Царыковіч і Анастасія Крыўленя са Слуцкага раёна з праектам Рhоnе Раіnt Dеtесtоr стварылі праграму РРD, якая дазваляе карыстальнікам атрымаць усю інфармацыю пра карціны ў музеях, што іх цікавіць, без выкарыстання QR-кодаў, метак, аўдыягідаў. На сервер супрацоўнікі музея, галерэі дадаюць выяву карціны з яе апісаннем.
З дапамогай праграмы можна ўвайсці ў базу даных зрабіць здымак і атрымаць расказ аб карціне.

Аўтарскую распрацоўку «Камп'ютарная гульня патрыятычнай накіраванасці «Знакамітыя спартсмены Беларусі» прадставіў вучань 9 класа сярэдняй школы № 3 горада Крупкі Мацвей Лебедзеў. Гульня-віктарына складаецца з пяці тураў і створана ў аб'ектна арыентаваным асяроддзі праграмавання Dеlрhі. Яе можна праводзіць ва ўстановах сярэдняй, спартыўнай адукацыі, выкарыстоўваць на школьных раённых, абласных алімпіядах. Чаму тэматыка распрацоўкі — менавіта спартсмены Беларусі і іх дасягненні?

— Мне 15 гадоў, а маладыя людзі ў такім узросце пачынаюць думаць, з каго браць прыклад. Я са сваімі сябрамі вырашыў раўняцца на спартсменаў. Менавіта яны штодзённымі ўпартымі трэніроўкамі дабіваюцца высокіх вынікаў. І я хачу паказаць людзям, што ўсім ахвотным можна дасягнуць вяршынь.

— Гэтая гульня — працяг праекта «Беларусь спартыўная», якая на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Патрыёт.bу» атрымала Дыплом ІІ ступені, — удакладняе кіраўнік праекта Вольга Азадоева. — Гэта — камп'ютарная версія гульні. Спыніліся на такім варыянце таму, што цяпер у школах карыстанне мабільнымі тэлефонамі абмежавана. Перавага яго ў тым, што дзеці могуць сабрацца разам за камп'ютарам, пагуляць і задумацца, каго выбраць сваім ідэалам — Кацярыну Карстэн, Дар'ю Домрачаву ці некага іншага. Часта кумірамі маладых людзей становяцца блогеры, рэперы і так далей. А мы хочам паказаць, што павінны знаходзіць герояў сярод сваіх спартсменаў. Не абавязкова, што ты будзеш спартсменам, але мэтанакіравана, як і яны, трэба імкнуцца дасягнуць нейкіх вынікаў.

Акрамя таго, юны вынаходнік са сваім кіраўніком ствараюць яшчэ і мабільную версію гульні.

Адходы — рэальныя даходы

У Паліны Чарапан з Вілейскай школы № 1 — сацыяльны праект «Чароўныя маршруты». Ён мае на мэце дапамогу пажылым людзям, дзецям-інвалідам, сіротам, уразлівым катэгорыям грамадзян.

— Мы наведваем інтэрнаты для састарэлых, інвалідаў, дзяцей, бальніцы, сем'і, дзе выхаванцы знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Сваім падапечным уручаем падарункі, ладзім для іх розныя мерапрыемствы, віншуем са святамі. Лічым, што валанцёрства вельмі неабходнае ў нашым грамадстве, бо ў ім шмат людзей, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, — упэўнена Паліна.

Гэты праект ужо апрабаваны на практыцы і паказаў сваю эфектыўнасць. Бо тут паміж яго ўдзельнікамі размеркаваны канкрэтныя абавязкі. Напрыклад, у кожнай групы — свой маршрут. Група «Далонькі» шэфствуе над дзецьмі, «Белы голуб» — над пацыентамі бальніцы сястрынскага догляду. А работу кожнай з іх накіроўвае і каардынуе куратар.

«Адходы — гэта рэальныя даходы», — лічыць Юлія Гапановіч з аграгарадка Грыцкевічы Нясвіжскага раёна. Дзяўчынка разам са сваім кіраўніком — настаўнікам хіміі і біялогіі Андрэем Радаманам прадэманстравалі аднайменны праект. Тандэм распрацаваў метад па ператварэнні тарфянога попелу ў электраліт і з дапамогай акумулятара — у крыніцу энергазабеспячэння. Яны плануюць укараніць сваё вынаходніцтва ў вытворчасць. У аграгарадку працуе кацельня на мясцовым паліве. І перапрацаваныя тарфяныя адходы грувасцяцца каля будынка. Гэта непрыгожа, не лепшым чынам уздзейнічае на навакольнае асяроддзе.

Вёска старэе, вымірае, выпускнікі пасля заканчэння школы ад'язджаюць у горад. Як спыніць гэты працэс, задумаліся ў Лядскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Чэрвеньскага раёна. І вырашылі заняцца сельскай гаспадаркай, каб на асабістым прыкладзе паказаць, што гэта прыбытковая справа.

— На ўчастку мы вырошчваем экалагічна чыстую прадукцыю, вучым гасцей, як атрымліваць багаты ўраджай, асвойваем і новыя культуры. Мы плануем на базе школы стварыць адукацыйную пляцоўку, дзе будуць праводзіць заняткі спецыялісты па арганічным земляробстве. А мы станем ім дапамагаць, паказваць майстар-класы для насельніцтва. Думаю, гэтая ідэя мае вялікі эканамічны эфект для Беларусі і вырашае праблему замацавання моладзі на вёсцы, прыцягнення людзей да адкрыцця малога і сярэдняга бізнесу на сяле, — упэўнены кіраўнік праекта Ірына Жаваранкава і яе падапечныя Аляксандра Пяхота, Паліна Соніч і Яна Ігнатовіч.

Ежа будучага

Ульяна Аскальдовіч з Дзераўнянскай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна прадставіла праект «Стварэнне інтэрактыўнай карты і тапонімаў аграгарадка Дзераўная і яго ваколіц». Ён увабраў у сябе некалькі прадметаў — геаграфію, гісторыю, часткова беларускую мову, інфарматыку. Матэрыялаў для стварэння карты было не надта шмат, прызнаецца Ульяна. Дзякуючы літаратурнаму музею, што дзейнічае ў школе, апытанню мясцовых жыхароў, удалося сабраць звесткі пра гісторыю, культуру, традыцыі, быт мясцовасці.

— Ідэя стварэння праекта належыць педагогам і вучням школы, што вельмі актуальна ў Год малой радзімы, — кажа настаўніца гісторыі і геаграфіі Таццяна Арленка. — Такой карты, думаю, няма ва ўстановах адукацыі краіны. Таму да гэтай работы могуць далучыцца ўсе ахвотныя.

Ну а салігарчане, якія прымалі гасцей, прэзентавалі праект Аляксандра Карабко «Futurе fооd — ежа будучага». Юны вынаходнік прапануе спрасціць заказ страў і ўзаемадзеянне кліента з персаналам у рэстаранах і выводзіць заказ на новы ўзровень абслугоўвання. Кліент з дапамогай сканавання QR-кода зможа ўбачыць 3D-выяву ежы і вагу порцыі. У выніку, калі наведвальнік упершыню ўбачыць у меню пэўную назву стравы, ён зможа разабрацца, што гэта такое, без афіцыянта. З дапамогай праграмы можна таксама рабіць заказы з дастаўкай, атрымліваць інфармацыю пра рэстараны.

Традыцыйна інавацыйныя праекты і распрацоўкі ацэньваў экспертны савет, куды ўвайшлі прадстаўнікі выканаўчай улады, упраўлення адукацыі, грамадскіх арганізацый, спецыялісты цэнтра тэхнічнай творчасці Салігорска і «Беларуськалія». Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі падарункі. Найлепшыя праекты будуць прадстаўлены ў рэспубліканскім конкурсе.

Дадам, праект «100 ідэй для Беларусі» з'яўляецца базавым стартапам для развіцця нацыянальнага руху маладых вучоных, вынаходнікаў, рацыяналізатараў. Гэта выдатная магчымасць заявіць пра сябе на ўсю краіну, атрымаць дапамогу ў развіцці і суправаджэнні аўтарскага праекта.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».