Вы тут

«Палярны экспрэс»: дзецям пра веру


«Палярны экспрэс»: дзецям пра веру

Не толькі дзецям, але і дарослым нашмат лягчэй засвойваць тое, што тлумачыцца праз аналогію. Дарослым можна прыводзіць параўнанні — з жыцця або літаратуры. А пры тлумачэннях дзецям можна выкарыстоўваць тое, што яны вельмі любяць, — мульцікі. Мультфільм «Палярны экспрэс» уяўляе сабой цэлы набор аналогій, якія можна прыводзіць юным слухачам пры тлумачэнні розных рэлігійных тэм.

Галоўны герой пачаў моцна сумнявацца ў тым, што ёсць сапраўдны Санта Клаус, таму не давялося яму ні ўбачыць Санту ў яго ў гасцях на Паўночным полюсе, ні нават пачуць званочкі на яго санях. Толькі тады ён пачуў і ўбачыў, калі паверыў.

А сумняваўся ён не без прычыны: бачыў газеты з публікацыямі пра забастоўкі сантаў, у энцыклапедыі прачытаў, што Паўночны полюс ненаселены. Так і юнаму хрысціяніну які–небудзь дарослы будзе даводзіць, што ніхто не бачыў Бога ні на небе, ні нават у космасе. Забываюць гэтыя дарослыя, што прынцып «убачыць азначае паверыць» у дачыненні да Бога дзейнічае цалкам наадварот. І, як сказаў праваднік цягніка, «часам самае важнае ў гэтым свеце мы не можам разглядзець». А як цяжка было хлопчыку паверыць, што рычаг тормаза не чырвонага колеру! Ён жа так прызвычаіўся мысліць крытычна. А на самой справе няварта разважаць пра Царства Божае толькі ў зямных катэгорыях. Там усё можа быць іншым.

Цягнік можна параўнаць з царквою. Для гэтага нам царква і патрэбная — каб пераадолець шлях, шлях да Бога. Ніхто праз сілу ў цягнік не валачэ, а праваднік толькі прапаноўвае ў яго сесці. Ісці да Бога ці не ісці — кожны сам вырашае. Як толькі герой зрабіў свой выбар і сеў у цягнік, ён убачыў у ім іншых дзяцей. Так і царква — гэта заўсёды абшчына, якая можа складацца з самых розных людзей. У вагоне сядзелі і рашучая, смелая духам дзяўчынка, якая верыць у дабрыню, і нясціплы «батанік», і аматар самоты Білі. Аднак з набліжэннем да запаветнай мэты Білі знаходзіць сяброў. Як сказаў яму Санта Клаус, «сяброўства — гэта самы вялікі дар».

Праваднік у цягніку — вобраз свяшчэнніка. Ён толькі памочнік, але без яго часам не абыйсціся. Гэта праваднік прыдумаў, як разагнаць статак канадскіх аленяў, і ён даваў каманды машыністам, калі цягнік ледзь не пайшоў пад лёд.

Калі экспрэс набліжаецца да крутога спуску, праваднік прывязвае дзяцей да лакаматыва і гаворыць: «Нам усім трэба як мага мацней трымацца». Так і ў няпростыя часы, калі надыходзяць ганенні на вернікаў, трэба як мага мацней трымацца за царкву.

Дарэчы, цягнік апынуўся ў небяспецы па віне машыністаў. Вось як бывае, калі члены царквы безадказна ставяцца да яе і веры. Яшчэ рускі філосаф Мікалай Бярдзяеў гаварыў, што найбольшую шкоду хрысціянству прынеслі самі хрысціяне. Праваднік не прадстаўлены ў мультфільме ідэальным персанажам. І свяшчэннікі не з’яўляюцца такімі.

Праваднік сварыцца на галоўнага героя за сарваны стоп–кран. У царкве людзі таксама нярэдка сустракаюцца з грубасцю, але галоўнае — не адказваць тым жа. Варта было дзяўчынцы абараніць героя і расказаць, як усё было, — і гэты дзядзька адразу падабрэў. А яшчэ праваднік частуе дзяцей смачным гарачым шакаладам. У царкве нам таксама прапануецца духоўна падсілкавацца праз рэальнае ўжыванне Цела і Крыві Хрыста пад выглядам хлеба і віна ў таінстве прычашчэння.

Самотнік Білі сядзеў у асобным вагоне і не ўдзельнічаў у агульным распіцці шакаладу. Але пра яго не забыліся. Дзяўчынка вырашыла аднесці яму кубачак смачнага напітку. Так і мы ў царкве робім: тыя, хто не можа прыйсці ў храм прычасціцца, выклікаюць свяшчэнніка да сябе дадому або ў шпіталь.

На даху цягніка галоўны герой знаёміцца яшчэ з адным дзіваком — бадзягам, які намякнуў, што ён прывід. У мяне ён выклікаў асацыяцыю з людзьмі, якія вераць у Бога, але, як самі гавораць, не вераць у царкву. Нібыта яны таксама ідуць да Бога, але ў якіх умовах… Не прызнаючы царквы (квіткоў на цягнік), даводзіцца ехаць на даху, дзе не толькі вельмі нязручна, але часам і небяспечна, бо цягнік, бывае, заходзіць у нізкі тунэль.

Бадзяга–прывід прыходзіць на дапамогу ў асабліва небяспечныя моманты. І ў жыцці так бывае, калі моліш Бога аб нечым, і вялікай нечаканасцю аказваецца дапамога тых, ад каго яе чакаеш менш чым ад іншых. Гасподзь у нашым жыцці не просты назіральнік, Ён дзейнічае праз некага або нешта. У праваслаўным багаслоўі гэта называецца Боскай воляй. Бадзяга–прывід пасля аказанай дапамогі знікае. Бог прыходзіць на дапамогу заўсёды, нават калі мы гэтага не заўважаем.

Санта Клаус для ўручэння першага падарунка выбраў нашага галоўнага героя, нягледзячы на тое, што ён менш за астатніх у яго верыў. Тут успамінаюцца два Евангельскія эпізоды.

Першы — гэта прытча пра наёмных работнікаў у вінаградніку, якія працавалі менш, але атрымалі ўзнагароду роўна з астатнімі (Мф. 20, 1-16). Другі эпізод — пра разважлівага разбойніка, які ўсё жыццё грашыў, але перадсмяротнае пакаянне на крыжы паспрыяла таму, каб ён першым з людзей увайшоў у рай (Лк. 23, 43). Першы падарунак хлопчык атрымаў разам з наказам: «І памятай, сапраўдны дух Раства захоўваецца ў тваім сэрцы». Гасцінец ад Санты ўсё ж быў страчаны. Кожны з нас таксама можа страціць, напрыклад, нацельны крыжык або забыць тыя веды, якія нам давалі ў нядзельнай школе. Але калі сапраўдная вера захоўваецца ў сэрцы, яе нельга згубіць.

На развітанне праваднік сказаў галоўнаму герою: «Чым цудоўны цягнік? Нават калі не ведаеш, куды ён ідзе, галоўнае — сесці ў яго». Калі хочаш упэўніцца ў правільнасці хрысціянскага шляху, ёсць толькі адна магчымасць гэта зрабіць — пайсці гэтым шляхам. У галіне веры доказаў не існуе.

Аднак ніхто не гарантуе, што не будзе сумненняў. Раніцай кішэня халата аказалася парванай — як перад начным падарожжам. Як тут не падумаць, што гэта быў толькі сон? Аднак сумненні — гэта яшчэ не нагода не верыць. Яны развеяліся, калі хлопчык прачытаў у запісцы ад Санты, што гэта ён залатаў кішэню.

Дарослыя не пачулі званочкаў, у адрозненне ад дзяцей. Як тут не ўспомніць словы Хрыста: «Калі не пераменіцеся і не будзеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Царства Нябеснае» (Мф. 18, 3)? Гэта не значыць, што вернікі не павінны рабіцца дарослымі. Проста дзіцячае сэрца часта чысцейшае за дарослае. У Евангеллі на гэты конт сказана так: «Блажэнныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мф. 5, 8).

Цяжка сказаць, наколькі карэктна параўноўваць хрысціянскую веру з верай у Санта Клауса, але я ведаю: сярод царкоўных людзей сустракаюцца такія меркаванні, што вера ў Дзеда Мароза — гэта не для праваслаўных дзяцей. Я не бачу нічога кепскага, калі дзіця верыць, што яму пад навагоднюю елачку падарункі прыносіць добры Дзядуля Мароз за добрыя паводзіны. Падросшы, дзеці самі ва ўсім разбяруцца. Важна толькі, каб стаўшы дарослымі, яны не ўяўлялі сабе Бога ў выглядзе барадатага дзядулі, які сядзіць на нябёсах і за добрыя паводзіны ў храме дорыць удачу і поспех.

Бог дорыць Сваю любоў абсалютна ўсім, незалежна ні ад паводзін, ні ад чаго б там ні было іншага. Проста не кожны гатовы прыняць ад Бога такі падарунак.

Айцец Аляксандр БОГДАН

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.